Официально

У аграгарадку Вулька 1 прайшоў “Дзень адкрытага пісьма”

Мерапрыемства мае традыцыйны сцэнарый, таму і на гэты раз адступаць ад яго не сталі. Пасля таго, як сустрэчу адкрыў старшыня райсавета Віктар Рафаловіч, слова ўзяў кіраўнік мясцовай вертыкалі Аляксандр Якавец.

Лунінскі сельсавет, у склад якога ўваходзіць Вулька 1, мае свае асаблівасці. Галоўная з іх – памеры тэрытарыяльнай адзінкі. Адлегласць паміж кожным з шасці населеных пунктаў (акрамя Вулькі 1, гэта аграгарадкі Лунін, Палескі, Лобча, вёскі Дубаўка і Мелясніца) быццам бы і невялікая, і размешчаны яны кампактна, але “плячо” ад Вулькі 1 да Дубаўкі – памежных аграгарадкоў – каля 20 кіламетраў. Жыве на тэрыторыі сельсавета 4 500 чалавек, з іх 1026 – у прыгараднай Вульцы 1. Дарэчы, гэтая акалічнасць таксама накладвае на населены пункт свой адбітак: па-першае, катастрафічна не хапае ўчасткаў пад індывідуальную забудову; па-другое, вялікая колькасць вясковага люду (а працаздольных тут 608 чалавек) з’язджае ў пошуках работы ў райцэнтр, да якога рукой падаць.

Як станоўчы, можна адзначыць той факт, што ў аграгарадку асталёўваецца моладзь: сёння тут жыхароў ва ўзросце да 30 год – 172. Шкада, што гэтая акалічнасць не ўплывае станоўчым чынам на дэмаграфічную сітуацыю, бо смяротнасць тут перавышае нара-джальнасць: 18 памерлых супраць 11 нарадзіўшыхся сёлета малышоў.

А ладзіць сучаснае камфортнае жыццё ў аграгарадку ёсць усе магчымасці. У дамах – выгоды ў выглядзе прыроднага газу і цэнтральнага водаправоду. Да паслуг патомных вяскоўцаў – уся неабходная сацыяльная інфраструктура, дзе бачнае месца займаюць фельчарска-акушэрскі пункт, сучасны магазін самаабслугоўвання, аддзяленне паштовай сувязі, яслі-сад-сярэдняя школа, Цэнтр культуры і народнай творчасці… Дарэчы, наконт навучальнай установы. Яна пакуль закрыта на рамонт: спецыялісты ПМК-19 тэрмінова выпраўляюць на даху ўласныя агрэхі. Таму 77 мясцовых вучняў сярэдніх і старэйшых класаў на школьным аўтобусе дабіраюцца ў суседні пасёлак Палескі. 41 малодшакласнік знайшоў часовы прытулак у мясцовым дзіцячым садзе. Мяркуецца, што ў бліжэйшы час вулькаўскія вучні вернуцца ў родныя школьныя сцены.

Пра што яшчэ гаварыў старшыня Лунінскага сельвыканкама? Пра неабходнасць наводзіць і абавязкова падтрымліваць санітарны парадак у населеных пунктах. Аб тым, што гэтая праблема стаіць дастаткова востра, сведчыць 110 папярэджанняў, вынесеных мясцовым жыхарам. Адзін з іх за нежаданне падтрымліваць парадак на падворку і каля яго прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці.

Чакаюць добраўпарадкавання некаторыя вуліцы аграгарадка. Увагі патрабуюць мясцовыя могілкі. Тут сёлета спілавалі 9 аварыйных дрэў, але тых, што пагражаюць пахаванням і помнікам на іх, яшчэ больш.

Імпанавала тое, што Аляксандр Міхайлавіч і ў выступленні, і, мяркую, у рабоце імкнецца захаваць разумную раўнавагу паміж тым, што неабходна рабіць тут і сёння, і тым, што можа пачакаць. А таму, не пакідаючы без увагі кожны са зваротаў землякоў, пустых абяцанняў не дае і невыканальных пражэктаў не будуе. Разам з тым, надзённыя праблемы вырашаць стараецца аператыўна. Нярэдка – спадзеючыся на дапамогу жыхароў. Ці апраўданы гэтыя спадзяванні, у пэўным сэнсе прадэманстраваў “Дзень адкрытага пісьма”. Але пра гэта – крышку ніжэй.

Трымаў справаздачу на мерапрыемстве і кіраўнік мясцовага сельскагаспадарчага дзяржаўнага прадпрыемства “Хваецкае” Васіль Лазіцкі. Гаспадарка трывала замацавалася ў “серадняках”. Працуюць тут 170 чалавек. Прыбытак, хоць і невялікі, але ёсць. Расходаваць яго стараюцца разумна, укладваючы сродкі ў развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы і мадэрнізацыю сельскагаспадарчай вытворчасці. Уразіў спіс набыткаў. Мяркуйце самі: сёлета тут здолелі купіць 3 трактары (з якіх 2 – энерганасычаныя), грузавы аўтамабіль, мікрааўтобус, плуг, сеялку, граб-лі, кормараздатчык і іншую патрэбную тэхніку.

Калектыў упэўнена глядзіць у будучае. Галоўны прыбытак дае малако, якога ў 2017-ым у сярэднім ад каровы плануюць атрымаць не менш як 4859 кілаграмаў. Сёння валавы надой пры рэнтабельнасці 53 працэнты складае 3709 тон. Практычна ўвесь прадукт (а дакладней – 98 працэнтаў ад агульнай масы) ідзе класам “экстра” плюс вышэйшы гатунак. Збаўляць тэмпы ў гаспадарцы не плануюць, паклапаціўшыся пра надзейную кармавую базу.

У “Хваецкім” захавалі добрыя традыцыі падтрымліваць у вясковых клопатах сваіх працаўнікоў, за што тыя аддзячваюць стараннасцю. Выпрацоўка на аднаго работніка тут складае сёння 17,3 тысячы рублёў – паказчык далёка не горшы сярод аналагічных прадпрыемстваў раёна.

Багатым на станоўчыя факты было выступленне дырэктара мясцовай яслі-сад-сярэдняй школы Сяргея Грушэўскага. Навучальная ўстанова сёлета прадэманстравала сапраўдны прарыў: сярэдні бал атэстатаў выпускнікоў склаў 8.0, адпаведна паступальнасць у ВНУ наблізілася да паказчыку элітных устаноў – 75 працэнтаў. Узгадаў Сяргей Аляксандравіч узорны фальклорны ансамбль “Сунічка”, які ўслаўляе не толькі малую ра-дзіму, але і Лунінеччыну ў цэлым. Але найбольш парадаваў той факт, што сёння ў Вульцы 1 няма дзяцей, якія знаходзіліся б у сацыяльна небяспечным становішчы. Не зарэгістравана сярод мясцовых вучняў злачынстваў і правапарушэнняў, хаця 1 з юных землякоў застаецца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС.

Менш дабратворнае ўражанне пакінула выступленне загадчыка тэрапеўтычнага аддзялення раённай паліклінікі, мясцовага ўчастковага тэрапеўта Ірыны Іголка. І зусім не ў сэнсе праблем з медыцынскім абслугоўваннем: тут якраз усё ў парадку – на дапамогу мясцовым медыкам двойчы ў тыдзень у аграгарадок прыязджаюць тэрапеўт і педыятр з райцэнтра. Ды і ў раённай паліклініцы заўсёды без прамаруджвання накіруюць да патрэбнага ўрача, не па-кінуўшы без увагі выклікі на дом. Насцярожыла іншае. 27 чалавек з гэтага населенага пункта стаяць на ўліку ў наркалагічным кабінеце. Чацвёра хварэюць на туберкулёз, што таксама сведчыць аб пэўнай сацыяльнай неспрыяльнасці. А той факт, што ў аграгарадку пражываюць дзве абавязаныя асобы, пазбаўленыя ў свой час бацькоўскіх правоў, і ўвогуле прымушае больш пільна зірнуць на асаблівасці побыту мясцовых жыхароў.

Пэўныя штрыхі ў гэты малюнак дадаў мясцовы ўчастковы ўпаўнаважаны Аляксандр Фрыдрыхсберг, які паведаміў, што сёлета Вульку 1 “праславілі” 3 крымінальныя справы. Адна з іх узбуджана за нанясенне цяжкіх цялесных пакалечанняў, другая – крадзеж, трэцяя – з прычыны бясследнага знікнення адной з работніц мясцовай сельгасарганізацыі. Крадзеж помпы застаецца нераскрытым, як дагэтуль невядома месцазнаходжанне жанчыны. Не надаюць мясцовым жыхарам гонару і 86 пратаколаў, складзеных за паяўленне ў стане алкагольнага ап’янення ці, горш таго, распіццё ў грамадскіх месцах піва, гарэлкі або віна. Грамадскасць на такія факты рэагуе. Сёлета адзін з выпівох ужо накіраваны ў лячэбна-працоўны прафілакторый, рыхтуюцца дакументы на яшчэ дваіх. Адначасова прадстаўнік права-ахоўных органаў звярнуўся да жыхароў аграгарадка з настой-лівай просьбай больш пільна ставіцца да захавання ўласнай маёмасці і своечасова паведамляць яму ці па тэлефоне 102 аб усіх незнаёмых асобах, якія паяўляюцца ў населеным пункце, асабліва калі яны маюць цыганскую нацыянальнасць.

Аляксандр Фрыдрыхсберг быў, бадай, адзіным выступаючым, каму з залы адразу ж паступіла пытанне. Адна з жыхарак Вулькі 1 паскардзілася на тое, што ўчаст-ковы не паведаміў своечасова аб маючым адбыцца судовым разбіральніцтве па прычыне зямельнай цяжбы з суседзямі, на што прагучаў адказ: “Паведамляць пра дату пасяджэнняў – справа суда”. Зрэшты, у тым, чаму жанчына атрымала павестку ў суд са спазненнем, варта было б разабрацца, як і ў тым, чаму не атрымала яна ў вызначаны тэрмін адказ з землеўпарадкавальнай службы.  Першы крок да гэтага зроблены: пытанні занесены ў пратакол “Дня адкрытага пісьма”.

Практычна з гэтага пачаўся дыялог з залай. Найбольш пытанняў (як, дарэчы і адзінае, зададзенае загадзя праз устаноўленыя ў населеным пункце спецыяльныя скрыні) датычылі добраўпарадкавання вуліц і дарог. Перш за ўсё, гэта Агародная, 2-ая Палеская, Юбілейная і некаторыя іншыя “жылыя артэрыі” аграгарадка. Зразумела, што позняй восенню кардынальна рамантаваць іх ніхто не возьмецца, аднак “падлапіць” і прагрэйдзіраваць абяцанне прагучала.

Дакладнае разбіральніцтва чакае праблему, агучаную адным з жыхароў. Яго сын атрымаў доўгачаканы ўчастак пад індывідуальнае будаўніцтва. Усё б нічога, але, як высветлілася, там нават лініі электраперадачы паблізу няма. Забудоўшчыку прапанавалі за ўласныя сродкі ўстанавіць тры слупы, падвёўшы  да новабудоўлі электрычнасць. Вызначыць шляхі вырашэння праблемы, як і высветліць прычыну таго, чаму ўчастак адбілі ў месцы без належнай інфраструктуры, павінны спецыялісты аддзела архітэктуры, будаўніцтва і жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама.

А зараз самы час паразважаць аб зацікаўленасці жыхароў у вырашэнні праблем, якія хвалююць усіх без выключэння. У ходзе сустрэчы адна з яе ўдзельніц з трывогай паведаміла пра тое, што на мясцовых могілках нядаўні моцны вецер з коранем вырваў велізарную бярозу. Ад таго, каб упасці на помнікі, да шчэнту разбурыўшы і пашкодзіўшы не менш як дзясятак надмагільных збудаванняў, яе выратавалі зараснікі дзікай акацыі. Упаўшую бярозу паабяцалі дапамагчы аператыўна прыбраць. Натхнёныя такім “лёгкім” вырашэннем праблемы, землякі, перабіваючы адзін аднаго, пачалі гаварыць пра тое, што падобных старых дрэў на святым месцы мноства. На што старшыня райсавета Віктар Рафаловіч заўважыў: “Нельга перакладваць на плечы мясцовай улады праблемы, самы актыўны ўдзел у вырашэнні якіх павінны прымаць жыхары”. “Але ж мы не зможам спілаваць высокія дрэвы самастойна!” – прагучала з залы. “Правільна, – адказаў Віктар Анатольевіч. – Гэта павінны рабіць спецыялісты. Ваша справа – паўдзельнічаць у зборы сродкаў, каб аплаціць іх работу. Арганізацыйную ролю возьме на сябе сельвыканкам”.

І тады старшыня Лунінскага сельвыканкама Аляксандр Якавец расказаў, як дзейнічаюць у падобных выпадках жыхары іншых населеных пунктаў. Летась асабліва востра праблема з месцам для пахаванняў паўстала ў аг. Лобча: зямельны, ці лепей сказаць тэрытарыяльны, рэсурс на вясковых могілках быў вычарпаны. Людзі, не марудзячы, сабралі 27 мільёнаў недэнамінаваных руб-лёў, аплаціўшы расчыстку  і падсыпку новага ўчастка для могілак. Здолелі нават пэўную суму зэканоміць, асабіста паўдзельнічаўшы ў вывазе спілаваных дрэў з тэрыторыі, адведзенай пад пахаванні. І тады замест запланаваных 5 старых дрэў здолелі прыбраць 7.

Гаворка нават не пра памер сабранага, а пра ініцыятыўнасць і неабыякавасць людзей, іх жаданне вырашаць праблемы разам з уладай. Добра, калі ў Вульцы 1 гэта разумеюць.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть