Эфектыўнасць работы вызначае заўтрашні дзень
Официально

Эфектыўнасць работы вызначае заўтрашні дзень

огиевичНаша размова са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Васілём Агіевічам не магла не пачацца з уражанняў, якія кіраўнік раёна вынес з нарады, што на мінулым тыдні правёў у Мінску Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка. Праблемы, якія абмяркоўваліся, у той ці іншай ступені характэрны для кожнага з рэгіёнаў краіны.
– Нельга не пагадзіцца са словамі кіраўніка дзяржавы, які падкрэсліў, што будаўніцтва ў цэлым і жыллёвае ў прыватнасці – тыя галіны, ад працы якіх напрамую залежыць лёс многіх людзей. Тут шмат праблем, якія, упэўнены Прэзідэнт, нярэдка ствараюць упраўленцы. Уся адказнасць за іх вырашэнне ляжыць на нас, прадстаўніках улады на месцах. Як бы там ні было, да сярэдзіны першага паўгоддзя ўсе жыллёвыя доўгабуды павінны быць уведзены ў строй. На Лунінеччыне такіх аб’ектаў няма. Сёлета ў нашым раёне здадзены тры шматкватэрныя дамы: адзін – у Лунінцы і два – у Мікашэвічах. І хаця, як і іншых, нас вельмі хвалюе якасць будаўніцтва, асаблівых прэтэнзій да спецыялістаў няма. Наадварот, мы ўдзячны за тое, што падчас праблем з фінансаваннем, падрадныя арганізацыі не спынялі работы, беручы на свой рахунак авансаванне ўзвядзення дамоў. Хаця ўладзе давялося, умоўна кажучы, трымаць руку на пульсе, каб дамы не перайшлі ў разрад праблемных. Не пакідаем іх без увагі і зараз, калі патэнцыяльныя навасёлы выяўляюць тыя ці іншыя недахопы. Будаўнікі не пойдуць з аб’ектаў да таго часу, пакуль усе недапрацоўкі не будуць ліквідаваны. Гэта нармальны падыход да справы. Дарэчы, у далейшым практыка правядзення падобных нарад Прэзідэнтам будзе працягнута. Бліжэйшыя мяркуецца прысвяціць аналізу работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі і сельскагаспадарчай вытворчасці – сферам, дзе ўзнікае найбольш пытанняў.
– Можна было заўважыць, што не менш ажыўлена прайшло і абмеркаванне другога пытання, якое датычыла работы з кадрамі. Наколькі гэтыя праблемы характэрныя для нашага раёна?
– Мы павінны зацікавіць перспектыўную моладзь тым, каб яна больш ахвотна ішла працаваць ва ўладу, не баялася станавіцца ўпраўленцамі. Для гэтага неабходна падняць прэстыж дзяржаўнай службы, на што таксама асаблівую ўвагу звярнуў Прэзідэнт. Ад нас – прадстаўнікоў “вертыкалі” – Аляксандр Рыгоравіч патрабаваў беражлівых адносін да кадраў. На месцах, паверце, можна стымуляваць старанную працу ў дзяржаўнай сістэме і сацыяльнай сферы, і мы выкарыстоўваем гэтую магчымасць сёння і будзем выкарыстоўваць надалей. Не менш важная ўмова – стварэнне канкурэнтнага асяроддзя, у якім могуць праявіць сябе перспектыўныя кіраўнікі сярэдняга і вышэйшага звяна.
– На Лунінеччыне, Васіль Міхайлавіч, у якой сферы найбольш адчуваецца кадравы голад?
– Не назваў бы гэта кадравым голадам, але пэўныя прабелы адчуваюцца ў сельскагаспадарчай вытворчасці. Зараз мы становімся сведкамі негатыўных наступстваў 90-ых гадоў, калі на змену старым кадрам мы не здолелі падрыхтаваць годную змену. Там, дзе не знікла пераемнасць пакаленняў, ёсць паказчыкі, ёсць плён. Але ж адчайвацца няварта. Прыстасоўваючыся да новых умоў, сталі ў раёне мяняць тактыку вырашэння праблемы – вучым кіраўнікоў  і спецыялістаў. У тым ліку і тых, хто працуе ў сельскай гаспадарцы не адзін дзясятак год. Час не стаіць на месцы. І ў раслінаводства, і ў жывёлагадоўлю прыходзяць новыя тэхналогіі, якім не сорам вучыцца ў любым узросце. Адначасова будзем імкнуцца ўзнімаць прэстыж работы на зямлі. У тым ліку і пры дапамозе матывацыі працы аграрыяў. У нас дастаткова людзей, якія любяць вёску, з задавальненнем працуюць тут. І яны ва ўсе часы здолеюць годна супрацьстаяць катаклізмам надвор’я, змогуць дагадзіць нашай небагатай зямельцы. Трэба жыць заўтрашнім днём, закладваючы яго трывалую аснову сёння.
Вяртаючыся да пастаўленага пытання, скажу, што пэўныя праблемы адчуваюцца з кадрамі ў прамысловасці раёна, дзе іншы раз не хапае прадстаўнікоў рабочых спецыяльнасцей; на транспарце, дзе кіраўнікі пастаянна шукаюць добрых вадзіцеляў…  Не хапае ў нас урачоў, хаця з уводам новай бальніцы, умацаваннем матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя прыкметна палепшыліся не толькі ўмовы лячэння людзей, але і ўмовы працы медыцынскага персаналу. І ўсё ж лічу нармальным, калі ёсць канкурэнцыя на рынку працы, ёсць выбар жыццёвага шляху. Галоўнае для моладзі – правільна з ім вызначыцца. І памятаць, што людзі, у якіх працуюць галава і рукі, патрэбны заўсёды. А гэта закладваецца з дзяцінства.
– Ці ўсё зроблена ў нашым раёне ва ўстановах адукацыі, каб, кажучы словамі паэта, “не позволять душе лениться”?
– Заяўляю аўтарытэтна, што школы нашага раёна ўяўляюць сабой упаўне сучасныя адукацыйныя ўстановы, дзе на высокім узроўні з выкарыстаннем найноўшых тэхналогій ідзе выкладанне прадметаў вучням. А інакш сёння нельга. Пераважная большасць  класаў  аснашчаны мультымедыйным абсталяваннем, ёсць якасны доступ у інтэрнэт. Штогод праводзім рамонт памяшканняў, каб стварыць нармальныя ўмовы для заняткаў. Дарэчы, толькі на гэтыя мэты сёлета з раённага бюджэту выдаткавалі амаль 10 мільярдаў рублёў. Многія школы маюць аўтобусы для падвозу вучняў. Хто пра гэта мог марыць у нашым з вамі дзяцінстве? А вольны час… Працуюць секцыі, гурткі. Звычнымі сталі наведванні Лядовай арэны і плавальнага басейна.
– Сёлета нярэдка можна было чуць нараканні на стан гарадскіх і вясковых вуліц, якія пасля мінулай зімы прыйшлі ў дрэнны стан. Ці ўсё, што планавалася, удалося зрабіць?
– Добраўпарадкаванне населеных пунктаў – гэта не толькі пастаянная мэтанакіраваная работа, але і дастаткова дарагое задавальненне. Тым не менш, лунінчане не маглі не заўважыць станоўчых змен у мікрараёне прыватнай забудовы Баханова, на вуліцах Чапаева, Чэхава, Чырвонаармейская і некаторых іншых. На многіх (у тым ліку і ў вёсках) выкананы ямкавы рамонт. Завершана асфальтаванне дарогі да Багданаўкі. Папрыгажэлі дваровыя тэрыторыі. І справа нават не ў мільярдных бюджэтных асігнаваннях, а ў тым, што Лунінеччына стала больш утульнай, прыгожай, больш зручнай і камфортнай для пражывання. Вядома, нам хацелася б зрабіць усё і адразу. Пакуль не атрымліваецца. А таму работы будуць працягнуты ў наступным годзе. Не спыніцца газіфікацыя раёна, падвядзенне іншых выгод цывілізацыі да вясковых дамоў, як гэта зроблена, напрыклад, у Кажан-Гарадку і Вульцы 2.
– Не менш балючая праблема – стан жыллёвага фонду. Іншы раз людзі не разумеюць, куды ідуць адлічэнні на капітальны рамонт?
– На капітальны рамонт  і ідуць. Прычым, бюджэтныя асігнаванні на гэтыя мэты прыкметна перабольшваюць усе астатнія крыніцы паступлення. Мяркуйце самі. Сёлета на капітальны рамонт жыллёвага фонду да канца года будзе зрасходавана 6 мільярдаў 618 мільёнаў рублёў. З іх толькі 2 мільярды – адлічэнні грамадзян. Завершаны работы ў доме №13 па вуліцы Савецкая і №4 – па вуліцы Будаўнікоў у райцэнтры. Асабіста я задаволены, што ўрэшце ўдалося кардынальна вырашыць камунальныя праблемы жыхароў гэтых старых пабудоў.
– Амаль пяць год вы ўзначальваеце “вертыкаль” у Лунінцы. Не пашкадавалі, што прыехалі сюды?
– А што, я здалёк прыехаў? Нарадзіўся на Століншчыне, працаваў у Пінску, зараз – у Лунінцы. Паверце, для мяне галоўнае не дзе працаваць, а як працаваць. Тут – мая сям’я, сюды з задавальненнем прыязджаюць дзеці, у якіх ужо свае сем’і (дачка жыве ў Кіеве, сын – у Мінску – Т.В.). Не ведаю, як складзецца далейшы лёс, але заўсёды буду імкнуцца жыць так, каб і зараз, і потым не сорамна было глядзець у вочы простым людзям. Спадзяюся, што гэта атрымаецца.
Падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть