Официально

Размеранае жыццё Рэдзігерава

Нязвыклай цішынёй сустрэў гэты аграгарадок. Яно і зразумела: разгар працоўнага дня. Але вуліцы бязлюднымі не былі: хто бульбу збіраў у мяшкі на ўласным падворку, хто ішоў у магазін за прадуктамі, а хто вёз туды металалом. З ганка мясцовай школы даносіліся галасы дзетвары. Разам з інспектарам РАНС Міхаілам Нікалаевічам накіраваліся ў Рэдзігераўскі сельсавет.

– Вось аб’ехаў тэрыторыю, зрабіў новыя фотаздымкі, – адразу ўвёў у курс спраў Валерый Лусевіч. – У лютым праходзіў маніторынг па добраўпарадкаванню з удзелам спецыялістаў цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, зямельнай службы і інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У наш адрас былі пэўныя заўвагі і рэкамендацыі. Недахопы выправілі, рыхтую справаздачу.

А тым часам у кабінеце старшыні збіралася аглядная камісія па праверцы супрацьпажарнага стану жылых дамоў на падведамаснай тэрыторыі. Звычайна ў яе склад уваходзяць прадстаўнікі органаў мясцовай улады, школы, дзіцячага сада, урачэбнай амбулаторыі і іншых арганізацый. Зазір-нуў на хвілінку і дырэктар СДК Валерый Брэзін (на верхнім здымку), якога кіраўнік спраў сельвыканкама Дзіна Паўлоўская пахваліла за энтузіязм і вялікае жаданне працаваць з моладдзю. Яе словы Валерый Фёдаравіч удакладніў аповядам:

– Куды моладзі ісці па вечарах? Піць піва і курыць разам? Нават няхай не думаюць! У нас весела! Праводзім шмат мерапрыемстваў. У танцавальнай зале паставілі тэнісны стол. Пагуляць у пінг-понг прыходзяць як малодшакласнікі, так і падлеткі. Разам з вучнямі 9-11 класаў (гэта яны – мае самыя галоўныя памочнікі) навялі парадак у кабінеце: пашпаклявалі сцены, пафарбавалі, павесілі цюль і шторы. Хутка тут паявяцца парты, зможам яшчэ больш дзейсна весці работу. Захапленняў у дзетвары хапае: гурткі “Сцэнічнае майстэрства”, “Юны турыст”, “Юны гітарыст” (уразіла, як хутка авалодаў інструментам Кірыл Дземідовіч), “Мастацкае чытанне”, “Юны канферанс’е”, а таксама аматарскія аб’яднанні: “Вакальны”, “Камп’ютарныя тэхналогіі ў музыцы”, “Настольны тэніс” і “Здаровы лад жыцця”. У планах на будучае – паставіць у Доме культуры більярдны стол і праводзіць гульні па гэтым відзе спорту. А пакуль арганізоўваем канцэрты мастацкай самадзейнасці, дыскатэкі. Так, у сакавіку прайшлі ўжо конкурс чытальнікаў вершаў, выстава малюнкаў, акцыя “Па дарозе жыцця і веры”. Засталася ў памяці гледачоў канцэртная праграма “Жанчыны – кветкі”, прымеркаваная да дабрачыннага збору сродкаў на лячэнне Дзімкі Канановіча. Удзельнічалі ў ёй як нашы артысты, так і госці з Чэрабасава і Лахвы. Усе сродкі ад продажу білетаў перадалі бацькам хворага хлопчыка. Адгукнуліся на бацькоўскі заклік калектывы дзіцячага сада, ПУСП “Рэдзігерава-Агра”, многія жыхары Рэдзігерава.

– Цяпер часта звяртаюцца вяскоўцы з пытаннем пра выдзяленне сотак для пасадкі бульбы, – заўважыў стараста аграгарадка Анатоль Цапук. – На інфармацыйным стэндзе побач з будынкам сельгаспрадпрыемства яго адміністрацыя размясціла аб’яву. Там падрабязна паведамляецца пра ўмовы атрымання ўчасткаў і аплату работ. Дарэчы, цэны засталі-ся мінулагоднія, збор жадаючых вядзецца да пачатку красавіка.

– Кіраўніцтва сельскагаспадарчага прадпрыемства заўсёды ідзе на супрацоўніцтва, – дадаў старшыня сельсавета Валерый Лусевіч. – Ведаем, што няпроста ў эканамічным плане зараз калектыву. Лічаць тут кожную капейку, але ў дапамозе людзям не адмаўляюць.

– А яшчэ ў нас будуецца храм у гонар іконы Божай Маці “Казанская”, – заўважыла кіраўнік спраў Дзіна Паўлоўская. – Узво-дзіцца за кошт дабрачынных ахвяраванняў. Ужо заказалі іканастас, ідзе ўнутраная аддзелка. Наперадзе – столя, падлога і ганак. Спатрэбіцца добраўпарадкаваць прылягаючую тэрыторыю. Усе мы спадзяемся, што першая служба ў новай царкве пройдзе 22 ліпеня.

Гэтыя і іншыя пытанні (пустуючыя дамы, стан дарог, аварыйныя дрэвы, парадак на могілках) абмяркоўваліся на сакавіцкай сесіі. У рамках аб’яўленага месячніка па добраўпарадкаванню створана рабочая група, перазамацаваны тэрыторыі, вызначаны аб’ёмы таго, што трэба зрабіць. Дарэчы, 1 красавіка ў нас адбудзецца суботнік. У адзінай звязцы на агульны вынік працуюць старасты, кіраўнікі арганізацый і ўстаноў. Ды што мы ўсё ў кабінеце сядзім?! Давайце пакажам, паехалі ў Флярова!

Першы дом, куды завіталі, належыць мнагадзетнай сям’і. Праўда, хлопчыкі і дзяўчынкі пэўны час знахо-дзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы. На кухні сустрэлі гаспадыню, побач – каляска з малышом. А гаспадар чамусьці адпачываў (на гадзінніку – час абеда), хаця нідзе не працуе. Камісія адзначыла чысціню ў пакоях, праверыла спраўнасць аўтаномных пажарных апавяшчальнікаў. А вось падворак трэба прывесці ў належны выгляд. Зараз ён нагадвае сметнік: дошкі, блокі, металічныя трубы. Але і гэты малюнак не ішоў ні ў якае параўнанне з тым, што чакала нас па наступным адрасе. Як аказалася, вялікі дом, пабудаваны некалі па прэзідэнцкай праграме, належыць працаўніку сельгасарганізацыі. Мужчына жыве сам, шмат часу ўдзяляе любімай рабоце, таму займацца хатнімі справамі ў яго не атрымліваецца. Каля ганка – непатрэбныя рэшткі адзення і палкі, акно пад дахам, аблюбаванае птушкамі, – без рамы, у калідоры – старая шафа са смеццем (іншага слова проста не падбяру), кухня ды і іншыя пакоі даўно не бачылі не тое, што мокрай анучы, а нават веніка.

Мы зазірнулі яшчэ па некалькіх адрасах, пабывалі ў адзінокіх састарэлых, адзінока-пражываючых грамадзян. І ўражанне засталося самае добрае. Акрамя таго, паспелі завітаць у Рэдзігераўскую школу на бацькоўскі сход. Тут інспектар РАНС Міхаіл Нікалаевіч нагадаў вяскоўцам аб правілах пажарнай бяспекі, для прафілактыкі паказаў невялікія фільмы аб няшчасных выпадках, якія здараюцца па няўважлівасці дарослых ці з-за дзіцячых свавольстваў. А завяршыла сваю работу аглядная камісія ў доме Дзімкі Канановіча з Манасеева (на здымку). Бацькі якраз вярталіся з райцэнтра, а маленькая Мілана з брацікам былі пад наглядам свайго дзядзькі Аляксея. Старшыня сельсавета ўручыў хлопчыку фрукты. Малыш   з задавальненнем пачаў каштаваць мандарын. Дарэчы, слушнымі падаліся папрокі мясцовых жыхароў наконт транспартных зносін. Дабрацца з Манасеева ў абодва гарады складана. Рэйсавы аўтобус напрамкам “Лунінец – Барсукова” курсіруе толькі па панядзелках, серадах, пятніцах і нядзелях. У астатнія дні людзі звяртаюцца з просьбай да тых, у каго ёсць асабісты аўтамабіль. І сцвярджаюць, што да райцэнтра плацяць 25 рублёў, да Мікашэвіч – 20.

– Урэшце, у горадзе гранітаздабытчыкаў жывуць індывідуальныя прадпрымальнікі, у якіх ёсць ліцэнзія на перавозку людзей, – канстатаваў Валерый Лусевіч. – Магчыма, з дапамогай раёнкі нам удасца наладзіць супрацоўніцтва. Для дыялогу мы адкрыты!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть