Прыстасоўвацца да новых умоў
Официально

Прыстасоўвацца да новых умоў

РайисполкомЧарговае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта яго старшыня Васіль Агіевіч пачаў з аналізу ходу нарыхтоўкі другаснай сыравіны. Як высветлілася, некаторыя ўстановы, прадпрыемствы і арганізацыі наогул не прыступілі яшчэ да гэтай справы, што адмоўна паўплывала на агульны паказчык па раёне. Так, Мікашэвіцкі ўчастак ААТ “Спецрамонт”, БУ-63, ААТ “Лунінецрамбуд”, рыбгас “Лахва”, камбінат хлебапрадуктаў і некаторыя іншыя калектывы не здалі ніводнага кілаграма макулатуры, пластыка і шкла. Да кіраўнікоў будуць прыменены дысцыплінарныя меры аж да скасавання кантракту.

Прынцыповая размова адбылася і пры абмеркаванні вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна і выканання бюджэту за 1 квартал года. Прамысловымі прадпрыемствамі выраблена прадукцыі на 491 мільярд рублёў, што складае 84,2 працэнта да адпаведнага мінулагодняга ўзроўню. Аб’ёмы вытворчасці зніжаны па прычыне падзення яе на РУВП “Граніт” (78,8 працэнта), ААТ “Палессеэлектрамаш” (64,4), “Лунінецлес” (22,1), “Спецжалезабетон” (84,4), рамонтна-механічным заводзе (44,5 працэнта).

Асноўнай праблемай “Граніта” сёння з’яўляецца рост дэбіторскай запазычанасці, якая па выніках квартала перабольшыла 360 мільярдаў рублёў. Адмоўна ўплывае на рабочы рытм і змяншэнне колькасці заказаў з боку будаўнічых арганізацый.

Зніжэнне пакупніцкага попыту не лепшым чынам адбіваецца на і без таго складаным фінансавым становішчы ААТ “Палессеэлектрамаш”. Прадпрыемства працуе ва ўмовах жорсткай канкурэнцыі. Менавіта па гэтай прычыне рэзка ўпалі пастаўкі ў Расію і Украіну. За студзень-люты з канвеера завода сышлі 5,5 тысячы электрарухавікоў. Прададзена толькі 3,4 тысячы, у той час, як на складах знаходзіцца іх больш як 15 тысяч. Няма пакуль належнай аддачы і ад чыгуналіцейнай вытворчасці. Там патрабуецца замена абсталявання. Між тым, сродкаў набыць яго няма. Каб хоць неяк паправіць становішча, сёння спецыялісты завода спрабуюць выйсці з лунінецкай прадукцыяй на рынкі Казахстана.

У складаным становішчы знаходзіцца ААТ “Лунінецлес”. Там прызначаны новы дырэктар. Ім стаў Аляксандр Георгіевіч Гардзіевіч. Сёння прадпрыемства жыве практычна толькі за кошт крэдытаў. У імкненні захаваць калектыў многіх работнікаў перавялі на няпоўны рабочы тыдзень. Аднак, як зазначыў кіраўнік, распрацаваны і паступова рэалізоўваюцца мерапрыемствы фінансавага аздараўлення. Мяркуецца, што па выніках наступнага квартала становішча будзе пераломлена ў бок выхаду з крызісу.

Складанай застаецца і сітуацыя і на рамонтна-механічным заводзе, а таксама некаторых іншых прамысловых прадпрыемствах. У ходзе абмеркавання было зазначана, што ў сённяшніх няпростых умовах кіраўнікам неабходна своечасова карэкціраваць эканамічную палітыку з улікам імклівых змен попыту на прадукцыю.

Што датычыць сельскай гаспадаркі, то тут 10 з 16 сельгасарганізацый забяспечылі ў параўнанні з мінулагоднім рост аб’ёмаў валавай прадукцыі. Аднак заданне выканалі толькі 6 — СВК “Лунінскі”, “Велута”, “Азярніца”, “Рэдзігерава-Агра”, “Хваецкае” і Палеская станцыя. Павялічваецца вытворчасць малака і сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы. Стратнымі па выніках 1-га квартала застаюцца СВК “Гарадоцкі”, “Дварэцкі”, “Азярніца”, філіял “Аграграніт” і КУП “Міжлескае”.

У ходзе пасяджэння прааналізавалі сітуацыю на знешнеэканамічным рынку, у будаўніцтве і інвестыцыйнай дзейнасці. Рост экспартных паставак таварнай прадукцыі па выніках квартала склаў 67 працэнтаў, аднак сальда знешняга гандлю таварамі з лунінецкай маркай за студзень-люты станоўчае — плюс 3 мільёны 620 тысяч долараў ЗША. Прыкметна больш інвесціравана і ў эканоміку раёна — 163 працэнты да ўзроўню мінулага года.

У эксплуатацыю ўведзена 14765 квадратных метраў жылля (заданне — 4050 квадратных метраў), у тым ліку з дзяржаўнай падтрымкай — 4635 квадратных метраў.

Намінальная налічаная сярэднямесячная заработная плата работнікаў раёна склала 4755,8 тысячы рублёў, або 89,6 працэнта да ўзроўню 2014 года.

Сёлета завяршаецца рэалізацыя Дзяржаўнай Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся, разлічанай на 2010-2015 гады.

Па развіццю прамысловага патэнцыялу на Лунінеччыне асвоены ўсе выдзеленыя сродкі. У прыватнасці, на ўзвядзенне 5-ай тэхналагічнай лініі на РУВП “Граніт” затрачана 551,14 мільярда рублёў.

У сацыяльную сферу меркавалася накіраваць 52,5 мільярда рублёў, выканана работ на 50 мільярдаў. Рэалізаваны 6 мерапрыемстваў Праграмы. Так, узведзена школа ў в. Вулька 2, распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на рэканструкцыю стадыёна ў г. Мікашэвічы, пабудаваны падводзячыя газаправоды да аграгарадкоў, заасфальтавана дарога на пад’ездзе да г. Мікашэвічы, пабудавана Мікашэвіцкая АЗС, ліквідаваны ўчастак “Лахва” з наступнай рэкультывацыяй зямельнага ўчастка РУП “Беларуснафта-Брэстаблнафтапрадукт”.

З-за адсутнасці фінансавання не рэалізаваны планы па прыбудове да СШ №1 у г. Лунінцы і ўзвядзенні Дома культуры на 600 месцаў.

Капітальны рамонт аўтадарогі Лунінец-Прыпяць выконваецца па меры выдзялення фінансавых сродкаў. Больш як 110 мільярдаў рублёў асвоены на мерапрыемствах па павышэнню выкарыстання меліяраваных зямель, прыкладна 193 мільярды накіраваны на развіццё сельскай гаспадаркі.

Амаль 13 мільярдаў рублёў затрачана на рэалізацыю мерапрыемстваў па выкарыстанню водных рэсурсаў: пабудавана станцыя абезжалезвання вады ў в. Любань, сістэма водазабеспячэння — у Люшчы, каналізацыйная сетка і водаправод — у Кажан-Гарадку, рэканструяваны ачысныя збудаванні ў Палескім і Лахве.

Больш як 41 мільярд рублёў затрачаны на развіццё турызму, 6 мільярдаў — на мінімізацыю тэхнагеннага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе.

Па 13 мерапрыемствах Праграмы работы не выконваліся па прычыне сезоннасці ці адсутнасці фінансавання.

На працягу мінулага года ў раёне ў межах гэтага дакумента выканана работ на 6,2 мільярда рублёў, што складае больш як 168 працэнтаў да прадугледжаных сродкаў.

Пра тое, як складваецца бюджэт раёна, расказала в.а. начальніка фінансавага аддзела Ала Шаршнёва. Па яе словах, за студзень-сакавік 2015 года ў раённую скарбонку паступіла 135 мільярдаў 404 мільёны 8 тысяч рублёў. Нягледзячы на складанасці, уласныя даходы ў параўнанні з леташнім большыя. Аднак напружанасць у фінансаванні асобных запланаваных расходаў адчуваецца. Менавіта таму ў раёне захоўваецца рэжым строгай эканоміі бюджэтных сродкаў.

НЕ МАРУДЗІЦЬ З ПЕРАВОДАМ НА ПАШАВАЕ УТРЫМАННЕ

Такое патрабаванне прагучала ў ходзе абмеркавання вынікаў зімоўкі буйной рагатай жывёлы і падрыхтоўкі яе да летне-пашавага ўтрымання. Былі заслуханы шэраг кіраўнікоў сельгасарганізацый, дзе марудзяць з пераводам рагуль на пашу. Звернута асаблівая ўвага на мерапрыемствы, якія закліканы зрабіць менш адчувальным пераходны перыяд: ён не павінен адмоўным чынам адбіцца на вытворчасці малака.

У прыватнасці, вырашана на час летне-пашавага ўтрымання стварыць дзейсны зялёны канвеер, а за работай звенняў па догляду за пашай наладзіць строгі кантроль. Узмоцнены ён будзе і за аднаўленнем статка і абавязковым выкананнем даведзеных заданняў па асемяненню кароў і цялушак.

У кожнай сельгасарганізацыі ў бліжэйшы час будуць распрацаваны мерапрыемствы па павышэнню вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі на летне-пашавы перыяд 2015 года. Адначасова ў гаспадарках прааналізуюць гатоўнасць да пачатку корманарыхтоўчага сезона.

***

На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта разгледжаны таксама вынікі ацяпляльнага сезона і задачы па падрыхтоўцы народнагаспадарчага комплексу раёна да асенне-зімовага перыяду 2015-2016 гг.

Начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Раіса Мазырчук расказала аб мерах, якія прымаюцца на Лунінеччыне па вырашэнню сацыяльна-значымых праблем, якія ўзнімаюць людзі ў сваіх зваротах у самыя розныя інстанцыі, і шляхах удасканалення работы з насельніцтвам.

Падрыхтавала Таццяна ВАЙЦЯХОЎСКАЯ



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть