ОбществоОфициально

Праблемы, якія трэба вырашаць сёння

Чэрвеньскае пасяджэнне райвыканкама пачалося з аналізу работы па прафілактыцы безнагляднасці, злачынстваў і правапарушэнняў, п’янства, наркаманіі і таксікаманіі сярод непаўналетніх. “Гэтыя праблемы трэба вырашаць сёння і зараз, бо моладзь – пакаленне, на якое ўскладваем асаблівыя спадзяванні, звязаныя з будучым нашай краіны”, – падкрэсліў старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко.
Намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх Вольга Калугіна падрабязна расказала, якую работу ў гэтым накірунку праводзіць кожнае з зацікаўленых ведамстваў. У тым, што яна дае плён, пераконваюць лічбы. Рэкордна станоўчым за апошнія 7 год назвала дакладчык той факт, што ў параўнанні з леташнім удалося больш як у чатыры разы – з 14 да 3-ох – зменшыць колькасць злачынстваў з удзелам непаўналетніх.
Сістэмная прафілактычная работа праводзіцца раённым аддзелам унутраных спраў. Сёлета на шчасце не зарэгістравана сярод падлеткаў злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў, зменшылася колькасць крадзяжоў. На стабілізацыю абстаноўкі, па меркаванню Вольгі Калугінай, самым станоўчым чынам паўплывала правядзенне супрацоўнікамі РАУС цэлага комплексу мерапрыемстваў, сярод якіх акцыі “Карысныя канікулы” і “Падлетак”. Шматлікія мерапрыемствы ладзяцца разам з БРСМ і інспекцыяй па справах непаўналетніх, аддзелам адукацыі і ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва. Супрацоўнікі праваахоўных ведамстваў – частыя госці ў школах і каледжах. З пачатку 2017 года такіх сустрэч было больш як дзясятак.
Класнымі кіраўнікамі, куратарамі навучальных груп таксама праводзіцца вялікая работа па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў, фарміраванню здаровага ладу жыцця, патрыятычнаму выхаванню. Прыкметную ролю адыгрываюць у гэтым грамадскія аб’яднанні “АСЕТ” і “Маці супраць наркотыкаў”.
Тым часам на ўліку ў наркалагічным кабінеце ЦРБ знаходзяцца 78 падлеткаў. Большасць – за прыахвочванне да алкаголю. Звесткі пра такіх пацыентаў паступаюць сюды з камісіі па справах непаўналетніх, устаноў адукацыі, РАУС, медыцынскіх устаноў. Растлумачальная работа, гутаркі, кансультацыйная дапамога па тэлефоне, прафілактычныя акцыі, спецыяльная медыцынская дапамога – вось асноўы арсенал метадаў, якімі спецыялісты імкнуцца выцягнуць падлеткаў з алкагольнай і наркатычнай багны. Сёлета толькі на “Тэлефон даверу” ЦРБ паступіла 79 званкоў.
Немалаважную ролю ў тым, каб непаўналетнія знаходзілі правільную сцяжыну ў жыцці адыгрыва мэтанакіраваная і сістэмная работа па садзейнічанню працоўнай занятасці, у якую ўваходзіць прафесіянальная арыентацыя, навучанне, дапамога ў працаўладкаванні. З гэтай мэтай штогод з мая па кастрычнік праводзіцца міжведамасная праграма “Клопат”. Вялікая ўвага надаецца арганізацыі часовай занятасці студэнцкай і вучнёўскай моладзі. Традыцыйна юнакі і дзяўчаты ў вольны ад вучобы час заняты рамонтам будынкаў і памяшканняў, добраўпрадкаваннем прылягаючай тэрыторыі, доглядам за насаджэннямі. Больш як паўтары сотні чалавек стануць членамі студэнцкіх атрадаў.
Расказала дакладчык пра ролю ў прафілактычнай і выхаваўчай рабоце грамадскіх аб’яднанняў. Так, членамі ГА “БРСМ” з’яўляюцца больш як 24 працэнтыад агульнай колькасці моладзі раёна. Працуе БРСМ у цеснай звязцы з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, а таксама камісіяй па справах непаўналетніх.
Звяртаючыся да праблем, Вольга Калугіна падкрэсліла, што адной з умоў, якія садзейнічаюць ўчыненню правапарушэнняў, з’яўляецца адсутнасць належнага кантролю за сваімі сынамі і дочкамі з боку бацькоў. Пра гэта сведчыць і той факт, што большасць правапарушэнняў учыняюцца ў выхадныя дні ў вячэрні і начны час. Здараюцца і яшчэ больш прыкрыя выпадкі, калі дарослыя ўцягваюць падлеткаў у антыграмадскія паводзіны. У гэтым кантэксце ўвага была звернута на парушэнне правілаў гандлю, калі алкагольныя напіткі прадаюцца непаўналетнім. Прагучала прапанова пакаранне за гэта зрабіць вельмі жорсткім ажно да пазбаўлення ліцэнзіі.
З мэтай выяўлення фактаў дэструктыўных паводзін дзетвары класнымі кіраўнікамі і супрацоўнікамі ІСН праводзіцца пастаянны маніторынг сацыяльных сетак. На шчасце, на Лунінеччыне груп з суіцыдальнымі паводзінамі не зарэгістравана, але гэта не значыць, што праблемы няма.
Звярнула ўвагу дакладчык і на недапрацоўкі з боку работнікаў ЖКГ, якія не заўсёды сочаць за тым, каб быў закрыты доступ ў падвалы і на дахі шматпавярховых будынкаў. Сёлетняй вясной на даху аднаго з дамоў заўважылі чатырох дзяўчынак. Пазней высветлілі, што доступ туды адкрыты на працягу некалькіх месяцаў. На даху былі заўважаны пустыя бутэлькі з-пад спіртнога. Разглядала падобныя выпадкі і камісія па справах непаўналетніх пры райвыканкаме.
Разам з тым, старшыня райвыканкама з патрабаваннем зрабіць работу па прафілактыцы правапарушэнняў больш сістэмнай і мэтанакіраванай, звярнуў увагу на тое, што ў кожным канкрэтным выпадку трэба падыходзіць выверана і асяцярожна, бо можна вельмі проста перакрэсліць дзіцяці будучыню. Важна, каб падлетак усвядоміў, што так больш рабіць нельга. У гэтым сэнсе вялікія спадзяванні варта ўскладваць на прафесіяналізм псіхолагаў і сацыяльных педагогаў, а таксама бацькоў.
Лагічным працягам абмеркавання першага пытання стаў аналіз работы ўстаноў культуры па арганізацыі вольнага часу дзяцей і моладзі. Пра тое, як яна ладзіцца, расказала намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Качаноўская. Яна адзначыла, што пераважная большасць мерапрыемстваў, праводзімых у клубных установах раёна, разлічаны на непаўналетніх. У летні перыяд гэтая лічба прыкметна павялічваецца. Для дзетвары працуюць 139 гурткоў і аматарскіх аб’яднанняў. Наведваюць іх хлопчыкі і дзяўчынкі на бясплатнай аснове. З пачатку года для іх было арганізавана больш як 2000 мерапрыемстваў.
Акрамя гэтага, працуюць 40 аматарскіх аб’яднанняў і клубаў па інтарэсах, у тым ліку 23 – для дзяцей і моладзі. Дадатковую адукацыю ажыццяўляюць 6 дзіцячых школ мастацтваў.Вялікую работу па патрыятычнаму выхаванню праводзіць краязнаўчы музей.
Аднак у ходзе абмеркавання ўвага была звернута на недапрацоўкі. Прынамсі, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі аблвыканкама Сяргей Панасюк пацікавіўся, чаму так мала “цяжкіх” падлеткаў ахоплена мерапрыемствамі, якія праводзіць культура? Ці паспеюць культработнікі правесці за 2 месяцы лета застаўшыеся 350 мерапрыемстваў? Чаму закрываюццца дыскатэкі ў сельскай мясцовасці і што робіцца для таго, каб гэтага не было?
Адказваючы на іх, Наталля Качаноўская прызнала факт недапрацовак з “цяжкімі “ падлеткамі і паабяцала больш увагі надаваць гэтаму накірунку работы. Што да планаў, то ўсе яны будуць абавязкова ажыццёўлены. Дыскатэкі ў вёсках практычна не закрываюцца, а вось над тым, каб зрабіць іх больш запатрабаванымі, трэба папрацаваць. Тым больш, што на Лунінеччыне нямала адданых справе, таленавітых культработнікаў.
У прынятым рашэнні вызначаны шляхі вырашэння ўзнятых праблем.

Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть