Маральны і матэрыяльны бакі важнай справы
Официально

Маральны і матэрыяльны бакі важнай справы

день саветаЧарговы Дзень Савета (на гэты раз ён прайшоў у Луніне, Вульцы 1 і Лобчы) меў на мэце пазнаёміць яго ўдзельнікаў з тым, як у названых населеных пунктах вырашаюцца пытанні забеспячэння жыццядзейнасці насельніцтва ці, прасцей кажучы, як там клапоцяцца пра чалавека і вырашаюць яго праблемы.

Пачалося мерапрыемства сасвяточнай ноткі. У Вулькаўскім 1 Цэнтры культуры і народнай творчасці паказалі абрад рэгістрацыі сярэбранага вяселля. У якасці юбіляраў выступіла сям’я Валянціны і Уладзіміра Маташукоў. Зазірнулі госці ў пакой, дзе сіламі мясцовых культработнікаў захоўваецца старадаўняе ткацкае рамяство. А паколькі мерапрыемства прыпала на другі дзень Сёмухі – асаб-ліва шануемага ў гэтых мясцінах свята – змаглі ўбачыць невялікі эпізод абраду “Ваджэнне Куста”.

Па дарозе на Лобчу зазірнулі на Вулькаўскія могілкі. Апошні прытулак вяскоўцаў сёння ўяўляе сабой ціхае дагледжанае месца. Парадак тут наведзены параўнаўча нядаўна. Напярэдадні Вялікадня сельвыканкам аб’явіў суботнік, на які адгукнуліся 56 жыхароў Вулькі 1. Справядлівасці дзеля варта сказаць, што іх работа заключалася ў тым, каб навесці апошні глянец на месцах, дзе перад гэтым тры дні працавала будаўнічая брыгада СВК “Хваецкае”.

Пасля гэтага маршрут прывёў у Лобчу. Тут удзельнікі Дня Савета аддалі даніну памяці загінуўшым у Вялікай Айчыннай вайне аднавяскоўцам, усклаўшы вянок да помніка. Невялікая стэла была адкрыта сёлета ў Дзень Перамогі. Старшыня Лунінскага сельвыканкама Аляксандр Якавец з хваляваннем расказаў, што падзеі гэтай лабчане чакалі даўно, а таму ўспрынялі яе з вялікай удзячнасцю. Сярод прозвішчаў, пазначаных на помніку, многія знаходзілі родныя імёны бацькоў, дзедаў, прадзедаў…

Старшыня раённага Савета дэпутатаў Віталь Адзішчаў руплівасць мясцовага прадстаўніка ўлады паставіў у прыклад іншым, зазначыўшы, што такім падыход да ўвекавечання подзвігу аднавяскоўцаў павінен быць у кожным населеным пункце. “Не павінна застацца вёсак, дзе б так ці інакш не была ўшанавана памяць загінуўшых у Вялікай Айчыннай вайне”, – пад-крэсліў Віталь Мікалаевіч.

На гэтым сімвалічная духоўная старонка мерапрыемства была завершана, і праграма Дня Савета звярнулася да эканамічнай састаўляючай жыцця вяскоўцаў. Майстар мясцовага камунальнага ўчастка Валянцін Сыцін запрасіў у лазню. Працуе яна ў выхадны, але ж удзельнікі Дня даведаліся, што вялікай папулярнасцю ў вяскоўцаў установа не карыстаецца. З пачатку года тут пабывалі 94 чалавекі, а таму сабекошт паслугі застаецца дастаткова высокім – 160 000 рублёў за адно наведванне. У імкненні захаваць даступнасць “лёгкай пары” камунальнікі трымаюць кошт уваходнага білета на адметцы 8 500 рублёў, заведама асуджаючы лазню на стратнасць. Тым не менш, закрываць яе ніхто не збіраецца, а страты кампенсуе раённы бюджэт.

Параўнаўча нядаўна адметнасцю Лобчы стала новая малочнатаварная ферма, якая не толькі забяспечвае работай многіх вяскоўцаў, але і з’яўляецца вядучым жывёлагадоўчым звяном філіяла “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод”. Як расказаў намеснік дырэктара прадпрыемства па сельскай гаспадарцы Міхаіл Ільючык, у агляднай перспектыве ферма стане сапраўдным комплексам, бо разлічана на ўтрыманне не менш як 1000 галоў буйной рагатай жывёлы. У тым, што летась у “Лобчанскім” здолелі атрымаць 4222 тоны малака, а надой на карову дасягнуў 4744 кілаграмы, ёсць немалы ўклад жывёлаводаў новай фермы.

Пленарная нарада прайшла ў актавай зале СВК “Лунінскі”. Звяртаючыся да сабраўшыхся, старшыня сельвыканкама Аляксандр Якавец расказаў пра сельсавет і яго адметнасці. Гэтая тэрытарыяльная адзінка – адна з нямногіх, дзе знаходзіцца так шмат гаспадарак і арганізацый. Тут ёсць два сельгаскааператывы – “Хваецкае” і “Лунінскі”, Палеская доследная станцыя меліярацыйнага земляробства і лугаводства, філіял “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод”. У іх занята найбольшая частка працаздольнага насельніцтва – 820 чалавек. Астатнія працуюць у Лунінскім і Лобчанскім лясніцтвах, дзвюх фермерскіх гаспадарках, пяці школах,  чатырох дзіцячых садах і адной гульнявой пляцоўцы, дзвюх урачэбных амбулаторыях і трох ФАПах, дзевяці магазінах райспажыўтаварыства, Дамах культуры, бібліятэках, музычных школах… Пералік гэтых устаноў даказвае, што ў шасці  вёсках сельсавета ёсць усё патрэбнае чалавеку.

Аднак, не толькі пра станоўчае гаварыў старшыня сельвыканкама. Сярод праблем ён агучыў далёкі ад добрага стан вуліц і дарог, неабходнасць газіфікацыі Луніна і пракладкі водаправода ў Лобчы, расчыстку меліярацыйных каналаў на вуліцы Садовая ў Луніне, рамонт моста ў Дубаўцы і завяршэнне разборкі недабудаванага гандлёвага цэнтра ў гэтай жа вёсцы.

А яшчэ Аляксандр Міхайлавіч закрануў пытанне, якое сёння хвалюе ўсіх старшыняў сельвыканкамаў – працэс перадачы вясковых могілак на баланс раённай камунальнай службы. Работа гэтая чамусьці зацягнулася, хаця праваўстанаўліваючыя дакументы амаль паўсюдна гатовы. Справа – за камунальнікамі, якія не спяшаюцца браць пад сваё крыло клопатныя аб’екты.

На гэтай жа праблеме сканцэнтраваў увагу галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Аляксандр Байдук. Ён адзначыў, што хаця на многіх могілках парадак наведзены, камунальная служба нерэгулярна вывозіць смецце з устаноўленых кантэйнераў. У выніку ўваход на месцы апошняга прытулку нашых землякоў нярэдка ўяўляе сабой не дужа прывабнае відовішча.

Выступленне старшага інспектара РАНС Генадзя Кулеша прыгадала многім трагедыю, якая здарылася ў пачатку года ў Вічыне, калі ў агні загінулі двое малалетніх дзетак. Інспектар расказаў, што сёння робіцца па лініі выратавальнай службы з тым, каб падобных трагедый у далейшым не дапусціць.

Пра гэта ж гаварыў на пася-джэнні старшыня Дварэцкага сельвыканкама Аляксандр Віднікевіч. Бяда здарылася ў прыстойнай сям’і, дзе матуля ненадоўга пакінула дзяцей, каб пайсці на працу. Зразумела, калі б дзеці знаходзіліся ў дашкольнай установе, бяды, магчыма, не здарылася б. Але ўся праблема ў тым, што месцаў у Дварэцкай яслі-сад-сярэдняй школе для малышоў не хапае. Сёлета, паведаміў Аляксандр Іванавіч, вырашана адкрыць  тут дадатковую групу для дзяцей дашкольнага ўзросту.

Удзел у мерапрыемстве брала член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Таццяна Удавенка. Вынікі нарады падвёў старшыня райсавета Віталь Адзішчаў. Многія з узнятых у хо-дзе абмеркавання пытанняў пазначаны ў пратаколе, а значыць, вырашэнне іх будзе знаходзіцца на кантролі дэпутацкага корпуса раёна.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть