Официально

ГАСПАДАРКА АСАБІСТАЯ – ПАТРЭБА ДЗЯРЖАЎНАЯ

Прэзідыум раённага Савета дэпутатаў разгледзеў ход рэалізацыі Праграмы развіцця і падтрымкі асабістых дапаможных гаспадарак грамадзян у раёне на 2006-2010 гады. Старшыня райсавета Віталь АДЗІШЧАЎ адзначыў:
– Для вядзення ўласнай гаспадаркі выдзелена 7434 гектары зямлі і яшчэ 84 – жыхарам, якія хацелі пашырыць участкі да трох гектараў. У палях севаабароту насельніцтва высаджвае бульбу на плошчы 2535 гектараў.
– Многія скардзяцца на недахоп ці дрэнную якасць пашаў для жывёлы прыватнага сектара…
– Забяспечанасць палепшанымі пашамі складае 0,7 гектара на карову. Менш за сярэднераённы паказчык іх выдзяляецца насельніцтву ў СВК “Дзятлавіцкі”, “Новае Палессе”, “Рэдзігераўскі”, “Чучавічы”. Сёлета праводзіцца перазалужэнне 317 гектараў кармавых угоддзяў. Работы выкананы ў СВК “Багданаўка”, “Вулькаўскі світанак”, КУП “Міжлескае”.
– Ці задавальняе аб’ём паслуг сельгаскааператываў па апрацоўцы зямельных участкаў, вырошчванню і ўборцы ўраджаю, нарыхтоўцы кармоў?
– Аналагічным відам дзейнасці займаюцца і прыватныя прадпрыемствы, і індывідуальныя прадпрымальнікі. На 1 студзеня гг. за жыхарамі раёна налічваецца 671 трактар, 5 пагрузчыкаў. Сёлета сталі на ўлік і ўплацілі падаткі за “паслугі па вырошчванню сельгаспрадукцыі” 43 фізічныя асобы. У першым квартале здатчыкам жывёлагадоўчай прадукцыі выплачана па 127 мільёнаў рублёў надбавак за малако і маладняк. Райаграсервіс за 5 месяцаў гг. рэалізаваў жыхарам мінеральных угнаенняў на суму каля 18 мільёнаў рублёў, сродкаў абароны раслін – на 6,3 мільёна, 25 тон збожжа; праз прадпрыемствы Дэпартамента хлебапрадуктаў і Белкаапсаюза – яшчэ 370 тон.
– Ці лічыце падтрымку прыватных гаспадароў дастатковай?
– Пашырэння патрабуюць паслугі па рэалізацыі насення бульбы высокіх рэпрадукцый. Летась яго прададзена 25 тон (17 працэнтаў ад высаджанага), насення зерневых культур – 15 тон, за першы квартал сёлета – адпаведна каля 7-мі і 6 тон.
– Як ацэньваеце ўзровень закупак сельгаспрадукцыі, якая выраблена ў асабістых дапаможных гаспадарках жыхароў?
– Па-ранейшаму нізкім. Быццам бы лічбы прадукцыі і ўражваюць, але за 2006-2009 гады не выкананы заданні па вытворчасці збожжа, малака, мёду, яек, закупу ў насельніцтва маладняка буйной рагатай жывёлы, мяса (у жывой вазе), бульбы і гародніны. Летась у маі-чэрвені з-за павялічанай кіслотнасці было вернута малако, закупленае СВК “Азярніца” і “Новае Палессе”, КУП “Міжлескае”, філіялам “Лобчанскае”. Сёлета з насельніцтвам заключаны 729 дагавораў на закуп маладняка буйной рагатай жывёлы. За 5 месяцаў закуплена 586 галоў, 2169 тон малака (66 працэнтаў да запланаванага). Але з малочнага завода здатчыкам ужо вернуты 3159 літраў малака ў сувязі з наяўнасцю антыбіётыкаў і забруджаннем прадукцыі.
– Падзенне вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі можна растлумачыць аб’ектыўным становішчам. У раёне цяпер 75 працэнтаў асабістых дапаможных гаспадарак не маюць буйной рагатай жывёлы, у тым ліку кароў.
– Змяншэнне жыўнасці на падворках працягваецца. За апошнія 4 гады ў насельніцтва стала менш кароў на 2354 галавы, свіней – на 922, коней – на 234. На 1 студзеня гг. колькасць кароў скарацілася на 562 галавы ў параўнанні з мінулагоднім. Адпаведна за 5 месяцаў на 481 тону зменшаны закуп малака ў насельніцтва. Знізілі пазіцыі ўсе сельгаспрадпрыемствы, акрамя СВК “Гарадоцкі”. Менш за сярэднераённы паказчык закуплена малака ў насельніцтва ў разліку на адну карову ў Бастынскім, Дзятлавіцкім, Дварэцкім, Сінкевіцкім, Чучавіцкім сельсаветах, Мікашэвіцкім гарсавеце.
– Што, на вашу думку, можа спрыяць ажыўленню сялянскіх сядзіб?
– Паляпшэнне сервіснага абслугоўвання. Трэба ствараць камунальныя унітарныя прадпрыемствы з кансультацыйнымі пунктамі і пракатам сельгастэхнікі, гужавых і разнастайных патрэбных сродкаў; іншыя арганізацыі, якія будуць аказваць жыхарам паслугі па вырошчванню сельгаскультур, уборцы ўраджаю, нарыхтоўцы кармоў, забеспячэнню палівам. Шэраг мерапрыемстваў, уключаючы гэтыя, вызначаны рашэннем прэзідыума райсавета да выканання райсельгасхарчам, сельсаветамі, аграрнымі арганізацыямі.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть