Официально

ПРАЦАВАЦЬ З ПОЎНАЙ САМААДДАЧАЙ

заклікаў старшыня старшыня райвыканкама В.М. Агіевіч, характарызуючы становішча народнай гаспадаркі раёна ў перыяд пераходу да наступнай пяцігодкі. Адкрываючы лістападаўскае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта, ён яшчэ раз падкрэсліў несумненную значнасць створанага на працягу бягучай пяцігодкі станоўчага задзела для далейшага паступальнага руху наперад.

ЗАКОН ДЛЯ ЎСІХ АДЗІНЫ

Чаму ў адных калектывах строга захоўваюць заканадаўства аб працы, а ў іншых яго парушаюць? Адказ на гэтае пытанне вынікаў з выступлення начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне І.М. Семянчэнка, якая назвала арганізацыі, дзе ўзорна наладжана гэтая работа. Сярод іх – лясгас, хлебазаод, ПВУП “Вікторыя” і іншыя. Разам з тым, як паказаў аналіз, сёлета за 9 месяцаў пры праверцы шэрагу прадпрыемстваў і арганізацый разнастайнай формы ўласнасці выяўлена нямала парушэнняў у аплаце працы, стварэнні бяспечных яе ўмоў. У лік праштрафіўшыхся трапілі практычна ўсе сельгаскааператывы, рамонтна-механічны завод, РФСК “Здароўе”, ААТ “Лунінецрамбуд”, архітэктура, рыбгас “Лахва”, ПТВУП “ПаКрыс”, “ТанаТрансАўта”, кіраўнік прыватнага унітарнага прадпрыемства Л.П. Бярозка, і іншыя. Намеснік Міністра па працы і сацыяльнай абароне В.В. Каралёва, якая брала ўдзел у абмеркаванні, зазначыла, што прычынай пераважнай большасці агрэхаў стала звычайная юрыдычная недасведчанасць. Па-ранейшаму самай неабароненай катэгорыяй працаўнікоў застаюцца наёмныя работнікі ў індывідуальных прадпрымальнікаў. Прававая культура тут нізкая. Сведчаць пра гэта і лічбы. З пачатку года ў аддзел па працы за кансультацыяй звярнуліся каля дзвюх соцень чалавек. Тры чвэрці ад гэтай колькасці – наёмныя работнікі камерцыйных структур. А значыць, трэба больш настойліва праводзіць растлумачальную работу, часцей ладзіць адукацыйныя семінары, дні аховы працы, звяртаючы ўвагу не толькі на тэхналагічныя, а і на заканадаўчыя моманты.

НЕ ПАВІННА БЫЦЬ АДЗІНОКАЙ СТАРАСЦЬ

Для гэтага нямала робіцца ў нашым раёне. Аналізуючы ход выканання Комплекснай праграмы па ўдасканальванню сістэмы сацыяльнай работы з адзінокімі грамадзянамі пажылога ўзросту, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне І.М. Семянчэнка зазначыла, што мерапрыемствы названай праграмы самым непасрэдным чынам закранаюць інтарэсы 4189 пажылах людзей. Больш як 1400 з іх – адзінокія, 2781 – адзінока пражываючыя. Штогод праводзіцца абследаванне іх матэрыяльна-бытавых умоў, па магчымасці ўлічваюцца і выконваюцца ўсе заяўкі. З пачатку сёлетняга года такіх было 1476. На надомным абслугоўванні знаходзяцца 650 чалавек. Пачынаючы з красавіка, ад платы за надомнае абслугоўванне вызвалены яшчэ 15 інвалідаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. А ўвогуле такой льготай карыстаюцца 117 чалавек. Акрамя гэтага, сацыяльныя паслугі на бязвыплатнай аснове прадастаўлены тым, чый даход не больш як на 20 працэнтаў перавышае ўстаноўлены памер бюджэту пражытачнага мінімуму. Наладжана работа аддзялення кругласутачнага знаходжання грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў і бальніца сястрынскага догляду. Сёлета са сродкаў мясцовага бюджэту і Фонда сацыяльнай абароны насельніцтва зрасходавана 7,6 мільёна рублёў. Матэрыяльную дапамогу атрымалі 114 адзінокіх грамадзян. Больш як 180 маламаёмных сем’яў атрымліваюць адрасную сацыяльную дапамогу. Гэтыя выплаты перабольшылі 50 мільёнаў рублёў. Акрамя гэтага, выплачваецца кампенсацыя на аздараўленне замест санаторна-курортных пуцёвак. Сёлета яе атрымалі 232 ветэраны. Сума выплат склала амаль 83 мільёны рублёў. Працуе салон “Міласэрнасць”. Пэўны плён дае работа па стварэнню безбар’ернага асяродку для інвалідаў і людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Пандусамі і перыламі абсталяваны 41 сацыяльна значымы аб’ект. Падводзячы вынікі сказанаму, старшыня райыканкама В.М. Агіевіч падкрэсліў, што акрэсленая работа будзе ў раёне праводзіцца і ў будучым. Старыя людзі не застануцца адзін на адзін са сваёй бядой. Аднак дзяржава не дазволіць спадзявацца на яе дапамогу ўтрыманцам: працаздольныя дзеці безумоўна павінны клапаціцца пра сваіх нямоглых бацькоў. У ходзе абмеркавання І.М. Семянчэнка абазначыла праблему недахопу сацыяльных работнікаў. Пытанне гэтае пастаянна ў полі зроку ўлад і па меры магчымасці вырашаецца. Адначасова кіраўнік упраўлення падзялілася планамі стварэння дзённага аддзялення для пажылых людзей, дзе яны маглі б бавіць час, пры жаданні – вывучаць камп’ютар, займацца любімымі заняткамі і проста адпачываць сярод аднадумцаў і равеснікаў. Планы знайшлі падтрымку ў членаў райвыканкама.

ДЭМАГРАФІЧНАЯ СІТУАЦЫЯ Ў ВЁСКАХ ГОРШАЯ, ЧЫМ У ГАРАДАХ

Адным з пытанняў парадку дня чарговага пасяджэння райвыканкама стала абмеркаванне рэалізацыі ў раёне Нацыянальнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі Рэспублікі Беларусь на 2007 – 2010 гг. З 90 яе пунктаў пакуль не выкананы 5. Сярод іх – выключэнне хларыравання вады. Аднак гэта, як адзначыў начальнік КУШВП “Водаканал” А.Г. Радзіяновіч, пакуль нерэальна: альтэрнатывы хлору, як абеззаражваючаму сродку, няма. Ды і карыстаюцца ім вельмі рэдка – толькі ў экстраных выпадках, якія здараюцца не часцей, чым 1-2 разы на год. “Дэмаграфічная сітуацыя сёння ў вёсках горшая, чым у гарадах”, – зазначыў намеснік галоўнага ўрача УЗ “Лунінецкая ЦРБ” І.Л. Невар. Хаця, справядлівасці дзеля, варта сказаць, што смяротнасць (у сярэднім яе рост склаў 3 працэнты) павялічылася як у сярод вясковага, так і сярод гарадскога насельніцтва. Сярод прычын лідзіруючае месца займаюць хваробы сістэмы кровазвароту, на другім – новаўтварэнні, на трэцім – траўмы. Па-ранейшаму трывожыць дзіцячая смяротнасць. Сёлета зарэгістравана 7 такіх выпадкаў. Трое малышоў сталі ахвярамі траўм, астатнія – загінулі ад прыроджаных паталогій. З тым, каб выяўляць іх на ранніх стадыях цяжарнасці, у бальніцу закуплены адзін з самых сучасных апаратаў ультрагукавога абследавання, які і будзе прымяняцца ў дыягностыцы паталогій плода. Мяркуецца, што ў бліжэйшы час будзе кардынальна перагледжана стаўленне да дыспансерызацыі, асабліва тых, хто мае патрэбу ў кардыялагічнай дапамозе і людзей з рызыкай онкапаталогіі. “Наша задача – не дапусціць ў будучым захворвання здаровых сёння людзей”, – падкрэсліў І.Л. Невар. Адначасова была самая пільная ўвага звернута на адказнасць кожнага грамадзяніна за сваё здароўе, якая павінна стаць адказнасцю перад краінай. У ходзе абмеркавання закранулі праблему перанакіравання міграцыйных працэсаў, стварэнне належных эканамічных і сацыяльных умоў для таго, каб працоўны люд замацоўваўся на Лунінеччыне. Дырэктар ААТ “Спецжалезабетон” В.П. Басевіч выказаў неабходнасць стымуліравання нараджальнасці, каб сем’і мелі не 1, а па меншай меры 2-3 дзіцяці. Зрэшты, на гэта скіравана і палітыка дзяржавы, якая прадугледжвае усямерную падтрымку маладых і мнагадзетных сем’яў.

ПАД УВАГАЙ – САНІТАРНА-ЭПІДЭМІЯЛАГІЧНАЯ БЯСПЕКА

Пра тое, як на Лунінеччыне захоўваецца санітарна-эпідэміялагічны дабрабыт насельніцтва, расказаў галоўны санітарны ўрач А.С. Дубініч. Аляксандр Сцяпанавіч паведаміў, што на рэалізацыю мерапрыемстваў адпаведнай праграмы на аб’ектах нашага раёна на апошнія тры гады было запланавана без малога 9 мільярдаў рублёў. Затрачана прыкметна больш – 24 мільярды 344 мільёны рублёў. З 13 пунктаў абласной праграмы на Лунінеччыне поўнасцю выкананы 12. Яшчэ 1 – у стадыі завяршэння. Сродкі накіраваны на паляпшэнне якасці пітной вады, імунапрафілактыку, укараненне новых тэхналогій дыягностыкі, зніжэнне інфекцыйнай захворваемасці, загазованасці і запыленасці паветра і іншыя патрэбныя справы. Адзначана станоўчая дынаміка ў паляпшэнні ўмоў працуючых і прывядзенні рабочых месцаў у адпаведнасць з самымі строгімі гігіенічнымі патрабаваннямі.

МЕНШ ПУСТУЮЧЫХ СТАРЫХ ДАМОЎ

з кожным годам становіцца ў населеных пунктах Лунінеччыны. Галоўны архітэктар раёна А.А. Сакалоўскі адзначыў, што на 1 ліпеня 2006 года было выяўлена і занесены ў спісы старых і пустуючых 817 аб’ектаў. Па стану на 1 лістапада 2010 года знесена 406 дамоў. У спісах застаюцца яшчэ 411 будынкаў. Лёс 355-ці вызначаны: іх уладальнікі заявілі аб намеры ў далейшым выкарыстоўваць збудаванні для пражывання. А вось астатнія – чакаюць, калі будзе дакладна акрэслена іх будучыня. Зрэшты, многія з гэтых дамоў падлягаюць зносу, іх стан такі, што танней будзе іх разбурыць, чым адрамантаваць. Гэта разумеюць у гарсельвыканкамах, але кардынальныя меры прымаць чамусьці не спяшаюцца. Папрокі прагучалі ў адрас Гарадоцкага, Чучавіцкага, Дварэцкага сельвыканкамаў і Мікашэвіцкага гарвыканкама. Ад кіраўнікоў улады на месцах запатрабавана ва ўастаноўленым заканадаўствам парадку да 1 снежня 2010 года вызначыцца з далейшым лёсам “нічыйных” пустуючых будынкаў.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть