Официально

Адбылася дваццаць другая сесія раённага Савета дэпутатаў

Дваццаць другая сесія раённага Савета дэпутатаў дваццаць сёмага склікання, якую правёў старшыня райсавета Віктар Рафаловіч, пачалася з абмеркавання надзвычай важнага пытання. У ходзе пасяджэння дэпутаты імкнуліся даведацца, якія меры прымаюцца на прадпрыемствах раёна ў плане мадэрнізацыі вытворчасці, стабілізацыі фінансава-эканамічнага становішча і выпуску экспартаарыентаванай прадукцыі. Адначасова самая пільная ўвага была звернута на тое, як на Лунінеччыне вырашаюцца праблемы занятасці насельніцтва.

З  дакладам выступіў намеснік старшыні райвыканкама, дэпутат райсавета Ула-дзімір Кавалевіч, які прааналізаваў ход рэалізацыі асноўных інавацыйных праектаў, пачынаючы з 2013 года. Безумоўна, флагманам у гэтай справе з’яўляецца РУВП “Граніт”. За гэты перыяд на прадпрыемстве была ўстаноўлена новая драбільна-сартавальная лінія для перапрацоўкі шчыльных парод, якая дазволіла павялічыць аб’ём выпускаемых нярудных матэрыялаў на 4 мільёны тон у год. Створана 74 новыя рабочыя месцы. Кошт праекта перабольшыў 65 мільёнаў долараў ЗША.

Зараз ідзе рэалізацыя наступнага інвестыцыйнага праекта па будаўніцтву горна-ўзбагачальнага камбіната на базе месцанараджэння “Сітніцкае”. Асвоена больш як 16 мільёнаў рублёў. У асноўным гэта – уласныя сродкі прадпрыемства. Па папярэдніх разліках, будзе створана 1200 новых рабочых месцаў. А ўвогуле ўвасабленне ў жыццё гэтых планаў дасць магчымасць поўнасцю задаволіць унутраныя патрэбнасці краіны ў шчэбені. Адначасова на “Граніце” не спыняецца абнаўленне парка кар’ерных машын і механізмаў.

Вялікую ўвагу надаюць мадэрнізацыі на ААТ “Спецжалезабетон”, дзе асвоілі выпуск труб для мікратунэльнага будаўніцтва. Абсалютна новай прадукцыяй сталі трубы з пакрыццём, якое вытрымлівае агрэсіўнае асяроддзе, а таксама шпалы з бязболтавым злучэннем рэек. Удасканальваюцца выпускаемыя элементы добраўпарадкавання. З увядзеннем у строй новай аўтаматычнай лініі па выпуску гэтай прадукцыі істотна павялічылася прадукцыйнасць працы. Кошт праекта – 1,4 мільёна рублёў.

У нагу з часам стараюцца ісці на ААТ “Лунінецкі малочны завод”, дзе вытворчы арсенал папоўнілі гомагенізатар, дзве замежныя ўпаковачныя машыны для пастэрызаванага малака і кісламалочнай прадукцыі, ахалоджвальна-пастэрызацыйныя ўстаноўкі. За кошт замены катла зніжаны энерга- і працазатраты. У выніку ўкаранення новых тэхналогій акцыянернаму таварыству ўдалося асвоіць новы сегмент замежнага рынку і павялічыць экспартныя пастаўкі.

Карыстаецца попытам у спажыўцоў прадукцыя хлебазавода, дзе паспяхова працуюць новыя булачна-кандытарскія машыны, лінія па глазураванню шакаладам, упаковачная і зефіраадсадачная машыны.

Далёка за межамі раёна вядома РУВП “Уніформ”. На мадэрнізацыю вытворчасці тут за апошнія пяць год зрасходавана 14,5 тысячы рублёў. Тры гады таму  асвоілі праграмнае забеспячэнне для праектавання канструкцый спецадзення. Праект з’яўляецца актуальным, імпартазамяшчальным, экспартаарыентаваным і эканамічна эфектыўным, бо прыкладна ўтрая зніжае працаёмістасць усяго вытворчага працэсу.

Спыніўся дакладчык і на развіцці сельскагаспадарчай галіны. Пачынаючы з 2013 года, машынна-трактарны парк прадпрыемстваў агра-прама папоўніўся на 80 адзінак тэхнікі і 230 – агрэгатаў і абсталявання. Акрамя гэтага, пабудаваны 2 новыя малочнатаварныя фермы і 11 – рэканструяваны. Зараз узводзяцца новыя жывёлагадоўчыя памяшканні ў Вялікіх Чучавічах і Галым Бары. Летась на мадэрнізацыю сельгасвытворчасці зрасходавана 2,3 мільёна рублёў, у асноўным – уласныя сродкі гаспадарак. З пачатку сёлетняга года на гэтыя мэты накіравана прыкладна 2,4 мільёна рублёў, палова – уласныя сродкі.

Больш як 2 мільёны рублёў інвеставана ў развіццё асноўнай вытворчасці на ААТ “Доследны рыбгас “Лахва”, 4,4 мільёна – у лясгасе. У першай арганізацыі пры ўвядзенні ў дзеянне цэха па перапрацоўцы прэснаводнай рыбы створана 15 новых рабочых месцаў, у другой – пасля набыцця блока сушыльных камер, фрэзернага станка, аўтамабіля з прычэпам  і чатырох лесанарыхтоўчых машын – 28 рабочых месцаў.

Ахарактарызаваў дакладчык становішча ў будаўнічай галіне, жыллёва-камунальнай гаспадарцы, гандлі і на транспарце, дзе таксама бачны станоўчыя зрухі да лепшага ў плане мадэрнізацыі асноўных фондаў. А яшчэ – закрануў сітуацыю ў малым бізнесе. Па словах Уладзміра Кавалевіча, вядучая роля тут належыць фермерскім гаспадаркам. Сучасныя агародніна- і бульбасховішчы пабудаваны ў гаспадарках “Навіцкіх”, “Чэркасы”, “Юліян”, “Рафінад”. Так, у ф/г “Навіцкіх” у асноўную вытворчасць інвеставана за апошнія 5 год амаль 8 мільёнаў рублёў, што дазволіла істотна павялічыць пастаўку за мяжу сталовай морквы.

І ўсё ж лідарам у прамысловай мадэрнізацыі назваў  Уладзімір Кавалевіч прыватнае прадпрыемства “Вікторыя”, дзе не так даўно асвоілі нанясенне антыпрыгарнага пакрыцця на літы алюмініевы посуд. Гэты праект адначасова з’яўляецца імпартазамяшчальным і экспартаарыентаваным, бо падобнай тэхналогіяй не валодае ніводнае з роднасных прадпрыемстваў краіны. А яшчэ на “Вікторыі” пабудавалі новы склад і памяшканне цэха. Створана 12 новых рабочых месцаў. У перспектыве – павелічэнне гэтай лічбы яшчэ на 15 адзінак. За мінулы і 8 месяцаў гэтага года на мадэрнізацыю вытворчасці тут затрачана 3,5 мільёна рублёў, а за пяцігодку – 2,2 мільёна долараў ЗША.

Не стаіць на месцы створанае параўнаўча нядаўна ТАА “Еўра-шчэбень”, дзе сёлета, дзякуючы мадэрнізацыі, здолелі павялічыць экспартныя пастаўкі будаўнічага каменю ў 2,6 раза, стварыўшы пры гэтым 35 новых рабочых месцаў. Увогуле ж, за 5 год на Лунінеччыне паявілася 125 новых прад-прыемстваў. На жаль, не ўсе яны здолелі вытрымаць ціск эканаміч-нага крызісу. Як не змаглі супрацьстаяць яму і больш прыкметныя калектывы, накшталт ААТ “Лунінецлес”. Неапраўданыя дорагакаштуючыя пазыкі прывялі яго да банкруцтва. Гэта, па словах дакладчыка, стала яскравым сведчаннем, што на “старым багажы” далёка не заедзеш. З мэтай выратаваць калектывы давялося тэрмінова вырашаць лёс камбіната бытавога абслугоўвання і рамонтна-механічнага завода, якія далучылі да жыллёва-камунальнай гаспадаркі і райаграсервіса. У адно цэлае аб’ядналі аўтапаркі №№10 і 6.

Закрануў Уладзімір Кавалевіч і працэс аптымізацыі ў сферы адукацыі, у выніку чаго ўдалося зэканоміць 150 тысяч рублёў, а таксама змяненні ў структуры райвыканкама, дзе 17 адзінак скарацілі і 22 – вывелі са складу дзяржаўных служачых.

Паступовая мадэрнізацыя і своечасовыя ўпраўленчыя рашэнні дазволілі станоўча паўплываць на фінансава-эканамічнае становішча раёна. На 141 працэнт павялічылася выручка ад рэалізацыі прадукцыі, на 123 – экспарт тавараў. Працягваецца работа па забеспячэнню занятасці насельніцтва, узровень беспрацоўя ў раёне складае 1 працэнт.

Але ж на тое, што не ўсё ў раёне так гладка, звярнуў увагу старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко, які браў удзел у рабоце сесіі. Сведчаць пра гэта факты, а яны – рэч упартая. Прынамсі, выказаў Аляксандр Мікалаевіч думку пра тое, што любая мадэрнізацыя – гэта вызваленне чалавечых рэсурсаў. Вырашыць іх магчымасць далейшага працаўладкавання – вось наша задача. Між тым, на некаторых прадпрыемствах пра гэта не задумваюцца. У якасці доказу прывёў кіраўнік раёна сітуацыю на “Палессеэлектрамашы”, дзе вытворчасць можна назваць развіваючайся вельмі ўмоўна. Тут так і не здолелі выйсці на вызначаныя параметры па выпуску 4,5 тысячы электрарухавікоў у месяц. Трывожнай застаецца сітуацыя ў некаторых сельгасарганізацыях. Ёсць гаспадаркі, якія не змаглі выйсці на бясстратную работу. У тым ліку і па прычыне гэтага не ўзята раёнам планка па павелічэнню сярэднямесячнай заработнай платы. Разам з тым, Аляксандр Пачко не адмаўляў, што станоўчая дынаміка ў сацыяльна-эканамічным развіцці раёна ёсць. У агульнаабласным рэйтынгу Лунінеччына за апошнія два гады здолела ўзняцца з перадапошняга на 9 месца, заняўшы ў зводцы “залатую сярэдзіну”.

Не менш актуальным было абмеркаванне на сесіі кропак судатыкнення прад-прыемстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі раёна з органамі мясцовага кіравання і самакіравання, а таксама насельніцтвам у справе навядзення парадку на зямлі, рабоце з цвёрдымі камунальнымі адходамі і другаснай сыравінай. З дакладам выступіў дырэктар ЖКГ Георгій Шпакоўскі.

Яго выступленне больш нагадвала справаздачу аб рабоце камунальнікаў, якая, безумоўна, з’яўляецца вельмі патрэбнай і шмат-граннай, бо закранае важныя бакі жыццядзейнасці насельніцтва. Больш як 1000 работнікаў камунальнай сферы (а колькасць іх за апошні час зменшылася на 187 чалавек) клапоцяцца пра тое, каб аказваемыя камунальныя паслугі былі не толькі даступнымі, але і якаснымі, што не заўсёды разумее насельніцтва (хаця, справяд-лівасці дзеля, варта сказаць: колькасць скаргаў апошнім часам зменшылася прыкладна на чвэрць). У гэтай справе  важная роля старшых па дамах і пад’ездах, сярод якіх нямала актыўных і неабыякавых людзей. Менавіта яны ініцыіруюць правядзенне рамонтных работ у месцах агульнага карыстання. Так, за кошт сродкаў жыхароў удалося навесці глянец у 180-ці пад’ездах (усіх – 420). Актыўна выкарыстоўваюцца сродкі насельніцтва і ў справе добраўпарадкавання прыдамавых тэрыторый. Сёлета на такія мэты затрачана больш як 7 тысяч рублёў, прыкладна палова ад гэтай сумы – грошы жыхароў.

Удзячныя словы адрасаваў Георгій Шпакоўскі спонсарам, якія дапамагаюць рабіць прывабнымі і бяспечнымі гульнявыя дзіцячыя пляцоўкі, удзельнічаюць у тым, каб населеныя пункты выглядалі больш дагледжана і дыхтоўна. Так, ДРБУ-101 самы актыўны ўдзел прымае ў рамонце вуліц і дарог, ААТ “Лунінецкі малочны завод” і КУП ВКГ “Лунінецкі водаканал” пасадзейнічалі ў замене стэл на ўездах у райцэнтр. Дарэчы, Лунінец трывала займае ў конкурсах па добраўпарадкаванню лідарскія пазіцыі, прычым не толькі на абласным, але і на рэспубліканскім узроўні.

 Зацікаўлена ставяцца да камунальных праблем у аграгарадках і вёсках старшыні гарсельвыканкамаў. У вялікай ступені дзякуючы ім на сяле адладжаны збор адходаў, строга вытрымліваецца зручны графік, а скаргаў практычна не паступае. Адначасова Георгій Шпакоўскі выказаў папрок вяскоўцам за тое, што кантэйнеры для смецця ў большай ступені запоўнены рэшткамі з садоў і агародаў, якія выкідваць сюды забаронена. У гэтым сэнсе больш актыўна трэба весці растлумачальную работу, а каго-нікаго з жыхароў папярэджваць аб недапушчальнасці падобных выпадкаў.

Адначасова не прынята да абмеркавання прапанова аб аптымізацыі колькасці міні-палігонаў ЦКА: іх па-ранейшаму будзе 15. Улічваючы тую абставіну, што насельніцтва на 100 працэнтаў аплачвае вываз адходаў, і справа гэтая для камунальнікаў прыбытковая, апошнім давядзецца самастойна клапаціцца пра абнаўленне машынна-трактарнага парка, зношанасць якога складае больш як 80 працэнтаў.

Нямала нараканняў выклікае санітарны стан могілак, якіх у раёне 43. Пераважная большасць перададзена на баланс камунальнай службы. Тыя нешматлікія, што застаюцца ў вядзенні сельвыканкамаў, трэба тэрмінова прывесці ў належны выгляд, а галоўнае – аформіць патрэбную дакументацыю.

Той факт, што ўдзел насельніцтва ў навядзенні парадку на зямлі пакідае жадаць лепшага, адзначыў і старшыня райсавета Віктар Рафаловіч. А значыць, больш актыўную пазіцыю трэба займаць старшым па дамах і пад’ездах, а таксама старастам аграгарадкоў і вёсак. Прычым, падтрымаў кіраўніка прадстаўнічай улады старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко, пазіцыя гэтая павінна быць больш прынцыповай. У першую чаргу – з боку камунальнікаў. Сёлета за парушэнне правілаў санітарнага ўтрымання тэрыторый было складзена толькі 12 адміністрацыйных пратаколаў і толькі адзін – разгле-джаны адпаведнай камісіяй.

Дэпутаты прынялі рашэнне, у якім дэталёва акрэслены ўсе накірункі ў справе навядзення парадку на зямлі і падтрыманні належнага санітарна-тэхнічнага стану тэрыторый.

На сесіі перад калегамі трымаў справаздачу дэпутат ад Цнянскай выбарчай акругі №7 Фёдар Бірыла. Ён расказаў, што спраўляцца з дастаткова адказнымі грамадскімі абавязкамі яму прасцей, чым іншым, бо ў Цне, дзе жыве і сам народны выбраннік, вельмі адказны і ініцыятыўны стараста – Ніна Казун. Яна не толькі падказвае праблемы, але і актыўна ўдзельнічае ў іх вырашэнні. Так, сёлета на вясковых могілках быў праведзены суботнік. Выйшлі на яго каля трох дзясяткаў чалавек, у асноўным – мужчыны. Агульнымі намаганнямі ўдалося навесці там парадак. А вось у Дрэбску зрушыць гэтую справу з месца аніяк не ўдаецца. Прагучала з вуснаў дэпутата прапанова па магчымасці бясплатна наладзіць зрэзку на могілках старых аварыйных дрэў. Звярнуў Фёдар Бірыла ўвагу на экалагічны бок важнай справы – нарыхтоўкі другаснай сыравіны, расказаўшы, што пасля лета на ўзбярэжжы ракі Цна пасля адпачываючых шмат засталося пластыкавых і шкляных бутэлек. Верагодна, своеасаблівы экалагічны дэсант можа накіраваць туды любое з прадпрыемстваў, дзе ёсць праблемы са здачай пластыку і шкла.

Адначасова дэпутат падзякаваў улады за шыкоўны падарунак сваім землякам – новую асфальтаваную дарогу, якая злучыла Цну з суседнім Вічыном.

На сесіі вызначана колькасць выбарчых акруг на выбарах дэпутатаў дваццаць восьмага склікання. Як і раней, іх будзе 40. На кожнай – у сярэднім 1376 выбаршчыкаў.

Дэпутаты падтрымалі прапанову фінансавага аддзела накіраваць рэшткі грашовых сродкаў, якія на 1 студзеня 2017 года стварылі дэфіцыт раённага бюджэту, на патрэбы жыллёва-камунальнай службы. Адначасова вырашаны лёс некаторых аб’ектаў камунальнай уласнасці.

На сесіі зацверджаны новыя межы Лунінецкага раёна. Цяпер «лінія» будзе ісці па беразе ракі Прыпяць. Землі, якія знаходзяцца за воднай артэрыяй (у пераважнай большасці гэта – забалочаныя ўчасткі), адыдуць да суседзяў.

У рабоце сесіі бралі ўдзел член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ніна Дударга і дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ігар Невар.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть