Трэба працаваць з насельніцтвам
Официально

Трэба працаваць з насельніцтвам

РайисполкомТакое патрабаванне не адзін раз гучала ў ходзе пятай сесіі раённага Савета дэпутатаў 27-га склікання, якая прайшла на мінулым тыдні.

Са справаздачай на ёй выступіў старшыня райсавета Віктар Рафаловіч. Новы дэпутацкі корпус ён ахарактарызаваў, як здольны ўважліва і глыбока разбірацца ў праблемах, вызначаць рацыянальныя шляхі іх вырашэння, фармуляваць прыярытэты і, што вельмі важна, кантраляваць, як выконваюцца прынятыя рашэнні. Дарэчы, за час работы дэпутатаў новага склікання на чатырох сесіях было прынята 33 рашэнні. Дзевяць нарматыўна-прававых актаў зарэгістраваны ў Нацыянальным рэестры Рэспублікі Беларусь.

Кіраўнік прадстаўнічай улады адзначыў добрую работу пастаянных камісій па пытаннях эканомікі бюджэту і падаткаабкладання, па пытаннях мясцовага кіравання і самакіравання, па пытаннях законнасці, правапарадку і дэпутацкай этыцы. Нямала жыццёва важных для людзей праблем знаходзяцца на кантролі камісіі па аграрных пытаннях, экалогіі і рацыянальнаму выкарыстанню рэсурсаў. Плённа працуюць дэпутаты Эдуард Гаўрылковіч, Мікалай Арашкевіч, Сяргей Карпец, Віктар Клімовіч, Анатоль Жук, Васіль Мелюх, Уладзімір Соц, Васіль Лазіцкі, Фёдар Бірыла, Сяргей Наварыч, Галіна Сыцэвіч, Сямён Ляўковіч і многія іншыя.

Звярнуў выступаючы ўвагу на тое, што сёння асаблівую актуальнасць мае адміністрацыйна-тэрытарыяльнае ўладкаванне раёна. 7 вёсак Мікашэвіцкага гарадскога Савета трэба ўключыць у склад сельсавета. Адначасова неабходна вырашыць, да якой катэгорыі (аграгарадок, пасёлак, вёска, хутар?) сельскіх населеных пунктаў адносіцца станцыя Дзятлавічы. Акрамя гэтага, наспела неабходнасць вызначыць лёс 6-ці населеных пунктаў, дзе многія дзесяцігоддзі ніхто не жыве, будынкі струхлелі, тэрыторыя недагледжаная.

Па ходу выступлення кіраўніка прадстаўнічай улады свае меркаванні выказваў старшыня райвыканкама Васіль Агіевіч, які браў удзел у рабоце сесіі. У дачыненні да праблемы тэрытарыяльнага пераўладкавання Мікашэвіцкага гарадскога Савета ён заўважыў, што жыхары вёсак, якія раней падпарадкоўваліся гарадской уладзе, не павінны адчуць дыскамфорту ад змен. Больш таго, іх абслугоўванне павінна палепшыцца. В.а. старшыні Мікашэвіцкага гарвыканкама Л.В. Ляшкевіч заўважыла, што для зручнасці людзей будзе наладжана дзяжурства ў будынку гарадской улады прадстаўніка сельсавета. Разумнае вырашэнне павінна набыць і праблема забеспячэння жыллём па дзяржзаказе тых, хто стаяў у чарзе маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.

З вуснаў Васіля Міхайлавіча прагучаў папрок у адрас старшыняў сельвыканкамаў у тым, што яны самаўхіліліся ад работы з людзьмі ці працуюць з імі абсалютна неэфектыўна, што пэўным чынам падрывае аўтарытэт улады. “Папулізма ў гэтай справе не павінна быць.Трэба прама людзям гаварыць праўду. Асабліва, што датычыць планаў”, — падкрэсліў В.М. Агіевіч. Звяртаючыся да сабраўшыхся ў зале, ён запатрабаваў, каб дэпутацкі корпус стаў трывалым звяном паміж уладай і людзьмі.

Кіраўнікі прадстаўнічай і выканаўчай улад былі адзінымі ў меркаванні наводзіць і падтрымліваць парадак на зямлі. Пакуль на Лунінеччыне ён пануе далёка не ўсюды. На працягу мінулага года найбольшая колькасць парушэнняў адзначана на тэрыторыях Вулькаўскага, Лахвенскага, Дварэцкага і Сінкевіцкага сельсаветаў. Гэта несанкцыянаваныя сметнікі, несвоечасовы вываз адходаў, непрыбраная тэрыторыя могілак, недагледжаныя падворкі асобных гаспадароў, паўразбураная агароджа… Пацвярджэннем сталі факты безгаспадарчасці, прыведзеныя ў дакладзе і падмацаваныя слайдамі. Сведчылі пра гэта і лічбы. Як аказалася, на Лунінеччыне 632 пустуючыя сядзібы, дзе шмат год не ступала нага гаспадароў. Многія будынкі маюць варты жалю выгляд, паўразбураныя. Разам з тым, знеслі летась толькі 32 нежылыя аварыйныя дамы.

“Нашы выбаршчыкі чакаюць ад мясцовых Саветаў большай адказнасці за вырашэнне сацыяльна-значымых пытанняў і ўзмацнення кантролю з боку дэпутатаў за работай са зваротамі грамадзян. Вельмі важна, каб усе пытанні жыццядзейнасці вырашаліся на месцах”, — падкрэсліў Віктар Рафаловіч. Недаравальнай назваў ён сітуацыю, калі з самымі простымі пытаннямі, якія без праблем можна было б вырашыць на месцы, людзі звяртаюцца да раённых улад і ў вышэйстаячыя інстанцыі. За апошні час колькасць такіх зваротаў павялічылася ад жыхароў Дварэцкага, Дзятлавіцкага, Лунінскага, Сінкевіцкага сельсаветаў.

“Старшыні часта спасылаюцца на адсутнасць фінансавых сродкаў. Упэўнены, у вырашэнні многіх пытанняў дастаткова перагледзець уласнае стаўленне да работы, не абмяжоўвацца толькі перапіскай з пэўнымі службамі і чаканнем, што нехта прыедзе і падкажа, на што звярнуць увагу. Трэба мэтанакіравана і сістэмна працаваць з людзьмі, разам вырашаць узнікаючыя праблемы, поўнасцю выкарыстоўваць патэнцыял насельніцтва”, — засведчыў В.А. Рафаловіч.

Сугучнай з дакладам старшыні райсавета была інфармацыя начальніка аддзела па зваротах грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Раісы Мазырчук, якая падрабязна расказала, на што ў сельвыканкамах варта звярнуць асаблівую ўвагу пры разборы скаргаў грамадзян.

Пра вялікі патэнцыял дэпутацкага корпусу гаварыў пракурор Аляксандр Карлюк. Кіраўнік праваахоўнага ведамства спадзяецца на неабыякавасць народных выбраннікаў у справе папярэджання гібелі людзей ад так званых знешніх фактараў. У тым, што праблема гэтая застаецца актуальная пераконвае дэмаграфічная сітуацыя. Летась на Лунінеччыне нарадзілася 758 чалавек, а пайшлі з жыцця — 954.

Па-ранейшаму выклікаюць трывогу злачынствы, учыненыя на сямейна-бытавой глебе. Як правіла, іх дзеючымі асобамі становяцца тыя, хто злоўжывае спіртным, вядзе амаральны лад жыцця. У кантэксце сказанага прагучаў папрок у адрас супрацоўнікаў РАУС, якія не заўсёды ставяць скандалістаў на прафілактычны ўлік і не заўсёды звяртаюць увагу на працяглыя сямейныя скандалы. Яскравае пацвярджэнне сказанаму — нядаўняя трагедыя ў Лунінцы, калі вынікам застарэлага канфлікту стала забойства двух чалавек.

Звярнуў увагу Аляксандр Карлюк і на рост у 2014 годзе колькасці загінуўшых у дарожна-транспартных здарэннях: 17 супраць 6 чалавек у 2013-ым. Асабліва трывожыць колькасць ДТЗ па віне п’яных вадзіцеляў. Такіх выпадкаў летась зарэгістравана 6. Увогуле кожная дарожная аварыя з’яўляецца вынікам недаравальнага грэбавання Правіламі дарожнага руху, будзь гэта парушэнне хуткаснага рэжыму (4 выпадкі), правілаў праезду перакрыжаванняў (7) ці неасцярожнасць пешаходаў (3).

Не можа пакуль задаволіць і сітуацыя ў раёне са станам аховы працы. Рэгулярныя праверкі выяўляюць масавыя парушэнні заканадаўства. Не дзіўна, што летась ад вытворчага траўматызму пацярпелі 10 чалавек, з якіх двое загінулі.

Пагаршаюць статыстыку ахвяры пажараў. Летась у агні загінулі 10 чалавек. Восем з іх былі ў стане алкагольнага ап’янення. Яшчэ 10 жыццяў забрала вада. I зноў адной з прычын, якая прывяла да трагедыі, стаў алкаголь. З дзесяці загінуўшых сямёра былі п’янымі.

Зарэгістравана 22 выпадкі суіцыду. Нягледзячы на тое, што ў параўнанні з папярэднім годам лічба меншая, яна не можа не трывожыць. Тым больш, што зводзяць рахункі з жыццём людзі, як правіла, працаздольнага ўзросту.

Дзевяць дастаткова маладых мужчын сталі летась ахвярамі празмернага ўжывання алкаголю. Прычым, толькі адзін з іх стаяў на ўліку ў нарколага. А гэта — яшчэ адна падстава для таго, каб прафілактычную работу сярод насельніцтва не проста актывізаваць, а вывесці на новы ўзровень, у тым ліку і з дапамогай дэпутатаў.

Утым, што новы дэпутацкі корпус здольны прымаць узважаныя рашэнні, сведчыла ажыўленае абмеркаванне пытання аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у рашэнне раённага Савета дэпутатаў №224-3 ад 30.12.2014 “Аб асобных пытаннях падаткаабкладання”. Дэпутатам прапаноўвалася падтрымаць павелічэнне падатку на зямлю і нерухомасць для юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў не ў 2, як было раней, а ў 2,5 раза. Улічваючы тое, што ў бліжэйшай перспектыве павелічэння цэн на выпускаемую прадукцыю не плануецца, рост выдаткаў на падатак трэба будзе “аднекуль браць”. Не выключана, што з фонду заработнай платы, што аўтаматычна пагоршыць дабрабыт простых людзей. А гэта — зніжэнне падаходнага падатку, што ў сваю чаргу паўплывае на паступленні ў бюджэт. Дэпутаты не падтрымалі, на думку большасці, не зусім прадуманае рашэнне.

Адначасова яны адобрылі раённы бюджэт на 2014 год і прапанаваныя змяненні і дапаўненні ў некаторыя іншыя рашэнні райсавета. Некалькі рашэнняў прызнаны страціўшымі сілу.



Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть