«Дзень адкрытага пісьма» прайшоў у Дварцы
Официально

«Дзень адкрытага пісьма» прайшоў у Дварцы

Дварэцкі – адзін з самых вялікіх сельсаветаў нашага раёна. Сем населеных пунктаў, з якіх два – аграгарадкі, дастаткова буйныя. У кожным – не адна сотня падворкаў. У Дварцы, які лічыцца цэнтральнай сядзібай, іх каля 420. Колькасць насельнікаў набліжаецца да 1200 чалавек. Пазаўчора менавіта тут прайшла сустрэча кіраўніцтва раёна з мясцовымі жыхарамі.

Не адступаючы ад заведзенага парадку, перш-наперш, слова ўзяў старшыня сельвыканкама Аляксандр Віднікевіч. Даклад яго быў грунтоўным і падрабязным. Зыхо-дзячы са сказанага, можна было зрабіць выснову, што трывожыць прадстаўнікоў мясцовай “вертыкалі” ўсё тая ж насцярожваючая дэмаграфічная сітуацыя з вельмі прыкметным адмоўным балансам: колькасць памерлых штогод ледзь не ўдвая перабольшвае колькасць нарадзіўшыхся. За пяць апошніх год гэтая “розніца” дасягнула 168 чалавек.

З надзённага на першы план выходзіць занятасць насельніцтва. На тэрыторыі сельсавета 680 чалавек не маюць пастаяннага занятку, аднак толькі 15 афіцыйна лічацца беспрацоўнымі. Тыя ж, хто знайшоў сваё месца пад сонцам, ладзяць жыццё ў згодзе са спрадвечнымі паляшуцкімі звычкамі. Працуюць на зямлі, вырошчваючы праславіўшыя гэты рэгіён клубніцы і агародніну; не дазваляюць падворкам пазбаўляцца жыўнасці, трымаючы больш як паўтары сотні кароў, 32 кані, авечак, коз, свіней, птушку; клапоцяцца, каб да сезона стаялі на лінейцы гатоўнасці 75 трактароў, 5 камбайнаў ды іншая патрэбная ў гаспадарцы тэхніка.

А яшчэ – будуюць жыллё. Ужо сёлета наваселлі справілі 6 сем’яў. У стадыі будаўніцтва – 57 дамоў. Для тых, хто вырашыць асесці на малой радзіме, паставіўшы на бацькоўскай зямлі жытло (а ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў стаяць 136 чалавек), ёсць 17 свабодных участкаў. Вясной іх колькасць павялічыцца на сотню! Нягледзячы на гэта, надзелы, размешчаныя ў асабліва прывабных месцах, прадаюцца з аўкцыёна, што становіцца дадатковай крыніцай паступленняў у сельсаветаўскую казну.

Як і паўсюдна, турбуе жыхароў стан мясцовых вуліц і дарог. Большасць з іх маюць цвёрдае пакрыццё. Ды толькі пакладзены 30 год таму асфальт на многіх участках прыйшоў у непрыдатнасць. Штогод па магчымасці тут робяць ямкавы рамонт. Паспрыялі Дварцу і раённыя “Дажынкі”: да хлебароб-скага свята тут летась паклалі 400 тон асфальту, навёўшы глянец на цэнтральных вуліцах.

Адзначыўшы безумоўнае выкананне ўсіх сацыяльных стандартаў, Аляксандр Віднікевіч расказаў пра дастаткова багатую інфраструктуру – наяўнасць даброт цывілізацыі, гандлёвых кропак грамадскага харчавання, медыцынскіх устаноў, школ, дзіцячых садоў, устаноў культуры  – словам, усяго, без чаго немагчыма ўявіць як гарадскую, так і вясковую сучаснасць. Пэўныя нюансы ўдакладнілі дырэктар Дварэцкай яслі-сад-сярэдняй школы Юрый Коўшык, урач агульнай практыкі Алена Кавалевіч, старшыня райспажыўтаварыства Максім Сумар, участковы інспектар Аляксандр Мацкевіч.

Пры яўным пераважанні станоўчых сведчанняў таго, што жыццё ў Дварцы ідзе сваім ладам, нельга было не звярнуць увагі на тое, што 56 чалавек з Дварца і Вічына стаяць на ўліку ва ўрача-нарколага. Як вынік – наяўнасць 12 абавязаных асоб, а трое дзяцей з дзвюх сем’яў афіцыйна прызнаны трапіўшымі ў сацыяльна-небяспечнае становішча. І хоць колькасць леташніх злачынстваў тут ледзь не ўдвая меншая за ўчыненыя ў папярэднім годзе, заспакойвацца няварта: па-ранейшаму здараюцца крадзяжы, палова з якіх нераскрыты, хуліганствы, ёсць выпадкі прычынення цялесных пакалечанняў, незаконнага захоўвання зброі, угону аўтатранспарту і іншыя прыкрыя факты.

Асобна варта сказаць пра мясцовыя гаспадаркі – дзяржаўнае прадпрыемства “Азярніца” і ААТ “Дварэцкі”. Абедзве знаходзяцца ў бядотным стане. Першая праходзіць працэдуру санацыі, другая – стаіць на яе парозе. Зрэшты, выступленне выконваючага абавязкі дырэктара ААТ Віталя Карчэўскага песімістычным назваць было нельга. Леташні год у пэўным сэнсе стаў пераломным для сельгаспрадпрыемства. Нягледзячы на тое, што тут прыкметна зменшылі зямельныя ўгоддзі, пазбавіўшыся ад аддаленых палеткаў у Грычыне, прыкметны рост дасягнуты ва ўсіх галінах сельскагаспадарчай вытворчасці. Тэмп росту – 142 працэнты.

Мінусавая рэнтабельнасць прадукцыі палёў і фермаў засталася ў мінулым. Сёння гэты паказчык дасягнуў 21 працэнта, а па малаку – лічба прыкладна ўдвая большая.

Жывёлагадоўля застаецца асноўнай надзейнай крыніцай фінансавых паступленняў. Сёлета ў надоях на карову ў “Дварэцкім” здолелі дасягнуць 5500 кілаграмаў, а на новым комплексе ад кожнай каровы атрымалі па выніках мінулага года ў сярэднім 6340 кілаграмаў малака. У мінулым застаецца колішняя цесната ў жывёлагадоўчых памяшканнях. Вывераная праграма рэканструкцыі фермаў спакваля ператвараецца ў жыццё. Сёння кіраўнік без страху гаворыць пра тое, што не за гарамі дзень, калі мясцовыя аператары машыннага даення змогуць атрымліваць у сярэднім ад каровы па 7000 кіла-грамаў малака.

Мэтанакіравана пачынаюць у гаспадарцы працаваць над павелічэннем сярэднясутачных прываг буйной рагатай жывёлы. Пакуль гэты паказчык складае 600 грамаў. Аднак той факт, што сёння ў “Дварэцкім” пачалі самастойна гадаваць бычкоў да 400-кілаграмовай вагі, маючы пры гэтым дадатковы даход ад мясной галіны, таксама дазваляе спадзявацца, што мясцовыя аграрнікі здолеюць аднавіць былую стабільнасць гаспадаркі. А кіраўніку – думаць пра перспектыву, дзе на першым плане – умацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы.

Абстаноўка ў зале была спакойнай і дзелавой, адказы на нешматлікія пытанні – дакладнымі і шчырымі. Нават не дужа суцяшальная аддаленая перспектыва асфальтавання вуліц і дарог абуранасці не выклікала. Людзі з разуменнем ставіліся да таго, што вуліца Ціхая ў Дварцы пакуль застанецца без цвёрдага пакрыцця. Адначасова начальнік ДРБУ-101 Аляксандр Трухноў запэўніў, што з’езд з заасфальтаванага летась завулка Ясеніна ў Вічыне, як толькі наступіць спрыяльнае надвор’е, будзе добраўпарадкаваны. Адначасова дарожнікі паклапоцяцца пра падсыпку вуліцы Набярэжнай у аг. Любачын і в. Дзятлы. Станоўча паабяцалі вырашыць пытанне абсталявання на ранейшым месцы веснічак на абноўленай агароджы вакол могілак у Азярніцы.

Жыхарам вёсак Ракітна і Яжаўкі, якія спадзяюцца на рэканструкцыю ліній электраперадачы на асобных вуліцах, начальнік раёна электрасетак Віталь Падапрыгара растлумачыў, што сёлета запланавана выдача задання на выраб праектна-каштарыснай дакументацыі, а сама рэканструкцыя будзе выканана ў 2019 годзе. Вядома, пры наяўнасці фінансаў.

Урэшце, усё залежыць ад таго, як працуе народнагаспадарчы комплекс. З гэтай высновы пачаў сваё выступленне старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко, які зазначыў, што па выніках мінулага года Лунінеччына перамясцілася ў абласной зводцы з перад-апошняга месца на 6-ае, трывала замацаваўшыся ў “залатой сярэ-дзіне”. Нягледзячы на гэта, бю-джэт раёна застаецца датацыйным прыкладна на трэць. А значыць, ёсць яшчэ над чым працаваць. І перш за ўсё, у сельскай гаспадарцы. Станоўчыя зрухі бачны, але яны не настолькі важкія, як хацелася б. Па вытворчасці малака раён – трэці знізу, хаця і “наступае на пяткі” Ляхавіцкаму, Столінскаму і Пінскаму. Паменшала колькасць стратных прад-прыемстваў, ёсць упэўненасць, што па выніках паўгоддзя ўсе сель-гасарганізацыі выйдуць на прыбытковую работу.

Вяртаючыся да сітуацыі ў “Дварэцкім”, Аляксандр Пачко зазначыў, што тут ёсць усё для таго, каб выйсці на 7-тысячныя надоі ў разліку на карову і атрымліваць з гектара не 24, а сама мала 37 цэнтнераў збожжа. Толькі ў гэтым выпадку можна будзе гаварыць пра рэнтабельнасць, якая дазволіць будаваць абгрунтаваныя планы.

Карыстаючыся выпадкам, кіраўнік раёна акрэсліў сітуацыю ў прамысловай галіне і будаўніц-тве, зрабіўшы акцэнт на аб’ёмах работ па добраўпарадкаванню. Толькі на рамонт вуліц у Лунінцы выдаткавана 755 тысяч рублёў, у Мікашэвічах – 100 тысяч. Планы на 2018-ты яшчэ больш амбі-цыйныя. Плануецца распачаць работы па злучэнню дарог Лунінец-Сінкевічы-Мікашэвічы ў адзі-ную асфальтаваную “артэрыю”, якая пойдзе паралельна трасе М-10. Ёсць яшчэ нямала слушных задумак, пераўтварэнне якіх у жыццё залежыць ад таго, як будзе напаўняцца бюджэт, ці іншымі словамі, як мы ўсе разам будзем працаваць, бо толькі ў гэтым выпадку паявіцца надзейная аснова для таго, каб збыліся самыя смелыя мары.

Нагодай звярнуцца да выбаршчыкаў скарыстаўся кандыдат у дэпутаты абласнога Савета дэпутатаў Мікалай Арашкевіч, які прадэманстраваў дасведчанасць усім, што хвалюе вяскоўцаў, паабяцаўшы падтрымку ў вырашэнні самых розных набалелых пытанняў.

У рабоце сходу бралі ўдзел член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ніна Дударга, старшыня райсавета Віктар Рафаловіч, намеснікі старшыні райвыканкама, кіраўнікі і прадстаўнікі шматлікіх службаў і ведамстваў.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть