Официально

ПРЫСПЕШВАЕ ГАРАЧАЯ ПАРА

Вынікі веснавой сяўбы і ход кормаўборачнай кампаніі былі
разгледжаны на чарговым пасяджэнні райвыканкама, правёў якое старшыня Васіль
Агіевіч.

Як адзначыў галоўны аграном райсельгасхарчу Яўген Багданец,
раннія яравыя збожжавыя і зернебабовыя ў раёне пасеяны на плошчы ў 10 133
гектары, што складае 100 працэнтаў да задання. Амаль усе гаспадаркі правялі
сяўбу на высокім арганізацыйным узроўні. Адначасова дакладчык абазначыў
праблему: некаторымі кіраўнікамі праігнаравана выкананне задання па сяўбе
зернебабовых культур, што аўтаматычна ставіць пад пагрозу ўдзел ва ўсіх
абласных спаборніцтвах.

Адначасова прагучалі папрокі ў тым, што ўнекаторых
гаспадарках пры пасадцы бульбы выкарыстоўвалі насенне нізкіх рэпрадукцый, у той
час як на Палесскай станцыі дагэтуль прапаноўваюць эліту самых запатрабаваных
гатункаў. У СВК “Велута” з запланаваных 44 гектараў эліта пасаджана толькі на
2-х. А 25 гектараў увогуле занялі насеннем бульбы 5-й рэпрадукцыі.

Са спазненнем вядуць сяўбу кукурузы ў СП “Аграграніт”.
Выяўлены ў гаспадарцы шматлікія парушэнні тэхналогіі сяўбы іншых культур. Тут,
а таксама ў СВК Дзятлавіцкі” і “Дварэцкі” дастаткова складанай застаецца
сітуацыя з забяспечанасцю сродкамі абароны раслін . Упускаюць аптымальныя
тэрміны хімпраполкі яравых збожжавых у СВК “Багданаўка” і “Дзятлавіцкі”. Не
хапае фунгіцыдаў у СВК “Новае Палессе”, “Азярніца”, “Лунінскі”, СП
“Аграграніт”.

Прааналізаваны на пасяджэнні і стан лугапашавых угоддзяў.
Перыядычнасць іх абнаўлення ў раёне складае 1 раз у 7 год. Горш за ўсё абстаяць
справы ў “Новым Палессі”, дзе за апошнія 5 год пезалужылі 1182 гектары. А гэта
– палова ад усіх лугапашавых угоддзяў. Прыкладна такое ж становішча ў СВК
“Чучавічы” і КУСП “Міжлесскі”. Строга папярэджаны кіраўнікі гаспадарак, дзе
ігнаруюць заданне па падсеву бабовых і бабова-злакавых траў.

У раёне поўным ходам працуе “зялёны канвеер”. Сёлета
плануецца назапасіць 110 тысяч кармавых адзінак усіх відаў кармоў. З першага
ўкосу мяркуецца “ўзяць” каля 7,5 тысячы тон сена і 98,6 тысячы – сенажу, што
складае каля 80 працэнтаў ад запланаванага. Для забеспячэння паўнацэннай
кармавой базы ў гаспадарках раёна ёсць уся неабходная тэхніка. Калі эфектыўна
яе задзейнічаць, то штодня можна ўбіраць прыкладна 1000 гектараў траў і, такім
чынам, закончыць касавіцу за 20 дзён.

Асаблівую ўвагу рэкамендавана звяртаць на якасць
назапашваемага корму. Мінулы год паказаў, што яна ў раёне пакідае жадаць
лепшага. Даследванні выявілі, што прыкладна чацвёртая частка нарыхтаваных на
зіму кармоў для грамадскага статку былі нізкаякаснымі. Каб палепшыць сітуацыю,
сёлета сянаж і сілас плануецца назапашваць з прымяненнем найноўшага кансерванту
“Лактафор”.

На пасяджэнні былі заслуханы справаздачы старшыняў
праўленняў СВК “Дзятлавіцкі”, “Азярніца”, “Чучавічы”, “Дварэцкі”. Вызначаны
тэрмін для выпраўлення агрэхаў.

П’ЯНСТВА – КРОК ДА ЗЛАЧЫНСТВА

На пасяджэнні разгледжана выкананне ў раёне Закона
Рэспублікі Беларусь “Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў” і
рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы нацыянальных дзеянняў па папярэджанню і
пераадоленню п’янства і алкагалізму.

З інфармацыяй выступіў намеснік начальніка РАУС Аляксандр
Антановіч. Па меркаванню дакладчыка, праблема п’янства і алкагалізму працягвае
хваляваць наша грамадства. Спажыванне спіртных напояў набывае ўстойлівы
характар, нягледзячы на тое, што ў апошні час назіраецца зніжэнне рэалізацыі
алкаголю.

Заўважана тэндэнцыя сувязі паміж ростам зарэгістраваных
злачынстваў і павелічэннем колькасці асоб у стане алкагольнага ап’янення іх учыніўшых.
Сёлета зарэгістравана 248 канфліктаў з законам. У 29-выпадках іх галоўнымі
дзеючымі асобамі сталі п’яныя жыхары раёна.

Прафілактыка п’янства і алкагалізму прадугледжвае цэлы
комплекс самых розных мерапрыемстваў. У рэалізацыі іх, на думку дакладчыка,
важную ролю закліканы адыгрываць прадстаўнікі ўлады на месцах. Аднак на
сённяшні дзень дзейснай сувязі паміж створанымі ў населеных пунктах грамадскімі
пунктамі аховы парадку і сельвыканкамамі няма. Не паступае да праваахоўнікаў з
сельвыканкамаў інфармацыя аб тых, хто вядзе антыграмадскі лад жыцця, асобах,
якія сзлоўжываюць алкаголем ці займаюцца яго саматужным вырабам.

З недаверам успрынялі прысутныя запэўніванне старшыні
Чучавіцкага сельвыканкама, што самагонаварэнне на тэрыторыі ўзначальваемай ім тэрыятэрыяльнай
адзінкі адсутнічае. Лічбы і факты сведчаць пра іншае. З пачатку года ў раёне
выяўлена 32 факты незаконнага вырабу, захоўвання самагону і брагі. Канфіскавана
амаль 400 літраў самаробнай спіртаўтрымліваючай прадукцыі, знішчана 17
самагонных апаратаў, да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 22 грамадзяніны.

У ходзе абмеркавання прагучалі нараканні і на
ўзаемадзеянне з медустановамі. У прыватнасці, на немагчымасць накіраваць на
лячэнне ў наркалагічны дыспансер г. Пінска асоб, злоўжываючых алкаголем. Работу
ў гэтым напрамку вырашана актывізаваць. Разам галоўны ўрач Мікалай Кочык
звярнуў увагу на неэфектыўнасць работы урача-нарколага на выездзе. Спецыяліст
рэгулярна наведвае вёскі раёна, але нярэдкія выпадкі, калі да ўрача не
дастаўляецца ніводзін з патэнцыяльных падапечных. Ды і ўчастковы
оперупаўнаважаны на гэты момант на месцы адсутнічае.

З мэтай прафілактыкі п’янства ў сферы дарожнага руху
распрацаваны цэлы комплекс папярэджваючых мерапрыемстваў. Ці маюць яны плён? З
пачатку года затрымана 138 п’яных вадзіцеляў, за такі ж час летась – 149.
Праваахоўнікі запэўніваюць, што паслабленняў тым, хто рызыкуе садзіцца ў стане
алкагольнага ап’янення за руль, не будзе. Ды і заканадаўства прадугледжвае
дастаткова строгую адказнасць. Яна стала яшчэ больш жорсткай з увядзеннем новай
стаўкі базавай велічыні, якая істотна паўплывала на памер штрафаў.

Асаблівую трывогу выклікае п’янства сярод непаўналетніх.
Сёлета да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне антыалкагольнага
заканадаўства прыцягнуты 11 падлеткаў. Абнадзейваючую нотку ўнёс галоўны ўрач
раёна Мікалай Кочык, які зазначыў, што падлеткі знаходзяцца на прафілактычным
уліку і пакуль на шчасце няма ніводнага, хто б знаходзіўся пад дыспансерным
наглядам. Аднак падстаў для заспакаення гэта не дае. Вырашана працягваць
мэтанакіраваную работу ў плане фарміравання сярод падлеткаў здаровага ладу
жыцця, прафілактыкі правапарушэнняў і г.д.

 У ходзе пасяджэння
быў абазначаны дастаткова жорсткі падыход да кіраўнікоў, якія ігнаруюць
наладжванне дзяжурстваў падначаленых у складзе добраахвотных дружын.

У абмеркаванні пытання бралі ўдзел начальнік аддзела
пракуратуры вобласці Аляксандр Куліч і в.а. першага намесніка начальніка УУС
аблвыканкама Анатоль Стральчэня.

Таццян ПЯТРОВА.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть