Официально

ПЕРШАЕ І ВЕЛЬМІ ВАЖНАЕ

пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта ў гэтым годзе прайшло пад старшынствам Васіля Агіевіча.

 

ПРЫЗНАННЕ – ЛЕПШЫМ

Падведзены вынікі работы галін народнай гаспадаркі ў мінулым годзе. Адзначана станоўчая дзейнасць па выкананню праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2006-2010 гады РВУП “Уніформ” (В.А. Шаравар), філіяла “Лунінецкі хлебазавод” (К.М. Аліфяровіч), ААТ “Спецжалезабетон” (В.П. Басевіч), райспажыўтаварыства (М.А. Сумар), ДП “Лунінецкі РМЗ” (А.Р. Волк).

Шэрагу кіраўнікоў указана на невыкананне асобных даведзеных прагнозных паказчыкаў. Недастатковай прызнана работа большасці сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Звернута ўвага на неабходнасць мацнейшага кантролю за выкананнем новымі ўласнікамі умоў продажу нерухомай маёмасці па выніках аўкцыёнаў.

 

ГАДАВЫ ПРАГНОЗ

У 2010 годзе выканана 10 асноўных прагнозных паказчыкаў, зацверджаных рашэннем сесіі раённага Савета дэпутатаў.

Прадпрыемствамі асноўнай прамысловасці павялічана вытворчасць прадукцыі ў супараўнальных цэнах на 109,9 працэнта пры прагнозе 109,5-111,5, вытворчасць спажывецкай прадукцыі склала 106,3 працэнта (прагноз – 107,5-108,5). Не выканалі асноўныя паказчыкі на РУВП “Граніт”, ААТ “Спецжалезабетон” і філіяле “Лунінецкі хлебазавод”. Апошняе прадпрыемства і ААТ “Лунінецкі малочны завод” не выйшлі на зацверджаныя параметры прагнозу спажывецкіх тавараў.

Сёлета будзе працягнута работа па развіццю знешнеэканамічных сувязяў з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, Украіны, краін бліжняга і далёкага замежжа. Плануецца, што экспарт і імпарт тавараў павялічыцца адпаведна на 12 і 8 працэнтаў, а сальда ад знешнегандлёвага абароту складзе 14,3 мільёна долараў ЗША.

Тэмп росту валавай вытворчасці ў сельскай гаспадарцы запланаваны на ўзроўні 110 працэнтаў. Асноўны прырост прадукцыі мяркуецца атрымаць за кошт павелічэння аб’ёмаў у жывёлагадоўлі. Вытворчасць збожжа павінна дасягнуць 65,4 тысячы тон, бульбы – 123,2, агародніны – 27,3, пладоў і ягад – 10,1 тысячы тон. З мэтай павышэння эфектыўнасці работы плануецца больш актыўна прыцягваць банкаўскія крэдыты, уключаючы фінансавы лізінг, на абнаўленне актыўнай часткі асноўных фондаў і тэхнічнае пераўзбраенне.

Будзе працягнута работа па капітальнаму будаўніцтву шматкватэрных жылых дамоў, рэканструкцыю кацельнай гаспадаркі і цеплавых сетак, будаўніцтва і добраўпарадкаванне палігонаў па збору і ўтылізацыі цвёрдых бытавых адходаў, рамонту вуліц і інш.

З мэтай далейшага развіцця інфраструктуры плануецца павялічыць колькасць аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання на 10 адзінак. Гэта будзе садзейнічаць стварэнню новых працоўных месцаў і росту колькасці работнікаў. Запланаваны таксама рамонт і рэканструкцыя шэрагу аб’ектаў, у тым ліку гарадскога рынка ў Лунінцы.

У адукацыі і сферы аховы здароўя вырашана пакінуць мінулагоднія паказчыкі. Колькасць існуючых спартыўных збудаванняў павялічацца за кошт узвядзення лядовай арэны і плавальнага басейна.

У эканоміцы ў 2011-ым у цэлым па раёне па прагнозу будуць заняты 30 тысяч 450 чалавек, а ўзровень беспрацоўя да канца года складзе не больш як 1,7 працэнта ад колькасці эканамічна актыўнага насельніцтва.

 

У БЮДЖЭЦЕ – ДЭФІЦЫТ

У мінулым годзе ў бюджэт паступіла 127076,8 мільёна рублёў, ці 100 працэнтаў да гадавога плана. Расходы прафінансаваны ў памеры 176522,9 мільёна (99,1 працэнта). Дэфіцыт бюджэту склаў 49436,1 мільёна рублёў.

У ходзе яго выканання здзейснены комплекс мер па мабілізацыі рэсурсаў і скарачэнню расходаў. Год завяршыўся без наяўнасці нядоімкі па плацяжах у бюджэт.

Фінансаваму аддзелу райвыканкама сумесна з інспекцыяй Міністэрства па падатках і зборах па раёне неабходна працягваць гэту работу, забяспечыць якаснае выкананне бюджэту, прыняць меры па эфектыўнай рэалізацыі правоў у частцы прыцягнення дадатковых даходаў і скарачэнню расходаў. Ад упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання запатрабавана палепшыць работу па зніжэнню пратэрмінаванай запазычанасці арганізацыямі і СВК.

 

НА КАНТРОЛІ

Работа аддзелаў і службаў раённага, гарадскога і сельскіх выканаўчых камітэтаў была накіравана на рашэнне сацыяльна-значных праблем насельніцтва Лунінеччыны.

За 2010 год у райвыканкам паступіла 264 пісьмовыя звароты, што склала 92 працэнта да ўзроўню папярэдняга года. 488 чалавек звярнуліся падчас прыёмаў, 65 – патэлефанавалі на “прамыя лініі”, якія праводзілі са старшынёй райвыканкама ў рэдакцыі “Лунінецкіх навін”. На аналагічныя мерапрыемствы, а таксама “круглыя сталы” па самых злабадзённых праблемах раёнка запрашала намеснікаў старшыні райвыканкама і адказных спецыялістаў у розных галінах гаспадаркі. Павелічэнне колькасці зваротаў адбылося па Лахвенскаму, Бастынскаму сельвыканкамах і па гораду Лунінцу. У асноўным людзі звярталіся па пытаннях ЖКГ, сельскай гаспадаркі і землекарыстання, жылля, з сацыяльнымі і іншымі праблемамі.

Кіраўнікам гарсельвыканкамаў, аддзелаў і ўпраўленняў даручана сістэматычна аналізаваць работу са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, выконваць тэрміны разгляду і даваць поўныя адказы з абавязковым указаннем парадку абскарджвання ў вышэйстаячым органе. Зацверджаны графік выязных прыёмаў кіраўніцтвам райвыканкама.

 

РАСЦЕ РАСКРЫВАЛЬНАСЦЬ ЗЛАЧЫНСТВАЎ

Летась, як і ў папярэднія пяць год, дасягнуты зніжэнне колькасці зарэгістраваных злачынстваў і рост раскрывальнасці па лініі крымінальнага вышуку.

Разам з тым, назіраецца рост цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў і хуліганстваў. Выклікаюць занепакоенасць крадзяжы, у тым ліку ўгоны аўтатранспарта.

Службамі РАУС праводзіліся мерапрыемствы па дэалкагалізацыі насельніцтва. Знішчана 1283,5 літра самагона і брагі, 31 апарат, 441,5 літра спіртаўтрымліваючай вадкасці, спынена 60 фактаў незаконнай рэалізацыі алкагольнай прадукцыі. Да прымусовых мер лячэння ў ЛПП асуджана 15 хранічных алкаголікаў, ізаляваны – 11, у наркалагічнае аддзяленне ў г. Пінску накіравана – 65. У медвыцвярэзнік за год змешчана 1356 чалавек, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты – 2893.

Зацверджаны комплекс мерапрыемстваў па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй, а таксама выкананню патрабаванняў Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11.03.2004 года №1 “Аб мерах па ўмацаванню грамадскай бяспекі і дысцыпліны” на 2011 год.

 

ПАЖАРАМ – ЗАСЛОН

У 2010 годзе на тэрыторыі раёна зарэгістравана 95 пажараў, што на 9 больш, чым у 2009-ым. У агні загінулі 12 чалавек (10 з іх знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення). Найбольш небяспечная абстаноўка складвалася ў Мікашэвіцкім, Багданаўскім, Вулькаўскім і Чучавіцкім гарсельвыканкамах.

Найбольшую трывогу па-ранейшаму выклікаюць дамы барачнага тыпу, што знаходзяцца на балансе ААТ “Лунінецлес”. 9 школ, 15 дашкольных устаноў, 4 установы пазашкольнай работы і 18 аб’ектаў устаноў культуры не абсталяваны сістэмамі аўтаномнай пажарнай сігналізацыі і апавяшчэння аб пажары. У прапітачным і малярным аддзяленнях ААТ “Палессеэлектрамаш” на працягу некалькіх год не выконваюцца супрацьпажарныя мерапрыемствы.

Вырашана працягваць станоўчую практыку інфармавання насельніцтва праз сельскія сходы, абследаванне супрацьпажарнага стану жылога фонда, абсталяванне аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі, прафілактычных гутарак. Зацверджаны спіс пазаштатных пажарных інспектараў пры райвыканкаме, а таксама план правядзення неабходных работ у домаўладаннях сацыяльна-небяспечных катэгорый грамадзян.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть