Официально

ПРАМЫСЛОВАСЦЬ І АГРАПРАМ – НАПЯРЭДАДНІ ЗІМЫ

Вынікі работы народнагаспадарчага комплексу  раёна за 9 месяцаў года разгледжаны на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта. Старшыня Васіль Агіевіч прапанаваў адысці ад традыцыйнай манеры абмеркавання гэтага пытання і заслухаць кіраўнікоў прадпрыемстваў прамысловасці і аграпрама. Яны на прыкладах узначальваемых калектываў пракаменціравалі шматлікія зводкі і дыяграмы, выведзеныя на экран праз слайды.
Часовае адставанне ад прагнозных паказчыкаў генеральны дырэктар РУВП “Граніт” Эдуард Гаўрылковіч растлумачыў некаторымі праблемамі на 5-ай тэхналагічнай лініі. У лістападзе яе мяркуецца вывесці на поўную магутнасць, і тады да канца года будуць выкананы практычна ўсе вытворчыя планы. Пэўную трывогу выклікае толькі паказчык па экспарту: асноўны пакупнік мікашэвіцкага шчэбеню Расійская Федэрацыя, “уваходзячы ў зіму”, традыцыйна скарачае аб’-ёмы спажывання будаўні-чых матэрыялаў. Зменшыць уплыў абставін на аб’ёмы выпуску прадукцыі павінна актывізацыя яе продажу на ўнутраным рынку.
Складана назваць аптымістычным прагноз дырэктара ААТ “Палессе-электрамаш” Аляксандра Захарыка. Вытворчасць патрабуе мадэрнізацыі, а рынкі збыту – пашырэння. Што-кольвечы ў гэтым плане робіцца. Асноўныя станоўчыя зрухі ёсць у выпуску электрарухавікоў. Зараз штомесяц з канвеера сыходзіць 10 000 штук. Да канца года гэтую лічбу плануюць давесці да 13 000. Адначасова павялічваюцца аб’ёмы таварнага ліцця. З мэтай перамагчы жорсткую канкурэнцыю на рынку, тут свядома стрымліваюць рэнтабельнасць. Мера гэта часовая, зазначыў Аляксандр Захарык, і дае спа-дзяванне вярнуць былых партнёраў з Украіны, Казахстана, Расіі. У стадыі завяршэння – праграма развіцця прадпрыемства і дапрацоўка некалькіх інвестыцыйных праектаў, на якія ўскладваюцца асаблівыя спадзяванні, звязаныя з набыццём новай вытворчай лініі.
Пяць напрамкаў развіцця ўзначальваемага ім прадпрыемства акрэсліў дырэктар РУП “Лунінецкі рамонтна-механічны завод” Анатоль Волк. Гэта павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці, пошук інвестараў, сертыфікацыя дадатковых відаў прадукцыі, пашырэнне імпартазамяшчаючай вытворчасці і тэхнічнае пераўзбраенне. Шляхі ўвасаблення ў жыццё планаў адлюстраваны ў праграме развіцця завода. Яе кіраўніцтва збіраецца прадставіць падчас абароны прагнозных паказчыкаў на будучы год.
Уражваюць тэмпы росту аб’ёмаў вытворчасці на РУП “Уніформ” – 400 працэнтаў да адпаведнага ўзроўню мінулага года. Адзначана і павелічэнне рэнтабельнасці выпускаемай прадукцыі. Дырэктар прадпрыемства Вера Шаравар расказала, што ў наступным годзе тут плануюць выйсці на рынкі збыту з новай прапановай. На “Уніформе” завяршаецца распрацоўка кіслота-абароннага касцюма для выратавальнікаў, які не мае аналагаў на рынках СНД.
Упэўнена акрэсліў перспектыву развіцця ПМК-19 яго дырэктар Фёдар Бірыла. За 9 месяцаў будаўнічая арганізацыя асвоіла 43 мільярды рублёў, што прыкладна на трэць больш запланаванага. Нягледзячы на тое, што стабільная работа калектыву напрамую залежыць ад раённай  інвестыцыйнай праграмы, тут пэўна ведаюць шляхі руху наперад, якія занатаваны ў бізнес-плане, што прайшоў узгадненне.
У рэканструкцыі гандлёвых прадпрыемстваў бачыць будучае намеснік старшыні праўлення райспажыўтаварыства Ніна Некрашэвіч. Удзельная вага гэтай арганізацыі ў гандлі раёна – 48 працэнтаў. Да канца года тут плануюць ліквідаваць пэўнае адставанне ў тавараабароце і выйсці на “плюс”.
Характарызуючы становішча спраў у аграпраме, старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч адзначыў станоўчыя зрухі, аднак тэмпы росту валавай прадукцыі сельскай гаспадаркі на 109,7 працэнта (прагноз 105 працэнтаў) назваў недастатковым. Не задавольвае пакуль вытворчасць малака і тэмпы росту пагалоўя буйной рагатай жывёлы. Некаторыя гаспадаркі адстаюць у падрыхтоўцы глебы, унясенні ўгнаенняў, перазалужэнні пашы. Асабліва трывожыць становішча спраў у СВК “Дзятлавіцкі” і СП “Аграграніт”. Акрамя ўсяго іншага, тут не закладзена нармальная кармавая база на зімова-стойлавы перыяд. У адрас кіраўніка “Аграграніта” Віктара Вабішчэвіча прагучала нямала абгрунтаваных папрокаў.
АМАЛЬ 200 ПРАЦЭНТАЎ
да адпаведнага перыяду мінулага года – такі тэмп росту папаўнення раённага бюджэту адзначыў начальнік фінансавага аддзела Леанід Юнчык. Даходы ў раённую скарбонку склалі 324 мільярды 525 мільёнаў рублёў.
Дакладчык падрабязна расказаў аб крыніцах паступленняў і мерах, накіраваных на іх павелічэнне. Нягледзячы на тое, што зараз няма запазычанасці па плацяжах у бюджэт, па-ранейшаму застаецца непагашаным доўг сельгаспрадпрыемстваў раёна па раней узятых пазыках і займах. Сёння гэтая лічба дасягнула 12 108,2 мільёна рублёў.
КОЛЬКАСЦЬ БЕСПРАЦОЎНЫХ
ЗМЯНШАЕЦЦА
Гэта канстатавала начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ірына Семянчэнка. Так, узровень беспрацоўя да эканамічна актыўнага насельніцтва ў Лунінцы складае 0,8, у Мікашэвічах – 1,2 працэнта пры прагнозе 1,6 працэнта.
Актывізавалася стварэнне новых рабочых месцаў. Дзякуючы гэтаму ў Лунінцы працаўладкавана 177, у Мікашэвічах – 231 чалавек. А ўсяго па раёне работу змаглі атрымаць 495 грамадзян.
Цікавым падаўся той факт, што пры падтрымцы ўпраўлення 19 незанятых грамадзян сталі індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Пераважная большасць з іх прайшла навучанне менавіта па накіраванню названай раённай службы.
Закранула дакладчык праблемы ўдзелу ў грамадскіх работах, працаўладкавання так званых абавязаных асоб, увасаблення ў жыццё праграмы “Маладзёжная практыка”, а таксама арганізацыі часовай працоўнай занятасці навучэнцаў і студэнтаў.
У ЛІДАРАХ – ДЗЯТЛАВІЦКІ СЕЛЬВЫКАНКАМ
На гэты раз – па колькасці зваротаў 
у самыя розныя інстанцыі. Менавіта адсюль па выніках 9 месяцаў зафіксавана павелічэнне скаргаў – плюс 5 да адпаведнага ўзроўню мінулага года. 
Увогуле ж, адзначыла начальнік аддзела па зваротах грамадзян Марыя Канановіч, у раёне назіраецца ўстойлівая тэндэнцыя змяншэння колькасці незадаволеных. Менш было зваротаў у Адміністрацыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і аблвыканкам.  
Тых, хто спрабуе вырашыць свае праблемы з дапамогай вышэйстаячых інстанцый, па-ранейшаму хвалююць пытанні жылля і жыллёва-камунальнай гаспадаркі, землекарыстання, гандлю і грамадскага харчавання. Апошнім часам востра абазначылася яшчэ адна праблема – атрыманне крэдытных рэсурсаў на будаўніцтва жылля. Менавіта такія звароты паступілі з Лунінскага, Сінкевіцкага, Чучавіцкага, Вулькаўскага сельсаветаў і г. Лунінца. Адзначаны і рост запытаў, звязаных з выдзяленнем участкаў пад індывідуальнае будаўніцтва.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть