Официально

ІМУННАЯ СІСТЭМА КАЛЕКТЫВА

Адкрываючы чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, яго старшыня Васіль Агіевіч коратка ахарактарызаваў работу народнагаспадарчага комплексу ў першыя месяцы года. Адзначана істотнае прыбаўленне ў прамысловай галіне. На канчатковы вынік працуюць усе структурныя падраздзяленні аграпрама. Дадзены ўпэўнены старт пасяўной. У жывёлагадоўлі па выніках двух месяцаў дасягнуты прыкметны рост аб’ёмаў прадукцыі: у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года 105,2 працэнта.

Улічваючы тое, што эканоміка з’яўляецца асноўнай састаўляючай ідэалогіі, на пасяджэнні з асаблівай увагай аднесліся да абмеркавання першага пытання парадку дня “Аб стане ідэалагічнай работы на прадпрыемствах, у арганізацыях, установах раёна”. Начальнік аддзела ідэалагічнай работы Анатоль Захаркевіч расказаў, што сёння ў калектывах працуюць 97 ідэолагаў: на прафесійнай аснове – 15, па сумяшчальніцтву – 7, на грамадскіх пачатках – 75 чалавек. Пераважная большасць з іх маюць вышэйшую адукацыю. Вакантнымі застаюцца адпаведныя пасады ў СВК “Дзятлавіцкі”, “Азярніца”, “Чучавічы” і “Дварэцкі”. Да 1 мая гэтага года кадравае пытанне будзе вырашана.

Дакладчык падрабязна ахарактарызаваў стан інфармацыйнай работы. У якасці прыкладу былі прыведзены напрацоўкі ААТ “Лунінецкі малочны завод”, “Спецжалезабетон”, райспажыўтаварыства, цэнтральнай раённай бальніцы, СВК “Вулькаўскі світанак” і “Гарадоцкі” і некаторых іншых калектываў.

Адначасова ідэалагічная работа на многіх прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях патрабуе істотнага ўдасканалення. У прыватнасці, у плане ўзаемадзеяння з грамадскімі фарміраваннямі, перш за ўсё, прафсаюзнымі камітэтамі. Менавіта такую думку выказаў на пасяджэнні начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы аблвыканкама Аляксандр Цырэльчук. Акрамя гэтага, Аляксандр Аляксандравіч выказаў насцярожанасць тым, што на Лунінеччыне шмат спецыялістаў, якія сумяшчаюць абавязкі ідэолага з вытворчымі. Ці здолеюць яны знайсці час, каб з поўнай адказнасцю і самааддачай сумяшчаць вытворчасць з неабходнасцю ісці да людзей, унікаць у іх праблемы, своечасова дапамагаць іх вырашаць?

Наспела неабходнасць дакладна каардынаваць у раёне работу ўсіх грамадскіх фарміраванняў. І ўзяць на сябе гэтую ролю павінны ідэолагі.

КАМУ ПАТРЭБНЫ БЕЗНАГЛЯДНЫЯ ДЗЕЦІ?

Сёння абавязак клапаціцца пра іх нярэдка бярэ на сябе дзяржава. Такі падыход рэгламентуе Дэкрэт Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 года №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”.

Гэтым жа дакументам абазначаны і абавязкі бацькоў, якія павінны вяртаць сродкі, затрачаныя дзяржавай на ўтрыманне іх сыноў і дочак. У нашым раёне такіх 82 чалавекі. Многія з іх не жадаюць працаваць, нягледзячы на тое, што такая магчымасць ім дадзена. А таму запазыка па плацяжам расце. Сёння гора-бацькі завінаваціліся дзяржаве за ўтрыманне 75 дзяцей амаль 1 мільярд рублёў!

З гэтых лічбаў пачала сваё выступленне начальнік аддзела даукацыі Валянціна Верас. Яна ж адзначыла, што ў выніку мэтанакірванай работы сацыяльна-педагагічных і псіхалагічных службаў заўважана станоўчая дынаміка зніжэння колькасці дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна- небяспечным становішчы. 32 дзіцяці былі зняты з уліку, а 22 – вернуты бацькам у сувязі з паляпшэннем сітуацыі ў сем’ях. Штогод у сярэднім на 2 працэнты менш становіцца хлопчыкаў і дзяўчынак, якія асірацелі па прычыне пазбаўлення іх татаў і мам бацькоўскіх правоў. Праўда, яны па-ранейшаму знаходзяцца пад пільным наглядам адпаведных службаў.

Міжведамаснае ўзаемадзеянне дазваляе эфектыўна працаваць і ў напрамку прафілактыкі безнагляднасці і правапарушэнняў сярод непаўналетніх. Хаця прыкрыя выпадкі, на жаль, яшчэ здараюцца. З учыненых летась непаўналетнімі злачынстваў 13 – крадзяжы, 1 – угон аўтамабіля. “Аўтарамі” 7 канфліктаў з законам сталі трое вучняў СШ №2 г. Лунінца, па два запісалі на свой “рахунак” Язвінская і лунінецкая СШ №1, па аданаму – Любачынская, Любанская і СШ №4 г. Лунінца. А значыць, падстаў для заспакаення няма: трэба шукаць новыя формы і метады работы з непаўналетнімі і іх бацькамі і праводзіць яе больш мэтанакіравана і якасна.

Такой жа думкі прытрымліваюцца і праваахоўнікі – начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх Аляксандр Вярэніч ??? і старшы інспектар ІСН Сяргей Заступневіч. У ходзе абмеркавання былі выяўлены “болевыя кропкі” ўзаемадзеяння кіраўнікоў працоўных калектываў і ўчастковых іспектараў міліцыі ў справе строгага нагляду за тым, каб абавязаныя асобы не цураліся работы.

Міжрайпракурор Віктар Савіч звярнуў асаблівую ўвагу на тое, што зараз ідзе паступовая “перадыслакацыя” падлеткавай злачыннасці з вёсак у гарады. У юных парушальнікаў перавалодваюць выхаванцы лунінецкіх каледжаў. Наспеў час звярнуць больш пільную ўвагу на стан выхаваўчага працэсу ў гэтых навучальных установах і навядзенне парадку ў інтэрнатах.

ПАЖАРАЎ – МЕНШ, ЗАГІНУЎШЫХ – БОЛЬШ

На пасяджэнні райвыканкама падведзены вынікі работы за мінулы год раённага звяна абласной тэрытарыяльнай падсістэмы дзяржаўнай сістэмы па папярэджанню і ліквідацыі надзвычайных сітуацый.

Як адзначыў начальнік РАНС Мікалай Арашкевіч, летась у раёне зарэгістрравана 92 пажары (на 3 менш, чым у папярэднім годзе), у якіх загінулі 14 чалавек (на 2 больш, чым у 2010-ым). Сумнае лідэрства па загінуўшых утрымлівае Дварэцкі сельсавет – 4 чалавекі. Па 2 жыцці забраў агонь у Лахвенскім, Лунінскім, Чучавіцкім, і па 1 – у Бастынскім, Рэдзігераўскім сельсаветах і гарадах Лунінец і Мікашэвічы. Прычынамі трагедый у большасці выпадкаў стала неасцярожнае карыстанне агнём, а абцяжарваючай умовай – п’янства. 9 з 14 загінуўшых былі ў стане алкагольнага ап’янення.

Назваў Мікалай Арашкевіч і аб’екты, якія дагэтуль выклікаюць абгрунтаваную трывогу выратавальнікаў – баракі Мікашэвіцкай ЖКГ і ААТ “Лунінецлес, а таксама некаторыя ўстановы адукацыі і культуры, не абсталяваныя сістэмамі аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі і апавяшчэня аб пажарах.

Начальнік абласнога ўпраўлення МНС Канстанцін Шаршуновіч звярнуў асаблівую ўвагу на парушэнні правілаў пажарнай бяспекі ў прапітачным і малярным аддзяленнях ААТ “Палессеэлектрамаш”. Кіраўнік абласной службы падкрэсліў, што калі на працягу месяца тут не наведуць парадак, будзе пастаўлена пытанне аб  спыненні работы названых вытворчых падраздзяленняў.

Зараз пачаўся пажаранебяспечны перыяд. На палях па-ранейшаму можна заўважыць клубы дыму ад спальваемых пажніўных рэшткаў, а на прысядзібных участках – ад спроб гаспадароў з дапамогай агню пазбавіцца ад смецця. Між тым, менавіта падобная людская  нядбайнасць стала летась прычынай 157 выпадкаў прыродных ачагоў пажараў, што ўдвая перабольшвае лічбу папярэдняга года. Кмраўнікі РАНС звярнуліся з настойлівым патрабаваннем не дапусціць паўтарэння мінулагодняй сітуацыі.

У АДКАЗЕ ЗА ПРЫРОДУ

У ходзе пасяджэння было прааналізавана захаванне ў нашым раёне прыродаахоўнага заканадаўства. З дакладам выступіў начальнік Мікашэвіцкай міжраённай інспекцыі жывёльнага і расліннага свету Аляксандр Краўчэня.

Падрабязны расказ аб рабоце інспекцыі стракацеў лічбамі, якія пераконвалі: за навядзенне парадку на лясных і водных угоддзях даводзіцца змагацца, у тым ліку і шляхам пакарання. Так, у ходзе 145 рэйдаў па выяўленню парушэнняў прыроднага заканадаўства канфіскавана каля 200 забароненых прылад рыбалоўства, затрымана больш як 20 браканьераў. З пачаткам сокагону павялічваецца і колькасць тых, хто імкнеццанезаконна здабываць бярозавік ці кляновік. Не меншае і колькасць аматараў разжыцца дармавой драўнінай. Аляксандр краўчэня асаблівую ўвагу звярнуў на тое, што сярод парушальнікаў трапляюцца асобы на пасадзе. Ім таксама не ўдаецца пазбегнуць справядлівага пакарання.

Усё гэта сведчыць і аб плённым супрацоўніцтве з праваахоўнікамі, якія летась удзельнічалі ў 42 рэйдах. У ходзе абмеркавання прагучала пажаданне больш пільна паглядзець на тое, як выкарыстоўваюцца арандатарамі водныя ўгоддзі і як ладзіцца захаванне запаведнага  рэжыму ў заказніках, размешчаных на тэрыторыі нашага раёна.

Таццяна ПЯТРОВА.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть