Официально

Дыялог па душах

Кожны дзень, рухаючыся па горадзе, намеснік старшыні райвыканкама Руслан Хоміч заўсёды звяртае ўвагу на санітарны стан і добраўпарадкаванне. Вось і на гэты раз, накіроўваючыся на сустрэчу з працоўным калектывам “Водаканала”, спыніў погляд на завяршальнай стадыі рамонтных работ каналізацыйнага калектара на перакрыжаванні вуліц Чырвоная і Сялянская. Таксама пракантраляваў, як вядзецца перавод вулічнага асвятлення на святлодыёднае ад уезду ў Лунінец з боку “Палессеэлектрамаша” да вуліцы Энергетыкаў…

Руслан Васільевіч з’яўляецца куратарам прадпрыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі і будаўніцтва, таму на КУП ВКГ “Водаканал” – нярэдкі госць. У сваім выступленні ў ходзе чарговай сустрэчы Р.В. Хоміч спыніўся на выкананні асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна, засяродзіўшы увагу на выкананні жыллёвай праграмы, асігнаваннях на аб’екты інжынернай і транспартнай інфраструктуры, рабоце прамысловых прадпрыемстваў.

Так, сёлета былі здадзены ў эксплуатацыю 2 шматкватэрныя дамы ў Лунінцы, да канца года і ў сту-дзені 2018-га атрымаюць ключы гаспадары яшчэ 66 кватэр у дзвюх новабудоўлях. Вядзецца распрацоўка мікрараёна сядзібнай забудовы Баханова. Тут 440 участкаў. На чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў і жадаючых пабудаваць уласны дом знаходзіцца 481 чалавек. У пачатку года іх было 423, таму частку ўчасткаў запланавалі рэалізаваць з аўкцыёна. Ён папярэдзіў аб тым, што той, хто мяркуе нажыцца, перапрадаўшы атрыманы  зямельны надзел, будзе несці адказнасць згодна з заканадаўствам. Намеснік старшыні райвыканкама расказаў пра нарматыўныя тэрміны будаўніцтва. Згодна з Указам №87, узвядзенне дома павінна быць завершана на працягу трох год з даты дзяржаўнай рэгістрацыі права на зямельны ўчастак. Калі ўсё ж не ўдаецца зрабіць гэта своечасова, тэрмін можа быць падоўжаны мясцовым выканаўчым і распарадчым органам пры ўважлівых прычынах і падачы адпаведнай заявы. Гэта права можа быць рэалізавана толькі аднойчы.

Акрамя таго, у выпадку немагчымасці завяршэння будаўніцтва ў вызначаны тэрмін, грамадзянін можа закансерваваць будоўлю і добраўпарадкаванне зямельнага ўчастка, на якім ён размешчаны. Зрабіць гэта можна таксама толькі адзін раз не больш як на тры гады. Забудоў-шчыкам варта ведаць, што нядбайнае стаўленне да ўзятых на сябе абавязкаў па будаўніцтву можа прывесці да страты зямельнага надзела і недабудаванага на ім дома. Так, на сённяшні дзень у Лунінцы канфіскаваны 10 участкаў, у тым ліку і з капітальнымі пабудовамі, якія будуць выстаўлены на аўкцыён.

– Калі адбудзецца размеркаванне ўчасткаў у мікрараёне Баханова 1?

– У лютым-сакавіку 2018 года.

– Колькі будзе каштаваць участак пры продажы з аўкцыёна?

–  Кошт будзе залежыць ад кадастравай ацэнкі зямлі і затрачаных сродкаў на інфраструктуру.

– Ці плануецца ў гэтым і суседнім мікрараёне будаўніцтва каналізацыі?

– Цэнтральны калектар планаваўся па вуліцы Францыска Скарыны. Але сродкаў пакуль няма. Пры наяўнасці грошай, калектар будзе запраектаваны і зроблены. Наступны крок залежыць ад уладальнікаў жылых дамоў – стварэнне кааператываў для падключэння да цэнтральнага каналізацыйнага калектара.

– У выпадку, калі не ўдасца атрымаць участак тут, на што можна разлічваць тым, хто марыць аб уласным доме?

– Плануецца ў 2018-ым праектаванне мікрараёна Баханова 2, дзе будзе яшчэ каля 280 зямельных на-дзелаў.

– Чаму ноччу горад патанае ў цемры?

– Асвятляць пустыя вуліцы ў начны час – дорага. На цэнтральных вуліцах – Савецкай, Чырвонай, 50 год Кастрычніка, а таксама пры выездзе з горада ліхтары гараць у цёмны час сутак. Дарэчы, зэканомленыя сродкі часткова пакрылі затраты на рамонт дарог у раёне. Думаю, гэта нядрэнна.

Работнікі “Водаканала” звярну-ліся таксама з просьбай абсталяваць аўтобусны прыпынак каля царквы ў гонар іконы Божай Маці “Взыскание погибших”, а таксама перагледзець расклад руху аўтобуса №7, каб раніцай ён прыбываў да мотадрома не ў 7.58, а на 15 хвілін раней.

Пакуль на гэтыя пытанні Руслан Хоміч не адказаў, але паабяцаў высветліць, наколькі рэальна ўвасобіць прапанаванае ў жыццё.

Пацікавіліся работнікі і справамі на ААТ “Лунінецлес” і “Палессе-электрамаш”, якія перажываюць складаны перыяд.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть