ОбществоОфициально

Позірк у будучае

 

Сход раённага гаспадарчага актыву і органаў выканаўчай і заканадаўчай улады прайшоў на Лунінеччыне напрыканцы мінулага тыдня. Яго адметнай рысай стала не столькі падвядзенне вынікаў мінулага года, колькі вывярэнне планаў на будучае з дакладным вызначэннем шляхоў ажыццяўлення намечанага. А рэзерваў і рэсурсаў, як высветлілася, нямала.

4

Свой даклад старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко пачаў з аналізу стану спраў у прамысловай галіне. І невыпадкова: менавіта прамысловасць дае львіную долю раённай выручкі – амаль 57 працэнтаў.  Нягледзячы на тое, што індэкс фізічнага аб’ёму склаў 108,3 працэнта, вывеўшы па гэтым паказчыку раён на 4-ае месца ў вобласці, лічба магла быць неўпрыкмет большай. Узроўню папярэдняга года так і не дасягнулі НВК “Палессе”, хлебазавод, Мікашэвіцкая ЖКГ, ААТ “Спецжалезабетон”, “Палессеэлектрамаш”, “Палімер” і “Лунінецлес”. Затое рэнтабельнасць рэалізацыі прадукцыі, тавараў, работ і паслуг і прыбытак ад продажу традыцыйна трымаюць Лу-нінеччыну ў лідарах.

Характарызуючы становішча знешнегандлёвай дзейнасці, быў адзначаны рост эскпартных паставак у краіны, якія на працягу многіх год з’яўляюцца партнёрамі нашага рэгіёна. Разам з тым, прыкметна зменшылася ручаіна паставак у Казахстан, Малдову, Італію, Польшчу…

Нельга не заўважыць станоўчыя зрухі ў сельскай гаспадарцы, хаця збожжа атрымалі на 10 працэнтаў менш, чым у папярэднім годзе. Паўплывала не толькі непагадзь, але і славуты “чалавечы фактар”, упэўнены Аляксандр Пачко.

Што да кармоў, то назапашана іх удосталь – 156 працэнтаў да ўзроўню 2015 года. І нікому не трэба тлумачыць, што сытная зімоўка грамадскага статка – гэта істотная прыбаўка ў малочнай і мясной галінах, пра што таксама сведчаць лічбы. У разліку на карову летась атрымана 4 тысячы 371 кілаграм малака – на 577 кілаграмаў больш, чым у папярэднім годзе. Павялічылася вытворчасць мяса, вырасла захаванасць маладняку. У той жа час істотных змен ва ўтрыманні і кармленні жывёлы не адбылося, а значыць, рэзервы для павышэння прадуктыўнасці малочнага статка і аддачы ад мясной жывёлагадоўлі ёсць.

Па-ранейшаму хвалюе кіраўніцтва раёна становішча ў будаўнічай галіне. З шасці арганізацый тры не выканалі заданне па аб’ёмах будаўнічых падрадных работ.

Ёсць прэтэнзіі да работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, хаця нельга не заўважыць работу камунальнікаў у добраўпарадкаванні гарадоў, рамонце жылых дамоў, замене цеплавых сетак…

Ад таго, як працуе народнагаспадарчы комплекс, залежыць напаўняльнасць бюджэту. Ён выкананы з прафіцытам, што дазволіла ў поўнай меры захаваць яго сацыяльную накіраванасць.

Адзначыўшы той факт, што на сацыяльную сферу выдаткоўваецца больш як 70 працэнтаў раённай казны, Аляксандр Пачко абгрунтавана падкрэсліў, што і ад асноўных, так бы мовіць, карыстальнікаў бюджэту чакаецца большая аддача. У адпаведнасці з гэтым вызначаны галоўныя задачы. У сацыяльнай абароне – зніжэнне ўзроўню беспрацоўя, штодзённая ўвага да тых, каму дапамога насамрэч патрэбна; у  ахове здароўя – зніжэнне ўзроўню агульнай захворваемасці насельніцтва і павелічэнне яго натуральнага прыросту; у адукацыі – павышэнне кваліфікацыі педагогаў, паляпшэнне якасці ведаў вучняў, зніжэнне падлеткавай злачыннасці; у сферы фізічнай культуры і спорту – паляпшэнне загружанасці спартыўных аб’ектаў і дасягненне новых вышынь; у культуры – павелічэнне пазабюджэтных даходаў і выхад на новы якасны ўзровень самабытных калектываў рэгіёна.

2017-ты абяцае быць няпростым, адзначыў кіраўнік раёна. Рэгіёну даведзены чатыры асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. Так, экспарт тавараў плануецца давесці да 105 працэнтаў, паслуг – да 104,8, прамыя замежныя інвестыцыі на чыстай аснове – да 900 тысяч долараў ЗША. 80 чалавек павінны атрымаць новыя рабочыя месцы на створаных прадпрыемствах. Дастаткова сур’ёзныя планы ва ўсіх галінах народнагаспадарчага комплексу. Зразумела, што ўвасобіць іх у жыццё можна толькі праз мадэр-нізацыю вытворчасці, якая дазволіць нарошчваць аб’ёмы канкурэнтаздольнай, запатрабаванай на рынках прадукцыі, у тым ліку – інавацыйнай.

Адначасова прагучала патрабаванне эфектыўна выкарыстоўваць кожны дзяржаўны рубель. “Задачы, якія трэба будзе вырашаць сёлета, насамрэч няпростыя і адказныя, бо накіраваны яны на паступальнае развіццё эканомікі, умацаванне бяспекі людзей, іх сацыяльнай абароненасці. А ў цэлым – на захаванне стабільнасці ў нашым грамадстве”, – падкрэсліў А.М. Пачко.

На аналіз работы раённага Савета дэпутатаў скіравана было выступленне яго старшыні Віктара Рафаловіча. Пра тое, што работа гэтая была дастаткова выніковай, сведчаць лічбы. За мінулы год прынята 24 нарматыўна-прававых актаў і 70 рашэнняў. Большасць датычылі бюджэту і падаткаў, а таксама пытанняў мясцовага самакіравання і маёмасных адносін. Прэзідыумам райсавета было разгледжана 102 пытанні, якія напрамую датычылі жыццядзейнасці рэгіёна. Пасля папярэдняга абмеркавання і дапрацоўкі яны выносіліся на разгляд сесій.

Асаблівая ўвага надавалася навя-дзенню парадку на зямлі. Дзякуючы актыўнай рабоце дэпутатаў, вырашаліся многія пытанні: ад асвятлення і падсыпкі вуліц – да зносу аварыйных дрэў і ліквідацыі стыхійных сметнікаў.

Пад пастаяннай пільнай увагай знаходзілася работа камунальнай службы. Прычым ацэньвалася яна праз прызму рэальнай карысці для кожнага асобна ўзятага чалавека. Яшчэ і па гэтай прычыне можна ўпэўнена гаварыць пра тое, што, нягледзячы на пэўныя фінансава-эканамічныя цяжкасці, пытанні жыццязабеспячэння грамадзян заўсёды былі і застаюцца прыярытэтнымі ў дзейнасці органаў улады.

Дзейснай формай работы з насельніцтвам назваў дакладчык сельскія сходы, адзіныя дні інфармавання, прыёмы грамадзян па месцы жыхарства, прамыя тэлефонныя лініі. З гэтага пераліку толькі сходаў было праведзена летась 110. Разам з тым, на думку В.А. Рафаловіча, дэпутаты іншы раз свае магчымасці рэалізоўвалі не ў поў-най меры. У сувязі з гэтым прагучала прапанова аднавіць правядзенне ў рэдакцыі “Лунінецкіх навін” прамых тэлефонных ліній, працягваць практыку справаздач выбраннікаў у публікацыях пад рубрыкай “Справы дэпутацкія”.

Гэтым пералік планаў не абмежаваўся. Прапанаваў Віктар Рафаловіч эфектыўней працаваць над пашырэннем стасункаў з рэгіёнамі іншых дзяржаў, прымаць дадатковыя меры па ўцягненню ў гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай маёмасці, больш пільна сачыць за рацыянальным прыродакарыстаннем і, вядома ж, не хавацца ад вострых паўсядзённых праблем.

Пра тое, як атрымліваецца гэта на справе, гаварылі іншыя выступаючыя – дырэктар хлебазавода Канстанцін Аліфяровіч, старшыня Дзятлавіцкага сельвыканкама Кацярына Гасюк, начальнік БУ-63 Аляксандр Дудзіч, дырэктар дзяржаўнага сельскагаспадарчага прадпрыемства “Хваецкае” Васіль Лазіцкі.

Па выніках работы быў прапанаваны праект рашэння пасяджэння гаспадарчага актыву, якія прысутныя аднадушна падтрымалі.

У рабоце пасяджэння браў удзел намеснік старшыні аблсельгасхарчу Аляксандр Дарашэнка.

Нотку ўзнёсласці ў нараду прыўнесла цырымонія ўшанавання пераможцаў спаборніцтва за мінулы год. Але, перш-наперш, на сцэну ўзняліся тыя, хто быў адзначаны на абласным узроўні. А гэта – Аляксандр Кушнярэвіч, старшыня Вулькаўскага сельвыканкама, які стаў пераможцам абласнога конкурсу сярод сельсаветаў і органаў тэрытарыяльнага самакіравання па вырашэнню пытанняў жаццезабеспячэння насельніцтва, і стараста аг. Вялікія Чучавічы Алена Муравейка, якая заняла ганаровае 2-ое месца.

У раённым спаборніцтве перамогу з уручэннем Дыпломаў і пераходных Сцягоў раённага выканаўчага камітэта святкавалі: у прамысловасці – калектыў ААТ “Лунінецкі малочны завод” (дырэктар Сяргей Карпец); у будаўніцтве – ДРБУ №101 (начальнік Аляксандр Трухноў); у аграпраме – калектыў філіяла “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод” (намеснік дырэктара па сельскай гаспадарцы Міхаіл Ільючык) і калектыў ААТ “Вулькаўскі світанак” (дырэктар Уладзімір Соц); у гандлі – калектыў хлебазавода (дырэктар Канстанцін Аліфяровіч), у сферы паслуг – калектыў раённага вузла электрасувязі (начальнік Ігар Шурпік); сярод сельвыканкамаў – калектыў Дварэцкага сельвыканкама (старшыня Аляксандр Віднікевіч).

Акрамя гэтага, Дыпломамі былі адзначаны дасягненні калектываў: РУВП “Граніт” (генеральны дырэктар Эдуард Гаўрылковіч), цэнтральнай раённай аптэкі №68 (загадчыца Аляксандра Агіевіч), ААТ “Спецжалезабетон” (дырэктар Васіль Басевіч), Лунінскі сельвыканкам (старшыня Аляксандр Якавец), СШ №2 г. Лунінца (дырэктар Мікалай Гарадкавец), раённага краязнаўчага музея (дырэктар Наталля Благадзёрава).

Цудоўным падарункам стаў канцэрт мастацкай самадзейнасці, які яскрава прадэманстраваў, што Лунінеччына багатая не толькі на працавітыя рукі, але і на таленты.

Теги
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть