Официально

Сіла ў тым, каб адчуць сябе гаспадаром

Кажан-Гарадок – мая родная вёска. Заўсёды радуюся сустрэчы з землякамі, таму і “Дзень адкрытага пісьма”, які ладзіўся тут на мінулым тыдні, стаў для гэтага асаблівай нагодай. Тым больш, як меркавалася, гаворка павінна была ісці не столькі аб набытках, колькі аб праблемах.

Менавіта на гэта арыентаваў сабраўшыхся ва ўтульнай зале мясцовага Дома культуры старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Рафаловіч. Праўда, з даклада старшыні сельвыканкама Івана Зубко спачатку даведацца аб гэтых праблемах было складана. Пазней Іван Карпавіч усё-такі адзначыў, што яго, як і многіх землякоў, турбуе лёс безгаспадарчых сядзіб, распаўсюджванне алкагалізму сярод мясцовых жыхароў, пытанні пажарнай бяспекі, добраўпарадкаванне вуліц і дарог, прывядзенне ў належны выгляд могілак і многія іншыя праблемы. Але ж па традыцыі пачаў сваё выступленне  з расказу пра населеныя пункты сельсавета, якіх 6 – аграгарадок Кажан-Гарадок, вёскі Дрэбск, Цна, Бабы, Падмарочная і Аборкі. Прызнацца, думала, што тры апошнія ўжо зніклі з карты Лунінеччыны. Ажно – не. Невялікая колькасць жыхароў ёсць і там, што парадавала.

Сельсавет не самы вялікі, але ў Кажан-Гарадку – больш як 1670 жыхароў, у Дрэбску – 909, у Цне – 441… Вёскі жывуць і развіваюцца, нягледзячы на тое, што ў апошняй колькі часу таму закрылі школу. Дэмаграфічная сітуацыя па-ранейшаму трывожыць: летась на тэрыторыі сельсавета нарадзілася 25 малышоў, а пайшлі з жыцця 53 чалавекі. Прыкладна трэцяя частка ад агульнай колькасці пражываючых – пенсіянеры, з якіх 187 дасягнулі 80-гадовага ўзросту. Асаблівы гонар – мнагадзетныя сем’і, якіх сёння 41.

Да паслуг жыхароў – 4 магазіны райспажыўтаварыства з багатым асартыментам тавараў, кафэ, 3 аддзяленні сувязі, 2 ФАПпы і амбулаторыя, участковая бальніца з аддзяленнем рэабілітацыі, 2 школы і дзіцячы сад, адзяленне “АСБ “Беларусбанк”, Дом культуры, клуб, бібліятэка-клуб… Ёсць нават дзіцячая школа мастацтваў.

Рысы цывілізаванасці надаў населеным пунктам прыход прыроднага газу. Пакладзены новыя водаправодныя сеткі. Спакваля ўвасабляецца ў жыццё праграма навядзення парадку на зямлі. Больш гожымі становяцца падворкі вяскоўцаў. А вось жыўнасці на іх, на жаль, усё менш. Памятаю, што яшчэ год 10 таму статак кароў з падворкаў бліжэйшых да бацькоўскага дома вуліц у Кажан-Гарадку налічваў больш як 60 галоў. Сёння іх столькі  на ўсе тры вялікія вёскі… Тым не менш, Іван Зубко шчыра падзякаваў старшыню мясцовай сельгасарганізацыі – дзяржаўнага прадпрыемства “Гарадоцкі” – за дапамогу людзям у вя-дзенні асабістых падсобных гаспадарак.

На сходзе трымаў слова і кіраўнік “Гарадоцкага” Аляксандр Епішка, які расказаў, што зараз тут працуе 209 чалавек. Вытворчасць арыентавана на выпуск прадукцыі жывёлагадоўлі. Разам з тым, па-ранейшаму культывуецца элітнае насенне зерневых культур. Ёсць сортаўчастак. З пяці з паловай тысяч гектараў сельгасугоддзяў 3,5 тысячы – ворная зямля, бал якой невысокі – усяго 22. Аднак і гэта, упэўнены Аляксандр Епішка,   дазваляе пры ўмелым гаспадаранні мець нядрэнныя кармы, высокія надоі і сярэднясутачныя прывагі жывёлы, прыкметна большую за мінулагоднюю ўраджайнасць культур на палях. Пакуль жа задавольвае далёка не ўсё. Але Аляксандр Мікалаевіч з асаблівай удзячнасцю гаварыў пра людзей, якія могуць і ўмеюць працаваць. Менавіта з іх падтрымкай мараць аднавіць былую славу “Гарадоцкага”.

Тых, хто шчыруе на палях і фермах, у зале было няшмат – больш пенсіянераў ды занятых, так бы мовіць, у невытворчай сферы. Аднак пытанні яны задавалі тыя, што хвалююць усіх. Летась да новай малочна-таварнай фермы №5 у Кажан-Гарадку паклалі асфальтаванку, добраўпарадкаваўшы дарогу да павароту на Ракітна. Далей да гэтай вёскі і Вічына – гравійка, якую з вясны да восені не паспяваюць грэйдзіраваць. Дарога карыстаецца папулярнасцю ў аўтамабілістаў, таму людзей, зразумела, цікавіла, ці варта спадзявацца на тое, што і ўчастак да Вічына будзе заасфальтаваны. Адказваючы на гэтае пытанне, начальнік ДРБУ-101 Аляксандр Трухноў зазначыў, што Гарадоцкі сельсавет цяжка аднесці да занядбаных. Вось і названы ўчастак дарогі сёлета плануецца заасфальтаваць. Работы, па словах кіраўніка, будуць выкананы ў 3-ім квартале бягучага года.

Тут жа з залы пачулася новае пытанне: ці няма ў планах дарожнікаў добраўпарадкавання вуліцы Мірановіча ў Кажан-Гарадку? Гэта – раён новай забудовы. Жывуць тут у асноўным маладыя сем’і, у якіх падрастаюць дзеці. Адказваючы на пытанне, Аляксандр Мікалаевіч даў тлумачэнні і па абсталяванню пешаходнай дарожкі ад цэнтра аграгарадка да сярэдняй школы, пра што прасілі вяскоўцы. Ён адзначыў, што ўвогуле асфальтаванне сёння – справа дастаткова дарагая. І калі глядзець на ўсё рэальна, то больш разумна замест уладкавання пешаходнай дарожкі заасфальтаваць тую ж вуліцу Мірановіча. Кіраўнік дарожнай службы выказаў спадзяванне, што гэта ўдасца зрабіць у бліжэйшыя 2-3 гады.

Пыталіся на сустрэчы пра магчымасць падвозу ў Кажан-Гарадоцкую школу дзетвары з вёскі Цна. Пераважная большасць хлопчыкаў і дзяўчынак сёння з дапамогай школьнага аўтобуса дабіраюцца на вучобу ў Дварэц. Сярод іх нямала тых, хто, магчыма, аддаў бы перавагу навучальнай установе ў родным сельсавеце, але ў Кажан-Гарадоцкай СШ аўтобуса няма. Ці ўдасца набыць яго сёлета – вялікае пытанне. Тым не менш, начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Цяльпук не губляе аптымізму: транспарт мясцовай школе патрэбен і пры наяўнасці фінансаў яго абавязкова набудуць.

Скардзіліся мясцовыя жыхары і на якасць вады з цэнтральнага водаправода. Праблема і сапраўды ёсць, прычым не толькі на вуліцы Рачной, адкуль паступіла скарга. Калі пракладвалі новыя сеткі, работнікі “Водаканала” пераконвалі, што вада ў Кажан-Гарадку будзе чысцюткая. Спачатку яна і сапраўды не выклікала нараканняў, але прайшло няшмат часу, і з многіх кранаў названай, а таксама вуліц Цнянская, Праход, Цяплічная цяпер цячэ струмень з рыжымі шматкамі ды не вельмі прыемным пахам. Паведамленне пра тое, што такая вада адпавядае ўсім патрабаванням СанПіНа, людзі сустрэлі скептычна. Так ці інакш, але падчас правядзення сходу сітуацыя палепшылася. Ці надоўга?

Абнадзейваючым для тых, хто пакуль не мае гэтай выгоды, прагучала паведамленне дырэктара “Водаканала” Аляксандра Ра-дзіяновіча пра намер працягваць работы па праграме “Чыстая вада”. Згодна з ёй, да 2019 года запланавана ў Кажан-Гарадку пракласці яшчэ 7,5 кіламетра водаправодных сетак, што павялічыць іх агульную працягласць у населеным пункце да прыкладна 20-ці кіламетраў.

Магчымасцю тэлефанізаваць катэджную забудову ў Цне і атрымаць доступ у сусветнае павуцінне цікавіліся жыхары вуліцы Калінковіча. Ды і ўвогуле да начальніка раённага вузла электрасувязі Ігара Шурпіка было нямала пытанняў. Нават пасля завяршэння сустрэчы некаторыя вяскоўцы не спяшаліся яго адпускаць. Адказы і тлумачэнні ён даваў у прыватнай гутарцы.

Было шмат іншых пытанняў, якія сведчылі, што жывуць у вёсках Гарадоцкага сельсавета людзі, якія не прывыклі лайдакаваць. Ведаю, што многія з іх  не губляюць гаспадарскай жылкі. Таму і пыталіся пра тое, ці варта спадзявацца на дапамогу дзяржаўнага прадпрыемства ў абмалоце вырашчаных на прысядзібных участках збожжавых, на што Аляксандр Епішка запэўніў, што без увагі вяскоўцы не застануцца. Куды не зможа трапіць габарытная тэхніка “Гарадоцкага”, накіруюць больш “вёрткі” камбайн сортаўчастка.

– Чаму ніхто не скажа пра тое, што ўжо 7 дзён без вады і цяпла сядзяць дзеці ў Дрэбскай школе-сад? – голас з залы не дапускаў кампрамісаў. Гэта аднак не паставіла ў тупік раённыя ўлады. Прагучала запэўніванне, што падача цяпла ўжо адноўлена. У бліжэйшы час у кранах не час ад часу, а пастаянна будзе вада. Сёння над канчатковым вырашэннем гэтай праблемы мэтанакіравана працуюць не толькі гаспадарчая група раа, але і спецыялісты “Водаканала”.

Некаторых з жыхароў Дрэбска не задавольваў графік руху смеццеўборачнага транспарту. Камунальная служба атрымала даручэнне перагледзець яго з тым, каб зрабіць больш зручным для насельніцтва. А вось пра тое, каб вярнуць на вуліцы населенага пункта кантэйнеры, гаворка не ідзе.

“На карандаш” узята і заўвага наконт нядобраўпарадкаванасці тэрыторыі каля Дрэбскага магазіна. Гэтае месца можна лічыць цэнтрам населенага пункта, і тое што ён мае далёка не лепшы выгляд, гонару не дадае.

Было шмат іншых, больш дробных пытанняў і прапаноў. Нягледзячы на асобныя выпады, наэлектрызаванасці ў зале не адчувалася. Жыхары Кажан-Гарадка ведаюць, што ім ёсць за што быць удзячнымі дзяржаве. І, перш за ўсё, за тое, што па камфортнасці і даступнасці выгод пражыванне тут практычна не адрозніваецца ад гарадскога. Хіба можна было марыць пра гэта яшчэ 10 год таму?

Вядома ж, не ўпусціла магчымасці спытаць у землякоў пра ўражанне ад сустрэчы. У цэлым яно станоўчае. Адзінае, пра што прасілі вяскоўцы, своечасова паведамляць праз раённую газету пра падобныя мерапрыемствы і тое, дзе размешчаны скрыні для пытанняў. Магчыма, толькі тым, што такая інфармацыя не дайшла да жыхароў, можна было растлумачыць невялікую колькасць зададзеных загадзя пытанняў, якіх было ўсяго 5.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть