Неспрыяльнае дыханне крызісу
Официально

Неспрыяльнае дыханне крызісу

Райисполком

Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за 9 месяцаў і правядзенне комплекснай мадэрнізацыі вытворчасці былі разгледжаны на чарговым пасяджэнні райннага выканаўчага камітэта.

Улічваючы тое, што пакуль не выкананымі засталіся заданні па індэксу фізічнага аб’ёму прамысловай вытворчасці, валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі, падрадных работах і рознічным тавараабароце, старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко прапанавай назваць прычыны такога становішча і акрэсліць перспектывы года ў цэлым.

Па словах намесніка старшыні райвыканкама Уладзіміра Кавалевіча, з 8-мі заданняў выкананы ўвод жылля і нарматыў запасаў гатовай прадукцыі на складах. Нягледзячы на тое, што з пачатку года прамысловымі прадпрыемствамі раёна выпушчана больш як на паўтара трыльёна рублёў прадукцыі, у параўнанні з леташнім назіраецца зніжэнне на 13,2 працэнта. Не дасягнулі мінулагодніх аб’ёмаў РУВП “Граніт”, ААТ “Спецжалезабетон”, “Палессеэлектрамаш”, “Лунінецлес” і “Лунінецкі РМЗ”. I калі два першыя прадпрыемствы працуюць стабільна і маюць станоўчую перспектыву, то астатнія — перасягнулі ніжні крытычны ўзровень вытворчасці.

Прыкметна зніжаны і экспартныя пастаўкі прадукцыі. Сёлета за мяжу тавараў з лунінецкай маркай прададзена на 33 мільёны долараў ЗША, што менш, чым летась, на 36 працэнтаў. Хаця, справядлівасці дзеля, варта заўважыць, што ў натуральным адлюстраванні сітуацыя іншая: у паўтара раза больш рэалізавана таго ж сухога малака, амаль у 2 разы — сметанковага масла. Сваю адмоўную ролю адыграў уплыў эканамічнага крызісу, дэвальвацыя валюты краін-партнёраў і звязанае з гэтым прыкметнае зніжэнне кошту прадукцыі.

У той жа час яе імпарт скараціўся ў раёне на 43 працэнты, што дало магчымасць забяспечыць станоўчае сальда знешнегандлёвага абароту ў суме амаль 30 мільёнаў долараў ЗША. Адначасова дакладчык асаблівую ўвагу звярнуў на тое, што асноўныя прадпрыемствы-экспарцёры сёлета не толькі не выканалі заданні, але і не здолелі выйсці на мінулагодні ўзровень. Прычына крыецца як у велізарнай залежнасці ад Расійскай Федэрацыі, так і ў нездавальняючай рабоце кіраўніцтва асобных прадпрыемстваў па пошуку новых рынкаў збыту. У якасці пацвярджэння прыведзены такі факт: імпартуем мы тавары з 23-ох краін, а экспартуем — толькі ў 13.

Што датычыць інвестыцый, то сёлета гэты паказчык дасягнуў 479,5 мільярда рублёў, што на амаль 40 працэнтаў менш, чым летась. На мэты мадэрнізацыі накіравана 188 мільярдаў рублёў, ці 70,7 працэнта ад гадавога задання.

Прааналізаваў дакладчык стан развіцця гандлёвай сеткі, дзе назіраецца скарачэнне тавараабароту. Зрэшты, па выніках 8 месяцаў у раёне заўважана змяншэнне выручкі ад рэалізацыі прадукцыі ўвогуле. Рэнтабельнасць продажу ў цэлым па раёне застаецца станоўчай — плюс 5,3 працэнта.

За 8 месяцаў намінальная налічаная зарплата вырасла да 102,2 працэнта і склала 5 мільёнаў 200 тысяч рублёў. Стабільным застаецца рынак працы: зарэгістравана 304 беспрацоўныя, ці 1,1 працэнта адагульнай колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва.

Асноўнае пытанне, якое сёння хвалюе будаўнікоў, — аб’ёмы падрадных работ. Менавіта на гэтым асаблівую ўвагу завастрыў Аляксандр Пачко пасля даклада свайго намесніка Руслана Хоміча. На жаль, прагучала канстатацыя, што сёння не ўсе будаўнічыя арганізацыі маюць планы на 2016 год. Цьмянай застаецца перспектыва з аб’ёмамі работ на ААТ “Лунінецрамбуд”.

Яшчэ адна праблема, якая востра прагучала на пасяджэнні райвыканкама — выкананне дзяржаўнай праграмы па збору другаснай сыравіны. Наш раён па-ранейшаму застаецца ўнізе абласной зводкі. Ад кіраўнікоў прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, якія атрымалі заданні па збору макулатуры, шклобоя, пластыку, запатрабавана з усёй сур’ёзнасцю паставіцца да безумоўнага іх выканання.

Намеснік старшыні райвыканкама, старшыня райсельгасхарчу Юрый Корчык пачаў выступленне з канстатацыі таго, што аграпрам раёна тэмп росту валавай прадукцыі выканаў толькі на 97,7 працэнта. Узроўню мінулага года дасягнулі СВК “Вулькаўскі світанак”, філіял “Аграграніт” і КУП “Міжлескае”. Страты ад рэалізацыі прадукцыі атрымалі 11 з 16-ці гаспадарак. Хаця па выніках 8 месяцаў усе сельгасарганізацыі раёна (за выключэннем СВК «Гарадоцкі”, “Багданаўка”, “Дварэцкі” і філіяла “Аграграніт”) здолелі выйсці на бясстратную работу.

У параўнанні з леташнім больш надоена малака — 103,7 працэнта. На 596 галоў больш атрымана цялят. На жаль, адзначана паўтарапрацэнтнае падзенне рэалізацыі малака класам “экстра” плюс вышэйшы. Практычна завершана ўзвядзенне дзвюх новых малочнатаварных фермаў — у ПСУП “Рэдзігерава-Агра” і СВК “Дварэцкі”.

У раслінаводстве, нягледзячы на катаклізмы сёлетняга года, здолелі атрымаць 64 307 тон зерня. Зараз у гаспадарках завяршаец-ца ўборка агародніны. Паралельна ідзе назапашванне кармоў для грамадскага статка. Нізкая ўраджайнасць траў і засушлівае лета сталі прычынай недабору практычна ўсіх відаў кармоў. Зараз у разліку на адну ўмоўную галаву ёсць 17,9 цэнтнера кармавых адзінак, што менш, чым летась. Чатыры гаспадаркі не пераадолелі рубеж у 15 цэнтнераў кармавых адзінак.

Пытанні, якія ў ходзе пасяджэння задаваў кіраўнікам старшыня райвыканкама, сведчылі, што некаторыя з іх дрэнна валодаюць лічбамі, цьмяна бачаць перспектыву развіцця падначаленых працоўных калектываў. Менавіта таму было прапанавана кожнай гаспадарцы, кожнаму прадпрыемству распрацаваць план развіцця на бліжэйшыя 5 год, а ўсе яго палажэнні — абараніць на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта.

Не пакінулі без увагі члены райвыканкама і сацыяльную сферу раёна. Пра тое, чым яна жыве, расказаў намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч. Раён па праву ганарыцца дасягненнямі юных талентаў Лунінеччыны на рознага ўзроўню прадметных алімпіядах. Захапленне выклікаюць выступленні самадзейных калектываў. Аднак у ходзе абмеркавання Аляксандр Пачко звярнуў увагу, што сёлета зменшыўся працэнт паступіўшых у ВНУ выпускнікоў.

Своеасаблівай болевай кропкай з’яўляецца дэмаграфічная сітуацыя на Лунінеччыне. У той час, як у вобласці адзначаны натуральны прырост насельніцтва, у нашым раёне па-ранейшаму нараджаецца людзей менш, чым памірае. Сёлета гэтая суадносіна склала 637 нарадзіўшыхся да 711 памерлых. Гэта дае падставу для несуцяшальнага прагнозу: літаральна праз 5 год на аднаго працуючага ў нашым раёне, асабліва ў вёсках, будзе налічвацца адзін пенсіянер.

3 трывогай гаварылі на пасяджэнні і пра падлеткавую злачыннасць, яе рост і накірункі прафілактычнай работы.

Усе пазначаныя праблемы і шляхі іх вырашэння знайшлі сваё адлюстраванне ў прынятым рашэнні.

Таццяна Вайцяхоўская

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть