Смецце не на вуліцы, смецце – у галаве
Официально

Смецце не на вуліцы, смецце – у галаве

рейд экоЯшчэ засталася ў некаторых людзей дрэнная звычка – смяціць вакол сябе. Нельга сказаць, што людзі неахайныя: сябе і жыллё ўтрымліваюць у парадку. Але вось што датычыць агульнай прасторы – пад’езда, двара, вуліцы, вёскі, горада – адносіны вызначае абыякавасць. Тут справа зусім не ў восеньскім лістападзе і частых снегападах, хоць і яны не ўпрыгожваюць двары і вуліцы, справа ў самым сапраўдным смецці. Гэта значыць, справа ў нас саміх, у нашым стаўленні да падтрымання чысціні, у нашай бытавой культуры.
Хтосьці ва ўпор не заўважае спецыяльных скрыняў, а кідае фанцікі, акуркі, бутэлькі, пакеты, паперу проста на зямлю. Трапляюцца «разумныя індывіды», для якіх данесці да кантэйнера пакеты са смеццем – ніжэй за іх «годнасць». Ставяць іх дзе-небудзь за вуглом або зусім кідаюць каля пад’езда. Потым бадзячыя сабакі ды нахабныя каты, адчуўшы пах яды, ірвуць гэтыя пакеты і расцягваюць бруд па дварах.
Некаторыя аўтамабілісты робяць не лепшым чынам. Ім у цяжкасць везці смецце да кантэйнера, хай лепш яно гніе на абочыне ці ў 100 метрах ад палігона. Менавіта такія малюнкі назіралі галоўныя спецыялісты раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандр Шкут і Мікалай Ванюк падчас рэйду па Лунінскім сельсавеце.
– Падобныя выезды ў розныя кропкі раёна ажыццяўляем рэгулярна, – расказвае Аляксандр Васільевіч. – На гэты раз асаблі-вую ўвагу нададзім парадку на прылягаючых тэрыторыях і на саміх міні-палі-гонах, могілках, цэнтральных вуліцах і прысядзібных участках, у тым ліку прасочым, каб грамадзяне не палілі траву і сухую расліннасць. Менавіта на тэрыторыі гэтага сельсавета днямі падчас выпальвання травы згарэў жыхар Вулькі 1. За нядбайнасць і парушэнне парадку будзем складаць пратаколы і выносіць штраф.
Шкада, што людзей трэба прывучаць да парадку такімі непапулярнымі мерамі, але інакш нельга. Вось пад’ехалі да могілак у Вульцы 1. Перад самым уваходам – смецце. У той жа час непадалёк на спецыяльна абсталяванай пляцоўцы знаходзіцца кантэйнер, ён паўпусты.
Забягаючы наперад, адзначу, што ў Луніне, Палескім і Лобчы з кантэйнерамі – поўны парадак і вакол чыста. Дык няўжо іншым цяжка зрабіць два лішнія крокі, каб вынесці адходы ў адведзенае месца? Каля палігонаў ЦКА таксама ўсюды сустракаліся карціны, якія не радавалі вока: за 50-100 метраў да звалкі – дадатковыя сметнікі. І нават, нягледзячы на гэта, бульдазерыст Лунінецкай ЖКГ Віталь Чарнюк, які якраз працаваў на Лунінскім міні-палігоне, аптымістычна адзначыў:
– Ужо шосты год за-дзейнічаны на прывядзенні ў парадак палігонаў. І трэба сказаць, культуры ў нашых людзей прыбаўляецца год ад года. Раней навакольныя тэрыторыі паблізу спецыяльна вызначаных участкаў для вывазу смецця былі забруджаны на сотні метраў так, што нельга было паставіць нагу. Уезд на сам палігон таксама завальвалі хламам. Той, хто нават і хацеў бы праехаць і выгрузіць смецце як след, проста не мог гэтага зрабіць. Зараз сітуацыя памянялася ў лепшы бок. Галоўнае, каб кожны ўсвядоміў, што жыць у чысціні значна прыемней.
Цяжка не пагадзіцца з Віталем Кузьмічом. Бо як ні круці, а пачынаць трэба з сябе – тады, глядзіш, і іншыя падцягнуцца. Дарэчы, ёсць такое асабістае назіранне: дзе чыста, там народ саромеецца нешта кідаць, але варта з’явіцца смеццю – людзі тут жа ла-дзяць звалку. Як не ўспомніць прафесара Прэабражэнскага – разруха не на вуліцах, разруха ў галовах.
Рэйды будуць працягвацца.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть