БлаготворительностьОфициально

Душэўна і духоўна

церковьпрайшоў прэс-тур па сацыяльных аб’ектах рэлігійных арганізацый Брэстчыны, які арганізавалі ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі сумесна з аддзелам па справах рэлігій і нацыянальнасцей аблвыканкама.

Кіраўнік аддзела сацыяльнага служэння Пінскай епархіі Сяргей Плотніцкі расказаў аб рабоце з людзьмі, якія пакутуюць ад наркаманіі і алкагалізму, аб прафілактыцы абортаў і праводзімых выставах і лекцыях, аб цесным супрацоўніцтве з грамадскімі арга-нізацыямі краіны, падзяліўся падрабязнасцямі праекта будучага рэабілітацыйнага цэнтра. У ім не толькі сканцэнтруюць усю ажыццяўляемую сацыяльную дзейнасць, але і будуць навучаць спецыялістаў, якія праз некаторы час пачнуць служэнне ў прыходах. Як адзначыў Сяргей Плотніцкі, часта мы не заўважаем хворых і пакут старых, не думаем пра тое, што кожны можа рэальна дапамагчы іншаму чалавеку. Праз міласэрнасць  нацыя становіцца дабрэйшай.

У гарадскім пасёлку Лагішын пазнаёміліся з
дзейнасцю дома міласэрнасці рэлігійнай абшчыны “Рымска-каталіцкі прыход Святых Пятра і Паўла”. Сацыяльны аб’ект працуе два гады, пабудаваны з благаславення Папы Іаана ІІ, пры фінансавай дапамозе многіх дабрачынцаў і пад патранатам кардынала Казіміра Свёнтэка. Асаблівай адметнасцю ўстановы з’яўляецца тое, што яна размешчана ў санктуарыі Маці Божай Каралевы Палесся. Сюды паступаюць нямоглыя старыя людзі з усёй краіны незалежна ад веравызнання. Цяпер тут пражывае 43 чалавекі, на чарзе – яшчэ больш як 30. Як заўважыў дырэктар Аляксандр Фядковіч, у доме міласэрнасці працуе 15 чалавек. Ёсць 4 жылыя сектары з заламі адпачынку, сектары для аказання медыцынскай дапамогі і гаспадарчы – з кухняй, сталовай і дапаможнымі памяшканнямі. Установа пабудавана з сучасных матэрыялаў і абсталявана па апошняму слову тэхнікі, уключаючы сонечныя батарэі на даху будынка. Ардынарый Пінскай дыяцэзіі біскуп Антоній Дзям’янка падкрэсліў, што тут імкнуцца стварыць па-сапраўднаму ўтульныя ўмовы, каб людзі адчувалі сябе як дома. Невыпадкова, што многія пастаяльцы называюць работніц дочкамі.

Дарэчы, Пінскі раён, які мае такія сацыяльныя аб’екты, невыпадкова выбраны адным з пунктаў у маршруце прэс-тура. Па  словах начальніка аддзела па  справах рэлігій і нацыянальнасцей Брэсцкага аблвыканкама Аляксандра Мурашкіна, па колькасці абшчын ён лічыцца самым рэлігійным у вобласці. А на Піншчыне, Лунінеччыне і Століншчыне колькасць такіх аб’ектаў большая, чым, напрыклад, ва ўсёй Магілёўскай вобласці.

Ці магчыма пабудаваць царкву за бульбу? Аказваецца – так. Прыклад таму – прыход храма Узвіжання Крыжа Гасподняга ў аграгарадку Святая Воля Івацэвіцкага раёна. Раней навокал былі балоты, а на месцы цяперашняга населенага пункта – узвышша. Людзі мелі магчымасць схавацца ад непрыемнасцей, спыніцца, пабудавацца. І была на тое Святая Воля. Мясцовыя жыхары захоўваюць гэту і іншую легенды абпаходжанні назвы аграгарадка, пастаянна ахвяруючы сродкі і дары палёў на дзейнасць прыхода. Як і раўняюцца на свайго настаяцеля Мікалая Ляўшука, які сам не раз вазіў пясок, падаваў цэглу і раствор… Царква асвячана ў 1994 годзе. Цяпер агульнымі намаганнямі вырашылі пабудаваць дом міласэрнасці на 48 месцаў. І вераць, што ён стане такім жа ўпрыгожваннем аграгарадка, як і мясцовы храм.

Зачараваў дзеючы храм Свяціцеля Мікалая з абнаўляемай Смаленскай іконай Прасвятой Багародзіцы, пабудаваны ў 1771 годзе. Размешчаны ён на запаведнай тэрыторыі Белавежскай Пушчы. Невыпадкова, менавіта тут размясціўся   скіт Свята-Ражство-Багародзіцкага жаночага манастыра. Па словах    ігуменні Аляксандры, 10 сясцёр паступова абжываюцца на хутары Вяжное Пружанскага раёна, вядуць гаспадарку, будуюцца. Многія брэстаўчане, праязджаючы міма, спыняюцца каля святой крыніцы – наталіць смагу, набраць святой вады, акунуцца, ці проста адпачыць на ўлонні пушчы і дакрануцца да духоўнасці…

Вёска  Імянін Кобрынскага раёна сустрэла дзіцячым гоманам. У дзіцячым аздараўленчым цэнтры “Жамчужына” Саюза Евангельскіх хрысціян-баптыстаў у Беларусі ў самым разгары чарговая змена. Прымаюць тут у асноўным хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўзросце 8-12 год. Аднак ёсць спецыяльная 8-дзённая падлеткавая змена і 5-дзённы заезд для дзетак-інвалідаў. Ёсць свая паліклініка з самым сучасным абсталяваннем і пякарня. Вольны час арганізоўваюць вопытныя педагогі і студэнты педагагічных ВНУ. Толькі сёлета тут адпачнуць 1282 дзіцяці з усёй краіны, прычым не толькі з абшчын ЕХБ. Побач размешчаны і дом міласэрнасці для пажылых людзей. Ён пачаў сваю дзейнасць 31 мая мінулага года і даў прытулак 25 чалавекам, якія маюць патрэбу ў пастаянным доглядзе.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть