Официально

Новы погляд на раён

26 чэрвеня адбылася пазачарговая сёмая сесія раённага Савета дэпутатаў XXVII склікання. Сесія прыняла адстаўку Васіля Міхайлавіча Агіевіча і зацвердзіла на пасадзе старшыні раённага выканаўчага камітэта Аляксандра Мікалаевіча Пачко. У рабоце сесіі бралі ўдзел старшыня аблвыканкама Анатоль Васільевіч Ліс і памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Брэсцкай вобласці Дзмітрый Дзмітрыевіч Гобараў.

Пачко А.М.
ПАЧКО Аляксандр Мікалаевіч

Аляксандр Мікалаевіч ПАЧКО нарадзіўся ў 1975 годзе ў в. Атвержычы Столінскага раёна. Закончыў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію і Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Пачынаў працоўную дзейнасць у саўгасе “Манькавіцкі”. Быў галоўным інжынерам і намеснікам дырэктара КУВП “Манькавічы”. З 2009 года — намеснік старшыні — начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Столінскага райвыканкама.

Звяртаючыся дадэпутатаў і гаспадарчага актыву раёна, кіраўнік вобласці сказаў, што вызначальным пры прыняцці кадравага рашэння стаў той факт, што ў апошнія гады вельмі трывожная сітуацыя склалася ў аграпрамысловым комплексе Лунінецкага раёна. Менавіта таму сёння патрэбен новы погляд на вёску. У цэлым па раёне А.В. Ліс назваў сітуацыю некрытычнай — стабільна працуе большасць прамысловых прадпрыемстваў, адна з лепшых у вобласці сацыяльная сфера, што вельмі важна для людзей.

Між тым, для такіх раёнаў, як Лунінецкі, вызначальным усё-такі з’яўляецца аграпрамысловы комплекс. Добра знаёмы з капрызамі надвор’я на Палессі, Анатоль Васільевіч адзначыў, што ў рэгіёнах, якія знаходзяцца ў аднолькавых кліматычных умовах, маюць блізкі па значэнню бал ворыва, паказчыкі вельмі розняцца. Прычым, не на карысць Лунінеччыны. У тым жа Мазырскім раёне Гомельскай вобласці сёння кожны гектар дае па 40 цэнтнераў збожжа, атрымліваюць у сярэднім у год ад каровы па 8 000 кілаграмаў малака.

Прапаноўваючы на пасаду старшыні райвыканкама А.М. Пачко, старшыня аблвыканкама выказаў спадзяванні, што пры падтрымцы кіраўнікоў і спецыялістаў на месцах яму ўдасца паправіць сітуацыю на Лунінеччыне.

Такая ж упэўненасць прагучала з вуснаў дырэктара ААТ “Лунінецкі малочны завод”, дэпутата раённага Савета Сяргея Карпца і галоўнага ўрача, дэпутата абласнога Савета Ігара Невара, якія выступілі на пасяджэнні. Дэпутаты аднагалосна падтрымалі кандыдатуру А.М. Пачко на пасаду старшыні Лунінецкага раённага выканаўчага камітэта.

Аляксандр Мікалаевіч падзякаваў за давер і запэўніў, што будзе імкнуцца яго апраўдаць. Задачы перад раёнам стаяць складаныя і, у першую чаргу, у аграпрамысловым комплексе, які з’яўляецца візітоўкай Лунінеччыны. Менавіта таму ў бліжэйшым будучым належыць абавязкова перагледзець структуру пасяўных плошчаў, самая пільная ўвага будзе ўдзелена жывёлагадоўлі з арыентацыяй раслінаводчай галіны на забеспячэнне багатай кармавой базы для грамадскага пагалоўя. Строгі кантроль будзе наладжаны за захаваннем тэхналагічнай дысцыпліны на вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.

У прамысловай галіне намаганні будуць скіраваны на тое, каб разгрузіць запасы гатовай прадукцыі з тым, каб у далейшым працаваць на рынак, а не на склад. “ І ўсё ж галоўнае ў нашай рабоце, — сказаў А.М. Пачко, — забяспечыць людзей работай, гарантуючы ім годны заробак”.

У знак удзячнасці за работу старшыня райсавета Віктар Рафаловіч уручыў В.М. Агіевічу Ганаровую грамату раённага Савета дэпутатаў. Васіль Міхайлавіч не хаваў хвалявання, звяртаючыся да тых, поплеч з кім працаваў 6 год. Лепшым перыядам у немалой працоўнай біяграфіі назваў ён гады, аддадзеныя Лунінеччыне. “Удзячны лёсу, што меў шчасце працаваць сярод цудоўных людзей на гэтай добрай зямлі. Нізка кланяюся ўсім, хто быў побач, і, перш за ўсё, — жыхарам нашай Лунінеччыны.” У адказ доўга гучалі цёплыя апладысменты.

Затым слова зноў узяў старшыня аблвыканкама Анатоль Ліс, які прапанаваў правесці невялікую вытворчую нараду. Анатоль Васільевіч адзначыў, што сёння эканамічная сітуацыя няпростая ў цэлым па краіне. Многія прадпрыемствы і арганізацыі апынуліся ў складаным становішчы, у тым ліку і ў нашай вобласці. Нямала праблем у лёгкай прамысловасці, машынабудаўніцтве. Спыніўся рост заработнай платы, як вынік — падае пакупніцкі попыт і тавараабарот.

На працягу доўгага часу Брэстчына з’яўляецца лідарам у продажы мясамалочнай прадукцыі за мяжу, даючы прыкладна чвэрць у агульнарэспубліканскім аб’ёме экспартных паставак. Сёлета ў фізічным аб’ёме пастаўкі не зменшыліся, але выручка ад рэалізацыі ўпала на 25-30 працэнтаў. Дэвальвацыя расійскага рубля, а менавіта на Расійскую Федэрацыю арыентаваны наш гандаль, закранула і іншыя галіны народнай гаспадаркі. Адчулі цяжкасці многія прамысловыя гіганты, у тым ліку РУВП “Граніт” і іншыя прадпрыемствы. Сёння адбываецца паступовая дыверсіфікацыя рынку, але ж працэс гэты дастаткова працяглы. Нягледзячы ні на што, Беларусь пачынае актыўна гандляваць з іншымі краінамі.

Адзначыў А.В. Ліс і адмоўны ўплыў на нашу эканоміку нестабільнай сітуацыі ў суседняй Украіне, а таксама хістанні кошту нафты на сусветным рынку. Гэта аб’ектыўныя прычыны, якія ўплываюць на эканоміку нашай краіны. “Але ж у такіх умовах сёння працуюць усе, а вынікі розныя”, — сказаў Анатоль Васільевіч.

Аналізуючы сітуацыю ў нашым раёне, кіраўнік вобласці прапанаваў разам падумаць, як палепшыць паказчыкі работы.

Працаваць ёсць над чым. Аб’ём прамысловай прадукцыі за 5 месяцаў года ў параўнанні з леташнім адпаведным перыядам склаў 80 працэнтаў (па вобласці — 96,6). Запасы гатовай прадукцыі на прамысловых прадпрыемствах на канец года дасягнулі 131 працэнта. Аб’ёмы сельскагаспадарчай вытворчасці за студзень-люты склалі 95,7 працэнта (па вобласці — 104,9). Ніжэйшыя, чым у сярэднім па Брэстчыне і іншыя паказчыкі, у тым ліку і намінальная налічаная заработная плата. У Лунінецкім раёне яна складае 4 мільёны 974 тысячы рублёў (па вобласці — 5 мільёнаў 448 тысяч рублёў).

Кіраўнік Брэстчыны запатрабаваў кожнаму на сваіх працоўных месцах шукаць шляхі вырашэння праблем, прыстасоўвацца да новых складаных умоў. Зыходзячы з гэтага, выслухаў меркаванні генеральнага дырэктара РУВП “Граніт” Эдуарда Гаўрылковіча, дырэктараў ААТ “Палессеэлектрамаш” Ігара Цурыкава, “Лунінецлес” — Аляксандра Гардзіевіча, рамонтна-механічнага завода — Анатоля Волка.

Вяртаючыся да праблем сельскай гаспадаркі, А.В. Ліс строга папярэдзіў, што пабудаваныя ў сельгаскааператывах новыя жывёлагадоўчыя комплексы, безумоўна, павінны даваць аддачу. Між тым, у раёне на 18 працэнтаў знізілася рэалізацыя жывёлы, на 0,4 працэнта — валавы надой малака. Сярэдні надой на карову за 5 месяцаў года склаў 1548 кілаграмаў (па вобласці — 2099 кілаграмаў).

Зыходзячы з усяго сказанага, старшыня аблвыканкама запатрабаваў устанавіць строгую працоўную і вытворчую дысцыпліну, без чаго нельга дабіцца нармальных вынікаў работы. “Парадак і мір у краіне ёсць. Усё астатняе — залежыць ад вас”, — завяршыў сваё выступление А.В. Ліс.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть