Официально

СПЕЕ НА ПОЛІ КОЛАС

У гаспадарках раёна заканчваецца падрытоўка да галоўнага хлебаробскага экзамена – жніва.
Стан гатоўнасці да ўборкі ураджаю збожжавых быў разгледжаны на пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта, якое правёў яго старшыня Васіль Агіевіч.
Сёлета ў раёне пасеяна 10090 гектараў азімых і 10806 гектараў яравых зерневых культур. Чакаецца, што дасць клін не менш як 64 тысячы тон збожжа. На думку галоўнага інжынера райсельгасхарчу Віктара Краўчанкі, сёння ёсць усе падставы для таго, каб спадзяванні спраўдзіліся. Наладжаны належны догляд за пасевамі, завяршаецца рамонт зернеўборачных камбайнаў, якіх у раёне 119. Хоць сёння гатовы выйсці ў поле 114 адзінак тэхнікі, рамонт астатніх пяці завершыцца ў бліжэйшы час. Непасрэдна ва ўборцы хлеба сёлета будуць задзейнічаны 99 камбайнаў. Сярэдняя нагрузка на камбайн – 210 гектараў.
У якасці станоўчага прыкладу была прыведзена падрыхтоўка да жніва ў СВК “Багданаўка”, “Хваецкае”, “Велута”, “Дварэцкі”, “Новае Палессе”, “Чучавічы”.Ёсць недахопы ў СВК “Лунінскі”, “Гарадоцкі”, “Дзятлавіцкі”, “Рэдзігераўскі”, філіяле “Лобчанскае” ААТ “Лунінецкі малочны завод” і СП “Аграграніт”.
Першы намеснік старшыні аблсельгасхарчу Валянцін Зайчук звярнуў увагу на неабходнасць весці работы ў комплексе, не выпускаючы з-пад увагі стан пасеваў рапсу, а таксама агародніны, асабліва – бульбы.
Пэўную незадаволенасць работай “зялёнага канвееру” выказаў старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч. “Травы ў гаспадарках добрыя, тэхнікі дастаткова, а работа па нарыхтоўцы кармоў не ўсюды наладжана бездакорна”, – зазначыў Васіль Міхайлавіч. Справаздачу давялося трымаць кіраўнікам “Дзятлавіцкага”, “Рэдзігераўскага”, “Гарадоцкага” сельгаскааператываў, а таксама КУП “Міжлесскае”.
ДАРОГА, ЯКАЯ ТОІЦЬ НЕБЯСПЕКУ
Стан дарожна-транспартнага траўматызму дагэтуль выклікае трывогу. Меры, якія прымаюцца для таго, каб папярэдзіць бяду на дарогах, не заўсёды даюць жаданы эфект.
Нягледзячы на тое, што аварыйнасць на дарогах сёлета трымаецца на мінулагоднім узроўні, падстаў для заспакаення няма. Па словах начальніка аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі РАУС Аляксандра Антановіча, сёлета зарэгістравана 13 ДТЗ, у якіх 3 чалавекі загінулі, 14 – паранены. Вынікам няспыннай работы дзяржаўтаінспектараў стала прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне Правілаў дарожнага руху амаль 5,5 тысячы чалавек. За кіраванне транспартам у нецвярозым стане затрыманы 202 вадзіцелі, 1340 грэбавалі хуткасным рэжымам.
Акрамя гэтага, галоўны дзяржаўтаінспектар закрануў у сваім выступленні праблемы выпуску на лінію няспраўнай тэхнікі, допуску да работы вадзіцеляў і механізатараў, якія не маюць права кіраваць тэхнікай, а таксама прааналізаваў стан вуліц і дарог у населеных пунктах раёна.
Больш падрабязна – у інтэрв’ю Аляксандра Антановіча нашай газеце ў бліжэйшым нумары “ЛН”.

ЗА ЎТУЛЬНАСЦЬ І ЧЫСЦІНЮ
Многія населеныя пункты раёна за апошні час непазнавальна змяніліся, набыўшы гожы выгляд. Работа па добраўпарадкаванню і паляпшэнню санітарна-экалагічнага стану не спыняецца, таму няма нічога дзіўнага, што яе ход сістэматычна аналізуецца на пасяджэннях райвыканкама. На гэты раз было вырашана прааналізаваць, як выконваецца мінулагодняе рашэнне па навядзенню парадку.
Па словах галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Аляксандра Дубініча, зроблена нямала. Аднак шмат і праблем. Датычылі яны парадку на міні-палігонах, куды дастаўляюцца камунальныя адходы, а таксама рэкультываваных былых сметнікаў. Не перададзеныя пад крыло лясгаса і не засаджаныя дрэўцамі тэрыторыі зноў засмечваюцца неахайнымі прыватнымі гаспадарамі.
Нараканні прагучалі ў адрас старшыняў Лахвенскага, Вулькаўскага, Гарадоцкага, Дварэцкага сельвыканкамаў і Мікашэвіцкага гарвыканкама. Тлумачыць недахопы давялося дырэктарам Лунінецкай і Мікашэвіцкай ЖКГ. Яскравым пацверджаннем слоў сталі фотаздымкі, зробленыя на тэрыторыі названых сельсаветаў.
Удзел у абмеркаванні пытання брала першы намеснік галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача вобласці Таццяна Корчык.

“АДНО АКНО” – ДЛЯ ЗРУЧНАСЦІ НАВЕДВАЛЬНІКАЎ
Як працуе знакаміты прынцып работы са зваротамі грамадзян у Багданаўскім, Бастынскім, Дварэцкім і Лахвенскім сельвыканкамах? Адказ на гэтае пытанне дала спецыяльная камісія райвыканкама, якая працавала ў названых структурных падраздзяленнях.
З яе вывадамі пазнаёміў кіраўнік спраў Аляксандр Грамыка. Адзначыўшы несумненныя станоўчыя зрухі ў рабоце з людзьмі (адсутнасць чэргаў, аператыўнасць у вырашэнні самых розных пытанняў, зручны для наведвальнікаў графік работы, дзяжурства па суботах, наяўнасць дакладнай і зразумелай інфармацыі і г.д), ён назваў і недахопы. Галоўны з іх – недастатковы кантроль за работай па заяўляльнаму прынцыпу “адно акно”. Гэтая акалічнасць і стала прычынай пэўных хібаў у рабоце з грамадзянамі.
На пасяджэнні райвыканкама прааналізавана таксама роля раённай газеты “Лунінецкія навіны” ў фарміраванні адзінай інфармацыйнай палітыкі рэгіёна.
Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть