Официально

Працаваць для людзей

Парадак дня 18-ай сесіі раённага Савета дэпутатаў 26-га
склікання быў дастаткова насычаным. Перад яе пачаткам дэпутаты хвілінай
маўчання ўшанавалі памяць свайго калегі, старшыні пастаяннай камісіі па
аграрных пытаннях, харчаванню і сацыяльнаму развіццю тэрыторый Васіля
Данілавіча Клімчука. Старшыня райсавета Віталь Адзішчаў прапанаваў на гэтую
пасаду кандыдатуру старшыні  СВК
“Лунінскі” Васіля Мелюха. Прапанова была аднадушна падтрымана.

Уважліва слухалі прысутныя справаздачу раённага
выканаўчага камітэта, з якой выступіў яго старшыня Васіль Агіевіч. Кіраўнік
раёна падрабязна расказаў пра тое, з якімі вынікамі завяршылі мінулы год
вядучыя галіны. Пачаў з сельскай гаспадаркі, дзе тэмп росту валавай прадукцыі
склаў 112,3 працэнта. Агульны кошт яе спыніўся на адзнацы 320,6 мільярда
рублёў, што на 35 мільярдаў больш, чым у папярэднім годзе. Аналіз работы выявіў
як станоўчыя, так і адмоўныя бакі. Добра тое, што ўсе гаспадаркі завяршылі год
без страт. На аднаго працуючага выраблена прадукцыі на 70,7 мільёна рублёў.
Павялічылася прадукцыйнасць працы. Аднак дагэтуль у аграрыяў раёна застаецца
нізкай заработная плата. І хоць за год вырасла ўдвая, сёння складае ў сярэднім
2 мільёны 262 тысячы рублёў. Мяркуецца, што сёлета гэтая лічба дасягне 2
мільёнаў 700 тысяч рублёў.

Зразумела, што для гэтага трэба працаваць больш і лепш.
Асабліва ў жывёлагадоўлі. Як адзначыў В.М. Агіевіч, умовы ў большасці выпадкаў
тут створаны добрыя: ёсць новыя фермы і сучасныя даільныя залы. Летась
рэканструяваны 12 МТФ, якія патрабавалі істотнага змянення тэхналогіі ўтрымання
і даення жывёлы. Абсталяваны 17 даільных залаў, 13 – з сістэмай кіравання
статкам. Аднак вытворчасць малака пакуль задаволіць не можа. Надой на карову не
дасягнуў 4-тысячнага рубяжу і склаў 3955 кілаграмаў. Разам з тым, кіраўнік
раёна падкрэсліў, што за апошнія 3 гады зроблена шмат у паляпшэнні спраў у
жывёлагадоўлі. Сведчыць пра гэта і паказчык таварнасці малака – 88,1 працэнта.
Прычым гатункам “Экстра” плюс вышэйшы рэалізавана яго 69 працэнтаў.

Мяркуецца, што сёлета надой на карову складзе 4340
кілаграмаў. Будзе атрымана не менш як 6000 тон мяса. Для гэтага неабходна
назапасіць 135 тысяч тон кармавых адзінак высокаякаснага сена, сенажу, сіласу,
паклапаціцца пра патрэбную колькасць зернефуражу. Дарэчы, збожжа сёлета
плануецца атрымаць 71 тысячу тон, з якіх больш як 51 тысяча будзе выкарыстана
менавіта на корм жывёле.

Спыніўся Васіль Міхайлавіч і на праблемах вырошчвання
рапсу, назваўшы яго вельмі перспектыўнай культурай. Летась раён у гэтым плане
паказаў сябе паспяхова, заняўшы другое месца ў вобласці. Сёлета пазіцыі здаваць
нельга. Атрымаць валавы збор рапсу ў памеры 6,4 тысячы тон можна толькі пры
строгім захаванні тэхналогій, унясенні патрэбнай колькасці арганікі і тукаў, а
таксама пры правядзенні неабходных хімабаронных мерапрыемстваў. Акрэсліў
кіраўнік раёна перпектывы вырошчвання бульбы, кукурузы і іншых культур, якія
складаюць асноўны спектр раслінаводства раёна.

На 1,8 трыльёна рублёў выпушчана прамысловай прадукцыі.
Практычна ўся яна рэалізавана спажыўцам. Запасы на складах не перабольшваюць
дапушчальных узроўняў. Прыкладна 12 працэнтаў ў агульным аб’ёме – новыя тавары.
Дакладчык падрабязна акрэсліў сітуацыю на асноўных вядучых прадпрыемствах – РУВП
“Граніт”, ААТ “Спецжалезабетон”, “Лунінецкі малочны завод”, “Лунінецлес” і
некаторых іншых.

Сярэднемесячная заработная плата ў прамысловасці складае
4 мільёны 80 тысяч рублёў. Па раёне гэтая лічба
– 3 мільёны рублёў. В.М. Агіевіч адзначыў, што па гэтаму паказчыку мы
ўваходзім у чацвёрку лепшых раёнаў вобласці.

Адначасова было падкрэслена, што раёнам не выкананы
паказчыкі па прамых замежных інвестыцыях ( у тым ліку і інвестыцыях у асноўны
капітал), экспарту тавараў і паслуг. На працягу года райвыканкаму даводзілася
рэгуляваць імпартныя пастаўкі. Тым не менш, сальда знешнегандлёвай дзейнасці
дасягнула плюс 30 мільёнаў долараў ЗША.

У 2013 годзе плануецца павялічыць вытворчасць прамысловай
прадукцыі да 113,5 працэнта. Дасягнуць гэта можна пры ўмове поўнай загрузкі
існуючых магутнасцей і рэалізацыі намечаных інвестыцыйных праектаў. Сярод такіх
дакладчык адзначыў мадэрнізацыю ліцейнай вытворчасці на ААТ
“Палессеэлектрамаш”, удасканаленне кацельнай гаспадаркі “Лунінецкага малочнага
завода”, абнаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы і тэхналагічнага абсталявання на
ААТ “Лунінецлес”, НВК “Палессе”, хлебазаводзе, рамонтна-механічным заводзе.
Выпрацоўку на аднаго работніка мяркуецца давесці да 283 мільёнаў рублёў.

Станоўча ахарактарызаваў В.М. Агіевіч становішча ў гандлі,
на транспарце, у будаўніцтве і іншых сферах.

У спрэчках па дакладу выступіў старшыня СВК “Хваецкае”
Васіль Лазіцкі і дырэктар хлебазавода Канстанцін Аліфяровіч. Яны больш
падрабязна расказалі пра тое, як ідуць справы ва ўзначальваемых калектывах, асабліва
акцэнтаваўшы ўвагу на шляхах далейшага развіцця вытворчасці.

Са справаздачай аб рабоце за мінулы год выступіў і
старшыня райсавета Віталь Адзішчаў. Ён расказаў, што летась праведзена 5 сесій,
на якіх разгледжаны 49 пытанняў. Датычылі яны сацыяльна-эканамічнага развіцця
раёна, падаткаабкладання, распараджэння прыроднымі рэсурсамі і інш. Так, ад
прымянення павышаючых каэфіцыентаў па падатку на нерухомасць і зямельнаму ў
бюджэт раёна дадаткова паступіла амаль 10 мільярдаў рублёў.

Разглядалі дэпутаты летась і пытанні змянення межаў
населеных пунктаў, дзякуючы чаму людзі змаглі дадаткова атрымаць участкі для
індывідуальнага будаўніцтва. Не засталася па-за ўвагай работа па вяртанню ў
гаспадарчы абарот невыкарыстоўваемай маёмасці. Ад яе рэалізацыі атрымана 190
мільёнаў рублёў, арэнды – яшчэ 198 мільёнаў.

Расказаў дакладчык аб практыцы правядзення выязных сесій
і Дзён Савета, якія дазваляюць больш дзейсным рабіць уплыў прадстаўнічай улады
на шматлікія працэсы ў грамадстве. Закрануў Віталь Мікалаевіч змест работы
прэзідыума райсавета і пастаянных камісій, якія таксама не заставаліся ўбаку ад
надзённых праблем жыхароў Лунінеччыны. Асаблівая ўвага была ўдзелена сельскім
саветам дэпутатаў, вакол якіх, па меркаванню дакладчыка, сканцэнтравана кола
пытанняў, жыццёва важных для насельніцтва.

У гэтым кантэксце прагучалі цікавыя лічбы. У 79 сельскіх
населеных пунктах раёна пражывае 48 881 чалавек. Колькасць двароў –
15 350. Летась нарадзіліся 449 чалавек, (на 49 менш, чым у 2011 годзе),
памерлі  781 чалавек (на 25 менш).
Зарэгістраваны 181 шлюб ( на 64 менш, чым у папярэднім годзе). Тавараабарот
склаў 136 мільярдаў 342 мільёны рублёў, у разліку на 1 жыхара – 3 мільёны 705
тысяч рублёў. Сацыяльны ятснадарты на 100 працэнтаў выконваюцца ў 9
сельсаветах. Па-за гэтай мяжой засталіся Багданаўскі, Гарадоцкі і Дзятлавіцкі
сельсаветы, дзе не хапае вуліц з удасканаленым пакрыццём.

Для вядзення асабістых падсобных гаспадарак выдзелена
7 392 гектары зямлі, пад пасадку бульбы – яшчэ 2 063 гектары. Ад
насельніцтва летась закуплена 7 174 тоны малака, што на 327 тон больш, чым
у 2011 годзе.

Станоўча ахарактарызаваў дакладчык работу старастаў
вёсак, асабліва адзначыўшы напрацоўкі Уладзіміра Коўшыка з Велуты, Ніны Патурай
з Цны, Галіны Абрамчук з Яжавок. Адначасова была выказана ўдзячнасць дэпутатам
Аляксандру Радзіяновічу Уладзіміру Соцу, Васілю Мелюху, Фёдару Бірыла, Сяргею
Высоцкаму і іншым за актыўную і адказную работу.

У абмеркаванні даклада бралі ўдзел начальнік раёна
электрасетак Леанід Алешка і старшыня Лунінскага сельвыканкама Аляксандр
Якавец.

На сесіі быў таксама разгледжаны стан спраў у сферы
законнасці і правапарадку. Намеснік начальніка РАУС Анатоль Шостак адзначыў
зніжэнне злачыннасці і павелічэнне раскрывальнасці. Аднак летась зноў
зраэгістраваны рост рэцыдыўных правапарушэнняў, учыненых асобамі, якія маюць
незнятую і непагашаную судзімасць. Адначасова заўважана зніжэнне эфектыўнасці
дзейнасці ў папярэджанні і выяўленні злачынстваў карупцыйнай накіраванасці.

Спыніўся дакладчык на сітуацыі з пажарамі, прааналізаваў
стан аховы працы, прычыны вытворчага траўматызму і дарожна-транспартных
здарэнняў. Нядобранадзейным назваў становішча з алкагалізацыяй насельніцтва: ад
атручвання сурагатамі летась загінулі 10 грамадзян.

На сесіі зацверджаны раённы бюджэт за мінулыгод  і пераразмеркаваны свабодныя астаткі. Грошы
накіраваны ў сферу жыллёва-камунальнай гаспадаркі, адукацыі, на ажыццяўленне
мерапрыемстваў сацыяльнай палітыкі, жыллёвае будаўніцтва і г.д.

Адначасова сесія ўнесла змяненні і дапаўненні ў некаторыя
раней прынятыя рашэнні і бязвыплатна прыняла ва ўласнасць 1000 акцый ААТ
“Модуль”.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть