Официально

ТУТ ХЛЕБАМ І СОЛЛЮ СЯБРОЎ СУСТРАКАЮЦЬ…

Чарговы Дзень Савета прайшоў у вёсцы Сінкевічы, якая летась набыла статус аграгарадка. У полі зроку ўдзельнікаў традыцыйна былі аб’екты сацыяльна-культурнай сферы.

Чысцінёй, утульнасцю і цішынёй сустрэла адноўленая пасля праведзенага рамонту ўчастковая бальніца. Ролю своеасаблівага гіда ўзяў на сябе галоўны ўрач Лунінецкага РТМА Мікалай Кочык, які ў свой час загадваў гэтай медустановай. У ходзе рамонту бальніцы, амбулаторыі, харчблока летась затрацілі 1 мільярд рублёў. У выніку, акрамя прывабнага знешняга і ўнутранага выгляду, памяшканні набылі і сучасныя выгоды. У прыватнасці, дзякуючы праведзенаму водазабеспячэнню, у палатах, разлічынах на 2-3 чалавекі, паявілася вада. Санпрапускнік, у дадатак да ванны, аснасцілі ўтульнай душавой кабінкай. Пастаўленыя замест драўляных вокнаў шклопакеты дазволілі захоўваць належны цеплавы рэжым. Што датычыць кабінетаў, то яны аснашчаны не горш за гарадскія. Па вартасці ацанілі вяскоўцы і дзённы стацыянар. Тут створаны спрыяльныя ўмовы для работы і аказання якаснай медыцынскай дапамогі насельніцтву. Утульны выгляд мае і прылягаючая да бальніцы тэрыторыя.

Нягледзячы, на тое, што побач працуе шмат камерцыйных кропак ларкоў, мясцовы магазін з месяца ў месяц выконвае даведзеныя планы продажу.Дапамагае гэтаму шырокі асартымент тавараў. 

Ні з якай іншай установай нельга было пераблытаць дзіцячы садок. Вясёлыя маляўнічыя пляцоўкі, прызначаныя для гульняў на вуліцы, адлюстроўваюць не толькі казачныя выявы, але і сялянскі побыт. Найбольш яскрава – дзіцячы агародзік. На яго прыкладзе выхаванцы пад пільным наглядам работнікаў садка вучацца даглядаць расліны. Праведзены знешні і ўнутраны рамонт пабудовы і памяшканняў зрабіў знаходжанне ў ім дзетак больш камфортным і ўтульным. Праўда, ужо зараз бачны недапрацоўкі будаўнікоў – у вялікай зале працякае столь. Як удакладнілі работнікі ўстановы, тут праходзяць “ліўнёўкі”. Аб праблеме ведаюць у Лунінецкім раа, але ніякіх дзеянняў па яе ўхіленню пакуль чамусьці не прымаюць.

Аб прайшоўшым рамонце ў сельскай школе найбольш яскрава сведчыць дабротны выгляд фае ды пластыкавыя вокны. Апошнія, дарэчы, заменены не ўсюды. Як паведаміў дырэктар установы Уладзімір Калянковіч, на аднаўленне будынка, кацельні, даху, калідораў, спартыўнай і актавай залаў патрацілі прыкладна 800 мільёнаў рублёў. Рамонт кабінетаў штогод робяць самі настаўнікі. Як вядома, першы драўляны двухпавярховы будынак Сінкевіцкай школы быў зроблены з дапамогай вядомага беларускага песняра, дэпутата Вярхоўнага Савета БССР Якуба Коласа. Яму прысвечана экспазіцыя, размешчаная на трэцім паверсе цяпер ужо новага будынка. Кіраўнікі раённага і мясцовых Саветаў дэпутатаў, заўважылі, што яна даўно патрабуе аднаўлення. У гэтай школе ў свой час вучыўся Міхаіл Шэўчык, які загінуў на падводнай лодцы К-19. Яго памяць нядрэнна было б ушанаваць не толькі размяшчэннем мемарыяльнай дошкі на будынку, як гэта зроблена зараз, але і ў выглядзе хаця б невялічкай экспазіцыі. Да канца выкананы воінскі абавязак – выдатны прыклад для ваенна-патрыятычнага выхавання падрастаючага пакалення. 

Прыемнае ўражанне засталося ад наведвання комплекснага прыёмнага пункта камбіната бытавога абслугоўвання, які знаходзіцца ў арандуемым памяшканні адміністрацыйнага будынка СП “Аграграніт”. Яго паслугамі з задавальненнем карыстаюцца вяскоўцы. 

520 чытальнікаў рэгулярна наведваюць утульную бібліятэку сельскага Дома культуры. Акрамя вялікай колькасці разнастайнай мастацкай і даведачнай літаратуры, у хуткім часе яны змогуць скарыстацца аўдыячытаннем і выхадам у Інтэрнет. Дастаўлены сюды 1,5 месяца таму камп’ютэр пакуль не падключаны з-за адсутнасці тэлефанізацыі памяшкання. Яна будзе зроблена ў пачатку ліпеня. Цудоўным сюрпрызам у фае Дома культуры стала выступленне Іны Літвіновіч, якая без музычнага суправаджэння выканала сучасную меладычную песню. Такім жа захапляльным стаў і канцэрт удзельнікаў мастацкай самадзейнасці.  

З прамысловых аб’ектаў наведалі завод “Палімер”, 65 работнікаў якога зараз адчуваюць наступствы эканамічнага крызісу. Па прычыне незапатрабаванасці прадукцыі на знешнім рынку ў поўным аб’ёме працуюць толькі 3 з 5 цэхаў прадпрыемства, прадукцыя якіх – плёнка поліэтыленавая, мяхі-пакеты і вырабы з пластмасы – з’арыентавана на ўнутранага спажыўца. Самыя ж прыбытковыя лініі па выпуску шырокай сельскагаспадарчай поліэтыленавай плёнкі, якая ішла ў асноўным на экспарт, вымушаны прастойваць. Менавіта з-за гэтага ў параўнанні з леташнім амаль на 20 працэнтаў скараціліся аб’ёмы выпуску прадукцыі. Тым не менш, прадпрыемства, па-ранейшаму, працуе рэнтабельна і з прыбыткам. І тут спадзяюцца, што ў хуткім часе былыя сувязі не знешнім рынку будуць адноўлены.

У ходзе пленарнага пасяджэння з дакладамі: “Аб рабоце органаў самакіравання, сельвыканкама па вырашэнню пытанняў жыццязабеспячэння насельніцтва Сінкевіцкага сельсавета”, “Аб рабоце органаў мясцовага кіравання і самакіравання па сацыяльнаму абслугоўванню насельніцтва раёна”, “…па ахове прыроды”, “…па рэалізацыі Праграмы захавання і развіцця культуры да 2010 года” былі заслуханы адпаведна старшыня Сінкевіцкага сельсавета Галіна Стахаевіч, намеснік начальніка ўпраўлення па працы, занятасці, сацыяльнай абароне райвыканкама Тамара Патурай, начальнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іван Піліпцэвіч, начальнік аддзела культуры Ганна Баецкая. Аб ходзе выканання Праграмы добраўпарадкавання тэрыторый населеных пунктаў раёна на 2009 год паведаміў галоўны архітэктар раёна Аляксей Сакалоўскі. Аб стане законнасці і правапарадку ў раёне расказаў начальнік штаба РАУС Анатоль Шостак. Справаздачу аб праведзенай рабоце па папярэджанню і ліквідацыі надзвычайных наступстваў на тэрыторыі раёна зрабіў начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Мікалай Арашкевіч. 

Узнятыя праблемы заносіліся ў пратакол пасяджэння Дня Савета, некаторыя з іх знайшлі адлюстраванне ў заключным выступленні старшыні райсавета дэпутатаў Віталя Адзішчава.



Показать больше

Похожие статьи

Кнопка «Наверх»
Закрыть
Закрыть