Официально

Такія розныя знаёмыя праблемы

«Дзень адкрытага пісьма» прайшоў у аг. Рэдзігерава.

Пачаў мерапрыемства старшыня райсавета Віктар Рафаловіч, які даў слова кіраўніку вясковай вертыкалі Валерыю Лусевічу.

Па традыцыі старшыня сельвыканкама расказаў пра населеныя пункты сельсавета, адзначыўшы, што ён – адзін з самых невялікіх у раёне. У аграгарадку Рэдзігерава і вёсках Чэрабасава, Манасеева і Флярова – 1174 жыхары. Найбольшая колькасць прыватных гаспадарак знаходзяцца на цэнтральнай сядзібе – 203. У Чэрабасава – 115 падворкаў, Манасеева – 61, Флярова – 41. Ёсць усе неабходныя аб’екты інфраструктуры, сярод якіх – амбулаторыя, фельчарска-акушэрскі пункт, сярэдняя школа, чатыры магазіны, дзіцячы сад, два Дамы культуры і іншыя ўстановы, якія забяспечваюць жыццядзейнасць насельніцтва.

Акрэсліў Валерый Лусевіч і праблемы падведамаснай тэрыторыі. Найперш гэта добраўпарадкаванне вуліц, дарог і наданне гожага выгляду некаторым прыватным сядзібам. Не дадаюць аграгарадку і вёскам прыгажосці старыя безгаспадарчыя дамы, якіх тут 97. Работа па выяўленню спадчыннікаў праводзіцца. У выпадку, калі агульную мову знайсці не ўдаецца ці гаспадары адсутнічаюць, справа даходзіць да суда. Менавіта пасля вынясення адпаведнага судовага вердыкту сёлета будзе знесена 7 пабудоў.

Папярэджваючы магчымыя пытанні, Валерый Фёдаравіч запэўніў, што з пачаткам новага навучальнага года на тэрыторыі сельсавета ў вячэрні час будзе ўключана вулічнае асвятленне. А яшчэ закрануў праблему навядзення парадку на могілках, нестабільную дэмаграфічную сітуацыю, наяўнасць сям’і, якая мае статус сацыяльна-небяспечнай. Не хаваў і тое, што ёсць яшчэ чатыры, якія балансуюць на гэтай мяжы, а таму землякам трэба ўсім разам паспрабаваць спыніць тых, хто знаходзіцца на краі бездані.

Падзякаваў сапраўдным гаспадарам, якія трымаюць на падворку кароў: сёлета ад насельніцтва, а прыватны статак налічвае 198 галоў, закуплена 372 тоны малака.

У заключэнне адрасаваў добрыя словы дбайным вяскоўцам за парадак і чысціню і заклікаў менш акуратных звярнуць увагу на гэтую акалічнасць.

Падводзячы рысу пад выступленнем старшыні сельвыканкама, Віктар Рафаловіч адзначыў, што далёка не ўсюды на тэрыторыі сельсавета пануе парадак. Нават на цэнтральнай вуліцы ёсць падворкі, дзе не тое што кветак няма – бур’ян у пояс.  А сельсавет і насамрэч адзін з самых невялікіх у раёне, таму і парадак тут наводзіць нашмат лягчэй. Работу ў гэтым плане трэба прыкметна актывізаваць. Прычым – абавязкова з удзелам жыхароў. Не павінен заставацца ўбаку ад справы і дэпутацкі корпус.

Трымаў справаздачу ў ходзе «Дня адкрытага пісьма» кіраўнік прыватнага ўнітарнага сельскагаспадарчага прадпрыемства «Рэдзігерава-Агра»  Аляксандр Скіба. Ён расказаў, што гаспадарка мае 4 жывёлаводчыя фермы, 4253 гектары сельскагаспадарчых угоддзяў, з якіх крыху больш як палова – ворная зямля. Працуюць тут 155 чалавек. Акрамя малака і вырошчвання буйной рагатай жывёлы, займаюцца раслінаводствам. І калі жывёлагадоўля развіваецца па ўзрастаючай і дае прыбытак, раслінаводства церпіць ад невысокай культуры земляробства, што ў сваю чаргу абумоўлена састарэлым машынна-трактарным паркам. Менавіта па гэтай прычыне сёлета недабралі збожжа: ураджайнасць склала 24,8 цэнтнера з гектара. Каб выправіць становішча, стараюцца ўмацаваць машынна-трактарны парк: здолелі набыць новы трактар, у планах – іншыя патрэбныя агрэгаты.

Не забываюць і пра людзей, стараючыся стварыць годныя ўмовы для працы і павысіць сярэднямесячныя заробкі, якія пакуль складаюць 429,9 рубля. Варта сказаць, што слухалі Аляксандра Скібу ўважліва, а ў канцы нават падтрымалі апладысментамі, быццам дзякуючы маладога кіраўніка за старанні.

Пасля непрацяглых выступленняў пачаўся дыялог з тымі, хто сабраўся ў зале. Перш-наперш, адказалі на пытанні, якія паступілі ў хо-дзе падрыхтоўкі да «Дня адкрытага пісьма». Найбольш цікавілі людзей перспектывы добраўпарадкавання вуліц і дарог, асабліва завулка Калгасны ў Чэрабасава, вуліцы Лясной і дарогі на Манасеева ў аг. Рэдзігерава, а таксама вуліцы Ланскай у в. Манасеева. Акрэсліваючы перспектыву на бліжэйшы час, начальнік ДРБУ-101 Аляксандр Трухноў сказаў, што гэтыя мясцовыя артэрыі паспрабуюць уключыць у планы добраўпарадкавання на 2018 год. Разам з тым, запэўніў, што дарогі, па якіх ажыццяўляецца падвоз школьнікаў да навучальнай установы і курсіруюць маршрутныя аўтобусы, падтрымліваюцца ў належным стане. Да канца года галоўны дарожнік паабяцаў выканаць ямкавы рамонт аўтадарогі Чэрабасава-Рэдзігерава.

Прагучалі ў ходзе мерапрыемства скаргі на зрыў графіка дастаўкі балонаў са звадкаваным газам, на што дырэктар райгаза Вячаслаў Сыцэвіч растлумачыў, што дастаўка балонаў у Рэдзігерава, Флярова і Манасеева ажыццяўляецца па графіку кожны першы і трэці панядзелак месяца, у Чэрабасава – кожны другі і чацвёрты панядзелак. Адхіленні ад графіку былі двойчы – 3 ліпеня (дзяржаўнае свята) і ў жніўні, калі нечакана зламаўся аўтамабіль. Балоны з газам былі дастаўлены на наступны дзень. У далейшым, паабяцаў Вячаслаў Іванавіч, пастараюцца падобных накладак не дапускаць.

Перабоі з падачай электрычнай энергіі тлумачыў начальнік раёна электрасетак Віталь Падапрыгара. Як высветлілася, здаралася  падобнае 5 разоў: двойчы – у выніку абрыву ўвода з-за стыхіі, адзін раз – па прычыне кароткага замыкання, выкліканага правозам негабарытных грузаў. Зусім нядаўна Рэдзігераўскі сельсавет разам з іншымі таксама трапіў у спіс пацярпелых ад стыхіі. Планавае адключэнне электраэнергіі было два разы – 26 сакавіка і 22 жніўня. Першы раз – у сувязі з дэмантажом паветранай лініі электраперадачы ў нежылы дом, другі – у сувязі з ухіленнем  паломкі трансфарматарнай падстанцыі.

Працягваючы размову з прадстаўнікамі службаў і ведамстваў, адзін з жыхароў Рэдзігерава выказаў пажаданне, каб у першую чаргу рамантавалі праезную частку, а потым ужо масты на трасе М-10. Апаненту растлумачылі, што выконваюць гэтыя работы розныя службы, і масты неабходна таксама своечасова падтрымліваць у належным стане, бо рамонт іх можа запатрабаваць куды большых выдаткаў. Што датычыць ямкавага рамонту, то ДРБУ-101 выконвае яго, згодна з загадзя распрацаваным графікам.

Прыкладна такім жа быў адказ і на прэтэнзіі наконт запозненай ачысткі вуліц ад снегу ўзімку – усё сваёй чаргой, тым больш, што неачышчанымі вуліцы заставаліся на працягу сутак.

На незадаволенасць па прычыне выкарыстання зімой для пасыпання вуліц і дарог пясчана-солевай сумесі, прагучала наступнае: выкарыстоўваем тое, што ёсць, набываць дорагакаштуючыя замежныя рэагенты пакуль не па кішэні.

Трэба спадзявацца, што станоўча вырашыцца пытанне з перазалужэннем пашы для прыватнай жывёлы, тым больш, што да гэтай работы прыступілі ў ПУСП “Рэдзігерава-Агра”. Жанчына, якая агучыла гэтую праблему, адначасова выказала незадаволенасць тым, што ў зале было няшмат жыхароў Рэдзігерава. Дазволю сабе не згадзіцца з яе меркаваннем наконт таго, што людзі не вераць уладам. Вераць. І доказ таму – справы. Практычна ўсё, пра што вялася гаворка на мінулым аналагічным мерапрыемстве, выканана. А што да сёлетняга… Магчыма, не зусім удалы выбралі для мерапрыемства час. Сёння, калі ёсць адкрыты доступ у сусветнае павуцінне, і людзі цікавяцца прагнозам надвор’я, многія, не выключана, даведаліся аб дажджлівым наступным тыдні і паспяшаліся на агароды… Ці варта іх вінаваціць?

Адзін з жыхароў выказаў пажаданне своечасова даводзіць да ведама землякоў звесткі пра тое, як працуе мясцовая гаспадарка. Трэба сказаць, што раённыя зводкі аб ходзе асноўных сельскагаспадарчых кампаній пастаянна друкуе раённая газета. Што датычыць вынікаў работы за год адной канкрэтна ўзятай гаспадаркі, то дакладна пра гэта можна даведацца на выніковым справаздачным сходзе, які ў Рэдзігерава будзе праводзіцца восенню да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Прысутнічаць на ім можна ўсім жадаючым.

Своеасаблівую духоўную рысу ў дыялогу падвёў свяшчэннік мясцовага храма ў гонар іконы Божай Маці Казанская іерэй Аляксандр Барысаў, які павіншаваў прыхаджан і іх дзетак з пачаткам новага навучальнага года, пажадаў ім Божай дапамогі ва ўсіх справах, падзякаваў за агульныя старанні пры ўзвядзенні царквы і заклі-каў рабіць дабро.

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть