Официально

Трывожнае будучае Дубаўкі

Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС на Лунінеччыне па-суседству з вёскай Дубаўка пачалося будаўніцтва аднайменнага пасёлка для перасяленцаў з найбольш пацярпелых населеных пунктаў. У першую чаргу гэта датычыла жыхароў Добрай Волі Вулькаўскага сельсавета. У агульнай колькасці планавалася, што наваселлі ў дыхтоўных дамах справяць больш як 300 сем’яў.

Першую вуліцу ў памяць апаленай Чарнобылем вёскі назвалі Дабравольскай. Паступова вырасла сучасная школа з плавальным басейнам, непадалёку ад яе размясціўся магазін, іншыя аб’екты сацыяльна-бытавога прызначэння.

Стараста Дубаўкі – бібліятэкар школы Святлана Яраховіч. Падыходзячы да ганка, заўважаем дагледжаную тэрыторыю: чыстыя дарожкі, пабеленыя бардзюры, быццам пад лінейку падстрыжаныя кустарнікі, цікавая інсталяцыя ў выглядзе шару з галубамі. Па словах дырэктара навучальнай установы Людмілы Самандык, калектыў з 17 настаўнікаў “апякае” 48 школьнікаў. Радуюць выступленні алімпіяднікаў. Сёлета дыпломамі рознай вартасці на раённым узроўні заахвочаны: па біялогіі – прэтэндэнтка на залаты медаль Ганна Гарадкавец, тэхнічнай працы – Сяргей Калешка, асновах бяспекі жыццядзейнасці – Даніл Русак, гісторыі – Ліяна Верас. Першым поспехам па інфарматыцы задаволены Мікіта Кавальчук. Прагучаў званок на перапынак, і мы завіталі ў кабінет настаўніка Фёдара Вярэніча, які 15 год узначальваў школу, цяпер выкладае інфарматыку і матэматыку. Яго калега – малады спецыяліст Іван Альшэўскі. Жыве ў Лунінцы, дабіраецца ў Дубаўку што-дня. Гаворыць, што прынялі ў калектыве дабрадушна. Вопытныя настаўнікі заўсёды падказваюць, дзеляцца слушнымі парадамі. Пра адчувальную падтрымку казаў яшчэ адзін педагог – Мікіта Пацэвіч. З верасня мінулага года ён навучае пачаткоўцаў англійскай мове, а старшакласнікаў – хіміі. З жыллём пашанцавала крыху больш: знайшоў у Дубаўцы дом. На малой радзіме – у Барана-вічах – бывае наездамі.

Непадалёк ад школы размешчаны будынак амбулаторыі ўрача агульнай практыкі. Узначальвае яе Мікалай Рахлей. На прыём да яго вяскоўцы прыходзяць па аўторках, серадах і чацвяргах. У астатнія дні пацыентаў прымае памочнік урача Дзмітрый Сардыка. Малады спецыяліст працуе тут першы год, а да гэтага сачыў за здароўем вяскоўцаў у Луніне.

– Як вам у Дубаўцы?

– Нармальна, – сціпла адказаў Дзмітрый Сяргеевіч. – Нас усіх тут 8 чалавек. Акрамя загадчыка і мяне, ёсць акушэрка Раіса Цонік, медсястра Валянціна Якавец, санітаркі Святлана Калешка і Марыя Дудка, вадзіцель Іван Яраховіч, лабарантка Тамара Альцывановіч, якая ў дадатак адпускае лекі ў аптэчным кіёску. Калі якія-небудзь прэпараты адсутнічаюць, можна пакінуць заяўку і іх прывязуць. У нас можна здаць аналізы, прайсці лячэнне ў дзённым стацыянары, атрымаць фізіятэрапеўтычныя працэдуры. А вось за дапамогай стаматолага людзі едуць у Лунінец ці Лунін.

Тэрміновы выклік прымусіў развітацца з вясковым доктарам. Узялі накірунак у магазін. Сучасны рамонт тут зрабілі 3 гады таму. Гандлёвая кропка нічым не саступае аналагічным аб’ектам у горадзе. Па словах загадчыцы Таццяны Ёвіч, людзі засталіся задаволенымі рэканструкцыяй. Гэта пацвердзіла пенсіянерка Алена Нагорная. Разгаворлівая жанчына не стала маўчаць аб праблемах.

– Мост на ўездзе бачылі? – Алена Аляксандраўна с ходу пералічвае турботы землякоў. – Суцэльныя яміны, па баках хоць і агароджаны, але пакрыццё крышыцца, месцамі выглядваюць кавалкі арматуры. Рамонт вельмі патрэбен… Як і многім нашым вуліцам. Так, іх перыядычна добраўпарадкоўваюць, але хочацца больш якасна. Асвятленне таксама пакідае жадаць лепшага. Праблема з занятасцю існуе. Хвалююцца людзі за работу. Хтосьці працуе ў філіяле “Лобчанскае”, многія ездзяць да фермераў. Хапае і тых гаспадароў, хто трымае на падворку карову. Ды і не адну, а тры-чатыры. Здаюць малако дзяржаве, і за гэта жывуць. А вось дзе выгульваць рагуль? Не хапае пашы, а грамадскі статак налічвае больш як 100 жывёлін… Яшчэ непакоіць графік вывазу ЦБА: скрынь няма, а машына бывае раз у тыдзень, і то, калі многія на рабоце.

Некалі віравала жыццё на падворку Імпеліны Абрамені. У Дубаўку яны з мужам пераехалі ў 1991-ым з Добрай Волі. У маладосці хапала сіл і за шматлікай хатняй жыўнасцю даглядаць, і шчыраваць у калгасе, і дзяцей гадаваць. Выраслі два сыны і дачка. Радасць прыносяць 7 унукаў і 5 праўнукаў. На жаль, 6 год таму Імпеліна Паўлаўна аўдавела. Але блізкія не даюць сумаваць маці і бабулі, па магчымасці наведваюць. Вось і на Вялікдзень дружная сям’я сабралася разам. Упэўнены, на майскія святы ў хаце таксама будзе шумна і весела.

У веснавую пару цяжка застаць дома Івана і Марыю Абраменяў. Нам пашанцавала: муж і жонка якраз вярталіся з агарода. Яны таксама ў ліку іншых перасяленцаў змянілі месца жыхарства з Добрай Волі на Дубаўку. Іван Андрэевіч і Марыя Харытонаўна 56 год крочаць поруч па жыцці. Выгадавалі пяцёра дзяцей. Сакрэтамі сямейнага шчасця з ахвотай дзеляцца з сяммю ўнукамі і пяццю праўнукамі. Слаўная ў гаспадара прафесійная біяграфія. Пра стараннасць і адказнасць былога работніка ПМК-59 сведчыць стос узнагарод рознай вартасці. Нялёгка працавалася ў калгасе Марыі Харытонаўне, але вольныя хвілінкі прысвячала любімаму занятку – вышыванню. Сёння ў доме пачэснае месца займаюць рэчы, упрыгожаныя яркімі каляровымі ўзорамі.

Штогод усё вышэй да неба ўзнімаюцца на прысядзібных участках яблыні, вішні і грушы. І цвітуць яны гэтак жа буйна, як у далёкім 86-ым, калі чорны попел Чарнобыля абрынуўся на Лунінеччыну. Ад галінак з белымі і ружовымі кветачкамі ідзе лёгкі пах вясны. Няхай ён прынясе мясцовым жыхарам веру, што іх невялікая вёсачка абавязкова будзе жыць!

Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть