Официально

“МЫ ПАВІННЫ БЫЦЬ УДЗЯЧНЫ ТЫМ, ХТО НА ВЯСКОВЫХ ПАДВОРКАХ ТРЫМАЕ ЖЫВЁЛУ…”

Аналізам ходу выканання раённай Праграмы развіцця і падтрымкі асабістых падсобных гаспадарак грамадзян пачалося чарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, якое правёў яго старшыня Васіль Агіевіч.

Да дакладчыка, а ім быў намеснік начальніка райсельгасхарчу Сяргей Бойка, у час абмеркавання было нямала пытанняў. Перш за ўсё, былі падвергнуты сумненню прыведзеныя лічбы. Як зрабіць больш дакладным улік сельскагаспадарчай прадукцыі з індывідуальнага сектара аграрнай эканомікі? Адказ на гэтае пытанне разам з членамі выканкама шукалі начальнік раённага аддзела статыстыкі Віктар Дыдышка, старшыні Вулькаўскага, Дзятлавіцкага і Рэдзігераўскага сельвыканкамаў Аляксандр Кушнярэвіч, Канстанцін Мардухай, Валерый Лусевіч, старшыня СВК “Чучавічы” Сяргей Хадатчук і некаторыя іншыя.

Між тым, многія з прагнозных паказчыкаў, прадугледжаных Праграмай, засталіся невыкананымі. У тым ліку – вытворчасць малака, збожжавых культур, мёду. Менш, чым за адпаведны перыяд мінулага года закуплена сёлета ў насельніцтва маладняку буйной рагатай жывёлы, мяса і жывёлы жывой вагой і нават бульбы і агародніны (хаця вырашчана апошніх больш, чым летась). Менавіта таму асаблівая ўвага была звернута на падтрымку прыватных гаспадароў – своечасовае выдзяленне сотак, забеспячэнне жывёлы з прыватных падворкаў культурнай пашай, дапамогу ў набыцці для яе сена і саломы на зіму. Як сведчылі справаздачы старшыняў сельвыканкамаў і СВК асаблівых праблем з гэтым у вёсках няма. В.М. Агіевіч падкрэсліў, што і надалей прадстаўнікі ўлады на месцах не павінны абыходзіць увагай вяскоўцаў. “Мы павінны быць удзячны тым, хто сёння на вясковых падворках трымае жывёлу, дапамагае дзяржаве малаком і мясам, вырошчвае збожжа і агародніну”, – падкрэсліў Васіль Міхайлавіч. 

Ён жа задаў дырэктару ААТ “Лунінецкі малочны завод” Сяргею Карпцу пытанне, якое хвалюе многіх вяскоўцаў: ці будзе людзям кампенсаваны ўрон за вернутае па прычыне павышанай кіслотнасці малако з прыватных падворкаў? У адказ прагучала запэўніванне, што грошы абавязкова будуць вернуты.Па папярэдніх звестках да выплат належыць каля 8 мільёнаў рублёў.

ЯК ГАТОВЫ ДА ЖНІВА?

Да абмеркавання гэтага пытання таксама аднесліся з асаблівай увагай, што зразумела. Справаздачу на пасяджэнні трымаў кожны з кіраўнікоў сельгасарганізацый. Яны акрэслівалі стан спраў у гаспадарках па чатырох асноўных пазіцыях – забяспечанасці кадрамі, гатоўнасці уборачнай, зернесушыльнай тэхнікі і вагавых агрэгатаў. Пакуль стан спраў у большасці гаспадарак не выклікае асаблівай тврывогі, але выпускаць з поля зроку пазначаныя пытанні недапушчальна. Умовы надвор’я сёлетняга года сведчаць, што жніво будзе праходзіць у экстрэмальным рэжыме, і варта да яго падрыхтавацца належным чынам.

У прынятым рашэнні пазначаны меры, накіраваныя на актывізацыю важнай справы. Канкрэтныя задачы пастаўлены перад кіраўнікамі СВК “Дзятлавіцкі”, “Рэдзігераўскі”, “Вулькаўскі світанак” і “Райаграсервісам”, дзе камісіяй адзначаны недапрацоўкі ў ходзе падрыхтоўкі да гарачай пары.

ПАРАДАК НЕ НА ДЗЕНЬ, А НА ГАДЫ

З такім падыходам варта ставіцца да работы па забеспячэнню “Правілаў добраўпарадкавання і санітарна-экалагічнага ўтрымання раёна”. Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Аляксандр Дубініч заўважыў, што станоўчыя зрухі ў гэтай справе бачны, аднак і агрэхаў яшчэ шмат. Перш за ўсё, у заключэнні дагавораў з жыхарамі на цэнтралізаваны вываз камунальных бытавых адходаў. Ні ў адным з сельсаветаў гэты паказчык не дасягае 100 працэнтаў, а ў Дварэцкім – дагаворы заключаны толькі з 70 працэнтамі індывідуальных домаўладальнікаў. Звярнуў увагу выступаючы і на навядзенне парадку на тэрыторыі садаводчых таварыстваў, гаражных масіваў, адзначыўшы пасіўную ролю ў гэтай справе камунальнай службы. А яшчэ была дакладна прааналізавана работа па скарачэнню колькасці старых домаўладанняў і падтрыманню парадку на міні-палігонах. 

У абмеркаванні праблем браў удзел галоўны дзяржаўны санітарны ўрач вобласці Алег Арнаутаў, які выказаў сваё бачанне вырашэння санітарных праблем раёна. На думку Алега Вячаслававіча, прычынай многіх з іх стала адсутнасць сістэматычнай і мэтанакіраванай работы па навядзенню і падтрыманню санітарнага парадку ў населеных пунктах раёна. “Чыста не там, дзе не смецяць, а там, дзе прыбіраюць”, – у такім перафразаваным выглядзе прагучала вядомае выказванне з вуснаў абласнога госця.

ПРАБЛЕМ У АДУКАЦЫІ БУДЗЕ МЕНШ

У гэта верылася пасля выступлення начальніка раа Валянціны Верас, якая прааналізавала ў раёне работу па рэалізацыі Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 года №15 “Аб асобных пытаннях агульнай сярэдняй адукацыі”. 

У прынятым рашэнні пазначана, што чакае больш пільнай увагі кантроль за якасцю правядзення і наведваннем факультатываў і зместам напўнення 6-га школьнага дня. Адначасова будзе ўзмоцнены кантроль за выкананнем асноўных палажэнняў пазначанага Дэкрэта, афармленнем нарматыўных дакументаў, удасканаленнем работы з педагагічнымі кадрамі, забеспячэннем вучняў падручнікамі, А яшчэ вырашана працягваць растлумачальную работу з бацькамі і вучнямі аб асноўных змяненнях, што адбыліся ў нацыянальнай сістэме адукацыі.

ПРАБЛЕМА, ШТО ПАГРАЖАЕ СТАЦЬ НАЦЫЯНАЛЬНЫМ БЕДСТВАМ

Так звычайна гавораць пра п’янства і алкагалізм. В.а. начальніка аддзялення аховы грамадскага парадку РАУС Сяргей Богдан у сваім дакладзе прывёў несуцяшальныя лічбы і факты. З пачатку года павялічылася колькасць злачынстваў, учыненых у стане алкагольнага ап’янення. Прыкметна больш зарэгістравана і фактаў парушэння антыалкагольнага заканадаўства. За пяць месяцаў года затрымана 234 п’яныя вадзіцелі, 20 з іх – паўторна. Сёлета п’янымі ў грамадскіх месцах былі затрыманы 36 падлеткаў. Вострай застаецца праблема самагонаварэння. Як супрацьстаяць такому шквалу праблем?

На думку многіх, толькі забароннымі мерамі жаданага выніку дасягнуць цяжка. Па словах парламентарыя Ларысы Вершаловіч, якая брала ўдзел у рабоце пасяджэння, прыкладна 43 працэнты школьнікаў яшчэ да паўналецця спрабуюць моцныя спіртныя напоі. А значыць, істотна можа дапамагчы прафілактычная работа на ранняй стадыі. Прычым не толькі ў школах, але і ў працоўных калектывах, сем’ях – на ўсіх узроўнях.

Што ж маем на самай справе? Камісіі па барацьбе з п’янствам у працоўных калектывах часцей за ўсё бяздзейнічаюць. А на РУВП “Палессеэлектрамаш”, адкуль нярэдка паступаюць сігналы аб выяўленні п’яных на рабочых месцах, такой камісіі да нядаўняга часу наогул не было. 

Выступаючыя прапаноўвалі ў якасці дзейсных мер павышэнне цаны на гарэлку і віно, абмежаванне рэкламы піва, жорсткае пакаранне за п’янства за рулём, павелічэнне да 21 года ўзроствага парога, калі можна бесперашкодна набываць моцныя напоі. Але гэта хутчэй – кампетэнцыя ўрада і паралмента. У рашэнні ж райвыканкама пазначаны звычныя меры – больш актыўна выяўляць алкаголікаў, ліквідаваць каналы паступлення ў раён фальсіфікаванай спіртаўтрымліваючай вадкасці, пазбаўляцца ад ачагоў самагонаварэння, больш актыўна накіроўваць п’яніц у ЛПП і інш.

ДРУЖЫННІК – НА АХОВЕ ПРАВАПАРАДКУ

У дачыненні да абмяркоўваемага на пасяджэнні пытання “Аб эфектыўнасці работы добраахвотных народных дружын і грамадскіх пунктаў аховы парадку” час было б гаварыць аб элементарным ухіленні ад гэтага пачэснага абавязку. У спісе праштрафіўшыхся – РУВП “Палессеэлектрамаш”, аўтапарк №10, райаграсервіс, хлебазавод, практычна ўсе будаўнічыя арганізацыі, банкі, камунальная служба і некаторыя іншыя калектывы. Усе пазначаныя недахопы ў арганізацыі гэтай работы трэба выправіць у бліжэйшы час. За гэтым – бяспека нашых дзяцей, наша з вамі бяспека.

ТУРЫСТАМ БЫЦЬ НЯПРОСТА

Дакладней сказаць, увага акцэнтавалася на выкананні платных турыстычных паслуг. Начальнік аддзела па фізічнай культуры, спорце і турызме Аляксандр Рамановіч акрэсліў асноўныя прычыны таго, што выкананы пазначаны паказчык пакуль толькі на 34 працэнты. Між тым, паглядзець у нашым раёне, не кажучы пра Беларусь у цэлым, ёсць што. Сведчаць аб гэтым прыгожыя буклеты, выдадзеныя летась. Аднак распрацаваныя турыстычныя маршруты застаюцца, на жаль, незапатрабаванымі. Справа ў адсутнасці неабходнага сервісу, турыстычнай, так бы мовіць, інфраструктуры. Да гэтага часу не адрамантаваны для прыёму турыстаў домік на беразе Прпыпяці ля хутара Камень. На стадыі ўзгаднення перадача вызначаным гаспадарам – ДПУ “Заказнікі рэспубліканскага значэння “Сярэдняя Прыпяць” і “Лунінскі” – будынка на возеры Белае. Неўпрыкмет большы ўклад у рэалізацыю турыстычных паслуг можа ўносіць КУП “Паляўніча-рыбалоўная гаспадарка Лунінец”. Пэўныя спадзяванні дае развіццё ў нашым раёне аграсядзіб.

Адначасова была звернута ўвага кіраўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў на арганізацыю экскурсіённых паездак праз асноўнага тураператара Лунінеччыны – РФСК “Здароўе”.


Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть