Официально

ПРЫМУСІЦЬ ЗАКОН ПРАЦАВАЦЬ

Пасяджэнне аператыўнага штаба па прафілактыцы пажараў і папярэджанню гібелі ў агні людзей адбылося ў малой зале райвыканкама. Правёў яго намеснік старшыні Аляксандр Цяльпук.

Абмеркаванне звязаных з гэтым шматлікіх праблем выклікана неспрыяльнай сітуацыяй, якая захоўваецца на Лунінеччыне. Летась было зарэгістравана 97 пажараў, у выніку якіх загінулі 15 чалавек. Сёлета вогнеборцы 51 раз выязджалі па трывожных выкліках. У пяці выпадках таксама канстатавалі гібель людзей. Як высветлілася, спыніць “шаленства чырвонага пеўня” не так і проста. Свае меркаванні на гэты конт выказалі начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Арашкевіч, яго намеснік Віктар Гецман, пракурор Віктар Савіч, намеснік начальніка РАУС Сяргей Пахолак, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Тамара Патурай і старшыні сельвыканкамаў. 

Выявіліся факты, якія сведчылі пра тое, што належнага ўзаемадзеяння паміж прадстаўнікамі ўлады на месцах, праваахоўнікамі, выратавальнікамі і работнікамі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне няма. Інакш чым растлумачыць разыходжанне ў колькасці старых вясковых дамоў, ад якіх трэба адключыць электрычнасць? Па словах старшыняў сельвыканкамаў такіх на тэрыторыі Вулькаўскага, Бастынскага, Дзятлавіцкага, Гарадоцкага і некаторых іншых сельсаветаў увогуле няма. Супрацоўнікі РАНС, тым часам, назвалі лічбу 36. Пакуль не вызначаны дакладна спіс сядзіб і іх гаспадароў, якіх прынята адносіць да “групы рызыкі”. У большасці выпадкаў фармальна праводзяцца ў сельвыканкамах пасяджэнні штабоў па прафілактыцы пажараў. Не заўсёды бяруць у іх удзел супрацоўнікі РАНС.

Сёлета на рамонт печаў для састарэлых адзінокіх грамадзян у бюджэце раёна прадугледжана 38 мільёнаў рублёў. Лічба быццам бы і немалая. Ліцэнзію на правядзенне такіх работ мае “Лунінецрамбуд”. Вось толькі рахункі, выстаўляемыя будаўнікамі, растуць не па днях, а па гадзінах. Калі зусім нядаўна ў Бастыні печ адрамантавалі за 5 мільёнаў рублёў, то на рамонт такой жа ў Палескім пайшло 7 мільёнаў. Да таго ж, як высветлілася, бюджэтныя грошы выдаткаваны не такім і абяздоленым людзям: дом мае сучасны выгляд, металічныя ўваходныя дзверы. Бачна што тут зроблены дыхтоўны рамонт. Відаць, бюджэтная дапамога і сапраўды павінна быць больш выверанай і адраснай.

У ходзе абмеркавання закранулі праблему аўтаматычных пажарных апавяшчальнікаў. Імі абсталяваны практычна ўсе дамы састарэлых грамадзян і мнагадзетных сем’яў. Аднак у большасці выпадкаў апавяшчальнікі не працуюць па простай і крыўднай прычыне – выбралі свой тэрмін элементы сілкавання. Сродкі на іх набыццё таксама вырашана выдаткаваць з вышэйпазначанай сумы. 

Дагэтуль непаразуменні выклікае сітуацыя з рамонтам электраправодкі ў дамах адзінокіх састарэлых грамадзян. Летась падобныя скаргі атрымлівала і рэдакцыя “ЛН”. У раёне былі вызначаны дзве арганізацыі, якія маюць права праводзіць гэтую работу – “Кампакт-энерга” і “Лунінецэлектрасервіс”. Аднак заключаць з мі дагаворы ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне не спяшаецца, спасылаючыся на тое, што абедзьве структуры – недзяржаўнай формы ўласнасці. Праўда, і ўзамен нічога не прапаноўваецца. У выніку работа проста не праводзіцца. А няспраўная электраправодка – адна з найбольш частых прычын пажараў у жылых дамах.

У чарговы раз пільная ўвага была звернута на проціпажарную бяспеку інтэрнатаў і драўляных баракаў (такія ёсць яшчэ на балансе ААТ “Лунінецлес”). Тут праблем яшчэ шмат, але яны, на думку А.Я. Цельпука, вырашальныя. Варта толькі мэтанакіравана за гэта ўзяцца. 

Менавіта на мэтанакіраваную работу арыентавала і прынятае сёлета 27 студзеня рашэнне райвыканкама “Аб удасканаленні работы па паляпшэнню проціпажарнага стану жылых дамоў у населеных пунктах раёна”. Дакумент, па прызнанню прадстаўнікоў усіх зацікаўленых службаў, слушны. Застецца толькі прымусіць яго “працаваць”. Паператворчасцю, як вядома, справу не зрушыш.



Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть