Официально

ДЗЕЛЯ ДАБРАБЫТУ НАСЕЛЬНІЦТВА

Асноўнае пытанне, якое было вынесена на парадак дня 17-ай сесіі раённага Савета дэпутатаў, якую правёў старшыня Віталь Адзішчаў, датычыла выканання Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця г. Лунінца на 2006-2010 гады. Убачыць, якіх поспехаў здолелі дабіцца прадпрыемствы і арганізацыі за прайшоўшы перыяд, удзельнікі сесіі даведаліся, пабываўшы на шэрагу прадпрыемстваў і арганізацый горада.

НА ШЛЯХУ Ў РЭАЛІЗАЦЫІ ПРАГРАМЫ

Перш за ўсё, наведалі водаканал. Як адзначыў яго кіраўнік Аляксандр Радзіяновіч, тут шмат увагі надаюць скарачэнню энергазатрат. У 2002 годзе спажыванне энергаэнергіі дасягала 5 мільёнаў 300 кілават, у 2008-ым – усяго 3800. Заменена 85 працэнтаў абсталявання, фактычна ўсе каналізацыйна-помпавыя станцыі і свідравіны працуюць у аўтаматычным рэжыме. Зараз на водазаборы ідзе вялікая работа па аўтаматызацыі ўпраўлення тэхналагічнымі працэсамі. Дэпутаты пазнаёміліся з дыспетчарскім пунктам тэхнолага, мелі магчымасць ўбачыць, як аператар сочыць і кантралюе правядзенне ачысткі. 

Леанід Юнчык пацікавіўся, чаму ў горадзе іншы раз з кранаў ідзе іржавая вада. Як высветлілася, прычына – у стане ўнутрыдамавых сетак, якія даўно патрабуюць замены.

У цэху хлебапячэння філіяла “НВК “Палессе” дэпутатаў вітаў старшыня райспажыўтаварыства Максім Сумар. Як заўважыў кіраўнік, на рэканструкцыю былой сталовай РМЗ, дзе цяпер размешчаны вытворчы аб’ект, зрасходвана каля 1,5 мільярда рублёў. Зараз тут працуе 36 чалавек. Магутнасць пякарні разлічана на 4 тысячы тон прадукцыі ў суткі, але пакуль такую колькасць хлебабулачных вырабаў рэалізаваць складана. Зараз прадукцыя цэха, а тут вырабляецца 35-36 найменнеў, знаходзіць попыт не толькі ў жыхароў нашага раёна, але і ў Альшанах і Давід-Гарадку.

Няпроста ў такой канкурэнцыі і хлебазаводу. Значна пашырыўся і абнавіўся асартымент вырабаў. Атрыманы сертыфікаты на ўсю прадукцыю. Дырэктар Канстанцін Аліфяровіч у ходзе экскурсіі па прадпрыемству паказаў абсталяванне па выпуску заварных хлябоў, якое, на жаль, сёння не функцыянуе. Прычына ў тым, што аб’ёмы выпускаемай на ім прадукцыі павінны быць не менш як 3 тысячы тон у суткі. Аднак рэалізаваць такую колькасць хлеба ў сённяшніх умовах немагчыма.  

ААТ “Лунінецлес” займаецца нарыхтоўкай лесу, вытворчасцю піламатэрыялаў, вокнаў і дзвярэй. Як падкрэсліў у сваім дакладзе намеснік старшыні райвыканкама Андрэй Мазько, прадпрыемства за 3 гады выпусціла прадукцыі на 80,7 мільярда рублёў, што дало прырост да 2005 года 25,3 працэнта. Выпускаючы экалагічна чыстую прадукцыю, лесаперапрацоўшчыкам даводзіцца канкурыраваць з вытворцамі вырабаў з ПВХ. Значна ўскладніліся ўмовы набыцця драўніны, адменена фондавае яе размеркаванне. У параўнанні з мінулым годам кошт драўніны на корані павялічыўся ў 2,8 раза. Па выніках работы за 5 месяцаў гэтага года прадпрыемствам выраблена прамысловай прадукцыі на 9230 мільёнаў рублёў, што ў супараўнальных цэнах склала 79,4 працэнта. З праблемамі без прыняцця кардынальных рашэнняў на ўзроўні канцэрна і Саўміна калектыву самастойна не справіцца.

Сервісны цэнтр раённага вузла паштовай сувязі заўсёды запоўнены наведвальнікамі. Аб паслугах, якія тут карыстаюцца попытам, расказаў Аляксей Банцэвіч. Тут можна аплаціць паслугі за тэлефон, набыць карткі, ёсць доступ у Інтэрнет, ксеракапіраванне і іншыя паслугі.

ДЭМАГРАФІЧНАЯ СІТУАЦЫЯ ПАЛЯПШАЕЦЦА

Гэта канстатаваў у сваім выступленні галоўны ўрач УАЗ ЦРБ Мікалай Кочык, аналізуючы выкананне рашэння раённага Савета дэпутатаў “Аб стане дэмаграфічнай сітуацыі ў раёне”.

У гэтым жа пераконвалі і кіраўнікі навучальных устаноў, дзе пабывалі дэпутаты. На тэрыторыі СШ № 4, якой сёлета споўніцца 20 год, удзельнікаў сесіі вітала дырэктар Ірына Дубянчук.

Школа разлічана 1290 вучняў. Зараз тут набываюць веды 785 школьнікаў. Дэпутаты сталі сведкамі падрыхтоўкі да рамонту кабінетаў, актавай залы. А вось спартыўная – выклікала захапленне сваімі памерамі і расчараванне, што на працягу пэўнага часу заняткі тут не праводзяцца.

Калісьці дзіцячы садок № 11, разлічаны на 320 месцаў, наведвалі больш як 360 хлопчыкаў і дзяўчынак. Але нараджальнасць знізілася і нават быў перыяд, калі тут працавалі толькі 7 груп. Зараз сітуацыя стабілізавалася і ў садку функцыянуе 11 груп, з якіх 5 – санаторныя, адна – для дзетак з парушэннямі мовы. Радуе, што выхавальнікі шмат увагі надаюць стварэнню для малышоў спрыяльных умоў для іх развіцця. Аб гэтым сведчыла дагледжаная тэрыторыя дашкольнай установы і невялікі канцэрт з удзелам маленькіх артыстаў. Да таго ж, работнікі садка выказалі ўпэўненасць і задаволенасць тым, што з года ў год іх дашкольная ўстанова набывае ўсё большую папулярнасць.

І ІНШЫЯ АФІЦЫЙНЫЯ ДАКУМЕНТЫ

Акрамя абмеркавання вышэйназваных пытанняў, дэпутаты заслухалі справаздачу аб выкананні сваіх паўнамоцтваў дэпутатам ад Бастынскай выбарчай акругі Фёдарам Рашэцкім. Шырокі рэзананс выклікала абмеркаванне ўнясення дапаўненняў і змяненняў у Правілы добраўпарадкавання і санітарна-экалагічнага ўтрымання раёна. Народныя абраннікі не згадзіліся з некаторымі пунктамі ў частцы замацавання за прадпрыемствамі і індывідуальнымі забудоўшчыкамі прылягаючых тэрыторый, а таму накіравалі дакумент на дапрацоўку.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть