Официально

Праблемы вырашаюцца, калі пра іх не маўчаць

Нягледзячы на тое, што ў зале гарадскога Дома культуры народу сабралася не так многа, на што звярнуў увагу старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко, аб’яўленая загадзя сустрэча з кіраўніцтвам раёна адбылася. Нешматлікасць прысутных, тым не менш, не перашкодзіла ажыўленай размове: пытанні сыпаліся адно за адным.

Многія з праблем датычылі работы камунальнай службы. Так, жыхар дома №32 па вуліцы Чырвонай Андрэй Івашкевіч паскардзіўся на заліты вадой падвал у пад’ездзе №2. Неаднаразова жыхары звярталіся з гэтай праблемай да кіраўніцтва камунальнай службы, тэлефанавалі дыспетчару, аднак зрухаў ніякіх. А яшчэ – звярнуў увагу на патанаючы ў лужынах пешаходны пераход на перакрыжаванні вуліц Чырвоная  і 50 год Кастрычніка.  Дзеці і дарослыя вымушаны пераходзіць вуліцу ў неабазначаных месцах, рызыкуючы трапіць пад колы праязджаючага транспарту.

Адказваючы на першае пытанне, старшыня райвыканкама запэўніў, што ў названым доме ў бліжэйшы час пабывае рабочая камісія. Пасля ўстанаўлення прычыны сітуацыя будзе выпраўлена. Што датычыць другога пытання, то восенню мінулага года яго ўзнімала і раённая газета, пасля чаго быў атрыманы адказ: з наступленнем спрыяльных умоў надвор’я пешаходны пераход бу-дзе перанесены крыху вышэй. На гэты раз таксама прагучала запэўніванне, што да сёлетняга мая праблема будзе знята.

Жыхар Лунінца Іван Буракевіч паскардзіўся на непаразуменні ў плане спілоўвання дрэў, якія перашкаджаюць будаўніцтву дома па вуліцы Трошына, 54. Маўляў, пазрэзвалі пладовыя дрэўцы, а тыя, што насамрэч трэба спілаваць, пакінулі. У тым ліку і асіны, якія, па меркаванню Івана Івана-віча, не прыносяць абсалютна ніякай карысці. Камунальнікі атрымалі даручэнне яшчэ раз пабываць на ўчастку і канчаткова вызначыцца з тым, якія дрэвы трэба выдаліць. Адначасова А.М. Пачко зазначыў, што бяздумна пазбаўляцца ад зялёных насаджэнняў няправільна: замест аднаго зрэзанага трэба садзіць дзесяць маладых дрэўцаў.

У тым, што менавіта так павінна быць, засумняваўся Сцяпан Кацко, які выказаў недаўменне наконт мэтазгоднасці спілоўвання прыгожай ліпы каля дома №4 па вуліцы Чэхава. На такі крок камунальнікі пайшлі пасля таго, як у названым доме адкрыўся магазін кветак ІП Віктара Бройды. Сцяпан Іосіфавіч выказаў здагадку: ліпа перашкаджала гаспадарам магазіна тым, што ўвосень трэба было рэгулярна збіраць лістоту. На месцы дарослага дрэва неўзабаве паявіліся дэкаратыўныя хмызы… Прагучала абяцанне разабрацца ў законнасці такіх дзеянняў, і калі падазрэнні пацвердзяцца, адказнасць будуць несці і тыя, хто іх ініцыіраваў, і тыя, хто выконваў.

Агучыў Сцяпан Кацко яшчэ адну праблему, якая датычыць вуліцы Меліярацыйная. Пешаходных дарожак на ёй, можна сказаць, няма. Недзіўна, што ў дождж пешаму чалавеку зусім проста трапіць пад брудныя пырскі, што ляцяць з-пад колаў праязджаючых аўтамабіляў.  Ці нельга тут паставіць знак, які б абмя- жоўваў хуткасць іх руху?

Адказваючы на гэтае пытанне, Аляксандр Пачко зазначыў, што ляжыць яно хутчэй у плоскасці узаемапаважлівых адносін паміж вадзіцелямі і пешаходамі. У доказ прыгадаў сітуацыю на завулку Бальнічным на Залессі, жыхары якога пакутуюць у засушлівыя дні ад адсеву, што клубамі ўзнімаецца за аўтамабілямі. Там паставілі знак, абмяжоўваючы хуткасць 30-цю кіламетрамі. Нехта прытрымліваецца гэтага, а нехта, не зважаючы, па-ранейшаму дастаўляе пылам непрыемнасці жыхарам. Тым не менш, прапанова аб абсталяванні новым знакам вуліцы Меліярацыйная бу-дзе ўнесена ў камісію па бяспецы дарожнага руху пры райвыканкаме.

Цэлы блок пытанняў датычыў узаемаадносін членаў і нечленаў гаражнага кааператыва “Вялікі” з яго старшынёй Міхаілам Цыганковым. Справа дайшла да судовых разбіральніцтваў, якія ініцыіруе апошні і якія ён рэгулярна выйграе. Аднак людзі не спыняюцца, даказваючы, што і ў кіраўніка кааператыва ў справаводстве ды стаўленні да гараджан не ўсё правільна і адпавядае закону. Вядома, разбірацца ў сітуацыі, калі справа дайшла да суда, складана. Тым не менш, А.М. Пачко паабяцаў сустрэцца са старшынёй “Вялікага”, падкрэсліўшы, што як бы там ні было, патрабавання аб’ядноўвацца ў кааператыў ніхто не адмяняе.

Заклапочанасць дачкі, якая жыве ў кааператыўным доме па вуліцы Някрасава, 2 выказаў Міхаіл Емельяновіч. Яго цікавіла, чаму пры наяўнасці пакватэрных лічыльнікаў плату за спажытае цяпло налічваюць па агульнаму? Як растлумачыла начальнік ад-дзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Кацярына Мілаванава, такая сітуацыя склалася ў сувязі з тым, што памесячныя паказанні ад жыхароў кватэр не ўдаецца сабраць адначасова, таму пасля заканчэння ацяпляльнага сезона будзе зроблены пераразлік.

З вуснаў Міхаіла Анісімавіча прагучалі таксама сумненні ў правільнасці налічэнняў аплаты за спажытую гарачую ваду ў доме №117а па вуліцы Чырвоная. Быў яшчэ адзін зварот ад жыхаркі гэтага дома. І датычыў ён не толькі вады. Спецыялісты камунальнай службы атрымалі даручэнне сустрэцца з жыхарамі і даць тлумачэнні па кожнаму пункту іх прэтэнзій. На  гэтым схо-дзе абавязкова будзе прадстаўнік райвыканкама.

Мікалай Вабішчэвіч цікавіўся перспектывамі капітальнага рамонту дома №3а па вуліцы Лісовіча. У розны час называліся розныя тэрміны: абяцалі выканаць яго ў 2014-ым, потым – у 2016-ым…  Адказваючы на пытанне, намеснік старшыні райвыканкама Руслан Хоміч адзначыў, што ў населеных пунктах раёна шмат робіцца ў плане добраўпарадкавання тэрыторый і рамонту жылля. Ужо зацверджана праграма капітальнага рамонту жылых дамоў на тэрмін да 2020 года. У першую чаргу ўвага будзе звернута на жыллё, якое пабудавана да 1980 года. Дом №3а па вуліцы Лісовіча ўзведзены ў 1980-ым, а таму яго капітальны рамонт запланаваны на 2020 год.

Абнадзейваючы адказ атрымала жыхарка дома №4а па вуліцы Някрасава Юлія Леўчанка, якая па незразумелых прычынах не змагла скарыстацца належачай па законе субсідыяй на аплату камунальных паслуг. На думку маладой жанчыны, уся справа – у непаразуменні паміж кіраўніцтвам ЖБСК і раёнам электрасетак. Разабрацца ў ім даручана начальніку РЭС Леаніду Алешку.

Лунінчаніна Пятра Чырца цікавілі перспектывы працаўладкавання. Нягледзячы на тое, што на ўлік у цэнтр занятасці гэты 53-гадовы мужчына стаў літаральна ў дзень правядзення сустрэчы, не хаваў пераканання, што падыходзячую работу яму наўрад ці прапануюць. Яго не бянтэжыў той факт, што ў дастаткова сталым узросце якой бы то ні было спецыяльнасці так і не прыдбаў. Тым не менш,  кіраўнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне  Ірына Семянчэнка запэўніла, што Пятру Рыгоравічу здолеюць прапанаваць месца для працаўладкавання: сёння ў раёне 208 вакансій і 311 афіцыйных беспрацоўных.

Амаль дзясятак заўваг выказаў жыхар вуліцы Чапаева  Сяргей Свірыд. Першая датычыла падсветкі памятнага знака, устаноўленага на Кургане Бессмяротнасці на Баханова, дзе знайшлі прытулак амаль 4 тысячы бязвінных ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Такія прапановы неаднаразова даводзілася чуць і мне. Прычым людзі не адмаўляліся матэрыяльна паўдзельнічаць у светлавым абазначэнні гэтага месца: прапаноўвалі наладзіць збор сродкаў, расказвалі пра сучасныя спосабы больш таннага вырашэння праблемы праз свяцільні, якія падзараджваюцца ад сонца і іншае. Магчыма, і насамрэч варта вынесці прапанову на абмеркаванне гараджан з тым, каб яны сугучна з поклічам душы маглі паўдзельнічаць у  гэтай высакароднай справе.

А вось увасабленне ў жыццё прапановы добраўпарадкаваць пераход праз чыгунку пад пуце-праводам падтрымкі не знайшло: ёсць абазначаныя бяспечныя месцы пераходаў, якімі звычна карыстаецца большасць людзей.

Прэтэнзіі наконт якасці абсталявання разваротнага кальца на з’ездзе з пуцеправода павінны знікнуць пасля ўсталявання надвор’я, прыдатнага для асфальтавання. У бліжэйшы час добраўпарадкаванне гэтага, безумоўна, патрэбнага і карыснага для горада аб’екта будзе завершана.

Адначасова ў камісію па бяспецы дарожнага руху будуць накіраваны прапановы па навядзенню парадку на праезнай частцы каля СШ №2. Пакуль там у га-дзіны пік проста шквал парушэнняў, на якія, вядома ж, павінны звярнуць увагу і супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі.

Асабіста мне слушнымі падаліся прапановы ўстанавіць у раёне Залесся, якое сёння за кошт кварталаў індывідуальнай забудовы на Баханова прэтэндуе на званне аднаго з найбольш густанаселеных, банкамата. Якімі б сучаснымі і пераканаўчымі не былі довады банкіраў наконт эканамічнай немэтазгоднасці такога кроку, прагрэсу безнаяўных плацяжоў праз інтэрнэт, скарыстацца сусветным павуціннем дагэтуль могуць далёка не ўсе жыхары.

У той жа час праблема з цырульняй, якую таксама агучыў Сяргей Свірыд, ужо вырашана. У памяшканні каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці пачынае работу філіял гарадской “Афрадыты”.

З вуснаў маладога чалавека прагучала таксама нараканне на дзіравы дах у Залескай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Галоўны ўрач цэнтральнай раённай бальніцы Святлана Хлебус зазначыла, што рамонтныя работы распачаты. Яны будуць працягвацца. Не засталіся без увагі папрокі наконт “перасячэння” ў гэтай медыцынскай установе патокаў дарослых і малышоў ва ўзросце да года з-за таго, што неверагодным чынам супалі дні вакцынацыі дзетвары і прахо-джання медкамісіі – дарослымі. У гэтым давядзецца разабрацца вельмі ўважліва. Зрэшты, як і ў тым, чаму на абследаванне, якое, па словах галоўнага ўрача, можна правесці ў Лунінцы, мясцовыя медыкі накіроўваюць у іншыя гарады. Прычым, там нярэдка паслуга гэтая платная. Думаю, што і спавівальныя столікі, на адсутнасць якіх скардзіўся бацька немаўляці, у амбулаторыі паявяцца ў бліжэйшы час.

Вядома ж, не маглі абысці гараджане праблему гандлю. У тым, што чуткі аб забароне адкрыцця ў горадзе магазіна гандлёвай сеткі “Еўраопт” беспадстаўныя, у чарговы раз запэўніў старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко. Яго намеснік Уладзімір Кавалевіч пацвердзіў: на сайце райвыканкама выстаўлены некалькі ўчасткаў пад такія аб’екты. Імі можа скарыстацца любы гандлёвы рытэйлер. Зацікаўленасці з боку “Еўраопта” не назіраецца.

У той жа час, больш пільна прапанавалі жыхары горада зірнуць на якасць абслугоўвання ў магазінах райспажыўтаварыства. У гастраноме (раней  ды і сёння яго часцей называюць “Універсам”) у фасаванай агародніне шмат гнілі. Няўжо нельга паставіць латкі, каб чалавек сам мог выбраць сабе тую ж моркву ці буракі?

Разам з тым, старшыня райспажыўтаварыства Максім Сумар не прыняў папрокаў наконт забароны гандлю з мікрааўтобуса на тэрыторыі рынку. Правілы для ўсіх аднолькавыя: на рынку абсталяваны зручныя месцы для гандлю, а прапаноўваць тут прадукты з аўтамабіляў забаронена санітарнымі нормамі.

У ходзе сустрэчы была ўзнята яшчэ адна праблема са сферы абслугоўвання. Доўгі час гара-джане пакутавалі ад таго, што немагчыма было здаць у рамонт гадзіннікі. Цяпер кожную нядзелю з 9.00 да 14.00 у Лунінец прыязджае майстар з Ляхавіч. Але ці нельга падоўжыць час работы майстра? Як растлумачыў Уладзімір Кавалевіч, неабходнасці ў гэтым няма. Акрамя майстра з Ляхавіч, прымаць гадзіннікі і адвозіць іх у рамонт у Пінск згодны і кіраўнік мясцовай “Рамбыттэхнікі”. Зрабіць гэта можна ў звычайны рабочы дзень.

Кропка ў дыялогу ў выглядзе “гадзіннікавай праблемы” падалася сімвалічнай: пытанні трапляюць у разрад невырашальных толькі тады, калі пра іх маўчаць. У гэтым сэнсе сустрэча, безумоўна, была карыснай. Прычым, не толькі для гараджан, але і для прадстаўнікоў улады.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть