Официально

Свае правы важна ведаць

Пракурор Лунінецкага раёна Аляксандр Карлюк ініцыіраваў сустрэчу з бацькамі дзетак з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, якую ў малой зале райвыканкама правёў памочнік пракурора Арцём Ралінскі.
Да шчырай размовы запрасілі таксама начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Ірыну Семянчэнка, яе намесніка Таццяну Кіпцэвіч і дырэктара тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Тамару Патурай. Пасля знаёмства з удзельнікамі сустрэчы Арцём Сяргеевіч цікавіўся праблемамі, з якімі даводзіцца сутыкацца бацькам дзетак-інвалідаў. З залы гучалі розныя адказы. Лунінчанка Вольга Грыцкевіч выказала ўдзячнасць усяму калектыву ўпраўлення па працы за разуменне і гатоўнасць прыйсці на дапамогу па першай просьбе. Разам з тым, маладая мама адзначыла складанасці руху сына на інвалід-най калясцы ў нашым горадзе. Напрыклад, у басейне, дзе заняткі неабходна праводзіць рэгулярна, знайсці без падказкі пандус вельмі цяжка, ды і па ім дабірацца таксама нязручна. Раз-пораз чуліся заўвагі ў адрас медыцынскіх работнікаў. Некаторыя мамы вымушаны самі асвойваць азы масажу і лячэбнай фізкультуры. Але адна справа, калі гэтыя практыкаванні робяць бацькі, зусім іншая – калі працэдуры праводзіць кваліфікаваны спецыяліст.
Шмат пытанняў выклікае рэжым работы цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Хлопчыкі і дзяўчынкі могуць наведваць заняткі толькі з сярэдзіны верасня па люты. У астатні час года спецыялісты выязджаюць на масавае абследаванне ва ўстановы раёна. Калі рыхтаваўся гэты матэрыял, ад дырэктара ЦКРНіР Ірыны Яцукевіч даведаліся, што ў будучым тут абавязкова разгледзяць пытанне павелічэння штату, каб патрэбныя заняткі з дзецьмі праводзіліся рэгулярна.
Турбуе матуль праблема з выездам на аздараўленне. Бясплатныя пуцёўкі такім дзеткам выдзяляюцца праз год. Іх хапае, толькі не ўсе маюць магчымасць паехаць, бо вызначаны пералік захворванняў значна абмяжоўвае жаданне падлячыцца. Многія ўцягнуты ў навучальны працэс: да іх на дом прыходзяць настаўнікі. Але, на жаль, ёсць і такія, хто вымушаны літаральна існаваць у чатырох сценах.
Бацькі цікавіліся матэрыяльнай і сацыяльнай адраснай дапамогамі, сацыяльным таксі, пенсійнымі правамі, ільготамі па аплаце камунальных паслуг, працоўнай рэабілітацыяй і іншымі пытаннямі. Практычна на ўсе атрымалі адказы, некаторыя – патрабавалі ўдакладнення і праверкі. Завяршаючы сустрэчу, памочнік пракурора Арцём Ралінскі заўважыў, што на Лунінеччыне праводзіцца работа па рэалізацыі патрабаванняў заканадаўства аб абароне правоў і інтарэсаў дзяцей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі. Разам з тым, вывучэнне канкрэтнага становішча спраў сведчыць аб недастатковасці і малаэфектыўнасці прымаемых мер. Па выніках праверкі кіраўніцтву райвыканкама ўнесена прадстаўленне аб ухіленні парушэнняў. Упэўнены, што ў хуткім будучым сітуацыя абавязкова палепшыцца.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть