Официально

ДАСЯГНУТАЕ І ПЛАНЫ

Апошняе ў гэтым годзе пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта было прысвечана падвядзенню вынікаў работы ў 2012-ым і  абмеркаванню планаў на будучы год. Як падкрэсліў старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч, раёнам зроблены прыкметны крок наперад, і ў будучым годзе мы павінны не толькі ўтрымаць узятую планку, але і павялічыць набыткі, перш за ўсё, у забеспячэнні прыросту валавага нацыянальнага прадукту.
Па словах начальніка аддзела эканомікі Уладзіміра Кавалевіча, па выніках года чакаецца рост выпуску тавараў і паслуг у параўнанні з леташнім у 1,8 раза. Нягледзячы на 100-працэнтную загрузку магутнасцей, мэтанакіравана нарошчваюць вытворчыя паказчыкі РУВП “Граніт”, ААТ “Спецжалезабетон” і “Лунінецкі малочны завод”. Гэта – вынік плённай мадэрнізацыі. Дарэчы, на перспектыву гэтымі прадпрыемствамі распрацаваны інвестыцыйныя праекты.
У імкненні прыкметна абнавіць вытворчасць, пашырыць спектр і аб’ёмы выпускаемай прадукцыі названыя калектывы не адзінокія. У 2013-ым прыступаюць да мадэрнізацыі на ААТ “Палессеэлектрамаш” і “Лунінецлес”. Плануецца ўстаноўка новай лініі на хлебазаводзе, адкрыццё яшчэ аднаго цэха – на прыватным прадпрыемстве “Вікторыя”. 
Істотна трэба будзе ў будучым годзе падцягнуць паказчыкі па экспарту тавараў і паслуг. У цэлым па раёне тэмп росту экспарту прадукцыі павінен скласці 134 працэнты – не менш як 88,8 мільёнаў долараў ЗША. Сальда знешнегандлёвага абароту тавараў запланавана ў памеры 46 мільёнаў, паслуг – 1 мільён долараў ЗША.
Напружаны год чакае аграпрамысловую галіну раёна. Сёлета тэмп росту валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі ацэньваецца ў 110 працэнтаў пры прагнозе 105. У 2013-ым тэмп росту валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі прагназуецца на ўзроўні 107 працэнтаў. Асноўны прырост прадукцыі мяркуецца забяспечыць за кошт жывёлагадоўлі. Акрамя гэтага, плануецца атрымаць 71 тысячу тон зерня, 27,8 – бульбы, 2,9 – агародніны і 6,4 тысячы тон – масланасення рапсу.
Індэкс змянення інвестыцый у асноўны капітал у студзені-лістападзе 2012 года па раёне склаў 54,6 працэнта. На будучы год гэты паказчык павінен дасягнуць 101 працэнта. Асноўныя фінансавыя ўліванні запланаваны на ўзвядзенне Сітніцкага горна-абагачальнага камбіната – больш як 800 мільярдаў рублёў. На ААТ “Спецжалезабетон” плануюць інвеставаць у асноўны капітал больш як 30 мільярдаў рублёў, на малочным заводзе – больш як 7 мільярдаў.
Акрамя гэтага, у будучым годзе будзе завершана ўзвядзенне трох малочнатаварных фермаў – у СВК “Дварэцкі”, КУП “Міжлескае” і ПУСП “Рэдзігерава-Агра”, закончыцца рэканструкцыя аналагічных памяшканняў у СВК “Дзятлавіцкі” і СП “Аграграніт”. Будуць працягвацца работы і на іншых аб’ектах сельскагаспадарчага прызначэння.
Закрануў у дакладзе Уладзімір Кавалевіч і іншыя аспекты народнагаспадарчай дзейнасці. Мяркуецца, што сёлета будзе істотна перавыкананы паказчык па ўзвядзенню жылля, якога пабудавана амаль 30 тысяч квадратных метраў замест запланаваных 21 тысячы. У будучым годзе прымуць навасёлаў 96-кватэрны дом у Лунінцы, а таксама 70- і 72-кватэрныя – у Мікашэвічах. 15 аднакватэрных жылых дамоў паявяцца ў СВК “Гарадоцкі”, “Багданаўка”, “Новае Палессе”, “Азярніца” і “Чучавічы”.
Не застанецца без работы будаўнічы комплекс раёна. Сёлета падрадных работ уласнымі сіламі выканана на 192 мільярды рублёў. А ў наступным годзе аб’ём падрадных работ, выкананых усімі будаўнічымі арганізацыямі Лунінеччыны, павінен дасягнуць 108 працэнтаў.
Істотна вырасце і рознічны тавараабарот, а становішча на спажывецкім рынку прагназуецца ўстойлівым і стабільным. Гэтаму будзе садзейнічаць далейшае  развіццё гандлёвай сеткі раёна. Сёлета тут адкрыта 15 магазінаў і павільёнаў, а шэраг гандлёвых кропак набылі новы сучасны выгляд у выніку праведзенай рэканструкцыі.
Узровень беспрацоўя ў 2013 годзе не павінен перабольшыць сёлетні – 1,3 працэнта да колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва.
Намінальная налічаная заработная плата ў 2013 годзе плануецца на ўзроўні не менш як 3 мільёны 998 тысяч рублёў.
ПРАЕКТ ГАЛОЎНАГА ФІНАНСАВАГА ДАКУМЕНТА
таксама быў разгледжаны на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.
Як паведаміў начальнік фінансавага аддзела Леанід Юнчык, у 2013 го-дзе па папярэдніх падліках паступленні ў бюджэт складуць 510 мільярдаў 816 мільёнаў 658 тысяч рублёў.
Як і ў папярэднія гады, пры размеркаванні бюджэтных сродкаў захоўваліся сацыяльныя прыярытэты. Асноўная частка сродкаў накіравана на ўтрыманне аховы здароўя, адукацыі, культуры і іншых сфер жыццядзейнасці рэгіёна.
Праект бюджэту адобраны райвыканкамам і зацверджаны сесіяй раённага Савета дэпутатаў.
ДАПАМОГА ТЫМ, ХТО МАЕ Ў ЁЙ ПАТРЭБУ
У ходзе пасяджэння райвыканкама было прааналізавана выкананне Комплекснай праграмы развіцця сацыяльнага абслугоўвання на 2011-2015 гады.
Па словах дырэктара цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Тамары Патурай, у раёне створаны і пастаянна абнаўляецца банк дадзеных адзінокіх і адзінока пражываючых грамадзян. Выпрацавана сістэма выяўлення малазабяспечаных жыхароў, вызначаны шляхі дапамогі з мэтай вываду іх са складаных жыццёвых сітуацый. Адкрыты салон “Міласэрнасць”. Працуе “гарачая лінія”. Свае функцыі выконвае аддзяленне кругласутачнага знаходжання пажылых і інвалідаў.
На ўліку ў цэнтры знаходзяцца 1385 адзінокіх і 4870 адзінока пражываючых грамадзян. Для правядзення праверак, у якіх умовах жывуць старыя людзі, у сельвыканкамах створаны рабочыя групы. Дагэтуль актуальнымі заяўкамі з’яўляюцца аказанне матэрыяльнай дапамогі, рамонт пячнога ацяплення, афармленне на надомнае абслугоўванне, гуманітарная дапамога. Запатрабаванні вывучаюцца і па меры магчымасці выконваюцца. Сёлета на гэтыя мэты выдаткавана 220 мільёнаў рублёў.
Вырашана працягваць работу па ўдасканальванню абслугоўвання адзінокіх пажылых жыхароў раёна, пастаянна трымаючы ў полі зроку тых, каму патрэбна дапамога. 
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть