Официально

Працаваць на апярэджанне

Работа па прафілактыцы злачынстваў і правапарушэнняў, рост пажараў і гібель ад іх людзей сярод сацыяльна неабароненых катэгорый насельніцтва разгледжана на нарадзе, якая адбылася на мінулым тыдні ў малой зале райвыканкама.

Да канструктыўнага дыялогу старшыня райсавета Віктар Рафаловіч запрасіў кіраўнікоў сельвыканкамаў, прадстаўнікоў сілавых структур, бальніцы, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, раённага вузла паштовай сувязі і ДУ “Лунінецкі ТЦСАН”.

Першым слова ўзяў начальнік РАУС Уладзімір Рыбак. Ён прадставіў прысутным Віктара Кляўцэвіча, які нядаўна прызначаны в.а. кіраўніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі. “Трэба спадзявацца, што цяпер дзейнасць службы ўчастковых узнімецца на новы, больш якасны ўзровень, — заўважыў Уладзімір Уладзіміравіч. — Пакуль жа сітуацыя са злачыннасцю ў адносінах пажылых людзей застаецца трывожнай. З пачатку года ўчынены 7 маёмасных злачынстваў і 1 рабаўніцтва. Усе мы ведаем, што многіх бацькоў на зімовы перыяд да сябе забіраюць дзеці, а пакінутыя дамы і прысядзібныя ўчасткі часта становяцца прыцягальнымі аб’ектамі для злодзеяў. Яшчэ горш, калі састарэлыя вымушаны жыць разам з дарослымі нашчадкамі, для якіх чарка — даражэй за ўсё. Церпяць крыўды, хаваюць пенсіі, але не заяўляюць у міліцыю… На жаль, хапае і адзінокіх, у каго наогул няма абароны. Высветліць іх правапарушальнікам не складае асаблівых цяжкасцей. Сваё выступленне Уладзімір Рыбак завяршыў прапановай адпрацаваць трывожныя адрасы сумесна з выратавальнікамі, заклікаў кіраўнікоў зацікаўленых службаў дзяліцца пэўнай інфармацыяй, прыцягнуўшы да агульнай справы паштальёнаў, медыкаў, сацыяльных работнікаў, старшых па дому, пад’езду, старастаў населеных пунктаў.

З аператыўнай абстаноўкай па пажарнай бяспецы ў раёне пазнаёміў начальнік РАНС Мікалай Арашкевіч. З пачатку года на тэрыторыі Лунінеччыны адбыліся 15 пажараў, што на 7 больш, чым за аналагічны перыяд летась. Агнём знішчаны 2 адзінкі тэхнікі, 2 тоны грубых кармоў, прамы ўрон перабольшыў 960 мільёнаў рублёў. Але ніякія грошы не сувымерныя з чалавечым жыццём. Ад пажараў і ўздзеяння яго небяспечных фактараў, на жаль, загінулі 4 чалавекі. Мікалай Уладзіміравіч запатрабаваў перагледзець работу і састаў камісій, працягнуць практыку правядзення сходаў грамадзян, аператыўна выяўляць аварыйныя дрэвы на падведамасных тэрыторыях.

З канстатацыі факта аб нізкай індывідуальнай прафілактыцы, адсутнасці належнага ўзаемадзеяння паміж старшынямі сельвыканкамаў і насельніцтвам пачаў сваё выступленне пракурор Лунінецкага раёна Аляксандр Карлюк. “Як вядома, асноўны каталізатар правапарушэнняў – п’янства. У нас ёсць шмат юрыдычных паўнамоцтваў, у тым ліку абмежаванне дзеяздольнасці, у барацьбе з такімі асацыяльнымі элементамі. Самазаспакойвацца ні ў якім разе нельга! Ніхто не ведае людзей лепш, чым вы, таму, у першую чаргу, ад вас залежыць, ці будзе там парадак. Працаваць на апярэджанне любых правапарушэнняў ці надзвычайных здарэнняў – першаступенная задача кожнага кіраўніка”.

Цалкам згадзіўся з пачутым старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко. “Мы з вамі – упраўленцы, а, значыць, павінны ўпраўляць на месцах. Людзі ў нас добрыя, і з імі проста трэба працаваць. Пакуль не пачаліся веснавыя работы ў агародах і на палях, раю не ўпусціць гэты “залаты” час для навядзення парадку на зямлі. Сустракайцеся з насельніцтвам, тлумачце, дзе патрэбна прыкласці гаспадарчую руку. Не разумеюць? Далучайце работнікаў санітарнай службы, РАУС, дэпутацкі корпус. Вяртайце давер землякоў!”.

Па выніках нарады прыняты адпаведныя рашэнні з канкрэтнымі тэрмінамі іх выканання і адказнымі за  гэта асобамі.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть