Официально

ІНВЕСТЫЦЫІ – ПАД ПРЫВАБНЫЯ ПРАЕКТЫ

У раёне дзейнічае Праграма дзяржаўнай падтрымкі малога прадпрымальніцтва на 2010-2012 гг. Ход выканання яе разгледжаны на пасяджэнні пастаяннай камісіі райсавета па пытаннях бюджэту, фінансава-крэдытнай сістэмы, эканомікі і сферы вытворчасці. Гутарым з дэпутатам Фёдарам РАШЭЦКІМ, які пачаў з агульнай характарыстыкі:

– У гэтай сферы дзейнічаюць 1554 суб’екты малога прадпрымальніцтва. У іх ліку – 181 арганізацыя і 1373 індывідуальныя прадпрымальнікі. У параўнанні з 2009 годам іх колькасць павялічылася: першых – на 8, другіх – на 23.

– Што можна сказаць аб напрамках прадпрымальніцкай дзейнасці?

– 56 арганізацый займаюцца сельскай гаспадаркай (31 працэнт), 34 – рознічным гандлем (19%), 29 – прамысловай вытворчасцю (16%), 16 – будаўніцтвам (9%), 13 – грузаперавозкамі (7%), 33 – іншымі відамі (18%).

– Наколькі прыбытковы прыватны бізнес?

– За мінулы год ад суб’ектаў малога прадпрымальніцтва ў бюджэт паступіла 7 мільярдаў 195 мільёнаў рублёў. У супараўнальных цэнах гэта амаль на 20 працэнтаў больш, чым у 2009 годзе. У кансалідаваным бюджэце плацяжы ад прадпрымальніцкай дзейнасці дасягнулі 5,81 працэнта (для параўнання, у 2009-ым было 3,51%, у 2007-ым – 1,23%).

– Асобна трэба адзначыць важнасць прадпрымальніцкай дзейнасці для забеспячэння занятасці насельніцтва.

– Прывяду дзве лічбы. Летась створана 291 новае рабочае месца, у тым ліку 172 – у Лунінцы, 65 – у Мікашэвічах, што больш задання на год.

– Спыніцеся, калі ласка, на прыкладах дзяржаўнай падтрымкі прадпрымальніцкаму сектару эканомікі.

– З абласнога бюджэту былі выдзелены сродкі на зваротнай аснове дзвюм арганізацыям. У вёсцы Намакрава прыватнае гандлёва-вытворчае ўнітарнае прадпрыемства “Ішкалдзь” арганізавала вытворчасць керамічнай цэглы. Фінансавалася стварэнне дзесяці новых рабочых месцаў тут і чатырох – у фермерскай гаспадарцы “Юліян”, дзе набылі тэлескапічны канвеер айчыннай вытворчасці.

– Дапамогу аказвае і Фонд сацыяльнай абароны.

– З яго сродкаў у выглядзе субсідый атрымалі фінансавую падтрымку 26 беспрацоўных. На гэтыя мэты выкарыстана 83 мільёны рублёў. Грамадзяне заняліся рознічным гандлем, агульнабудаўнічымі і сантэхнічнымі работамі, тэхнічным абслугоўваннем аўтамабіляў, развядзеннем і вырошчваннем селькагаспадарчай птушкі на мяса і яйкі, аптовым гандлем сельгаспрадукцыяй.

– Ці адбываецца навучанне жадаючых адкрыць уласную справу?

– Так, у політэхнічным каледжы асновы прадпрымальніцкай дзейнасці вывучалі 39 беспрацоўных. 24 з іх атрымалі фінансавую патрымку. Сфарміраваны банк дадзеных аб грамадзянах, выказваючых намер стаць прадпрымальнікамі. Кансультацыйная, метадычная і прававая дапамога аказваецца беспрацоўным і наймальнікам.

– Ці маюць улады заўвагі да суб’ектаў малога прадпрымальніцтва?

 – Безумоўна. У прыватнасці, выяўлены выпадкі парушэнняў падатковага заканадаўства з боку апошніх. У шэрагу сялянскіх (фермерскіх) гаспадарак заніжана разліковая выручка з той сумай, якая адлюстравана ў падатковых дэкларацыях.

– Наколькі эфектыўна выкарыстоўваецца адчужаемая маёмасць, якая знаходзіцца ў камунальнай уласнасці?

– Суб’ектам малога прадпрымальніцтва прадастаўлена ў арэнду больш як 5 тысяч квадратных метраў плошчы. На жаль, па-ранейшаму маюцца і нявыкарыстаныя аб’екты раённай камунальнай уласнасці. Летась на аўкцыёнах прададзены 4 з 7-мі прадстаўленых. Цяпер афармляюцца дакументы на продаж яшчэ двух – аўкцыённыя таргі адбудуцца ў красавіку.

– На якіх пытаннях засяроджваецца ўвага ў развіцці малога прадпрымальніцтва?

– Неабходна стварэнне і развіццё імпартазамяшчаючых і экспартнаарыентаваных вытворчасцей; вытворчасць і аказанне паслуг у сельскай мясцовасці, населеных пунктах з нізкім узроўнем занятасці насельніцтва, на перапрацоўцы сельгаспрадукцыі; развіццё інфраструктуры прыдарожнага сервісу, турыстычных паслуг.

Гутарыла Таццяна ВАСІЛЬЕВА.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть