“Плюсы” і “мінусы”
Вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця і выканання бюджэта раёна за 9 месяцаў года былі разгледжаны на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта. Старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч заўважыў, што сёння бачны станоўчыя зрухі як у прамысловасці, так і ў аграпраме, якія трэба замацаваць.
Намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Сяргей Бойка пацвердзіў сказанае лічбамі. З пачатку года прамысловымі прадпрыемствамі выпушчана прадукцыі больш чым на 1,8 трыльёна рублёў. Рост аб’ёмаў вытворчасці назіраецца на РУВП “Граніт”, ААТ “Спецжалезабетон”, НВК “Палессе”, ПВУП “Вікторыя” і хлебазаводзе. Разам з тым, знізілі аб’ёмы на ААТ “Палессеэлектрамаш”, “Лунінецлес” і “Палімер”, а таксама на дзяржаўным прадпрыемстве “Лунінецкі рамонтна-механічны завод”, што адмоўна паўплывала на паказчык у цэлым па раёне.
З пачатку года прамысловымі прадпрыемствамі раёна прададзена амаль уся выпушчаная прадукцыя (94,8 працэнта), аднак старыя запасы на складах пацягнулі на больш як 100 мільярдаў рублёў.
Тавары з лунінецкай маркай прадаваліся ў 14 краін. “Экспартны” паказчык сёлета склаў 120,8 працэнта. Такі рывок раёну забяспечыў “Граніт”, дзе сёлета ў параўнанні з леташнім за мяжу прададзена прадукцыі ўдвая больш. У той жа час закуплена за мяжой тавараў на 2,4 працэнта менш.
Ад знешнегандлёвых аперацый атрымана 5,6 мільёна рублёў станоўчага сальда.
За кошт БУ-63, СПМК-17, ПМК-19 меншы, чым чакалася, аб’ём падрадных работ у будаўніцтве.
За 8 месяцаў года ў эканоміку інвеставана 603,7 мільярда рублёў, што да адпаведнага перыяду мінлага года склала 85,5 працэнта. У рамках комплекснай мадэрнізацыі ажыццёўлена 38 праектаў на агульную суму 109,6 мільярда рублёў. Лічба магла б быць прыкметна большай, калі б не прамаруджванне з асваеннем галоўнага праекта “Будаўніцтва горна-абагачальнага камбіната на месцы радовішча “Сітніцкае”.
Індыкатыўны паказчык па энергазберажэнню склаў мінус 7,4 працэнта пры заданні мінус 5. Разам з тым, ў агульным аб’ёме прыкметна меншая за планавую доля мясцовых відаў паліва.
За 9 месяцаў уведзены ў строй 22,3 тысячы квадратных метраў жылля пры заданні на год 30 тысяч квадратных метраў.
Па выніках года намінальная налічаная заработная плата па выніках года павінна скласці 5 мільёнаў 396 тысяч рублёў.
У сельскай гаспадарцы тэмп росту валавай прадукцыі склаў 112,1, што больш, чым у сярэднім па вобласці. Аднак 4 гаспадаркі – СВК “Новае Палессе”, “Дварэцкі”, “Гарадоцкі” і КУП “Міжлескае” – даведзенае заданне не выканалі. Асноўная прычына – зніжэнне аб’ёмаў вытворчасці ў жывёлагадоўлі.
Больш чым на чвэрць у параўнанні з мінулагоднім атрымана выручкі ад рэалізацыі прадукцыі. Па выніках работы за 8 месяцаў усе сельгасарганізацыі, за выключэннем СВК “Дварэцкі” і “Азярніца”, а таксама філіяла “Аграграніт”, выйшлі на прыбытковую работу. На Лунінеччыне лепшы ў вобласці паказчык па якасці малака: класам “экстра” плюс “вышэйшы” на перапрацоўку паступіла яго 75,7 працэнта. Аднак некаторыя гаспадаркі з-за нізкай таварнасці прадукту страцілі велізарныя сумы. Эканамісты падлічылі, што менавіта па гэтай прычыне недаатрымана больш як 5 мільярдаў рублёў.
Спрыяльным быў сёлетні год для земляробаў, якія атрымалі 68,5 тысяч тон зерня. І гэта без уліку кукурузы. Намалочана 7,8 тысячы тон насення рапсу. Але па прычыне незахавання тэхналогіі і парушэння аптымальных тэрмінаў правядзення асноўных сельскагаспадарчых работ у СВК “Азярніца”, філіяле “Аграграніт” і КУП “Міжлескае” ураджайнасць прыкметна ніжэйшая, чым у сярэднім па раёне.
У цэлым нядрэнна праведзены сезон нарыхтоўкі кармоў. На адну ўмоўную галаву ў раёне назапашана 20,1 цэнтнера кармавых адзінак.
Закрануў дакладчык становішча ў жывёлагадоўлі. У параўнанні з леташнім вытворчасць малака павялічылася на 119 тон. Чакаецца, што па выніках года на 5-тысячны рубеж па надоях на карову выйдзе філіял “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод”. Больш як 4 000 кілагрмаў малака ў сярэднім ад каровы павінны атрымаць жывёлаводы “Вулькаўскага світанка”, Палескай станцыі, СВК “Лунінскі” і КУП “Міжлескае”. У гэтых гаспадарках і самыя высокія сярэднесутачныя прывагі маладняку. На жаль, ёсць сельгаскааператывы, дзе дагэтуль надоі застаюцца вельмі нізкімі. Гэта “Азярніца”, “Дварэцкі” і “Дзятлавіцкі”. Тут, хутчэй за ўсё, у надоях на карову нават не наблізяцца да 3000 кілаграмаў.
А яшчэ дакладчык звярнуў увагу на абавязковае выкананне планаў па 5-працэнтнаму штогадоваму прыросту пагалоўя грамадскага статку. Пакуль жа пагалоўе кароў у параўнанні з леташнім знізілася на 67 і складае 15921 жывёліну.
На пасяджэнні раённага выканаўчага
камітэта адначасова з вынікамі сацыяльна-эканамічнага развіцця было разгледжана выкананне бюджэту раёна за 9 месяцаў года.
Як адзначыла намеснік начальніка фінансавага аддзела Ала Шаршнёва, даходная частка склала 403 мільярды 363 мільёны 8 тысяч рублёў, расходная – 392 мільярды 612 мільёнаў 4 тысячы рублёў. Па-ранейшаму асноўнай крыніцай папаўнення бюджэту з’яўляецца падаходны падатак – 38,8 працэнта, а таксама падатак на дабаўленую вартасць – 25,4 працэнта. Дакладчык падкрэсліла, што львіная доля паступленняў у бюджэт – 88,2 працэнта – ідзе ад прад-прыемстваў дзяржаўнага сектара і толькі 3,6 працэнта – ад недзяржаўнага.
У чарговы раз была звернута ўвага на вялікую запазычанасць бюджэту сельгаспрадпрыемстваў, якія абавязаны вярнуць у казну больш як 10 мільярдаў рублёў.
Што датычыць выдаткаў, то накіроўваліся грошы ў асноўным на сацыяльную сферу і жыллёва-камунальную гаспадарку, дзе галоўны артыкул расходаў – заработная плата.
“Стан раённай казны напрамую залежыць ад таго, як працуе эканоміка раёна, – падкрэсліў старшыня райвыканкама В.М. Агіевіч. – Разам з тым, нам трэба вучыцца эканоміць. Пакласці на лапаткі прадпрыемства можна за месяц-два, а вывесці з кры-зісу не атрымаецца і за гады”.
РАЁН ГАТОВЫ
ДА ЗІМЫ
Такую выснову можна было зрабіць з выступлення намесніка старшыні райвыканкама Руслана Хоміча, які прааналізаваў гатоўнасць народна-гаспадарчага комплексу раёна да работы з зімовых умовах.
Як адзначыў Руслан Васільевіч, усе асноўныя запланаваныя мерапрыемствы выкананы. Стан кацельнай гаспадаркі здавальняючы. Праведзены рамонт абсталявання і інжынерных сетак здольны забяспечыць іх бесперабойную работу. Створаны неабходны запас паліва. У рабочым стане аўтаномныя крыніцы цеплазабеспячэння і перасоўныя кацельні. Пашпарты гатоўнасці маюць усе цеплакрыніцы і спажыўцы цяпла.
У ходзе пасяджэння Р.В. Хоміч праана-лізаваў таксама выкананне задання па збору і нарыхтоўцы другасных матэрыяльных рэсурсаў. Многія з кіраўнікоў не пагадзіліся з даведзенымі заданнямі па здачы макулатуры і шклобою. Улічваючы тое, што па гэтым паказчыку раён знаходзіцца ў самым нізе абласной зводкі, становішча давядзецца тэрмінова папраўляць і “самаадводы” тут проста недарэчныя.
ШТО ХВАЛЮЕ ЛЮДЗЕЙ?
Адказ на гэтае пытанне прагучаў у ходзе выступлення загадчыцы сектара па рабоце са зваротамі грамадзян Раісы Мазырчук.
Як высветлілася, сёлета павялічылася колькасць зваротаў жыхароў у вышэйстаячыя інстанцыі. Тэматыка скаргаў не зянілася. Найбольшая іх колькасць датычыла работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Са шкадаваннем падкрэсліла дакладчык, што многіх разбіральніцтваў магло б не быць, калі б належным чынам працавалі службы на месцы. Факты фармальнага стаўлення да зваротаў жыхароў выяўлены ў КУШВП ЖКГ “Мікашэвіцкая ЖКГ”.
Больш было і калектыўных скаргаў: 30 супраць леташніх 22-ух. А вось вусных зваротаў зарэгістравана ў паўтара раза менш. Больш актыўна пачалі грамадзяне выкарыстоўваць электронную форму зносін. З пачатку года па “электронцы” паступіла 35 запытаў.
У ходзе пасяджэння па традыцыі звернута была ўвага на навядзенне і падтрыманне парадку на зямлі. В.а. галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Людміла Мароз засведчыла, што такі падыход мае плён: усе выяўленыя ў ходзе праверак недахопы своечасова выпраўляюцца. Разам з тым, прадстаўнікам улады на месцах варта не толькі чакаць падказкі з боку правяраючых органаў, але і самім праяўляць ініцыятыву з тым, каб населеныя пункты Лунінеччыны набылі зайздросны выгляд.