Официально

Працаваць без фармалізму

карлюк

Стан работы па прафілактыцы п’янства і наркаманіі ў сельсаветах Лунінеччыны разгледжаны на пасяджэнні пастаяннай камісіі раённага Савета дэпутатаў па пытаннях законнасці, правапарадку і дэпутацкай этыцы пад кіраўніцтвам яе старшыні, пракурора раёна Аляксандра Карлюка.

Намеснік начальніка РАУС Ігар Жук пачаў выступленне са статыстыкі. Па стану на 01.12.2015 г. на тэрыторыі рэгіёна зарэгістравана 537 злачынстваў (за аналагічны перыяд летась – 500), па лініі крымінальнага вышуку – 341, цяжкіх і асабліва цяжкіх – 28, у стане алкагольнага ап’янення – 107. Рост правапарушэнняў, якія ўчынялі нецвярозыя грамадзяне, адбыўся ў населеных пунктах Дзятлавіцкага, Гарадоцкага, Лунінскага і Сінкевіцкага сельсаветаў, а таксама райцэнтры. За справаздачны перыяд да адміністрацыйнай адказнасці за распіццё спіртных напіткаў ці паяўленне ў грамадскім месцы ў п’яным выглядзе прыцягнуты 2222 чалавекі. Акрамя таго, 1345 грамадзян былі зме-шчаны ў медвыцвярэзнік. 27 хранічных алкаголікаў накіраваны ў ЛПП, 28 – ізаляваны. Саветы грамадскіх пунктаў аховы правапарадку правялі 137 пасяджэнняў, дзе разгледзелі справы 638 грамадзян, якія стаяць на пра-філактычных уліках у РАУС, схільных да ўчынення правапарушэнняў і злоўжываючых спіртнымі напіткамі. У месцах масавага знаходжання людзей распаўсюджана 620 тэматычных лістовак і буклетаў. 23 матэрыялы апублікаваны ў СМІ і агучаны ў перадачах Лунінецкага раённага радыё. Знішчана 16 самагонных апаратаў, з незаконнага абароту канфіскавана 5027,9 літра алкагольнай прадукцыі.

Не застаюцца ў баку ад праблемы п’янства і наркаманіі медыцынскія работнікі. Урач-нарколаг Алена Качановіч паведаміла, што кваліфікацыйную дапамогу аказваюць спецыялісты ў лячэбных установах Лунінца і Мікашэвіч, Пінскім міжраённым дыспансеры і абласной псіхіятрычнай бальніцы “Гарадзішча”. На ўлік пастаўлена 2386 чалавек, з іх 1505 – на дыспансерны, 885 – на прафілактычны. Занепакоены неспрыяльнай сітуацыяй, звязанай з павелічэннем колькасці непаўналетніх асоб, якія ўжываюць алкаголь і псіхаактыўныя рэчывы. Больш таго, за 9 месяцаў года ў рэгіёне зарэгістравана 10 выпадкаў смерці ад атручвання этылавым спіртам (летась – 6). З мэтай актывізацыі работы кожны тыдзень практыкуюцца выязныя прыёмы спецыялістаў у сельсаветы і ФАПы. За студзень-верасень такіх адбылося 15, у выніку агледжана 183 чалавекі, з якіх 9 – пастаўлены на ўлік. Рэгулярна праводзяцца рэйды па выяўленню працаўнікоў сельгаспрадпрыемстваў, што знаходзяцца на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Адміністрацыя УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” заключыла дагаворы з арганізацыямі на перадрэйсавыя агляды вадзіцеляў. Медыкі прымаюць удзел у судовых пасяджэннях, дзе вырашаюцца пытанні абмежавання дзеяздольнасці асоб, злоўжываючых спіртнымі напіткамі і псіхаактыўнымі рэчывамі, а таксама ў нарадах камісіі па справах непаўналетніх пры райвыканкаме. На асобным кантролі знаходзяцца бацькі, якія, згодна з Дэкрэтам Прэзідэнта ад 24.11.2006 г. №18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях”, абавязаны кампенсоўваць сродкі на ўтрыманне сваіх сыноў і дачок. Са 103 чалавек 72 стаяць на ўліку ў нарколага, яшчэ 1 – у псіхіятра. На фарміраванне здаровага ладу жыцця скіраваны шматлікія прафілактычныя мерапрыемствы: 897 інфармацыйных сустрэч (495 з іх – для маладзёжнай аўдыторыі), гутаркі, конкурсы, акцыі, матэрыялы ў СМІ, “тэлефоны даверу”, “Школа адмовы ад тытунекурэння” і інш.

Аднак, пракурор раёна Аляксандр Карлюк адзначыў недастатковую эфектыўнасць прымаемых мер з боку праваахоўных органаў, дэпутацкага корпусу, старастаў населеных пунктаў. Патлумачылі сітуацыю на падведамасных тэрыторыях старшыні сельсаветаў: Сінкевіцкага – Валерый Краснікевіч і Рэдзігераўскага – Фёдар Лусевіч.

У выніку пасяджэння вырашана актывізаваць і ўдасканаліць работу па прафілактыцы п’янства і наркаманіі, выключыўшы фармалізм у дзейнасці савета грамадскага пункта аховы правапарадку. Сумесна з супрацоўнікамі міліцыі, аховы здароўя, сацыяльнай абароны сістэматычна наведваць сем’і, дзе пражываюць асобы, схільныя да насілля. Выяўляць факты і прымаць адпаведныя меры, калі дарослыя дзеці не працуюць і жывуць за кошт сродкаў сваіх састарэлых бацькоў, п’юць і ўчыняюць у іх адносінах супрацьпраўныя дзеянні. Ход выканання рашэння ўскладзены на пастаянную камісію.

Наталля Паўлюкевіч



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть