«Дзень адкрытага пісьма» прайшоў у Багданаўцы
Официально

«Дзень адкрытага пісьма» прайшоў у Багданаўцы

Чарговая сустрэча прадстаўнікоў органаў улады, кіраўнікоў службаў і ведамстваў райвыканкама, прадпрыемстваў і арганізацый Лунінца з жыхарамі Багданаўскага сельсавета адбылася ў мясцовым Доме культуры, дзе ў панядзелак ладзілі традыцыйны “Дзень адкрытага пісьма”.

На правах гаспадара першым слова ўзяў старшыня мясцовага сельвыканкама Сяргей Фурсевіч. У цяперашні час у аграгарадку пражываюць 1416 жыхароў, з іх 220 дзяцей і моладзі, 806 працаздольных грамадзян, 390 – старэйшыя за іх. Колькасць падворкаў перавысіла паўтысячы. Тут вяскоўцы трымаюць 44 галавы буйной рагатай жывёлы, 49 коней, звыш 300 свіней. Прамысловых аб’ектаў няма, аднак размешчаны дзяржаўнае прадпрыемства “Багданаўка”, участкі кацельнай гаспадаркі ЖКГ і водаканала, лясніцтва, два магазіны і столькі ж гандлёвых павільёнаў індывідуальных прадпрымальнікаў, амбулаторыя ўрача агульнай практыкі, школа, дзіцячы сад, Дом культуры, бібліятэка, аддзяленне паштовай сувязі, комплексны прыёмны пункт.

Вырашэнне пытанняў добраўпарадкавання з’яўляецца адным з прыярытэтных накірункаў работы сельсавета. Рэалізуецца план мерапрыемстваў па навядзенню парадку на зямлі. За арганізацыямі і прадпрымаемствамі замацаваны грамадскія тэрыторыі. Сяргей Віктаравіч нагадаў землякам пра неабходнасць прывесці ў належны выгляд падворкі, дзе яны жывуць, якія выкарыстоўваюць пад агароды, а таксама месцы апошняга прытулку родных і блізкіх на вясковых могілках. Тым больш, што да Вялікадня застаецца не так шмат часу.
Крыху больш складанасцей узнікае з незаселенымі на пастаяннай аснове дамамі. Усе яны абследаваны, вызначаны іх прававы статус. З уласнікамі і спадчыннікамі праведзена тлумачальная работа. На пачатак года ў Багданаўцы налічвалася 75 такіх хацін, у 69-ці з іх грамадзяне выказалі намер пражываць ці выкарыстоўваць сезонна. Летась знесены 3 пустуючыя дамы. Дакументы па яшчэ пяці пададзены ў адпаведны рэгістр ўліку.


Істотную дапамогу ў справе навядзення парадку на землях агульнага карыстання аказвае дзяржаўнае прадпрыемства “Багданаўка”. Гэта падкошванне травы, высечка пустазелля і хмызнякоў, ліквідацыя стыхійных звалак і месцаў несанкцыянаванага складзіравання адходаў, знос старых пабудоў і агароджаў… Завершаны работы па добраўпарадкоўванню міні-палігона.
З мінулагоднага “Дня адкрытага пісьма” трымалі на кантролі некалькі пытанняў. Адно з іх датычыла грэйдзіравання дарогі Багданаўка – Камень. Яе добраўпарадкавалі, але з-за неспрыяльных умоў надвор’я магчыма, не так часта, як хацелася б. Затое зроблена падсыпка вуліцы Палескай, прыступілі да Лугавой і часткова – на завулку Матросава, чакаецца капітальны рамонт на Сельскай. З дапамогай спецыялістаў лясніцтва вырашана праблема з выпіскай сухастою ў выглядзе саманарыхтоўкі. Таксама па просьбе вяскоўцаў адноўлена дзейнасць камер захоўвання на чыгуначным вакзале.
Кіраўніка мясцовай “вертыкалі” дапоўніў дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства “Багданаўка” Сяргей Мелюх. У калектыве – прыкладна 100 чалавек, сярэдні заробак – 366 рублёў. Выручка ад рэалізацыі прадукцыі за мінулы год склала 1,3 мільёна рублёў. Асноўная крыніца фінансавых паступленняў – малако. Рэалізавана яго ў заліковай вазе 1724 тоны, з якіх 5 працэнтаў класам “экстра”, 84 – вышэйшым. Эканамічная эфектыўнасць вырошчвання буйной рагатай жывёлы на мяса працягвае заставацца стратнай. Леташнія лічбы да ўзроўню 2016-га паменшыліся. Сярэднясутачныя прывагі не перабольшваюць 595 грамаў. Расход кармоў на вытворчасць зноў-такі скараціўся. Чаго, на жаль, нельга сказаць пра крэдыторскую запазычанасць, якая павялічваецца. Каб выправіць сітуацыю ў лепшы бок, сельгаспрадпрыемству была аказана дапамога ў павелічэнні дойнага пагалоўя. Такім чынам, мясцовым аграрыям застаецца сур’ёзна і адказна падыходзіць да выканання даведзеных заданняў.
А вось упэўніцца ў тым, што поспех сапраўды спрыяе старанным, дапамагло выступленне дырэктара Багданаўскай СШ Алены Ярмольчык. Школьная “сям’я” – гэта 153 вучні, 27 педагогаў, 18 работнікаў тэхнічнага і абслуговага персаналу. Матэрыяльная база дазваляе ў поўнай меры забяспечваць сучасную адукацыю з выкарыстаннем новых тэхналогій і сродкаў. Ёсць інтэрактыўныя дошка і сістэма галасавання “Вотум”, дзейнічае праграмны комплекс “Электронны журнал. Электронны дзённік”. Вопыт работы з адоранымі і матываванымі школьнікамі паспрыяў паяўленню профільных груп: сёння іх дзве – з хіміка-біялагічным ухілам. Штогод сярод выпускнікоў ёсць медалісты – летась такіх было пяцёра! Стабільныя паказчыкі выніковасці хлопчыкі і дзяўчынкі дэманструюць на алімпіядах розных узроўняў. Не адстаюць ад іх педагогі. Напрыклад, настаўніца пачатковых класаў Наталля Ільючык прыняла ўдзел у заключным этапе конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”. Імкнучыся ўсебакова развіваць падрастаючае пакаленне, прыцягваюць дзетвару ў 12 аб’яднанняў па інтарэсах, 4 спартыўныя секцыі.
Як абстаяць справы ў сферы аховы здароўя, прысутным расказаў намеснік галоўнага ўрача УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” Эдуард Канапацкі. А крымінагенную сітуацыю ў сельсавеце акрэсліў начальнік аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС Мікалай Ліхтар. Выступленне намесніка старшыні райвыканкама Уладзіміра Кавалевіча было прысвечана рэалізацыі самазанятасці і развіццю прадпрымальніцтва. Прадстаўнік улады абазначыў змяненні, якія адбыліся на заканадаўчым узроўні для спрашчэння вядзення бізнесу. Параіў бліжэй пазнаёміцца з Указамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь: №337 ад 19.09.2017 г. – “Аб рэгуляванні дзейнасці фізічных асоб”, №364 ад 09.10.2017 г. – “Аб ажыццяўленні фізічнымі асобамі рамеснай дзейнасці”, №365 ад 09.10.2017 г. – “Аб развіцці аграэкатурызму”. Больш сур’ёзны працэс – адкрыццё індывідуальнага прадпрымальніцтва ці юрыдычнай асобы. Увогуле, зрабіць першы крок у новай справе ўсім жадаючым дапамогуць у аддзеле занятасці. Таксама можна звяртацца за кансультацыяй у падатковую службу ці райвыканкам.

Дыялог з насельніцтвам адкрылі пытанні, якія паступілі ў спецыяльныя скрыні загадзя да мерапрыемства. Першае датычыла адсутнасці інфармацыйна-ўказальнага знака ў накірунку да населенага пункта з трасы М-10. Начальнік участка ДЭУ-26 Дзяніс Аніськін запэўніў, што да 7 красавіка ён будзе ўстаноўлены. Тлумачэнні наконт магчымага ўвядзення стаўкі фармацэўта ў аптэчным кіёску і абсталяванні асобнага памяшкання дала загадчыца ЦРА-68 Аляксандра Агіевіч. Па яе словах, рэалізацыя лекавых сродкаў і медвырабаў ажыццяўляецца ў амбулаторыі згодна з ліцэнзійнымі патрабаваннямі. А таму любыя змяненні пойдуць у разрэз з заканадаўствам. Прэпараты адпускае памочнік урача Наталля Гнедзька, прэтэнзій да работы якой няма.


Першай у зале ўзнялася рука Мікалая Кавалевіча, якога турбаваў стан завулка Матросава. Начальнік ДРБУ-101 Аляксандр Трухноў адказаў, што ёсць праграма паэтапнага прывядзення ў парадак дарожнай сеткі сельсавета. Зрабіць усё і адразу немагчыма, але ўвага на гэты завулак абавязкова будзе звернута.


Прагучала абяцанне вывучыць просьбу галоўнага інжынера сельгасарганізацыі Мікалая Калешкі аб чыстцы меліярацыйнага канала ва ўрочышчы Нікальскае. З-за талай вады тут моцна пакутуюць пасевы. Адпаведнае даручэнне атрымаў дырэктар ПМС Віктар Клімовіч.


Таццяна Антановіч занепакоена смеццезвалкай, праз якую даводзіцца гнаць кароў на пашу. Запэўніванне старшыні сельвыканкама, што на міні-палігоне бульдозер ушчыльніў адходы, і неўзабаве тут установяць шлагбаум, жанчыну не задаволіла. Праблему на месцы вывучыць дырэктар ЖКГ Георгій Шпакоўскі разам з Сяргеем Фурсевічам.
Настаўнік школы Леанід Кавалевіч пацікавіўся спосабамі барацьбы з вяршынным караедам, які апошнім часам актыўна знішчае дрэвы на Лунінеччыне. Дырэктар лясгаса Вячаслаў Торчык адказаў, што адзіны надзейны сродак – валка лесу і спальванне рэшткаў.
– Кожны з нас хоча, каб да яго дома вяла асфальтаванка, – завяршыў размову з вяскоўцамі старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко. – Каб ніхто не шукаў работу за межамі свайго населенага пункта, а заработная плата была годнай. Але так сталася, што нашы рэаліі крыху іншыя, і прыстасоўвацца да іх усё роўна трэба. Лунінеччына, на жаль, застаецца датацыйнай з абласнога і рэспубліканскага бюджэтаў. Некалі гэта было 70 працэнтаў, цяпер – 28. Згадзіцеся, прагрэс відавочны. Вось і ў Багданаўцы станоўчыя зрухі таксама ёсць: адсеў прывозяць, грэйдзіруюць дарогі, сельгаспрадпрыемству аказана дапамога… Хтосьці мае даходы ад хатняй гаспадаркі, хтосьці – ад рэалізацыі венікаў і кошыкаў. Дабрабыт заўтрашняга дня залежыць ад сённяшніх старанняў кожнага працаўніка. Будзем рухацца далей, няхай і маленькімі крокамі, але толькі наперад!



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть