Официально

Спыніць на рызыкоўнай мяжы

Райисполком

Падставай для правядзення семінара з мэтай актывізацыі ўзаемадзеяння зацікаўленых структур у справе прафілактыкі правапарушэнняў і злачынстваў у падлеткавым і маладзёжным асяродку сталі звесткі пра тое, што на Лунінеччыне з пачатку года прыкметна павялічылася колькасць непаўналетніх, якія ўступілі ў канфлікт з законам. Па колькасці крымінальных спраў, дзе галоўнымі фігурантамі сталі падлеткі, раён займае сумнае лідарства ў вобласці. Што трэба зрабіць для таго, каб сітуацыю выправіць? Адказ на гэтае пытанне ў ходзе нарады шукалі прадстаўнікі ўлады, праваахоўных органаў, педагагічных калектываў, медыцыны.

Па словах сакратара камісіі па справах непаўналетніх пры райвыканкаме Вольгі Калугінай, у 2015 годзе зарэгістравана 27 злачынстваў з удзелам падлеткаў, за 2 месяцы сёлета – ужо 12, што на 7 фактаў больш, чым за такі ж перыяд летась. Па-ранейшаму сярод іх пераважаюць крадзяжы. Да звычайных сёлета дадаліся два выпадкі, у якіх “акселераты” выкарыстоўвалі камп’ютарную тэхніку. Трывожыць і той факт, што з пачатку года заўважаны рост злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам у маладзёжным асяродку наркатычных рэчываў: калі летась у студзені-лютым такіх не было ўвогуле, то сёлета выяўлена 4 выпадкі.

У ходзе нарады асаблівая ўвага была звернута на, так бы мовіць, падлеткавы злачынны рэцыдыў. Так, 15 леташніх кра-дзяжоў (гэта больш як 55 працэнтаў) учынілі 7 хлопцаў, якія знаходзяцца на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС. А значыць, абгрунтавана можна лічыць, што работа з імі, калі і праводзіцца, то на фармальным узроўні. І якое звяно яшчэ дае збой у выхаваўчым ланцужку, сёння дакладна выявіць складана. Больш таго, стала вядома, што з ІСН ва ўстановы адукацыі не заўсёды паступаюць звесткі, што той ці іншы іх выхаванец трапіў у поле зроку праваахоўнікаў. Па гэтай прычыне педагагічныя калектывы не могуць адразу рэагаваць на прыкры негатыў. Горш таго, пра ліхія прыгоды падапечных настаўнікам, здараецца, становіцца вядома толькі тады, калі з раённага аддзела Следчага камітэта прыходзіць запыт на характарыстыку ці якія іншыя патрэбныя дакументы.

Зрэшты, абмяжоўвацца толькі папрокам у адрас работнікаў ІСН наўрад ці варта. Не памылюся, калі скажу, што многія класныя кіраўнікі дакладна ведаюць, на якія “подзвігі” здольны іх нядобранадзейныя выхаванцы ці нават асобныя групоўкі. Дарэчы, 14 злачынстваў летась учынена менавіта ў групах. Практыка сведчыць, што далёка не ўсе іх удзельнікі – страшэнныя парушальнікі. Ёсць звычайныя вучні з зусім звычайных сем’яў. І тады ўзнікае заканамернае пытанне: ці ўсё зроблена для таго, каб своечасова паўплываць на паводзіны такіх саступіўшых з роўнай дарогі падранкаў?

Улічваючы тое, што вялікая колькасць злачынстваў і правапарушэнняў летась учынена навучэнцамі прафесійна-тэхнічных каледжаў, з асаблівай увагай слухалі выступленне на семінары сацыяльнага педагога з політэхнічнага каледжа Ірыны Некрашэвіч. Пра тое, з якім кантынгентам даводзіцца мець справу тамтэйшым выкладчыкам, сведчаць факты. Штогод на вучобу сюды разам з іншымі прыходзяць прыкладна 30 юнакоў і дзяўчат, якія стаяць на ўліку ў ІСН, а сярэдні бал атэстатаў паступіўшых нярэдка не перавышае 4. Тым не менш, тут, як запэўніла Ірына Генадзьеўна, рады кожнаму навучэнцу, і кожнага стараюцца не пакінуць без увагі. А зрабіць гэта зусім няпроста. Ёсць складанасці ў кантактах з бацькамі, ды і самі выхаванцы ў большасці сваёй жывуць у інтэрнаце, што таксама не самым лепшым чынам уплывае на наладжванне кантролю за іх паводзінамі.

Тым не менш, рукі не апускаюць. Кожны з навучэнцаў ведае: у каледжы ўзялі за правіла не ўтойваць факты парушэнняў. Больш таго, штогод да 15 прыкрых выпадкаў выяўляюць самі педагогі. Пра іх таксама адразу ж становіцца вядома не толькі бацькам, але і інспекцыі па справах непаўналетніх. Гэта дысцыплінуе. Частыя госці ва ўстанове адукацыі і самі прадстаўнікі сілавых ведамстваў. Шматлікія гутаркі, сустрэчы, “круглыя сталы”, семінары, бацькоўскія сходы праходзяць з іх непасрэдным удзелам. Плённыя стасункі наладжаны з пінскімі клубам “Равеснік”  і арганізацыяй “Маці супраць наркотыкаў”.

Зрэшты, у дастаткова мэтанакіраванай рабоце таксама дае пра сябе ведаць слабое звяно. На адсутнасць належнага ўзаемадзеяння з педагогамі школ, дзе раней вучыліся сённяшнія выхаванцы каледжа, указаў намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Захаркевіч. Як высветлілася, пры падачы дакументаў усе абітурыенты прадстаўляюць шаблонныя характарыстыкі, якія ім выдаюць у школах. Рэальны дакумент можна атрымаць толькі тады, калі дакладны запыт адрасуе сам каледж. Гэтая, здавалася б, бяскрыўдная акалічнасць перашкаджае з першых дзён звярнуць асаблівую ўвагу на тых, хто насамрэч мае ў гэтым патрэбу.

Пракурор раёна Аляксандр Карлюк падзякаваў работнікам каледжа за крэатыўны падыход да, здавалася б, звычнай і вядомай справы  выхавання падлеткаў. Тым не менш, асаблівай болевай кропкай ён назваў інтэрнат установы, прапанаваўшы падумаць над тым, каб абсталяваць тэрыторыю відэаназіраннем.

Прынцыповым быў падыход намесніка старшыні райвыканкама Анатоля Захаркевіча да аналізу работы інспекцыі па справах непаўналетніх РАУС. Перад начальнікам інспекцыі Вадзімам Каржаневічам былі пастаўлены вострыя пытанні. Як наладжана работа са школамі і каледжамі? Як ідзе абмен інфармацыяй? Ці “адпрацоўваюцца” з удзелам работнікаў інспекцыі месцы, дзе любіць збірацца моладзь?

Пракурор Аляксандр Карлюк звярнуў увагу на тое, што галоўная задача інспекцыі не столькі рэагаваць на злачынствы і парушэнні, беручы пад асобы кантроль паводзіны «праштрафіўшыхся» падлеткаў, колькі імкнуцца папярэдзіць гэтыя непажаданыя антыграмадскія праявы. А для гэтага, перш за ўсё, трэба наладзіць надзейнае ўзаемадзеянне ўсіх звенняў прафілактыкі – ад сям’і і грамадства  да адукацыі і праваахоўнікаў.

На семінары прагучала прапанова стварыць мабільную групу, якая магла б мэтанакіравана сачыць за тым, ці захоўваецца ў раёне прадпісанне праводзіць дыскатэкі да 23.00 і ўвогуле звярнуць увагу на тое, хто і ў якой колькасці наведвае гэтыя мерапрыемствы.

Адабральна ўспрынялі ўдзельнікі семінара вестку пра тое, што пасяджэнні раённай камісіі па справах непаўналетніх перыядычна будуць выязнымі. І пачаць вырашана з сельсаветаў, дзе назіраецца рост падлеткавай злачыннасці  – Дварэцкага, Дзятлавіцкага і некаторых іншых.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть