Официально

Шанц ёсць заўсёды

Брестский облисполком

Нягледзячы на тое, што папярэдне выказала жаданне вырашыць свае праблемы з дапамогай намесніка старшыні аблвыканкама Віктара Сакоўскага параўнаўча невялікая колькасць грамадзян, пытанні яны ўзнімалі няпростыя. Нямала часу патрабавалася для таго, каб разабрацца ў хітраспляценнях праблемы адной з гараджанак. Зразумелае, на першы погляд, жаданне палепшыць жыллёвыя ўмовы ўрэшце абярнулася галаўным болем і для ўлад, і для аднаго асобна ўзятага чалавека.

Скасаваўшы шлюб, сям’я прадала кватэру. На сваю частку атрыманых грошай гаспадыня набыла дом у цэнтры Лунінца. Стары і без выгод, ён патрабаваў рамонту. Па словах заяўляльніцы практычна адначасова яна пачала рамонтныя работы, заліўшы падмурак для прыбудовы,і звярнулася ў райвыканкам за дазволам на правядзенне рэканструкцыі жылога памяшкання. Ужо на гэтым этапе В.Я. Сакоўскі заўважыў парушэнне, адзначыўшы, што маючы непасрэднае дачыненне да сферы будаўніцтва, лунінчанка не магла не ведаць: распачынаць работы без поўнага пакета дазваляльных дакументаў і, у першую чаргу, без праекта, забаронена.

Парушэнні на першапачатковым этапе дапусцілі і работнікі архітэктуры, што ў далейшым пацягнула шлейф непаразуменняў. Як вобразна выказаўся Віктар Яўгенавіч, “умудрыліся зрабіць другі крок, не зрабіўшы першага”. Урэшце кропкі над “і” былі расстаўлены. Жанчыне растлумачылі, што прывесці ўсё ў адпаведнасць з заканадаўствам давядзецца ў любым выпадку. А значыць, хоць і са спазненнем, трэба ўзяць у райвыканкаме дазвол на выраб праектна-каштарыснай дакументацыі, вырабіць яе, узгадніць у архітэктуры, атрымаць дазвол на правядзенне самой рэканструкцыі і толькі пасля гэтага завяршыць распачатае.

Вядома, ніхто не будзе закрываць вочы на парушэнне, якім з’яўляецца самавольнае будаўніцтва. Улічваючы гэта, трэба спадзявацца, што новы этап работ — пракладка вода- і каналізацыйных сістэм да старога дома, пра якія заявіла на прыёме жанчына, — будзе выкананы больш адказна, дакладна і галоўнае — у адпаведнасці з патрабаваннямі нарматыўных дакументаў.

Жыллёвае пытанне хвалюе і аднаго з жыхароў в. Бараўцы. Мнагадзетная сям’я з трыма дзецьмі туліцца ў старым доме. Ведаючы, што пазначаная акалічнасць дае права разлічваць на дапамогу дзяржавы, гаспадар у гэтай жа вёсцы нагледзеў падыходзячы па ўсіх параметрах дом і звярнуўся за субсідыяй. Аднак у дзяржаўнай матэрыяльнай дапамозе яму адмовілі. Чаму?

Як высветлілася, у Лунінецкім раёне ў чарзе на атрыманне субсідый ці рэалізацыі права скарыстацца льготным крэдытам для паляпшэння жыллёвых умоў значацца 355 мнагадзетных сем’яў. Нягледзячы на тое, што Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь уведзена часовая забарона на пастаноўку на чаргу маючых патрэбу ў ільготных крэдытах на паляпшэнне жыллёвых умоў, пэўныя фінансавыя цяжкасці застаюцца. I менавіта яны не дазваляюць рэалізоўваць планы так хутка, як хацелася б. Таму сёлета субсідыі ці льготныя крэдыты атрымалі некалькі сем’яў, якія сталі на чаргу ў 2010 годзе.

Жыхар Бараўцоў заявіў пра сваё жаданне палепшыць жыллёвыя ўмовы таксама прыкладна ў гэты ж час, але ў чарзе вышэй пазначаная сям’я — 284-ая. “Шанц ёсць заўсёды, — адзначыў В.Я. Сакоўскі. — Будзем спадзявацца, што сітуацыя палепшыцца, і вы здолееце рэалізаваць сваё права хутчэй, чым гэта бачыцца сёння”.

У той жа дзень В.Я. Сакоўскі сустрэўся з калектывам ПМК-7, пабываў на міні-ТЭЦ, а ў Мікашэвічах наведаў цэх па перапрацоўцы рыбы, узводзімы на базе рыбгаса “Лахва”.

Таццяна Вайцяхоўская



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть