На што трацяць сямейны капітал лунінчане?
Официально

На што трацяць сямейны капітал лунінчане?

Як вядома, праграма сямейнага капіталу працягнута яшчэ на пяць год – да 31 снежня 2024-га. Да таго ж, пашыраны накірункі яго датэрміновага выкарыстання. Гутарым з начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Ірынай Семянчэнка:
– Фарміраванне сямейнага капіталу ажыццяўляецца ў беларускіх рублях з базавым памерам на пачатак года 22 тысячы 500 рублёў. Пры гэтым ён будзе штогод індэксавацца ў залежнасці ад тэмпаў росту спажывецкіх цэн. Новыя лічбы не мяняюцца на працягу каляндарнага года. За перыяд размяшчэння сродкаў на банкаўскіх укладах на іх налічваюцца працэнты ў памеры індэксу спажывецкіх цэн (за ўвагу бярэцца папярэдні снежань). Разлічваць на падтрымку дзяржавы могуць грамадзяне Беларусі, калі з улікам нованароджанага ў сям’і выхоўваюцца не менш як трое нашчадкаў ва ўзросце да 18 год. Адпаведнае права сям’я можа рэалізаваць толькі адзін раз. Напрыклад, калі дэпазіт адкрыты па праграме 2015-2019 гг., значыць у перыядзе 2020-2024 гг. яго не будзе.
– Куды трэба звяртацца за грашовымі сродкамі?
– За назначэннем – у мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы па месцы фактычнага жыхарства ці рэгістрацыі, а вось за распараджэннем – па месцы яго назначэння ці ў адпаведнасці з рэгістрацыяй. Калі так здарыцца, што сям’я прапусціла тэрмін звароту за назначэннем сямейнага капіталу (нагадаю, што гэта 6 месяцаў з дня нараджэння трэцяга дзіцяці) мясцовы выканаўчы і распарадчы орган мае права аднавіць яго з улікам канкрэтных абставін. Склад сям’і вызначаецца на дату падачы адпаведнай заявы.
– На што можна патраціць сямейны капітал датэрмінова?
– З 1 студзеня 2020 года датэрміновае выкарыстанне сродкаў незалежна ад перыяду часу, які прайшоў з даты назначэння, прадугледжана на будаўніцтва (рэканструкцыю) ці набыццё аднакватэрных жылых дамоў, кватэр у шматкватэрных ці блакіраваных жылых дамах, пагашэнне запазычанасці па крэдытах, выдадзеных на гэтыя мэты, і выплату працэнтаў за карыстанне імі. Дазволена выкарыстаць сродкі на атрыманне на платнай аснове вышэйшай адукацыі I ступені ці сярэдняй спецыяльнай – толькі ў дзяржаўных установах адукацыі. Трэці пункт – атрыманне платных медыцынскіх паслуг, якія аказваюць арганізацыі аховы здароўя.
– Якім чынам можна будзе распарадзіцца сродкамі, калі дзіцяці споўніцца 18 год?
– Дазволена накіраваць іх на паляпшэнне жыллёвых умоў; атрыманне адукацыі, медыцынскай дапамогі ці паслуг у сферы сацыяльнага абслугоўвання; або заняцца фарміраваннем накапляльнай (дадатковай) пенсіі. Пакінуць у спадчыну сямейны капітал, у тым ліку налічаныя працэнты, нельга. Ён вызваляецца ад падаходнага падатку з фізічных асоб, на яго не можа быць звернута спагнанне.
– Колькі нашых землякоў вырашылі скарыстацца сямейным капіталам датэрмінова?
– Па стану на 10 лютага, звярнуліся 42 чалавекі. 40 з іх будуць вырашаць пытанне паляпшэння жыллёвых умоў, па аднаму – з просьбамі атрымання адукацыі і медыцынскіх паслуг. Прынята 27 рашэнняў аб датэрміновым выкарыстанні сямейнага капіталу. Усе яны звязаны ў жыллём.

Таццяна СОЦ, г. Лунінец:

У нашай сям’і выхоўваюцца чацвёра дзетак. Здымаем кватэру. Восем год таму вырашылі будаваць свой дом у мікрараёне Сельгастэхніка. Узялі крэдыт, муж тады служыў у міліцыі, і працэнтная стаўка была крыху ніжэйшай. Праўда, атрыманых грошай хапіла толькі на падмурак і першы паверх. Дом жа – вялікіх памераў, быццам адчувалі, што сям’я займее статус мнагадзетнай. Старэйшая дачушка ўсё марыла, што хутка пераедзем, і ў яе будзе свой пакой… Сёння Анастасіі 19 год, яна асталявалася ў Пінску. Муж выйшаў на пенсію. Адкрылі невялікі бізнес па закупцы малака ад насельніцтва (дарэчы, зараз шукаем чалавека, хто мог бы гэтым займацца – вакансія свабодная). У Насці паявіліся сястрычка Софія, брацікі Мацвей і Яраслаў. Менавіта з паяўленнем Яраслава сталі ўладальнікамі сямейнага капіталу. Аб тым, што яго можна выкарыстаць датэрмінова, даведаліся з інтэрнэта. Паколькі завяршаем будаўніцтва дома., то напісалі заяву, падалі неабходныя дакументы. Зараз чакаем рашэння ў банку. Вельмі спадзяемся, што яно будзе станоўчым, і наша агульная мара – стаць навасёламі – ажыццявіцца яшчэ хутчэй!

Таццяна ЧАРНЯКОВІЧ, аг. Любачын:

Свой сямейны капітал атрымалі ў 2017-ым, калі нарадзіўся Савелій. Выхоўваем старэйшую дачушку Варвару, ёй споўнілася 5 год. Яшчэ ёсць 4-гадовая Ліда і 6-месячная Бажэна. Наш дом – далёка не новы, ушасцярых жывем фактычна на 30 “квадратах”. Стаялі на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Летась тут жа ў Любчыне ўзялі зямельны ўчастак пад індывідуальнае будаўніцтва. За льготны крэдыт, атрыманы як мнагадзетная сям’я, залілі падмурак, узвялі сцены і накрылі дах. У студзені на вочы трапіла інфармацыя, што капіталам можна скарыстацца датэрмінова. Без ваганняў звярнуліся ў службу “адно акно”. Цяпер чакаем фінансавання.
Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть