Официально

Тэрыторыя кантрастаў

лахва 001

Правядзенне дзён адкрытага пісьма на Лунінеччыне стала добрай традыцыяй. Такія мерапрыемствы дапамагаюць прадстаўнікам улады з першых вуснаў пачуць тое, што найбольш хвалюе людзей, а жыхарам – па магчымасці вырашыць агучаныя праблемы. На гэта звярнуў увагу, адкрываючы чарговую сустрэчу, старшыня райвыканкама Аляксандр Пачко. Праходзіла яна ў актавай зале Лахвенскай яслі-сад-сярэдняй школы і сабрала жыхароў не толькі старажытнага мястэчка, але і некаторых вёсак, што знаходзяцца на тэрыторыі аднайменнага сельсавета.

Такіх, па словах старшыні Лахвенскага сельвыканкама Людмілы Пашкевіч, на сённяшні дзень шэсць. “Раскіданы” яны на плошчы ў 165 квадратных кіламетраў. Нягледзячы на гэта, колькасць жыхароў не такая і вялікая – 2814 чалавек. Прыкладна палова насельнікаў – людзі працаздольнага ўзросту. 830 вяскоўцаў – на заслужаным адпачынку.

Кіраўнік мясцовай “вертыкалі” расказала пра кожны з населеных пунктаў, назваўшы некаторыя найбольш характэрныя адметнасці. Ёсць тут дзве сельскагаспадарчыя арганізацыі – дзяржаўныя прадпрыемствы “Новае Палессе” і “Гарадоцкі”, рыбгас, участак водаканала, дзве фермерскія гаспадаркі, урачэбная амбулаторыя, 3 фельчарска-акушэрскія пункты, Дом сацыяльных паслуг, дзве школы, 9 магазінаў, аддзяленне ААТ “АСБ “Беларусбанк”, комплексны прыёмны пункт і іншыя аб’екты, якія вызначаюць іх цыві-лізаванасць. Прыгажосцю мясцовых краявідаў могуць любавацца адпачываючыя, да паслуг якіх – дзве аграсядзібы.

лахва 002Вытворчую састаўляючую ахарактарызаваў дырэктар дзяржаўнага прадпрыемства “Гарадоцкі” Аляксандр Япішка. Справядлівасці дзеля, варта адзначыць, што больш прыкметная ўдзельная вага яе належыць любанскаму “Новаму Палессю”, якое дае работу 159-ці вяскоўцам, у той час як ад “Гарадоцкага” на тэрыторыі сельсавета ўсяго адзін аб’ект – жывёлагадоўчая ферма ў Лахве. Працуюць тут сёння 13 чалавек. У пэўным сэнсе гэта – напамін пра былую гаспадарку, якую каля дзясятка год таму далучылі да суседняй.

Праблем тут не паменшала, аднак, па меркаванню Аляксандра Япішкі, не ўсё так безнадзейна. Вытворчыя паказчыкі на мясцовай ферме паляпшаюцца, людзі стараюцца працаваць, што дае падставу кіраўніку гаварыць аб пашырэнні вытворчых плошчаў. У перспектыве разглядаецца магчымасць рэканструяваць яшчэ два пустуючыя жывёлагадоўчыя памяшканні, паставіўшы туды жывёлу на адкорм. Гэта – дадатковыя рабочыя месцы і магчымасць для жыхароў Лахвы мець гарантаваныя заробкі. А яны ў “Гарадоцкім”, нягледзячы на дастаткова складанае фінансавае становішча, растуць. Асабліва ў даярак. Сёння найбольш старанныя атрымліваюць штомесяц  да 6 мільёнаў рублёў. Некаму, магчыма, сума гэтая падасца не такой і вялікай, але толькі не вяскоўцам, якія ведаюць цану заробленага ў сельскай гаспадарцы рубля.

Расказаў Аляксандр Мікалаевіч і аб праблемах, якія сёння хвалююць аграрыяў. Адмоўным чынам уплывае на стан спраў у жывёлагадоўлі недахоп кадраў у зоаветэрынарнай службе. Асаблівыя спадзяванні ўскладаюць тут на прыезд маладых спецыялістаў, якіх мяркуюць прывабіць у гаспадарку прэферэнцыямі ў выглядзе заробкаў і жылля.

Магчыма, пройдзе час, і на работу ў родныя мясціны прыедуць тыя, хто сёння толькі плануе дарослае жыццё – вучні мясцовых школ. Як расказаў дырэктар Лахвенскай яслі-сад-сярэдняй школы Сяргей Коўшык, сёння тут навучаецца 133 хлопчыкі і дзяўчынкі, яшчэ 36 – наведваюць дзіцячы сад, пад які колькі часу таму аддалі адно крыло навучальнай установы. Вызваленае памяшканне дашкольнай установы спачатку планавалі перапрафіляваць пад амбулаторыю, але, падлічыўшы выдаткі, а гэта каля 6 мільярдаў рублёў, ад задумкі пакуль адмовіліся.

Пра тое, як ладзіцца медыцынскае абслугоўванне насельніцтва сельсавета, расказала загадчыца Любанскай амбулаторыі ўрача агульнай практыкі Таццяна Бойка. Радыус дзеяння медыцынскай установы – 30 кіламетраў. Разлічана яна на 40 наведванняў у змену. Ёсць дзённы стацыянар на 3 ложкі. Як станоўчы, адзначаны факт зніжэння смяротнасці, хаця дэмаграфічная сітуацыя на тэрыторыі сельсавета пакуль выклікае трывогу: тут па-ранейшаму нараджаецца людзей менш, чым памірае.
Пачатак дыялогу дало выступленне галоўнага ветэрынарнага ўрача Кацярыны Максімовіч, якая звярнулася да прысутных з інфармацыяй пра тое, як засцерагчы дамашніх парсючкоў ад афрыканскай чумы. Як высветлілася, нягледзячы на шматлікія складанасці, “пятачкі” па-ранейшаму застаюцца галоўнымі на падворках вяскоўцаў. Менавіта таму многіх з гаспадароў цікавіла пытанне, дзе можна купіць парасят. З моманту перадачы свінагадоўчага комплексу Пінскаму КХП іх рэалізацыя спынена. Тым не менш, попыт не падае. Таму пытанне гэтае раённыя ўлады ўзялі на кантроль і паабяцалі вырашыць у бліжэйшай перспектыве.

Незразумелая сітуацыя склалася з асемяненнем кароў з прыватнага сектара. Жыхары Лахвы запэўнівалі, што цяпер гэта – невырашальная праблема, з-за чаго многія адмовіліся трымаць рагуль. Разам з тым, як стала вядома, у сельсавеце ёсць графік работы асемянатараў, замацаваных за вёскамі. У Лахве – гэта Валянціна Міхайлаўна Германовіч (мабільны тэлефон 8-029-949-75-35) з “Гарадоцкага”. Варта патэлефанаваць – і пры неабходнасці спецыяліст правядзе працэдуру ў дамашніх умовах. Паслуга платная: яе кошт – 200 тысяч рублёў. Паўторная – удвая танней. Адзінае, што трэба, – даставіць асемянатара да месца прызначэння. Улічваючы тое, што сёння амаль у кожнага з гаспадароў ёсць у карыстанні аўтамабілі, асаблівай праблемы гэта не складзе.  Адначасова спецыялісты племстанцыі разглядаюць магчымасць пад-ключыць да справы і асемянатара з “Новага Палесся”. Як толькі дамоўленасць будзе дасягнута, паведамім пра гэта жыхарам.

Як і іншых, цікавілі жыхароў Лахвен-скага сельсавета перспектывы газіфікацыі. Лахву і Любань плануецца газіфікаваць у 2017 годзе, астатнія вёскі пазней – да 2021 года. Выгода гэтая нятанная: кіламетр магістральнага газаправода каштуе прыкладна 2 мільярды рублёў, таму затрачана ў агульнай складанасці будзе больш як 60 мільярдаў рублёў дзяржаўных сродкаў.

Пракладка газаправода ўнесла свае карэктывы і ў планы добраўпарадкавання. Многія з вуліц названых населеных пунктаў дарожнікі наведаюць толькі пасля таго, як іх пакінуць работнікі газавай службы. Выключэнне – лахвенская вуліца Першамайская, якую актыўна выкарыстоўвае сельскагаспадарчая тэхніка, задзейнічаная на нарыхтоўцы кармоў. Падрамантаваць вуліцу  вырашана ў бліжэйшы час. Для вадзіцеляў – абавязковае патрабаванне строга захоўваць хуткасны рэжым. Адначасова бу-дзе разгледжана пытанне змяншэння інтэнсіўнасці руху па Першамайскай.

Застарэлая праблема – узвядзенне амбулаторыі ў Лахве. Падступаліся да яе вырашэння шмат разоў, аднак ніводзін з захадаў не меў жаданага завяршэння. Недахоп бюджэтных сродкаў не дазваляе кардынальна вырашыць яе і зараз. Па словах старшыні райвыканкама Аляксандра Пачко, летась раённы бюджэт недаатрымаў каля 62 мільярдаў рублёў. Аднак гэта не значыць, што жыхары старажытнага мястэчка застаюцца без увагі медыкаў. Ка-бінет, дзе можна атрымаць неадкладную дапамогу, адкрыты ў памяшканні мясцовай школы. У Любані, якая знаходзіцца на адлегласці прыкладна 2 кіламетры, ёсць амбулаторыя ўрача агульнай практыкі. Акрамя гэтага, кожны тыдзень урач адтуль прыязджае ў Лахву прымаць хворых. Да паслуг жыхароў сельсавета – спецыялісты раённай паліклінікі. Тым не менш, праблема застаецца на кантролі ўлад.

Замяніць трансфарматарную падстанцыю на адным з участкаў у Лахве атрымалі даручэнне работнікі раёна электрасетак. Ненадзейнае абсталяванне перыядычна пазбаўляе электрычнасці  цэлыя вуліцы. “Людзі плацяць за выгоду немалыя грошы, так што будзьце добрыя прадастаўляць паслугу якасна”, – запатрабаваў ад энергетыкаў Аляксандр Пачко.

З разуменнем павінны аднесціся жыхары да карэктыў, унесеных у вулічнае асвятленне. Выклікана яно неабходнасцю эканоміць сродкі. Тым не менш, на вуліцах Лахвы, па словах Людмілы Пашкевіч, гарыць 112 лямпачак.

У ходзе размовы гаварылі жыхары аб неабходнасці аднаўлення работы чыгуначнага магазіна на станцыі, абсталяванні там невялікай стаянкі для аўтамабіляў, асвятленні тэрыторыі каля яе, а яшчэ – выказвалі трывогу па прычыне забруджвання мясцовай рэчкі выкідваемым туды жыхарамі смеццем.

Пытанні, як і само жыццё ў Лахве, былі дастаткова кантрастнымі. Многія ўпаўне можна было вырашыць, не чакаючы прыезду раённай улады. Усяго, што трэба – ініцыятыва яе прадстаўнікоў на месцы і неабыякавасць саміх жыхароў. А ў тым, што яны ўмеюць быць сапраўднымі гаспадарамі, пераканалася, убачыўшы некалькі падворкаў – прыгожых і на зайздрасць дагледжаных. Вось толькі за агароджай бурліла іншае жыццё. Чаму?

лахва 005 лахва 003 лахва 004

Теги



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть