«Пытанні, звязаныя з жыццядзейнасцю насельніцтва, трэба вырашаць у першую чаргу»
Официально

«Пытанні, звязаныя з жыццядзейнасцю насельніцтва, трэба вырашаць у першую чаргу»

Лис

У сераду, 3 лютага, старшыня аблвыканкама Анатоль Ліс правёў прыём грамадзян у Доме Саветаў.

Не сакрэт, што людзі нярэдка ўпэўнены: чым большага рангу чыноўнік — тым лягчэй вырашыць тое ці іншае пытанне. Прыкладна так думалі і жыхары станцыі Дзятлавічы, якія напярэдадні пабываўшы на прыёме ў старшыні райвыканкама Аляксандра Пачко, тым не менш, вырашылі завітаць і да губернатара Анатоля Ліса. І не сказаць, што выпрацаваны разам з Аляксандрам Мікалаевічам алгарытм дзеянняў іх не задаволіў, хутчэй за ўсё, проста хацелася заручыцца падтрымкай старшыні аблвыканкама.

Што ж хвалявала грамадскіх актывістаў з прыгараднай вёскі? Прыкладна год таму на станцыі Дзятлавічы закрылі аддзяленне паштовай сувязі. Як растлумачыла начальнік РВПС Ніна Дударга, зроблена гэта было з эканамічных меркаванняў. Штодня аддзяленне наведвалі ад 4-ох да 16 чалавек. Зразумела, што выдаткі на ўтрыманне пошты аказаліся большымі, чым прыбытак, які тая магла прынесці. Каб не пакінуць вяскоўцаў без запатрабаваных паслуг (праз аддзяленні сувязі многія з жыхароў робяць самыя розныя плацяжы), наладзілі работу перасовачнай пошты. Штодня ў 11.30 на станцыю прыязджала спецыяльная машына, дзе на працягу гадзіны можна было аплаціць “жыроўку”, выпісаць перыёдыку, “пакласці” грошы на мабільнік…

І ўсё б нішто, але чакаць транспарт людзям даводзілася на вуліцы ў любое надвор’е. Да таго ж, камп’ютар, які прывозілі паштавікі, нярэдка даваў збой. Атрымлівалася, што час быў змарнаваны, даводзілася ісці сюды на наступны дзень ці нават некалькі разоў. Людскую незадаволенасць выклікала і тая акалічнасць, што дабротны будынак, у якім да нядаўняга часу размяшчалася пошта, пуставаў. Без людскога вока ён хутка пачне паддавацца часу. “Закрылі ў нас школу, чыгуначны магазін, а цяпер вось і пошту… Нядзіва, што моладзь імкнецца падацца далей ад роднай вёскі”, — горка зазначыла адна з наведвальніц.

Уважліва выслухаўшы довады абодвух бакоў, А.В. Ліс прапанаваў сваё бачанне вырашэння праблемы. Чаму б замест і сапраўды не дужа зручнай для людзей “пошты на колах” не наладзіць работу так званага пункта паштовай сувязі адзін ці два дні ў тыдзень у памяшканні, якое цяпер пустуе? Такую прапанову Анатоля Васільевіча людзі ўспрынялі з прыязнасцю. Так ці інакш, вырашана камісійна праверыць усе акалічнасці справы, у тым ліку і прыдатнасць у сэнсе бяспекі будынка старой пошты для выкарыстання яго па прызначэнню.

Як высветлілася, гэта не адзінае пытанне, з якім дэлегацыя з чатырох чалавек вырашыла звярнуцца да А.В. Ліса. Турбавала іх і неабходнасць абсталявання прыпыначнага пункта з павеццю, дзе можна было б схавацца ад непагадзі, на маршруце школьнага аўтобуса. Адпаведныя службы атрымаюць рэкамендацыю зрабіць гэта ў месцы, дзе ў чаканні транспарту збіраецца найбольш дзетвары. А вось ладзіць аўтобусныя зносіны паміж станцыяй Дзятлавічы і аднайменнай вёскай прызнана немэтазгодным. Тым больш недазваляльна выкарыстоўваць для такіх мэт школьны аўтобус: ён абавязаны перавозіць толькі вучняў.

Справядлівасці дзеля варта адзначыць, што кожную з просьбаў кіраўнік вобласці выслухоўваў цярпліва, імкнучыся ўнікнуць у сутнасць праблемы. Не пакінуў без увагі і просьбу ў дні вялікіх праваслаўных святаў наладжваць падвоз да царквы вернікаў, якія жывуць на прыкметнай аддаленасці ад храма. Зразумела, што транспарт гэты будзе небясплатным. А вырашаць праблему па меры яе ўзнікнення даручана мясцоваму сельвыканкаму.

Прагучала пытанне і пра тое, ці рэальна аднавіць на Лунінеччыне правадное радыё? На жаль, вярнуць радыёкропкі, да якіх так прывыклі вяскоўцы, сёння магчымасці няма. Анатоль Васільевіч зазначыў, што правадное радыё паступова ліквідавана па ўсёй краіне. Давядзецца задавольвацца FM-прыёмнікамі, якія працуюць ад электрычнай сеткі.

З разуменнем аднёсся кіраўнік да сетэнцый жыхароў станцыі Дзятлавічы наконт адсутнасці прыдарожнага кафэ. Практыка развіцця прыдарожнага сервісу сведчыць, што займаюцца ім у асноўным прыватныя прадпрымальнікі. Вось і ў гэтым выпадку вырашана прапанаваць мясцовым бізнесменам заняць вольную нішу: па дарозе на Ганцавічы і сапраўды кропак гарачага харчавання няма.

Беспадстаўнымі назваў кіраўнік вобласці трывогі жыхароў станцыі Дзятлавічы, выкліканыя зменай статуса населенага пункта. Цяпер ён будзе насіць назву вёска Станцыя Дзятлавічы. Такія новаўвядзенні выкліканы тым, што ў Нацыянальным кадастравым агенцтве вызначэнне “станцыя” адсутнічае наогул. Ёсць “вёска”, “горад”, “аграгарадок”… Зразумела, што ніхто не будзе прымушаць жыхароў мяняць пашпарты ці запісы ў іх. А вось калі давядзецца афармляць дакументы на зямлю ці нерухомасць, то ў іх абавязкова паявіцца новая назва населенага пункта.

На гэтым пытанні ад дзятлаўчан вычарпаны не былі. Адна з вясковак выказала незадаволенасць тым, што разам з прыродным газам не дазваляюць карыстацца звадкаваным. Як высветлілася, звычныя чырвоныя балоны захавалі многія з жыхароў, абсталяваўшы газавыя пліты на звадкаваным паліве ў прыстасаваных памяшканнях ці так званых летніх кухнях. Старшыня аблвыканкама нагадаў, што “блакітнае паліва” прыйшло ў вёску не без падтрымкі дзяржавы. Жыхары аплацілі 30 працэнтаў затрат, астатняе ўзяла на сябе дзяржава. Дык навошта ж прымушаць яе несці выдаткі па дастаўцы звадкаванага газу туды, дзе ёсць прыродны? Што да балонаў, то іх у вяскоўцаў выкупляе мясцовая газавая гаспадарка. Калі ж без такога паліва нельга абысціся аніяк, то ў гандлі ёсць невялікія 25-кілаграмовыя ёмістасці для звадкаванага паліва. Іх набываць насельніцтву можна без усялякага абмежавання. Зразумела, што і клапаціцца пра тое, каб яны не пуставалі, давядзецца самастойна.

Растлумачылі візіцёрам перспектыву абсталявання цэнтральнага водаправода. Усе гэтыя работы выконваюцца за сродкі саміх жыхароў, для чаго абавязкова трэба стварыць кааператыў індывідуальных забудоўшчыкаў.

Чытачы, мабыць, ужо зразумелі, што прыём старшыні аблвыканкама нагадваў дыялог, падчас якога закраналіся самыя розныя бакі жыцця. У ходзе размовы не пакінулі без увагі культуру. Варта спадзявацца, што ў далейшым жыхароў в. Станцыя Дзятлавічы больш актыўна будуць далучаць да майстэрства самадзейных артыстаў.

На працягу пэўнага часу не можа вырашыць сваю праблему адзін з жыхароў Лунінца. Яго дом на ўездзе ў райцэнтр звяртаў на сябе ўвагу яшчэ на стадыі будаўніцтва. Ужо тады было бачна, што гэта не жылое памяшканне, а гандлёвая кропка з вялікімі вокнамі-вітрынамі. Так яно і аказалася, хаця набываў участак гаспадар пад будаўніцтва і абслугоўванне жылога дома. Пасля таго, як работы былі завершаны, грамадзянін звярнуўся за дазволам перавесці жылое памяшканне ў нежылое, каб адкрыць у ім магазін па продажу будаўнічых матэрыялаў. І атрымаў ад мясцовых улад адмову. Свой вердыкт кампетэнтныя службы растлумачылі апасеннямі ў адносінах бяспекі іншых грамадзян. Згодна з генпланам, пад’езд да цэнтральнага ўваходу з боку ажыўленай аўтатрасы, якая знаходзіцца на адлегласці 25 метраў і па якой у суткі праходзіць каля 1800 аўтамабіляў, і тым больш абсталяванне там стаянкі для аўтатранспарту не прадугледжвалася.

У індывідуальнага прадпрымальніка на гэты конт былі свае довады, якія ён падмацаваў перанесеным на паперу планам размяшчэння дома і надворных пабудоў, з дапамогай якога спрабаваў растлумачыць А.В. Лісу ўласнае бачанне вырашэння праблемы. У прыватнасці, прагучала запэўніванне ўладальніка дома ў тым, што ён гатовы ўладкаваць стаянку ў двары. І ўсё ж упэўненасці ў тым, што наведвальнікі магазіна будуць заязджаць па ўказальніках у аддалены дваровы закуток, каб пакінуць там машыну, чамусьці няма. Так ці інакш, усе нюансы справы даручана вывучыць спецыяльнай камісіі, якая вынесе прапановы і рэкамендацыі наконт пазначанай прыватнай гандлёвай кропкі. І калі яны не будуць перашкаджаць яе адкрыццю, то абавязкова знойдуць адлюстраванне ў адпаведным дагаворы.

Досыць заблытанай, як і большасць маёмасных спраў, паўстала праблема, з якой да старшыні аблвыканкама А.В. Ліса звярулася жыхарка в. Лунін. Гаворка ішла аб зямельным участку ў 62 соткі, з якога гаспадары “вычленілі” надзелы ў 25 і 10 сотак для сваіх сыноў. Пасля гэтага бацькам засталося 27 сотак. Але колькі год таму надзел стаў яшчэ меншым. Сельвыканкамам было прынята рашэнне забраць 6 сотак пад землі агульнага карыстання. Ніякіх праваўстанаўліваючых дакументаў на зямлю (маецца на ўвазе пасведчанне аб рэгістрацыі зямельнага ўчастка) жанчына не прадставіла. Анатоль Васільевіч растлумачыў, што ў выпадку ўзнікнення зямельнай спрэчкі канчатковую кропку можа паставіць толькі суд. Разам з тым, ён параіў удзельнікам з абодвух бакоў — сельвыканкаму і адной асобна ўзятай сям’і — паспрабаваць вырашыць праблему мірным шляхам. Магчымасці для гэтага ёсць, а вось ці выкарыстаюць іх бакі — пакажа час.

Упэўнена, не кожны ведае, што на Берасцейшчыне ёсць грамадскае аб’яднанне “Заказнікі Брэсцкай вобласці”, у якое ўваходзяць запаведныя мясціны і нашага раёна. Больш таго, менавіта гэтае аб’яднанне з’яўляецца ўладальнікам альтэрнатыўнай крыніцы энергіі — станцыі на сонечных батарэях, якая размешчана ў Бярозаўскім раёне. Станцыя — дадатковая крыніца фінансавых паступленняў для грамадскага аб’яднання, бо электраэнергію, якая тут выпрацоўваецца, набываюць у тым ліку і электрасеткі Баранавіцкага раёна. Вось толькі ў цане сёлета прадавец і пакупнік не сышліся. На думку кіраўніка вобласці, гэта якраз той выпадак, калі і насамрэч неабходна ўмяшальніцтва старшыні аблвыканкама. Несумненна, кропкі над “і” будуць расстаўлены правільна.

Пасля таго, як завяршыўся прыём грамадзян, Анатоль Ліс адказаў на пытанні журналістаў. У дачыненні да толькі што завяршыўшагася мерапрыемства Анатоль Васільевіч адзначыў яго дастаткова высокую запатрабаванасць. А яшчэ — той факт, што такія сустрэчы з людзьмі дапамагаюць адчуваць іх паўсядзённыя праблемы, ведаць болевыя кропкі рэгіёна. “Прыём можна лічыць эфектыўным, калі 80 працэнтаў узнятых пытанняў знаходзяць вырашэнне. Больш таго, пытанні, звязаныя з жыццядзейнасцю насельніцтва, трэба вырашаць неадкладна, у першую чаргу”, — сказаў А.В. Ліс. Менавіта ў гэтым накірунку ён пажадаў раённым уладам дзейнічаць больш рашуча.

У гэты ж дзень адбылася сустрэча старшыні аблвыканкама Анатоля Ліса з кіраўнікамі прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый раёна. Прааналізаваўшы работу прамысловай галіны, а таксама сферы будаўнічай і жыллёва-камунальнай гаспадарак Лунінеччыны, кіраўнік вобласці назваў асноўныя прыярытэты сённяшняга дня, якія вызначыў трыма кароткімі і ёмістымі словамі: “Экспарт. Інвестыцыі. Занятасць”. Менавіта яны павінны вызначаць накірунак дзейнасці ўсіх працоўных калектываў.

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть