Официально

«Дом забытых паслуг»

Нагодай адправіцца ў Барсукова сталі тэлефонныя звароты ад вяскоўцаў, якія занепакоены работай мясцовага Дома сацыяльных паслуг. 15 год таму на базе былога сельскага клуба яго адкрылі з перспектывай прадастаўляць жыхарам магчымасць падстрыгчыся, адрамантаваць абутак, трапіць на прыём да ўрача ў вызначаныя дні. Аднак гэта засталося ў мінулым, і сёння тут хіба што яшчэ цепліцца культурнае жыццё.

Патрэбны паварот абазначыў знак: да Перунова – 7 кіламетраў. Дарога аказалася добрай: перад намі тут праехаў грэйдэр. Раз-пораз абганялі грузавыя машыны, напоўненыя то морквай, то сіласам. І неўзабаве паказалася Барсукова. Звычайныя вясковыя вуліцы, аўтобусныя прыпынкі, драўляныя і цагляныя дамы, дагледжаныя агароды. Часам погляд затрым-ліваецца на тых хатах, дзе падворак зарос бур’яном, а вокны забіты дошкамі. Безумоўна, такія ёсць у любым населеным пункце, але кожны раз гаротна сціскаецца сэрца ад усведамлення, што аджылі свой век гаспадары – скарыліся часу і гаспадарчыя пабудовы.

Па стану на 1 кастрычні-ка, на тэрыторыі невялікай вёскі зарэгістраваны 48 падворкаў і 94 жыхары, 51 з якіх – працаздольнага ўзросту, 39 пенсіянераў і 4 дзіцяці. Аднак, як расказалі ў Лахвенскім сельсавеце, не ўсе яны тут пражываюць. У большасці засталіся пенсіянеры. Праўда, падчас нашай паездкі бавіла час на дзённай прагулцы маладая матуля з каляскай.

Каля магазіна тавараў паўсядзённага попыту нікога не было. Яно і не дзіўна, бо прымацаваны да шыбы графік работы сведчыў, што гандлёвая кропка “часова працуе па панядзелках і пятніцах з 13.00 да 15.00”. Вяскоўцы расказалі, што   менавіта ў гэтыя дні прыязджае машына з Рэдзігерава і прывозіць прадаўца, які дзве гадзіны абслугоўвае пакупнікоў. Некаторым прадукты дастаўляюць родзічы, хтосьці вымушаны купляць правіянт пра запас.

Увагу прыцягнуў помнік аднавяскоўцам, якія загінулі за Радзіму ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне. На пліце ўвекавечаны 72 прозвішчы. Шкада, што месцамі прыступкі да вясковага мемарыяла пакрыў зялёны мох…

А вось і будынак Дома сацыяльных паслуг. Ініцыятарамі добрай справы некалі выступілі ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, ды аддзел культуры райвыканкама. Дзейнасць новай установы сапраўды спачатку была запатрабаванай, тым больш, што ў 2002-ім у вёсцы жыло амаль дзве сотні жыхароў. Цяпер жа ўсё змянілася. Так, старшыня Лахвенскага сельсавета Людміла Пашкевіч растлумачыла:

– Асабіста да мяне з пытаннем наконт работы Дома сацыяльных паслуг у Барсукова ніхто не звяртаўся. Сама наведваю гэты населены пункт штодня. Там жывуць амаль адны пенсіянеры. Скажыце, а для каго аднаўляць? Хто прыходзіць у клуб? Напрыклад, на апошні сельскі сход, які адбыўся ў пачатку жніўня, заві-талі толькі два чалавекі. Што датычыць медыцынскага абслугоўвання, то арганізоўваць яго на базе Дома сацыяльных паслуг нельга па прычыне адсутнасці санітарных умоў. Вяскоўцы могуць пакінуць заяўкі па тэлефоне 99-2-37 Любанскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Калі патрэбна, медыкі прадастаўляюць транспарт для дастаўкі людзей на ФАП у Перунова для далейшага абследавання. Пацыенты з Барсукова могуць звяртацца і ў медустановы Рэдзігерава і Краснай Волі.

Мы ўсе жывем у складаны час і стараемся эканоміць на многім. Аднак, на нашу думку, ёсць выпадкі, ад якіх залежыць не толькі здароўе чалавека, а нават яго жыццё. Так хочацца, каб для пажылых жыхароў невялікай вёскі Барсукова ўсё ж была магчымасць і трапіць да ўрача, і наведаць цырульніка. Хаця б адзін раз у месяц. Няўжо і гэтыя сціплыя запыты з разраду невырашальных?

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть