Официально

Працай праславілі край

lunin-kosmich

Чарговы “дэсант” па ўшанаванню людзей, якія маюць дзяржаўныя ўзнагароды за добрасумленную працу накіраваўся на тэрыторыю Лунінскага сельсавета. Ініцыятыву старшыні савета ветэранаў Надзеі Лазіцкай падтрымалі ініцыятыву галоўны спецыяліст сельвыканкама Таццяна Сафановіч і Ганаровы грамадзянін раёна Павел Дабрынец.

Адданай рабоце на зямлі прысвяціў сваё жыццё жыхар Луніна – Іван Косміч (на верхнім здымку). Ён да пенсіі працаваў трактарыстам у мясцовым СВК. Яго важкі ўклад у агульную справу адзначаны дзяржавай. На грудзях у Івана Васільевіча блішчыць ордэн Кастрычніцкай рэвалюцыі. Разам з жонкай Надзеяй Андрэеўнай выгадавалі траіх дзяцей. Дочкі абзавяліся сем’ямі ў Пінскім і Жыткавіцкім раёнах. Сын асталяваўся недалёка ад бацькоў. Хутка сям’я адсвяткуе брыльянтавае вяселле, а пакуль дзядулю з бабуляй радуюць 7 унукаў і 4 праўнукі.

lunin-yavorskayaМаляўнічая дарога хутка прывяла да пасёлка Палескі. На ўваходзе ў дом Софіі Яворскай каля ганка сустрэў кот Малыш. Пенсіянерка запрасіла ўвайсці і адразу ж пачала расказваць пра сябе. Уся дзейнасць звязана з Палескай доследнай станцыяй, дзе жанчына 42 гады адпрацавала паляводам. Галоўную ўзнагароду – ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга – Софія Андрэеўна, на жаль, не знайшла, але дакументы паказала. Цяпер жыве з сынам Мікалаем, які працуе ў вышэй названай арганізацыі трактарыстам.

lunin-marzaУзрадавалася нечаканым гасцям 78-гадовая Таццяна Марза. У кватэры, акрамя гаспадыні, сустрэлі дачку Ніну, якая часова прыехала да бацькоў з Браслава, дзе, дарэчы, пражывае і старэйшая сястра Галіна. На Палескай станцыі Таццяна Антонаўна працавала разам з мужам Міхаілам Пятровічам: ён – падвозчыкам жывёлы, яна – аператарам машыннага даення. З запаветнага куфэрка жанчына дастала ордэн Дружбы народаў, а вось ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга падарыла музею мясцовай школы.

lunin-sackevichКаля дома Генадзя Сацкевіча з Луніна адразу становіцца зразумела, што тут жыве чалавек з багатым працоўным лёсам. Акуратны падворак прыцягвае своеасаблівымі кампазіцыямі і парадкам. Гаспадар усё жыццё прысвяціў рабоце – быў трактарыстам, камбайнерам, слесарам у СВК «Лунінскі». За нялёгкую працу ўдастоены ордэна Працоўнай Славы III ступені. За плячамі ў пенсіянера – 42 гады стажу. Нават сёння, ня-гледзячы на ўзрост, мужчына не сядзіць без справы. Хаця амаль два гады жыве адзін, трымае гаспадарку – карову, курэй, сабаку. Не забываюць наведваць тату 3 сыны з сем’ямі.

lunin-trushПадчас нашага візіту Антон і Ніна Труш завіхаліся на кухні. Гаспадыня чысціла бульбу, муж тапіў грубку, хаця з нядаўняга часу да дома падвялі прыродны газ. Раптоўным гасцям абодва ўзрадаваліся. Антон Іванавіч – адзіны ўладальнік ордэна Леніна ў нашым спісе. Працаваў трактарыстам на Палескай станцыі. Сям’я ганарыцца сынам і дачкой. Таццяна жыве ў Віцебску, Уладзімір – побач, а таму разам з жонкай і дзецьмі дапамагаюць бацькам па гаспадарцы. Між тым, Антон Іванавіч паставіў на стол чырвоную скрыначку. У ёй знайшлі толькі ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. Галоўнай узнагароды – ордэна Леніна – ў «сейфе», на жаль, не аказалася. Па словах гаспадара, “унукі недзе згубілі”.

lunin-dudorgaЗаслужаную даярку Лідзію Дударга дома не засталі. На дапамогу прыйшла суседка, якая расказала, што бабулю на зіму забрала да сябе дачка. Балазе, яе адрас аказаўся недалёка. 86-гадовая Лідзія Васільеўна моцна аслабела. Калі ў думках вяртаецца ў маладосць, часта прыгадвае, як старанна працавала ў мясцовай гаспадарцы аператарам машыннага даення, за што адзначана ордэнам “Знак Пашаны”. Сёння   бавіць дні за праглядам тэлевізара, радуецца, калі прыходзяць унук і праўнукі.

Вельмі шкада, што не давялося ў той дзень сустрэцца яшчэ з трыма пенсіянерамі, якіх падчас прыезду не было дома. Але прадуктовыя наборы Ерамею Пяшко, Аляксандру Тупеку і Вользе Бруханда прадстаўніца сельвыканкама абяцала абавязкова перадаць.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть