Официально

Намеснік старшыні аблвыканкама Леанід Цупрык правёў прыём грамадзян у Лунінцы

21 сакавіка да абласнога чыноўніка звярнуліся каля дзясятка грамадзян. З дапамогай уплывовага кіраўніка яны спадзяваліся вырашыць праблемы, сярод якіх пераважалі як асабістыя, так і грамадскія.цуприк

Старшыня раённай арганізацыі таварыства Чытвонага Крыжа Таццяна Кацуба выказала заклапочанасць у сувязі з закрыццём у Мікашэвічах ананімна-кансультацыйнага цэнтра для нарказалежных грамадзян. Раней яго фінансаванне ішло за кошт замежнай дабрачыннай дапамогі. Зараз ПРААН ГЭФ спыніла фінансавую падтрымку праграмы. Нарказалежныя жыхары маладога горада пазбавіліся магчымасці бясплатна мяняць аднаразовыя шпрыцы. Спрабуючы разабрацца ў праблеме, Леанід Аляксандравіч выказаў свой погляд на распаўсюджванне наркаманіі на тэрыторыі раёна і не толькі.На яго думку, няварта ісці па шляху найменшага супраціўлення, даючы паблажку аматарам атруты. Трэба перакрываць каналы, па якіх яна паступае ў раён. Старшыня райвыканкама В.М. Агіевіч, які прысутнічаў на прыёме, у сувязі з гэтым абазначыў вострую неабходнасць умацавання дадатковымі штатнымі адзінкамі Мікашэвіцкага гарадскога аддзялення міліцыі. У гэтым Л.А. Цупрык таксама паабяцаў падтрымку.
Уважліва выслухаў намеснік кіраўніка вобласці і пенсіянерку Ксенію Галоўніч, якая ад імя пажылых жыхароў Лунінеччыны прапанавала наладзіць аздараўленне гэтай катэгорыі грамадзян у Мікашэвіцкім санаторыі-прафілакторыі “Світанак”. Гэтая аздараўленчая ўстанова адначасова можа прыняць 100 адпачываючых. У першым і чацвёртым кварталах года тут папраўляюць задароўе работнікі “Граніта”. Найбольш спрыяльная цёплая пара года аддадзена дзеткам з забруджаных радыяцыяй населеных пунктаў раёна. Але ж, адзначыў Л.А. Цупрык, калі ёсць такія пажаданні, варта галоўнаму ўрачу мікашэвіцкага “Світанка” прапанаваць цэнтркурорту невялікую частку пуцёвак для лунінецкіх пенсіянераў.
Набалелую праблему для жыхароў Лунінеччыны ўзняў Іосіф Раманоўскі. Яго турбуе стан рэспубліканскай аўтадарогі М-10 на ўчастку ад Лахвы да Іванава. Пасля зімы яна мае жудаснае выгляд і нясе рэальную пагрозу для вадзіцеляў і іх машын.
У адказ Леанід Цупрык зазначыў, што бяду гэтую ведаюць і ў раёне, і ў вобласці. Больш таго, праблема знаходзіцца на кантролі ў старшыні аблвыканкама Канстанціна Сумара. Зразумела, што ямкавым рамонтам тут абысціся не ўдасца, наспела капітальная рэканструкцыя аўтамагістралі, якая эксплуатуецца амаль 40 год. Патрэбны велізарныя выдаткі. Пошукам крыніц фінансавання зараз і займаюцца прадстаўнікі ўладных структур.
Уласным прыкладам заклікаць да здаровага ладу жыцця маюць намер лунінецкія пенсіянеры. Ад іх імя да абласнога чыноўніка звярнулася старшыня раённага савета ветэранаў вайны і працы Надзея Лазіцкая. Яна папрасіла садзеяння ў стварэнні групы здароўя для пажылых. Атрымана запэўніванне, што на працягу месяца такая група будзе створана на базе ДУ “ДЮСШ па плаванню “Дэльфін”.
Некаторыя аспекты ўзаемадзеяння органаў улады з РГА “Белая Русь” акрэсліла ў сваім звароце старшыня раённай структуры грамадскага аб’яднання Людміла Казадаева. Адначасова яна запрасіла абласнога госця наведаць новы офіс лунінецкай арганізацыі.
З не зусім звычайнай місіяй завітала да Леаніда Цупрыка жыхарка в. Дрэбск Людміла Грыневіч. Маладая жанчына стала пасланцом прыхаджан Кажан-Гарадоцкай Свята-Мікалаеўскай царквы, якая з’яўляецца помнікам драўлянага архітэктурнага дойлідства краіны. За 200 год існавання храм, пабудаваны без адзінага цвіка, пачаў паддавацца часу: нахіліліся купалы, састарыліся сцены. Патрэбен капітальны рамонт. Побач пад кіраўніцтвам настаяцеля Свята-Мікалаеўскага храма Дзмітрыя Грыба за сродкі прыхаджан ужо ўзведзена невялікая царква, якая, на жаль, не можа задаволіць духоўныя патрэбы жыхароў старажытнага мястэчка і навакольных вёсак. Вось чаму вяскоўцы так настойліва імкнуцца аднавіць і захаваць сваю сапраўдную святыню.
Улічваючы ўсе нюансы няпростай справы, Леанід Аляксандравіч, перш-наперш, пааабяцаў пасадзейнічаць у правядзенні кваліфікаванай экспертызы стану будынка. Толькі па яе выніках можна будзе вызначыць аб’ём работ і прымаць канчатковае рашэнне.
З крыўдай на прадстаўнікоў вясковай улады прыйшла на прыём жыхарка Бастыні Зінаіда Лешкіс. Летам мінулага года ў яе агарод убіўся калгасны статак, папсаваў пасевы, знішчыўшы спадзяванні на ўраджай. Адразу ж была створана камісія з прадстаўнікоў сельвыканкама і СВК “Дзятлавіцкі”. Урон аказаўся не такім і значным, але і яго чамусьці не здолелі кампенсаваць адразу. Менавіта таму крыўду жанчыны зразумець можна. Па прапанове абласнога чыноўніка вырашана не толькі вярнуць пажылой гаспадыні частку страчанага ўраджаю пшаніцы, але і па магчымасці аказаць матэрыяльную дапамогу.
Лунінчанка Ніна Неўдах паскардзілася на нязручнасці, якія нясе з сабою нядаўна прымацаваны да сцяны іх дома вулічны ліхтар. Адначасова яна заявіла аб неабходнасці капітальнага рамонту дома па вуліцы Лісовіча, 3а.
З мэтай большай накіраванасці промня ліхтара вырашана абсталяваць яго спецыяльным абажурам, які перашкодзіць траплянню святла ў вокны кватэр. Што датачыць капітальнага рамонту названага дома, то пакуль рабіць яго не плануецца: у горадзе ёсць жыллё, стан якога куды горшы. Аднак асобныя заўвагі заяўляльніцы ўлічаны. Спецыяльная камісія абследуе фундамент будынка і вызначыць, якія рамонтныя работы тут патрэбны.
Каб ухіліць агрэхі, дапушчаныя пры самастойнай устаноўцы новых шклопакетаў, дырэктар КУШВП ЖКГ “Лунінецкая ЖКГ” Васіль Вакульчык паабяцаў бясплатна прадаставіць аўтавышку. Праўда, спецыялістаў, якія давядуць да ладу адкосы, жыльцам давядзецца шукаць самім. Гэтым зоймецца старшы па дому.
У гэты ж дзень намеснік старшыні аблвыканкама Л.А. Цупрык пабываў у офісе раённай арганізацыі РГА “Белая Русь”, а таксама наведаў ліцэй г. Лунінца.

 

Показать больше

Похожие статьи

4 комментария Комментариев

  1. А раенные не хотят,их должны областные попросить.

  2. Лунинчанин – васе. О если б так все было просто, то только и “гопали б” к обласным чиновникам.

  3. А так проще. Гоп – и перепрыгнул. Глядишь, потом еще и по шапке кто-нибудь получит.

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть