Официально

Школы чакаюць званка

РайисполкомЯк паведаміў начальнік раа Іван Раковіч, сёлета на Лунінеччыне будуць працаваць 69 навучальных устаноў. З іх 33 — сярэдняй, 27 — дашкольнай, 1 — спецыяльнай (цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі) і 3 — дадатковай адукацыі.

За парты сёлета сядуць 8974 школьнікі, што на 66 больш, чым летась. Прыкладна на адзін клас павялічылася колькасць першакласнікаў, якіх будзе 939. Вынікам аптымізацыі можна лічыць той факт, што, пачынаючы з 1 верасня 2015 года, на Лунінеччыне не будзе ніводнай школы з колькасцю вучняў менш як 50 чалавек. Сярэдняя напаўняльнасць класаў складае 15,3 вучня. Гэта менш, чым сярэднеабласны паказчык. Істотна ўплываюць на яго Дубаўская, Краснавольская, Вулькаўская 1 і некаторыя іншыя школы, дзе гэтая лічба вагаецца ад 4,9 да 10,7 вучня.

Усе дзеці з вёсак, дзе няма школ, цэнтралізавана падвозяцца да месцаў навучання, а самі школы, як і дашкольныя ўстановы, гатовы прыняць выхаванцаў. На іх рамонт сёлета зрасходавана больш як паўмільярда рублёў. Ільвіная доля — выдаткі з раённага бюджэту. З найбольш затратных работ дакладчык назваў аднаўленне даху на Вулькаўскай 1 СШ, касметычны рамонт кабінетаў у гэтай, а таксама Вялуцкай, Дзятлавіцкай, Міжлескай, Лобчанскай і іншых школах і садках. Прыводзячы факты, Іван Міхайлавіч падзякаваў бацькам, а таксама фундатарам, чый уклад у справу вельмі важны. Расказаў кіраўнік адукацыйнага ведамства і пра тое, што на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі ў мясцовым бюджэце прадугледжана больш як 3 з паловай мільярда рублёў, асвоена — амаль паўтара мільярда.

Як і штогод, вялікая ўвага надаецца арганізацыі гарачага харчавання дзетвары. Яго атрымаюць усе вучні школ і выхаванцы дашкольных устаноў.

Актуальнай застаецца праблема набыцця мэблі, адпавядаючай росту дзяцей, а таксама той, якая павялічвае зручнасць работы за камп’ютарам.

Па словах І.М. Раковіча, усе ўстановы адукацыі ўкамплектаваны педагагічнымі кадрамі. Аднак па-ранейшаму не хапае выкладчыкаў хіміі, фізікі і матэматыкі, а таксама педагогаў-псіхолагаў і сацыяльных.

Старшыня райвыканкама звярнуў увагу на тое, што заработная плата ў адукацыі раёна — адна з самых нізкіх у вобласці і складае 3 мільёны 897 тысяч рублёў, у той час, як на Брэстчыне, гэтая лічба складае 4 мільёны 484 тысячы, у рэспубліцы — 5 мільёнаў 37 тысяч рублёў. Аляксандр Мікалаевіч прапанаваў знаходзіць рэзервы павелічэння настаўніцкіх заробкаў, асабліва тых педагогаў, якія працуюць самааддана і вынікова.

Прагучалі ў ходзе пасяджэння і іншыя лічбы. У прыватнасці, падчас падрыхтоўкі да новага навучальнага года дзяржаўная матэрыяльная дапамога была аказана 370 сем’ям, у якіх выхоўваюцца 974 школьнікі. На гэтыя мэты зрасходавана амаль 392 мільёны рублёў. Штомесячная дапамога малазабяспечаным і мнагадзетным сем’ям перавысіла 90 мільёнаў рублёў. У падтрымку падрыхтоўкі дзяцей да школы праведзены 4 акцыі, у ходзе якіх у сем’і накіравана яшчэ амаль 25 мільёнаў рублёў. Трэба спадзявацца, што ўсе дзеткі сустрэлі 1 верасня ў святочным настроі поўнасцю гатовымі да школы.

 



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть