Старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко: «Няхай перамагае хлеб!»
Официально

Старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко: «Няхай перамагае хлеб!»

Здаецца, яшчэ ўчора гарачынёй дыхалі нівы, а ўжо за вокнамі – восень. І час падводзіць першыя вынікі працы земляробаў, выстаўляць адзнаку за галоўны хлебаробскі экзамен – жніво. Якім было яно на Лунінеччыне? Чым парадавала? Ці спраўдзіла самыя адчайна-смелыя спадзяванні? Адказы на гэтыя пытанні несумненна ведае старшыня райвыканкама Аляксандр ПАЧКО, для якога 20 гарачых дзён, як і для іншых удзельнікаў уборкі, сталі выпрабаваннем на трываласць і прафесіяналізм.

– Сёлетняя ўборачная кампанія яскрава прадэманстравала, што мы ўмеем працаваць адной камандай, адной сям’ёй. Жніво, нягледзячы на тое, што пачалі яго на 10-12 дзён пазней, чым у мінулым годзе, закончылі на 3 дні раней. Правялі яго аператыўна і арганізавана. Людзі разумелі, што вырашчанае трэба ўбраць хутка і якасна, таму без прамаруджвання гаспадаркі ішлі адна адной на дапамогу. Першым у раёне жніво завяршыў “Лунінскі”, і адразу ж тэхніка адтуль накіравалася ў “Гарадоцкі”, “Дварэцкі” і “Міжлескае”. Праз пару дзён далучыліся да яе камбайны з “Велуты” і “Хваецкага”. Не засталі-ся без падмогі “Багданаўка”, “Азярніца”, “Дзятлавіцкі”… Дастаткова вялікі збожжавы клін у ААТ “Дварэцкі”, але як толькі сышлі там з поля камбайны, накіравалі іх у “Рэ-дзігерава-Агра”. Прыемна, што не займалі пазіцыю старонніх назіральнікаў фермеры. Тэхніка гаспадаркі “Чэркасаў” працавала на палях “Сінкевіцкага”, “Юліяна” – у “Багданаўцы”, “Навіцкіх” – у “Міжлескім”. Вядома, небясплатна, але падтрымка, якую аказалі яны ў гарачы час, была вельмі дарэчы. У Сінкевічах, каб завяршыць жніво ў вызначаны тэрмін, апошнія гектары ўбіралі глыбокай ноччу. І ніводзін з механізатараў не выказаў незадаволенасці. Хапала паліва. У выніку пры ўраджайнасці 27,1 цэнтнера з гектара атрымалі 56 тысяч 38 тон зерня – прыкладна на 3 тысячы тон больш, чым летась. Нагрузка на камбайн вагалася ў межах 250-ці гектараў. Але ж ёсць гаспадаркі, дзе яна неўпрыкмет большая. У тым жа “Гарадоцкім” парк камбайнаў налічвае 4 адзінкі, нагрузка на кожны – 330 гектараў. Аднак у самы разгар жніва самы стары выйшаў са строю. За лічаныя дні інжынерная служба памяняла рухавік, і тэхніка зноў накіравалася на палеткі. Увогуле, “Гарадоцкі” сёлета стаў яркім прыкладам высокага хлебаробскага майстэрства. Тут мэтанакіравана павышаюць культуру земляробства, строга захоўваюць агратэхнічныя патрабаванні. І аддача бачна: у параўнанні з леташнім атрымалі збожжа на 1 200 тон больш!

– Ці ёсць гаспадаркі, дзе варта гаварыць аб рабоце над памылкамі?

– Зразумела, ёсць. Засмучае сітуацыя ў дзяржаўным прадпрыемстве “Азярніца”, дзе дапусцілі правал практычна па ўсіх культурах. Такой нізкай ураджайнасці, як сёлета, – 13,5 цэнтнера з гектара, не было даўно. Глыбокі аналіз паказаў прычыны. Кіраўніку і гаспадарцы вызначаны тэрмін – 1 год. За гэты час усе ўпушчэнні ў рабоце павінны быць выпраўлены. Толькі пры такім раскла-дзе ўраджайнасць у будучым упаўне можа дасягнуць 29 цэнтнераў з гектара. Усе рэзервы для гэтага ёсць. Другая гаспадарка, дзе шмат праблем, –  дзяржаўнае прадпрыемства “Новае Палессе”. Тут таксама трэба істотна падцягваць работу. Ну, і “Сінкевіцкі”, дзе нядрэнна папрацавалі з яравымі (за кошт чаго і “выскачылі”) і вельмі слаба – з азімымі культурамі. На тых жа плошчах на 700 тон атрымалі менш зерня азімых культур, чым летась. Прыкметна большай аддачы чакаем мы і ад “Дварэцкага”. Нягледзячы на тое, што гаспадарка мае самы высокі паказчык па валавай вытворчасці збожжа – 5 тысяч 215 тон, лічба гэтая магла б быць на 1000 тон большай. У будучым пастараемся ўсе пралікі выправіць. За названымі гаспадаркамі замацаваны спецыялісты райсельгасхарчу, якія строга кантралююць ход асноўных работ. Зараз ідзе азімая сяўба, ад якаснага правядзення якой у вялікай ступені залежыць лёс будучага ўраджаю. Кардынальна структуру пасяўных плошчаў у раёне мяняць не будзем. Практыкай вызначана, якія культуры найлепш родзяць на нашых не дужа шчодрых землях. У большай ступені гэта жыта, авёс, ячмень, трыцікале, у меншай – пшаніца. Між тым, вырашылі павялічыць да 4 тысяч гектараў плошчы пад азімым рапсам – вельмі перспектыўнай культурай. Зоймемся азімай сурэпіцай, якой пасеялі больш як 1200 гектараў. У агульнай складанасці азімы клін будзе працэнтаў на 10 большы за леташні. Каб атрымаць ад яго належную аддачу, загадзя паклапаціліся пра мінеральныя ўгнаенні. На 100 працэнтаў забяспечаны азотнымі і калійнымі, на 96 – фосфарнымі ўгнаеннямі. Плюс упор на строгае захаванне тэхналогіі сяўбы. А планы на будучы год у нас дастаткова амбіцыйныя – атрымаць не менш, чым 70 тысяч тон зерня каласавых культур.

– Дазволіць узяць гэтую планку тэхнічны парк гаспадарак?

– Абнаўляць яго, вядома, трэба. На будучы год не пашкодзіла б мець хаця б тры новыя камбайны – “Сінкевіцкаму”, перш за ўсё, “Міжлескаму”, “Гарадоцкаму”, дзе самая вялікая нагрузка на адзінку тэхнікі. Але, калі гаварыць пра жніво, то яшчэ гады 4 мы спакойна можам убіраць нашы плошчы камбайнамі, якія ёсць зараз. Сёлета, як бы складана ні было, мы не ўзялі ніводнага старонняга агрэгата, управіліся сваімі сіламі. Справа ў тым, што ў некаторых гаспадарках ёсць нават лішак уборачнай тэхнікі, а ў іншых – яе не хапае. Аднак граматнае ўпраўленне працэсам, своечасовая ракіроўка дазваляе зніве-ліраваць розніцу ў нагрузцы. Істотна дапамаглі ў гэтым 4 новыя камбайны: 3 – у фермерскіх гаспадарках, 1 – у “Рэдзігерава-Агра”. Вось толькі задавальненне гэтае вельмі нятаннае і дазволіць яго сабе можа далёка не кожная гаспадарка. Таму варта падтрымліваць у спраўным стане тое, што ёсць – усе нашы 85 камбайнаў, берагчы іх. Усё астатняе залежыць ад арганізацыі тэхналагічнага працэсу і тых, хто працуе на зямлі.

– Ці задаволены, Аляксандр Мікалаевіч, работай агранамічнай службы раёна?

– Сваё званне штаба жніва сёлета яна апраўдала спаўна. Адчувалася шчырая зацікаўленасць кіраўніка райсельгасхарчу Аляксандра Савіны і яго падначаленых тым, як ідуць справы ў гаспадарках. Яны пастаянна трымалі руку на пульсе жніва, аператыўна дапамагалі вырашаць узнікаючыя праблемы, своечасова прымалі правільныя рашэнні, вельмі перажывалі за вынікі. Узоры самаадданай працы дэманстравалі вопытныя галоўныя аграномы з “Велуты” і “Гарадоцкага”. У першай гаспадарцы Пятру Адамавічу Каховічу давялося па прычыне хваробы кіраўніка выконваць яго абавязкі, і спецыяліст не падвёў. У другой, як заўсёды, выверана і прафесійна дзейнічаў Сяргей Іванавіч Скіба. Задаволены работай Уладзіміра Мікалаевіча Шкута з дзяржаўнага прадпрыемства “Сінкевіцкі”. І нічога, што ў яго ў свой час не атрымалася на пасадзе кіраўніка ў “Азярніцы” – намеснік старшыні па раслінаводству атрымаўся нядрэнны. Не расчароўвае моладзь. Менш як год працуе ў ААТ “Лунінскі” Дзмітрый Елсукоў. Гэта дзякуючы і яго старанням гаспадарка сёлета мае годную ўраджайнасць, нядрэнныя валавыя намалоты. Увогуле, агранамічная служба трымае правільны кірунак на павышэнне эфектыўнасці выкарыстання зямлі, павелічэнне аддачы кожнага гектара. Пацвярджэнняў гэтаму нямала. Узяць хоць бы прыклад “Вулькаўскага світанка”. Параў-наўча нядаўна вырашана было перадаць адкрытаму акцыянернаму таварыству 1 тысячу гектараў ворнай зямлі з “Дзятлавіцкага” па той прычыне, што апошняя гаспадарка проста не магла распарадзіцца ёю як след. У выніку на яшчэ ўчора запушчаных землях цягнецца да сонца шыкоўная кукуруза, якая дасць не менш як 250 цэнтнераў з гектара. А гэта дадаткова 60 цэнтнераў кармавых адзінак для грамадскага пагалоўя. Дарэчы, зернефуражом сёлета яно ў раёне таксама будзе забяспечана спаўна: мяркуем 85 працэнтаў атрыманага збожжа накіраваць менавіта на патрэбы жывёлагадоўчай галіны. І гэта пры тым, што цалкам выканалі свае абавязкі перад дзяржавай і пастараемся не пакрыўдзіць насельніцтва.

– Несумненна, галоўнымі героямі жніва застаюцца тыя, хто ад цямна да цямна працаваў у полі, чыімі стараннямі засыпаны ў засекі вырашчаны ўраджай. Якія словы хацелі б адрасаваць ім?

– У чарговы раз жыхары Лунінеччыны прадэманстравалі ўменне працаваць – зладжана, па-майстэрску, вынікова. Шчырая ўдзячнасць – камбайнерам, якія, не лічачыся з уласным часам, імкнуліся выкарыстаць кожную пагодлівую хвіліну для таго, каб зберагчы плён хлебаробскай працы; вадзіцелям, якія спяшаліся даставіць залатое зерне на такі; аператарам зернесушыльных комплексаў, якія даводзілі яго да належнай кандыцыі. Дзякуй супрацоўнікам РАНС, якія клапаціліся пра тое, каб не нарабіў бяды каварны агонь; праваахоўнікам, што пільна стаялі на варце народнага дабра. Дзякуй усім, чыя праца адлюстравалася ў залатым караваі, падораным жнівом 2017 года.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть