Официально

СУПРАЦЬСТАЯЦЬ АТРУЦЕ

Міжнародны дзень барацьбы з наркотыкамі, пэўна,
прадвызначыў уключэнне ў парадак дня чарговага пасяджэння райвыканкама аналіз
прымаемых мер па папярэджанню фактаў вырошчвання на тэрыторыі раёна маслічнага
маку і канаплі і разгляд праводзімай работы па прафілактыцы ВІЧ-інфекцыі,
наркаманіі і венерычных захворванняў.

Па словах начальніка РАУС Уладзіміра Рыбака, сітуацыя
застаецца дастаткова трывожнай. Летась за незаконнае вырошчванне
наркаўтрымліваючых культур складзена 18 адміністрацыйных пратаколаў у Лунінцы,
Лахве, Засценку, Моршчынавічах, Ракітна, Луніне, Бродніцы, Сітніцы, Лобчы,
Палескім і Язвінках. Сёлета складзена 4 адміністрацыйныя пратаколы і ўзбуджана
4 крымінальныя справы. З пачатку года выяўлена 15 злачынстваў па лініі
незаконнага абароту наркотыкаў.

Рэгулярна праводзіцца спецыяльная аперацыя “Мак”, у якой
задзейнічаны не толькі праваахоўнікі, але і работнікі лясгаса, ЖКГ,
сельвыканкамаў. Што да апошніх, то Уладзімір Рыбак адзначыў адсутнасць
належнага з імі кантакту. За ўвесь час ад прадстаўнікоў улады на месцах не
паступіла ніводнага сігналу аб асобах, якія пераступаюць закон, высяваючы мак
ці канаплю, хаця ў вёсках пра іх ведаюць многія. На гэта старшыня райвыканкама
Васіль Агіевіч заўважыў, што галоўная хвароба некаторых чыноўнікаў –
абыякавасць. Тое, што факты вырошчвання маку ці канаплі выяўляюцца без удзелу
старшынь сельвыканкамаў, сведчыць, што яны проста не могуць упраўляць сітуацыяй
на месцах. І гэта не будзе пакінута без рэагавання.

Прааналізавана работа па прафілактыцы распаўсюджвання
наркаманіі ў школа і ва ўстановах культуры. У якасці станоўчага прыкладу была
прыведзена напрацоўкі ў гэтым накірунку політэхнічнага каледжа. Асабліва
падкрэслена тая акалічнасць, што паведамленне пра факты выяўлення прыахвочвання
школьнікаў ці навучэнцаў да наркатычнай атруты ніякім чынам не будзе ўплываць
на станоўчы імідж установы, а толькі дапаможа дзейсна змагацца з заганай.

Намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цяльпук
асаблівую ўвагу звярнуў на неабходнасць закрываць падвалы і гарышчы
шматкватэрных дамоў, дзе могуць ладзіць прытоны аматары зелля. Вырашана таксама
правесці спецыяльны інструктаж з работнікамі ЖКГ на прадмет выяўлення пасадак
маку і канаплі.

Акрамя гэтага, у раёне будзе прынята спецыяльная праграма
супрацьдзеяння распаўсюджванню наркатычных і псіхатропных рэчываў.

ГАЛОЎНЫ ХЛЕБАРОБСКІ ЭКЗАМЕН

Так нярэдка называюць жніво. Яго папяховасць у вялікай
ступені залежыць ад гатоўнасці сельскагспадарчай тэхнікі да гэтай адказнай
кампаніі.

Сёлета належыць убраць 23 821 гектар зерневых і
зернебабовых і 3300 гектараў рапсу. Для гэтага ў раёне ёсць 102 камбайны. З іх
– 12 новых, набытых у лізінг. Мяркуецца, што на палі сёлета выйдуць не менш як
100 агрэгатаў. Нагрузка на камбайн дастаткова стракатая. Найбольшая яна ў
Багданаўцы – 350 гектараў ад адзінку тэхнікі. Самая спрыяльная сітуацыя па
забяспечанасці камбайнамі – на Палескай станцыі. Тут на адзінку тэхнікі
прыходзіцца 149 гектараў. Такія лічбы прывёў галоўны аграном райсельгасхарчу
Яўген Багданец.

У ходзе абмеркавання пытання гатоўнасці тэхнікі да жніва
асаблівая ўвага была звернута на наяўнасць прыставак для ўборкі кукурузы на
зерне. Іх пакуль у раёне толькі 10, што недастаткова. Прычым не спяшаюцца
набываць неабходныя агрэгаты далёка нябедныя гаспадаркі, сярод якіх СВК
“Вулькаўскі світанак”, філіял “Лобчанскае ААТ “Лун інецкі малочны завод” і
некаторыя іншыя. Пастаўлена задача абавязкова выправіць сітуацыю.

Калі для набыцця вышэйпазначанай тэхнікі яшчэ ёсць час,
то ўборка рапсу вось-вось пачнецца. Як адзначыў В.М. Агіевіч, прагнозы па
ўраджайнасці гэтай каштоўнай культуры спрыяльныя і будзе крыўдна, калі дапусцім
страты вырашчанага. Трэба строга захоўваць тэхналогію ўборкі рапсу, звярнуўшы
ўвагу на ўсе тонкасці гэтай справы, у тым ліку – на апрацоўку клеевымі
саставамі.

На гэта звярнуў увагу і намеснік начальніка
аблсельгасхарчу Аляксей Трацюк. А яшчэ – папракнуў старшыняў
сельгаскааператываў за грэбаванне сродкамі абароны раслін ад шкоднікаў і
хвароб. З 11 тысяч гектараў у раёне фунгіцыдную апрацоўку прайшлі толькі 1700
гектараў пасеваў. Не праведзена хімпраполка азімых. “У сельгасвытворчасць
укладзены мільёны, а вы эканоміце на капейках, якія неабходна выдатковаць на
абарону раслін. Да 20 жніўня трэба будзе завяршыць чарговую азімую сяўбу. І
калі зноў не зробім тое, што патрэбна па тэхналогіі, страцім на ўраджаях”, –
канстатаваў спецыяліст з вобласці.

ПАРАДАК НЕ ТОЛЬКІ НАВОДЗЯЦЬ, АЛЕ І ПАДТРЫМЛІВАЮЦЬ

Гэтая прапісная ісціна неаднойчы гучала ў ходзе
абмеркавання ходу рэалізацыі мерапрыемстваў па навядзенню парадку на зямлі.

На думку в.а. галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача
Людмілы Мароз, работы выконваюцца, але тэмпы іх далёкія ад задавольваючых.
Сёлета санітарнай службай праверана 798 аб’ектаў, парушэнні выяўлены на 97-мі.
Пералік іх знаёмы кожнаму – ад захламленасці тэрыторый да агрэхаў у зборы
камунальных адходаў.

Старшыня райвыканкама В.М. Агіевіч нагадаў, што
своеасаблівым экзаменам для ўсіх лунінчан стане абласны семінар, які мяркуецца
правесці ў нашым раёне ў пачатку ліпеня. Перш за ўсё, кіраўнікі павінны быць
зацікаўлены ў тым, каб іх падведамасная тэрыторыя не выклікала шкадаванне, а
ўражвала дагледжанасцю і выклікала жаданне пераняць станоўчы вопыт.

Справаздачу на пасяджэнні трымалі таксама работнікі
лясгаса і раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
У рашэнні выказаны заўвагі ў адрас кіраўнікоў ЖКГ, Сінкевіцкага, Лунінскага,
Гарадоцкага, Дзятлавіцкага, Вулькаўскага, Дварэцкага сельвыканкамаў. Вырашана
зрабіць больш жорсткім кантроль за навядзеннем парадку на зямлі з боку
праваахоўных органаў, райсельгасхарчу, раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і
навакольнага асяроддзя.

 

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть