Официально

«Работай трэба даражыць!»

бостынь 02

Такое меркаванне, агучанае старшынёй райвыканкама Аляксандрам Пачко на “Дні адкрытага пісьма” ў Бастыні, як ніколі, дапасуе да нашай рэчаіснасці. Усе мы хочам жыць з дастаткам, але часам забываем вельмі важную аксіёму: “Як працуем – так і маем”.

Хаця ў тым, што мясцовы люд не прывык лайдакаваць, сумнявацца не даводзіцца. У мяне было некалькі хвілін да пачатку мерапрыемства, каб прайсціся па цэнтральнай вуліцы аграгарадка. Прыгожая, адносна чыстая, у абрамленні высокіх дрэў, якія дарылі ледзь адчувальную прахалоду ад ліпеньскай спякоты. Школа, дзіцячы сад, царква, помнік ахвярам вайны, амбулаторыя… Багата кветкавых кампазіцый. Незвычайную фантазію праяўляюць і прыхільніцы народнай творчасці, якія падрыхтавалі выставу ў фае Дома культуры. Сустрэла работы ткацтва, вышыўкі гладдзю і крыжыкам Таццяны Герасімовіч, Юліі Дырман, Таццяны Вайтовіч, Надзеі Лынша. Вяскоўцы дружна спяшаліся на сустрэчу з прадстаўнікамі ўлады, каб вырашыць набалелыя пытанні. Але, перш чым атрымаць на іх адказы, слова перад землякамі трымаў старшыня сельсавета Фёдар Рашэцкі.

У падведамасную тэрыторыю ўваходзяць 10 населеных пунктаў – аграгарадкі Бастынь і Велута, вёскі Люшча, Навасёлкі і Вышні, хутары Замошша, Занавін-скае, Крывяч, Падбалоцце і Тожава. Прычым, у апошніх чатырох ужо ніхто не пражывае… У астатніх жа налічваецца 1069 гаспадарак. З 2696 чалавек 1504 – працаздольнага ўзросту, 725 – пенсіянеры. Зразумелую трывогу выклікае дэмаграфічная сітуацыя. Статыстыка за апошняе 10-годдзе сведчыць: у сярэднім па сельсавету рэгіструюцца 30 нараджэнняў і 60 смерцяў. Асабліва скарачаецца насельніцтва ў Бастыні (з 2011-га – на 166 вяскоўцаў), у асноўным – за кошт натуральнага змяншэння пажылых людзей і моладзі, якая едзе на вучобу, а пасля застаецца ў буйных гарадах.

Належная ўвага надаецца 60 мнагадзетным сем’ям, 46 – няпоўным, 13 – тым, у якіх сыны і дачушкі знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. У спіс маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў уваходзіць 51 прозвішча жыхароў сельсавета. За апошнія 5 год уведзена ў эксплуатацыю 8 жылых дамоў. Па ўзгадненню з Лунінецкай ЖКГ, памяшканне былога комплексна-прыёмнага пункта ў Бастыні арандуе прыватнае прадпрыемства “Каменны Двор”, якое прадастаўляе рытуальныя паслугі, па рамонце адзення і цырульні. У цяперашні час шукаюць ініцыятыўных прадпрымальнікаў у Велуце, дзе таксама ёсць незадзейнічаны КПП.

Вяскоўцы трымаюць прывычную гаспадарку – кароў, коней, коз, свіней, авечак, пчоласем’і. Маюць нядрэнныя надзелы зямлі і тэхніку для яе апрацоўкі.

У населеных пунктах сельсавета на 100 працэнтаў выконваюцца дзяржаўныя сацыяльныя стандарты, у тым ліку па вулічнаму асвятленню, водазабеспячэнню і водаадвядзенню, гандлёваму, медыцынскаму і адукацыйнаму абслугоўванню, транспартных зносінах, дарожнай сетцы. Падрабязна расказаў Фёдар Міхайлавіч пра работу па добраўпарадкаванню і навядзенню парадку на зямлі. Прагучалі прозвішчы дбайных гаспадароў – Уладзіміра Зылевіча, Міхаіла Арабей, Святланы Бунас, Мікалая Макоўскага і іншых. Дарэчы, некаторых ведаю асабіста. І, трэба прызнацца, сапраўды з іх можна браць прыклад для пераймання. Больш таго, у адну шарэнгу з імі паставіла б і Таццяну Цяльпук, чыё старанне таксама навідавоку. Праўда, псуюць малюнак участкі, якія мяжуюць з яе агародам. Заросшыя бур’яном, яны вабяць толькі вужоў. Уласнікі – каго ўжо няма, а каму абыякава. Летась жанчына сама наводзіла парадак, сёлета звярталася за дапамогай у сельсавет. На жаль, безвынікова. Спадзяюся, просьбу Ф.М. Рашэцкі не пакіне без увагі. Дакладчыка дапоўнілі загадчыца Бастынскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Ірына Шаўчук, дырэктар сярэдняй школы Яраслаў Койка, участковы інспектар міліцыі Віталь Канапацкі. Кожны з іх не хаваў як станоўчых момантаў у сваёй дзейнасці, так і на-дзённых праблем.

Выступленне начальніка РАНС Мікалая Арашкевіча, які заклікаў людзей захоўваць правілы пажарнай бяспекі, паводзін падчас купання, дало старт дыялогу вяскоўцаў і гасцей. Адзін са шляхоў на Белае возера якраз пралягае праз вуліцу Лясную ў Бастыні. Жыхары цікавіліся, калі дачакаюцца ці яе добраўпарадкавання, ці большай абмежаванасці хуткасці руху транспартных сродкаў. Начальнік ДРБУ-101 Аляксандр Трухноў паведаміў, што з-за недахопу фінансаў гаворкі пра асфальтаванне ісці не можа. Тым не менш, стан вуліц у населеных пунктах сельсавета застаецца на кантролі дарожнай службы. Акрамя таго, да вырашэння праблемы далучаць супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі.

Тлумачэнне па маршрутах прыгарадных аўтобусаў напрамкамі Лунінец – Малыя Чучавічы і Лунінец – Лугі даў начальнік ад-дзела перавозак аўтапарка №10 Аляксандр Самусевіч. Расклад іх руху пакінулі без змяненняў. Просьбу аб павелічэнні колькасці выездаў з аднаго да двух разоў у тыдзень урача Бастынскай амбулаторыі ў Велуту паабяцаў вывучыць намеснік галоўнага ўрача УАЗ “Лунінецкая ЦРБ” Анатоль Баран. Па яго словах, гэта праблема цесна звязана з недахопам кадраў. Хочацца верыць, што яе ўдасца вырашыць з прыходам маладых спецыялістаў. Пытанні якасці пітной вады, падключэння да цэнтральнага водаправода знаходзяцца ў кампетэнцыі начальніка водаканала Аляксандра Радзіяновіча, які атрымаў даручэнне разабрацца ў спрэчнай сітуацыі. Дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Лунінецкім раёне Жанна Ліхтар вымушана, на жаль, адмовіць у выплаце кампенсацыі за страту ўраджаю, які знішчыў град у Велуце. Пасевы агародніны ў нашай краіне не страхуюцца. Турбуе вяскоўцаў і якасць мабільнай сувязі. Яна, па словах прадстаўніка аператара МТС Алены Волчык, у бліжэйшай перспектыве абавязкова палепшыцца. Упэўнена, знойдзецца станоўчае вырашэнне праблем выдзялення пашы для выпасу грамадскай жывёлы, нарыхтоўкі сена, ачысткі меліярацыйных каналаў у раёне Палетка.

бостынь 04 бостынь 03 бостынь 01

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть